Сяргей Шыдлоўскі - Гісторыя Беларусі - История Беларуси - History of Belarus

http://www.epolotsk.com/19_century/

С.А. Шыдлоўскі. ШЛЯХЕЦКI САСЛОЎНЫ IДЭАЛ У ТВОРАХ ЯНА БАРШЧЭЎСКАГА (КУЛЬТУРА ШЛЯХТЫ)

ШЛЯХЕЦКI САСЛОЎНЫ IДЭАЛ У ТВОРАХ ЯНА БАРШЧЭЎСКАГА


С.А. Шыдлоўскі

Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору ім. К. Крапівы НАН Беларусі, Мінск

С.А. Шыдлоўскі . Шляхецкі саслоўны ідэал у творах Яна Баршчэўскага // Вестник Полоцкого государственного университета. Серия: А (гуманитарные науки).- №7. - Полоцк: Полоцкий государственный университет, 2005. - С. 128-134.

Мэта працы – прааналiзаваць сацыяльна-культурныя стэрэатыпы i этнiчную iдэнтычнасць прадстаўнiкоў прывiлеяваных станаў у Беларусi першай паловы ХIХ стагоддзя. Аналiз адбываецца на аснове твораў аднаго з пачынальнiкаў новай беларускай лiтаратуры Яна Баршчэўскага.
Празаічныя творы Яна Баршчэўскага з'яўляюцца адной з найпершых прэзентацый Беларусі ў польскамоўнай літаратуры ХІХ стагоддзя [1, с. 10]. У адрозненні ад большасці аналагічных спробаў таго часу, у якіх ідэя беларускасці паўстае як рэдукаваны і зніжаны варыянт краёвага ліцвінскага патрыятызму, прызначанага паспалітым – "Літва для бедных", Беларусь Яна Баршчэўскага – самадастатковая каштоўнасць [2, с. 42].
І мова твора, і выбар герояў (шляхціцы, студэнты полацкай езуіцкай акадэміі) сведчаць на карысць таго, што проза Яна Баршчэўскага адрасавалася чытачам шляхецкага паходжання. Толькі пяць першых апавяданняў (аўт. – маецца на ўвазе "Шляхціц Завальня") Я. Баршчэўскага – "сялянскія", "простанародныя", – канстатуе даследчык творчасці Я. Баршчэўскага Мікола Хаўстовіч, – усе астатнія (а таксама аповесці "Драўляны Дзядок і кабета Інсекта", "Душа не ў сваім целе") апавядаюць пра вышэйшы клас беларускага грамадства, пра найбольш характэрных яго прадстаўнікоў другой паловы XVIII-першай паловы XIX ст. [3, с. 114]
Творы Яна Баршчэўскага ствараліся для шляхты і пра шляхту. Баршчэўскі не адкрываў новую экзатычную краіну ці сялянскі народ, як гэта рабілі літаратары-рамантыкі. Галоўнае "адкрыццё" пісьменніка з Полаччыны – беларускае дваранства, пра існаванне якога ў першай палове ХІХ стагоддзя ўжо паспелі забыцца. У сваіх творах Ян Баршчэўскі фармулюе рацыі і абавязкі шляхецкага саслоўя перад грамадствам, стварае ідэал беларускага шляхціца – патрыёта Беларусі. Менавіта гэтая задача арганізуе ідэйнае поле "Шляхціца Завальні" – "эквіваленту "Святое кнігі" беларусаў – сукупнасці філасофскіх, грамадска-палітычных і маральна-этычных поглядаў" [4, с. 218].
Беларускі патрыятызм Яна Баршчэўскага, калі зважаць на небагаты ўласнабеларускі літаратурны кантэкст эпохі, здаецца беспрэцэдэнтным. Але яго творчасць паўстала не на пустым месцы. Яна з'явілася развоем традыцыйных рэгiянальных замiлаванняў краёвай шляхты, а таксама культурнай фронды ў асяродку праваслаўнай i унiяцкай iнтэлiгенцыi [5, с. 9-14] (ёсць звесткі, што Ян Баршчэўскі паходзіў з сям'і уніяцкага святара [2, с. 14]), якая не забывалася на высокую пісьмовую культуру русінаў і дзяржаўную спадчыну крывічоў [6, с. 59-63, 294-295]. З "новай" назвай краіны Ян Баршчэўскі вяртае свайму чытачу "старыя" – традыцыйна-патрыярхальныя – узоры пераймання, гераізаваныя і легітымізаваныя спасылкамі на крывіцкую архаіку (згадайма, напрыклад, аповед пра князя Боя) [7, с. 89]. Крытыкуючы арыстакратыю, пісьменнік супрацьпастаўляе сармацкаму кансерватызму, узорнымі тыпамі якога былі асобы кшталту Кароля Радзівіла Пане Каханку, беларускі традыцыяналізм, блізкі як сялянству, так і дробнай шляхце.
"Аканом быў з засцянковае шляхты, заможны гаспадар, але верыў у тое самае, што і просты люд" [7, с. 130] – тое ж можна было сказаць пра пераважную большасць засцянковай беларускай шляхты пачатку ХІХ стагоддзя [8]. Беларуская шляхта Яна Баршчэўскага – гэта арандары, "шляхціцы на загродзе", эканомы і камісары ў маёнтках буйной зямельнай арыстакратыі – дробнае і сярэдняе дваранства. Паводле гаспадарчых зацікаўленняў, эканамічных мажлівасцяў і штодзённаму побыту яны стаялі бліжэй да сялянства, чым да магнатаў.
У крытыцы магнатэрыі Ян Баршчэўскі быў несамотны. Усведамленне адзінства гістарычнага лёсу з простым народам, пачуццё віны за тыя неразважлівыя дзеянні эліты, якія прывялі Рэч Паспалітую да страты дзяржаўнасці, – сталіся часткай свядомасці шляхты пачатку ХІХ стагоддзя.
Новыя рацыі прагаворваліся як у грамадска-палітычных трактатах, так і ў папулярных вершах:
Сталыя і моладзь, станьце сёння поплеч,
Раскажыце ўнукам пра былую веліч,
Як яе згубілі, няволю займелі.
І прызнайма праўду: не суседа сіла –
Наша безуладдзе нас жа і згубіла.
Амбіцыі шляхты і пыха багатых
Нараджалі ў кожным для Айчыны ката.
(Ян Ходзька "Вызваленая Літва, або пераход цераз Нёман" [9])
Прыходзіла разуменне, што спагада да селяніна – не проста вымога хрысціянскага выхавання, але і прыкмета палітычнай мудрасці, выяўленне клопату аб дзяржаве, якой з гледзішча пагрозы знешняй агрэсіі напрыканцы XVIII-пачатку XIX стагоддзя так неабходна была сацыяльная згода.
Радзіму-Беларусь Ян Баршчэўскі персаніфікуе ў вобразе Плачкі – жанчыны ў сялянскім строі, якая аплаквае герояў мінулага, забытых сучаснымі панамі: "Калі некаторыя нашы багатыя і вучоныя паны падарожнічаюць у шыкоўных фаэтонах або на ловах гойсаюць з ганчакамі па лясах, гарах і пустках, гэтая Плачка часта сустракае іх, нібы сірата, ва ўбогім сялянскім уборы, моўчкі падымае на іх блакітныя, слязьмі залітыя вочы, быццам просячы ў іх літасці, але з гэтых паноў ніхто на яе не зважае" [7, с. 134].
Падобная трактоўка вобразу Радзімы, апелюючая да мужнасці і дабрачыннасці грамадзянаў, далёкая да "мазахізму" нацыянальнага пачуцця, уласцівага больш познім часам [10].
Стаўленне да простага беларускага народу і адносіны да радзімы ў Яна Баршчэўскага збліжаюцца. "Яны не разумеюць, што значыць быць добрым чалавекам, а думаюць толькі пра заслугі і гербы сваіх продкаў" [7, с. 176], – па логіцы Баршчэўскага нялітасцівы і люты ў дачыненні сваіх падданікаў пан наўрад ці здольны пераадолець саслоўны эгаізм і ўзняцца да агульнадзяржаўных рацый. Сквапнасці, свавольству і дэспатызму сучаснікаў Ян Баршчэўскі супрацьпастаўляе патрыярхальную дабрачыннасць паноў былых часоў: "Князь быў чалавек старасвецкі, пабожны і дабрачынны (...) Ён бацька быў сваім слугам; бедных і нешчаслівых цешыў і дапамагаў ім" [7, с. 144].
Адказнасць за краіну і народ, патрыятызм – складовыя часткі шляхецкага кодэксу паводзінаў. Шляхта, "народ палітычны", мусіць задумвацца аб лёсе краю, браць на сябе адказнасць за яго развіццё. Шляхціц – не толькі чалавек дзеяння, як было некалі. Новыя сацыяльна-палітычныя варункі вымагаюць ад яго рэфлексіі, крытычнага мыслення. Ян Баршчэўскі вуснамі сваіх герояў заклікае шляхту не марнасловіць, абмяркоўваючы вартасці коней, ганчакоў ды жанчын у застольных размовах, а займацца пошукам спосабаў паляпшэння эканамічнага становішча краю і павялічэння дабрабыту грамадзян.
Шляхціц з "ніжэйшага дваранства" – чалавек з сацыяльнай місіяй. Ён медыятар паміж вуснай традыцыяй і пісьмовай культурай, пакліканы да iх сінтэзу. Рэфлексія вымагае адмысловых здольнасцяў. Адна з найважных перадумоваў для яе – веданне гісторыі. Шляхціц Яна Баршчэўскага – носьбіт гістарычнай памяці. Прычым традыцыя разумеюцца шырока – ад спосабаў гаспадарання да ўмення гатаваць нацыянальныя трункі.
Як гаспадар маёнтку, арганізатар вясковай працы, шляхціц павінен быць назіральным, цікаўным і шмат вучыцца. Веды, якiя здабывалiся ім, носяць практычны характар і часцяком зліваюцца з комплексам "народных ведаў" – народнай метэаралогіяй, аграноміяй, лекаваннем: "Каб гаспадарыць у маёнтку – мала старання, трэба быць чалавекам дасведчаным, добра ведаць якасць зямлі, дзе што пасеяць; ведаць час, калі сеяць гарох, пшаніцу, ячмень ці авёс, а што найцяжэй – прадбачыць перамену надвор'я, калі прыйдзе час сенакосу" [7, с. 142]. Задача шляхціца – разумная арганізацыя працы, якая давала б не толькі прыбытак самаму пану, але і забяспечвала б дабрабыт селяніна. У галодныя гады добры пан пазычае селяніну збожжа.
Калі шляхціц XVII-XVIII стагоддзя – гэта перадусім рыцар, "чалавек гонару", то героя-шляхціца твораў Баршчэўскага можна ахарактарызаваць як "чалавека сумлення". Яго этычныя перакананні рэгулююць наступныя чыннікі: абсуд роўных сабе, абсуд нашчадкаў, сялян і слуг. Дзе б не фармавалася грамадская думка (у карчме ці ў касцёле) і што б не палягала ў яе подзе (хрысціянская мараль ці суседская зайздрасць), небагаты шляхціц мусіць датрымлівацца кампрамісу з меркаваннямі грамады, бо большай часткай свайго дабрабыту ён забавязаны цывільнай службе ў прыватных асобаў, то бок добрым рэкамендацыям, а не асабістай вайсковай доблесці, як было раней.
"Калі было мне блізу васемнаццаці гадоў, мой бацька купіў у Полацку сукна (локаць каштаваў у той час пяць злотых), загадаў пашыць мне каптан, даў пояс падперазацца і сказаў такія словы: "Ідзі ў свет, шукай сабе долі, твае продкі не пакінулі нам маёнтка, і мы табе не даём яго ў спадчыну. Бласлаўляю цябе, зарабляй на кавалак хлеба і будзь пачцівы: усемагутнасць Божая цябе не пакіне; любі бліжніх і жыві ў згодзе з людзьмі. А як непрыемнасці цябе спаткаюць у жыцці – трывай. Будзеш служыць – будзь верны і працавіты" [7, с. 199], – як бачым, да заходнееўрапейскай рыцарскай цноты – феадальнай вернасці – мясцовыя рэаліі дадалі ў шляхетны кодэкс паводзінаў яшчэ адну – працавітасць. Прадстаўнікі беларускага "ніжэйшага дваранства" свой хлеб здабывалі суладна біблейнаму запавету "ў поце твару свайго", да іх цяжка дастасаваць вядомае пытанне-дакор "калі Адам араў, а Ева прала, дзе была шляхта?". "Як бачу, вашэць любіць спаць па-панску; уставай, у простых людзей гэта грэх, і цябе назавуць гультаём" [7, с. 98], – кажа пан Завальня апавядальніку. Гэтым эпізодам акцэнтуецца скразная думка твору, – беларускаму грамадству – ад селяніна да шляхціца – варта разьлічваць толькі на ўласныя сілы і працу, не спадзяючыся на хуткае абагачэнне ці абяцанкі "чарнакніжнікаў"-чужынцаў. Самымі распаўсюджанымі кнігамі ў шляхецкай сям'і з'яўляецца Біблія і каляндар з гаспадарчымі парадамі, але шляхціц уважае сваім абавязкам даць дзецям адукацыю: "Не шкадую выдаткаў на выхаванне, раблю, што магу" [7, с. 142]. Адукацыя мусіць быць дастасавана будучым гаспадарчым інтарэсам маладога шляхціца, абуджаць яго гістарычную памяць, умацоўваць веру. Калі навука не вядзе да Бога, яна згубная для душы.
Але ідэал рэдка адпавядаў рэчаіснасці, часцяком адукацыя насіла схаластычны характар, дадаючы шляхцюкам "полеру", а не ведаў. Маладзь навучалася, як правіла, у каталіцкіх калегіумах. Заможныя бацькі выпраўлялі сваіх дзяцей за межы краю, каб тыя дасканалілі веданне еўрапейскіх моваў і здабывалі свецкі полер. У найбяднейшыя сем'і прыходзілі "шпэктары" – вандроўныя самавукі, якія ўвечары вучылі панічоў чытаць, а раніцой маглі працаваць у полі, выконваючы сялянскія абавязкі.
Існуючая сістэма адукацыі была мала дастасавана патрэбам кар'еры. Здаецца, само паняцце кар'еры адсутнічае. Абмежаваны набор мадэляў сацыяльна-эканамічнай самарэалізацыі не змяняецца дзесяцігоддзямі.
У выпадку, калі сям'я бедная, сын мусіў сыходзіць з бацькоўскага дому, каб служыць – у горадзе, ці ў заможнага пана. Гэта магла быць праца эканома, пры шанцунку – камісара (упраўляючага некалькімі маёнткамі), мара беднага шляхціца – арэнда маёнтка. Не атрымаўшы магчымасці здабыць годную шляхецкага звання службу, многія маладзёны пакідалі край і з'язджалі ў большыя гарады. У заможнай сям'і дзеці пасля навучання з пратэкцыі ўплывовых бацькоў маглі служаць у гарадскіх канторах. Пасля ўступлення ў валоданне спадчынай, яны звычайна пакідалі службу, каб займацца сельскай гаспадаркай, а перадусім – паляваць ды баляваць, наколькі гэта дазваляла маёмаснае становішча. Кардынальным сродкам паляпшэння эканамічнага становішча здавён была выгодная жаніцьба.
Шляхціц Яна Баршчэўскага – традыцыяналіст і кансерватар. Любая мабільнасць, як геаграфічная, так і сацыяльная, разглядаецца ім з падазронам. Палітычныя, эканамічныя, культурныя змены, любая дынаміка: тэхнічны прагрэс, хуткае абагачэнне, мода – выклікаюць насцярожанасць. На працягу некалькіх пакаленняў амаль не адбываецца зменаў у сацыяльным статусе.
Нелюбоў да моды кансерватары аргументуюць тым, што яна спрычыняецца марнатраўству і, урэшце, эканамічнаму калапсу гаспадаркі, ад якой залежыць дабрабыт не толькі пана-модніка, але і ўсёй сялянскай грамады: "Цяпер жа кожны паўпанак, маючы колькі ўбогіх хацін, дорага плаціць за карэты і багатыя строі, вымудраецца, каб здабыць грошы: прадае жывёлу і апошні хлеб, даводзіць бедны люд да таго, што той мусіць кожную вясну карміцца горкім бабоўнікам" [7, с. 22]. Яшчэ адна істотная прычына недаверу да новых пераўтварэнняў хаваецца ў тым, што яны ўспрымаюцца як чужынскія завядзёнкі, накінутыя звонку акупантамі. У грамадстве, апісаным Янам Баршчэўскім, адчуваецца песімізм. Існуе попыт на міф "залатога стагоддзя": "Дзеля бальшыні гэтага грамадства, асабліва народжаных у ХІХ стагоддзі, ранейшае жыццё было невядомым, нябачным. Але яно жыло ў іх апавяданнямі бацькоў і дзядоў. Жыло гутаркаю-гавэндаю пра шляхетных людзей, прыгожыя ўчынкі, пабожныя справы" [4, с. 3]. У подзе гэтага міфа асоба "старога пана", які "ведаў пра кожнага гаспадара ў сваім маёнтку, як хто працуе, як хто рупіцца пра зямлю; дбаў пра сваіх сялян, заўсёды думаў, як ім жыццё палепшыць" [7, с. 278]. Даўніна з’яўляецца пазнакай якасці, ідэалам, якім варта пераймацца.
Ян Баршчэўскі заклікае шляхту не падпадаць пад бляск чужаземных прыдумак у вытворчасці, а больш разумна выкарыстоўваць патэнцыял беларускай прыроды, падвышаць урадлівасць глебы, даваць разумную палёгку сялянству: "Прыйшла ў галаву майму пану думка пабудаваць суконную фабрыку; меркаваў, што такім чынам набудзе залатыя горы. Адгаворвалі яго суседзі, што добра гэтую справу разумелі, кажучы такія словы: "Не з фабрык трэба пачынаць грамадзянам беларускім, каб палепшыць свой быт, а з зямлі, бо сялянская гаспадарка найбольш прыносіць карысці ў нас; трэба рупіцца заводзіць жывёлу, угнойваць палеткі, павялічваць сенажаці і падданых сваіх навучыць лепшым маральным канонам, каб любілі сваю бацькаўшчыну. Не крыўдзіць, прысвойваючы іх уласнасць, менш будаваць корчмаў і старацца мець больш збожжа ў запасе" [7, с. 145].
Адмоўна характарызуецца працоўная міграцыя: "Даўней не было звычаю пасылаць людзей у далёкія краі зарабляць грошы, бо кожны пан меў дукаты ў скарбонцы, і ў сялян было больш талераў, плацілі падаткі, мелі ўсяго ўдосыць і жылі спакойна" [7, с. 278]. Завоз сялян з унутраных губерняў Расеі шляхціц Завальня лічыць згубнай – расейскія сяляне ("асташкоўцы", "асташы") экстэнсіўна эксплуатуюць прыродныя рэсурсы Беларусі, да таго ж яны спрычыняюцца да маральнай дэградацыі і п'янства мясцовага насельніцтва. Адмоўна характарызуецца і практыка выпраўлення беларускіх сялян на заробак – гэта пазбаўляе сельскую гаспадарку працоўнай сілы, што падрывае эканоміку вясковых сем'яў.
Характэрнай асаблівасцю "эканамічнай праграмы" Яна Баршчэўскага з'яўляецца тое, што пад яго гаспадарчыя канцэпцыі падводзяцца этычныя абгрунтаванні, націн робіцца не на дасягненне максімальнага прыбытку, а на захаванне традыцыйнага ладу жыцця і сацыяльнага спакою. Шляхі хуткага абагачэння крытыкуюцца не з гледзішча іх рызыкоўнасці, а на падставе маралі – у падмурку хуткага абагачэння, паводле пераканання пісьменніка, палягае "продаж душы" ці здрада.
Марнатраўства і гасціннасць – рэчы розныя. Шляхціц Завальня жыве "адкрытым домам", але прырода ягонай гасціннасці розніцца ад старашляхецкага літоўскага хлебасольства, вядомага нам па творах Генрыка Равускага [11, с. 128-141] ды Ігната Ходзькі [11, с. 79-126]. Гасціннасць літоўскага "сармата", якую яны апісваюць,– гэта дэманстрацыя асабістага багацця і пышнасці роду, такія хлебасолы маглі зачаставаць госця да полусмерці. Гасціннасць пана Завальні хрысціянскай прыроды – ён запальвае ліхтар у завею, каб людзі маглі знайсці дарогу. Выпадковых гасцей, шляхціц гэта ці селянін, Завальня забяспечвае начлегам, ежай і гарэлкай. Гарэлка выступае тут як элемент гасціннасці. Яна "у гарачае лета халодзіць, а ў зімовыя маразы – грэе" [7, с. 148]. Стыхія вуснай народнай творчасці блізкая і вядомая шляхце, самі шляхціцы з'яўляюцца аднымі з яе сааўтараў. Пан Завальня запрашае сялян, каб выслухоўваць іх фантастычныя гісторыі, знаходзячы ў іх мудрасць і маральнасць. Нават забабоны народа, паводле пераканання пана Завальні, заслугоўваюць павагі, як частка досведу і жыццёвых законаў народа. Навука на ўзбраенні злога розуму горш за народныя забабоны. Менавіта барацьбой з народнымі забабонамі прыкрываецца Чарнакніжнік, робячы свае нялюдскія справы [7, с. 207]. У асобе Чарнакніжніка з яго крытыкай "цемрашальства і забабоннасці" беларусаў Баршчэўскі дэмаскуе практыку навязвання беларускаму грамадству чужынскай культуры.
Шляхціцу не чужыя народныя абрады і магічныя практыкі. На Куццю госці-шляхцюкі, седзячы ў пана Завальні за сталом, "падсоўвалі руку пад абрус, выбіралі наўдачу даўжэйшую сухую сцяблінку; паказвалі адно аднаму, загадвалі, ці высока будзе наступнаю вясною расці на полі лён, а паненкам прадказвалі хуткае замужжа. Шукалі пад сенам зярнятак жыта, пшаніцы ці іншага збожжа, бо яно, выпадкам знойдзенае ў гэты вечар пад сенам, вешчавала вялікія ўраджаі" [7, с. 168]. Калі лекі з гарадской аптэкі не дапамагаюць, пан звяртаецца да "чараўніка" з народу.
Шляхціц – чалавек вясковы. Горад ён наведвае ў рэдкіх выпадках– калі збіраецца на кірмаш, адвозіць дзяцей на вучэнне, наведвае бажніцу, шукае лекара ці аптэку, судзіцца з суседам. Горад поўны спакусаў і небяспекі – корчмы з ліхімі цэнамі, распусная моладзь, "фармазоны", легкадумныя жанчыны. У горадзе перабываюць пераважна маладыя – вучацца, служаць. Заможнае дваранства мае дамы ў горадзе, але летам як правіла з'язджае ў свае вясковыя рэзідэнцыі.
Шляхціц прывязаны да месца, дзе ён нарадзіўся. Ён мае сентымент да роднага краявіду. Разумець і бачыць прыгажосць прыроды – шляхетна. Шляхціц чытае прыроду як разгорнутую кнігу. Героямі Яна Баршчэўскага пейзаж Паўночнай Беларусі паэтызуецца, Полаччына сакралізуецца і прыпадабняецца Эладзе, народныя легенды ўлучаюцца ў кантэкст антычных і хрысціянскіх вобразаў. Вандроўкі ў чужыя краі, паводле перакананняў герояў Яна Баршчэўскага, – акт змушаны, прыносіць няшчасце. Падобную ідэалізацыю краявіду – "адкрыццё ландшафту" – Адам Мальдзіс звязвае з нараджэннем "краёвага" беларускага патрыятызму [12, с. 144].
Шляхціц – удзячны сын, ён не грэбуе абавязкамі перад сваімі бацькамі, дапамагае бедным родзічам. Ён памятае пра дасягненні свайго роду і памнажае іх, датрымліваецца бацькоўскіх традыцый. У выхаванні ўласных дзяцей шляхціц выяўляе суворую справядлівасць, прымяняюцца і цялесныя пакаранні: Розгаю дух святы дзетак біць радзіць, Розга аніяк здароўю не вадзіць. [7, с. 23] Значнае месца ў жыцці шляхціца займае сям'я. Паводле выказванняў пана Завальні, любоў упрыгожвае сямейныя адносіны, надае ім стваральную сілу. Жонка шляхціца – гэта саратніца і партнёр, ад якой у значнай ступені залежыць дабрабыт дома: "добрая жонка – скарб найдаражэйшы, бо дзе ў хаце каханне і згода, там і блаславенне Божае" [7, с. 47]. Але Завальня канстатуе, што норавы змяніліся і для кахання прыспелі не лепшыя часы – з аднаго боку, мужчыны бачаць у шлюбе спосаб умацаваць сваё эканамічнае становішча, з другога боку, жанчыны прагнуць радавітасці і свецкіх баваў. У сучасным для шляхціца Завальні грамадстве папулярызуецца ідэя, паводле якой кахаць можна па-за шлюбам, а ствараць сям'ю варта толькі паводле эканамічнага разліку.
Ідэальны вобраз паўночнабеларускага шляхціца, створаны Янам Баршчэўскім, зазнаў уплыў сацыяльна-палітычных і культурных зрухаў, якія адбываліся ў беларускім грамадстве канца XVIII-першай паловы ХІХ стагоддзя. На выклікі часу (падзел Рэчы Паспалітай, разбор шляхецкага саслоўя, станаўленне эстэтыкі рамантызму ды іншае) Ян Баршчэўскі здолеў даць самабытныя адказы, якія ў значнай ступені розніліся ад ідэалагічнага мэйнстрыму, што генераваўся асяродкамі студэнцтва і прафесуры Віленскага універсітэту – буйнога разумовага цэнтру краю. Можна меркаваць, што гэтае разыходжанне было не толькі выяўленнем асабістай пазыцыі аўтара, але і адлюстраваннем настрояў часткі беларускай інтэлігенцыі, выхаванцаў Полацкага езуіцкага калегіума (згадайма супярэчанні паміж паланафільскім гуртком Адама Чартарысцкага і заснавальнікамі Полацкай езуіцкай акадэміі) [13, с. 95-100]. У адрозненні ад віленскага паланафільскага гуртка, апошнія не ідэалізавалі Літву і старашляхецкі "сарматызм". Даследчык беларускага літаратурнага працэсу першай паловы ХІХ стагоддзя Мікола Хаўстовіч інтэрпрэтуе гэты сюжэт так: "беларускі, вобразна кажучы, сцяг напрыканцы XVIII стагоддзя перахапілі ў праваслаўных езуіты, каб аддзячыць Кацярыне ІІ за дазвол ордэну працягваць дзейнасць на тэрыторыі Расейскай імперыі. Езуіты пачалі называцца беларускімі, пачалі называць сваіх студэнтаў і шкаляроў беларусамі. А з тае прычыны, што уніяцкія святары навучаліся ў езуітаў, дык і Уніяцкая царква спрычынілася да пашырэння беларускае свядомасці сярод насельнікаў былога Вялікага Княства Літоўскага" [11, с. 7]. Пра адмысловую ролю полацкiх езуiтаў выказваюцца таксама гісторык-гарадзенец Алесь Смалянчук [14, с. 50-52], даследчык з Брэста Аляксандр Ільін [15], культуролаг Iгар Бабкоў [16, с. 136-166]. Парадаксальнасць палітычных працэсаў – рэч вядомая. Мэты і вынікі дзеянняў палітыкаў не заўжды супадаюць. Акурат адзін з такіх прыкладаў – удзел расейцаў-славянафілаў, прыхільнікаў "западнорусизма" [17], і кансэрватараў-традыцыяналістаў [12, с. 145], выхаванцаў езуіцкіх калегіумаў, у "беларускіх справах". Урэшце, якімі б не былі знешнепалітычныя падставы, вырашальнымі ў распаўсюдзе назвы "Беларусь" сталіся ўсё ж унутраныя чыннікі. Гэты геапалітычны "праект" быў спраецыраваны на цалкам самабытны полацка-крывіцкі культурны субстрат і паслугаваў з постуніяцкага інтэлектуальнага рэсурсу, які далёка не з'яўляўся механічнай сумай каталіцкіх ды праваслаўных элементаў, будучы хутчэй іх сінтэзам, што і абумовіла, на нашу думку, высокую канкурэнтаздольнасць беларускай ідэі ў дачыненні ліцвінскасці – монаканфесійнай ідэалогіі, што апелявала да наднацыянальных каштоўнасцяў, якія напачатку ХІХ стагоддзя, эпохі этнічнага нацыяналізму, ужо зрабіліся анахранізмам.
Ян Баршчэўскі апісвае жыццё "ніжэйшага дваранства", якое, з аднаго боку, было эканамічна звязана з буйной зямельнай арыстакратыяй, захаплялася яе звычаямі, а, з другога боку, гідзілася сваёй залежнасцю. Антаганізм паміж "вышэйшым" і "ніжэйшым" дваранствам зазналі і заходнееўрапейскія нацыі [18, с. 148]. З уваходам Беларусі ў склад расійскай імперыі і аслабленнем палітычнага ўплыву буйных паноў на дробную шляхту пачаўся працэс пераасэнсавання ролі дваранства ў гісторыі. Менавіта адным з такіх узораў ідэалагічных пошукаў і ўяўляе сабой творчасць Яна Баршчэўскага.
Шляхам адмовы ад сармацкага ідэалагічнага комплексу, з яго канцэптам шляхты як "народу палітычнага" і арыентацыі на "айчыну-Літву" Ян Баршчэўскі ўмажлівіў выспяванне беларускага этнічнага нацыяналізму, скіраваўшы шляхецкую інтэлігенцыю да асветніцкай працы на карысць простага беларускага народа.
На працягу сваіх "беларускіх" твораў Ян Баршчэўскі фармулюе культурную, этычную і нават гаспадарчую праграму для прадстаўнікоў дробнай шляхты, прапануючы ўзяць маральную адказнасць за краіну ніжэйшаму дваранству, якое не зганьбавала сябе дзяржаўнымі здрадамі, карупцыяй і неўтаймаванай сваволяй, не страціла повязі з роднай зямлёй і захавала здольнасць размаўляць з народам на адной мове.
Гэтая шляхта – кансерватары і традыцыяналісты, але традыцыя, да якой яны апелююць звязана не з старашляхецкім сарматызмам, а сягае да глыбіняў народнага светапогляду. Вяртанне да ідэалу, да нармальнасці разумецца як вяртанне да спрадвечных крывіцкіх традыцый.
Можна вылучыць некалькі складнікаў ідэалагічнага мэсіджу твораў Яна Баршчэўскага:
1) Крытыка сацыяльна-культурнай спадчыны эпохі "шляхецкай анархіі" і самаўладдзя арыстакратыі;
2) Прапанова пазітыўнага эканамічнага дзеяння для "ніжэйшага дваранства", заснаваннага на дбайным выкарыстанні мясцовых прыродных рэсурсаў і арыентаванага не столькі на звышпрыбытак, колькі на дасягнення сацыяльнага спакою ў краі і кансалідацыю грамадства;
3) Фармуляванне новага грамадскага ідэалу для шляхты, заснаванага на беларускім патрыятызме, які апелюе да этыкі, ведаў і практык народнай традыцыі. Культываванне назвы Беларусь і яе сакралізацыя, як альтэрнатыва вялікапанскай "сармацкай" Літве.
Такім чынам, у творчасці Яна Баршчэўскага можна назіраць канвергенцыю шляхецкіх класавых каштоўнасцяў "народа палітычнага" ў агульнаграмадзянскі беларускі нацыянальны ідэал.

Літаратура

1. Хаўстовіч М.В. Гісторыя беларускай літаратуры 30-40-х гг. ХІХ ст. – Мн.: БДУ, 2001.
2. Хаўстовіч М.В. На парозе забытае святыні. – Мн.: Права і эканоміка, 2002.
3. Хаўстовіч М.В. Мастацкі метад Яна Баршчэўскага. – Мн.: БДУ, 2003.
4. ХІХ стагоддзе: Навукова-літаратурны альманах. Кніга другая. – Мн.: БДУ, 2000.
5. Латышонак А. Народзіны беларускай нацыянальнай ідэі // Спадчына. – 1992, № 2.
6. Пачынальнікі / Уклад. Г.В. Кісялёў. – Мн.: Бел. Навука, 2003.
7. Баршчэўскі Ян. Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях. – Мн.: Маст. літ., 1990.
8. Нарбут Б.М. Шляхта околичная // [Электрон. рэсурс] – СПб., 2005. – Рэжым доступа: http://www.petergen.com/lwk/szlachta/szlazasc.shtml
9. Ходзька Я. Вызваленая літва, або пераход цераз Нёман// Кафедра гісторыі беларускае літаратуры [Электрон. рэсурс] – Мн., 2005. – Рэжым доступа: http://www.khblit.narod.ru/lib/janchodzka.htm
10. Лысова Н.Б. Мазахісцкая тэма ў беларускай мастацкай культуры як вобразнае вырашэнне нацыянальнай праблемы. // Весці Полацкага дзяржаўнага універсітэта (Гуманітарныя навукі), – 2000.
11. ХІХ стагоддзе: Навукова-літаратурны альманах. Кніга першая. – Мн.: БДУ, 1999.
12. Мальдзіс А. Як жылі нашы продкі ў XVIII стагоддзі. – Мн.: Лімарыус, 2001.
13. Катлярчук А. Жазэф дэ Мэстр і Тадэвуш Бржазоўскі ў справе адкрыцця Полацкай езуіцкай акадэміі. – Віцебскі сшытак. – 1997. – №3.
14. Смалянчук А.Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. – СПб.: Неўскі прасцяг, 2004.
15. Ильин А. Возникновение белорусской национальной идеи – новый взгляд // Гістарычная брама. – №1(18), 2001.
16. Бабкоў I. Генэалёгiя беларускай iдэi // Arche. – 2005, №3.
17. Цьвікевіч А. "Западно-руссизм". – Мн.: Навука і тэхніка, 1993.
18. Оссовская М. Рыцарь и буржуа. – М.: Прогресс, 1987.