1629 - 25.8.1680
Беларускі і рускі пісьменнік, філосаф-асветнік, педагог, тэолаг, грамадскі і царкоўны дзеяч. Паходзіў, як мяркуюць даследчыкі, з купецкага саслоўя. У архіўных "роспісах двароў-палачан" род Пятроўскіх пазначаны поруч са Скарынамі і Цяпінскімі. Пачатковую адукацыю атрымаў у Полацку. Першым яго настаўнікам мог быць вядомы беларускі педагог і пісьменнік І.Іяўлевіч. У пач. 1640-х гадоў - студэнт Кіева-Магілянскай школы (пазней акадэміі), дзе сярод яго настаўнікаў былі выдатныя ўкраінскія вучоныя і пісьменнікі Пётр Магіла (заснавальнік школы і яе першы рэктар), Л.Барановіч, І.Гізель. У Кіеве атрымаў званне "дыдаскала" (настаўніка). Пазней, як мяркуюць даследчыкі, вучыўся ў Віленскай езуіцкай акадэміі. Захаваліся яго канспекты курсаў лекцый віленскіх філосафаў і тэолагаў А.Каяловіча, Л.Рудзінскага і інш. У Вільні С.П. вывучаў рыторыку, тэарэтычную і практычную паэтыку, натурфіласофію і этыку. Рыторыку выкладаў вядомы прафесар С.Лаўксмін, а курсы паэтыкі і антычнай культуры грунтаваліся на фундаментальных працах новалацінскага паэта і тэарэтыка літаратуры М.Сарбеўскага. Акрамя роднай беларускай мовы, ён дасканала ведаў лацінскую, польскую і царкоўнаславянскую мовы, пісаў на гэтых мовах вершы, прамовы, навуковыя трактаты. На думку некаторых даследчыкаў (В.Былінін і інш.), у віленскі перыяд С.П. ўступіў ва уніяцкі ордэн Васіля Вялікага і стаў базыльянінам. Уніяцтва ў той час замацавалася на Беларусі, яго прыхільнікі па-свойму імкнуліся пераадолець рэлігійны раскол беларусаў на праваслаўных і католікаў, карысталіся беларускай моваю.
У час вучобы С.П. ў Кіева-Магілянскай школе (на ўзор езуіцкіх школ яна называлася калегіяй, мела 8 класаў: 4 малодшыя, 2 сярэднія і 2 старэйшыя) выкладаліся славянская, грэчаская, лацінская і польская мовы, граматыка, тэарэтычная і практычная рыторыка, паэтыка, у т.л. практыка вершаскладання, філасофія, арыфметыка, геаметрыя, астраномія, музыка, багаслоўе. У канцы навучальнага года наладжваліся публічныя дыспуты, на якіх студэнты выступалі з "казаннямі" на роднай мове і на латыні, чыталі напісаныя пад кіраўніцтвам настаўнікаў вершы, спрачаліся на філасофскія і багаслоўскія тэмы.
У 1-й палове 1650-х гадоў С.П. вучыўся ў Віленскай езуіцкай акадэміі. Якраз тады (1654) пачалася вайна Расіі з Рэччу Паспалітай, якая працягвалася з перапынкам да 1667 і закончылася Андрусаўскім перамір'ем, паводле якога да Расіі былі далучаны Левабярэжная Украіна і Смаленшчына, а Беларусь у складзе Вялікага княства Літоўскага засталася ў Рэчы Паспалітай. У такіх трагічных умовах закончыўся беларускі перыяд творчасці С.П. Быў у яго і больш ранні, вучнёўскі этап творчасці, які прыпадае на дзесяцігоддзе вучобы ў Кіеве і Вільні (1643-53). Пісаў тады паэт на старабеларускай, старапольскай і лацінскай мовах. Большасць польскіх і лацінскіх яго вершаў належаць да т.зв. школьнай паэзіі: гэта "перакладыроўка" тагачаснай універсітэцкай навукі і маральнай філасофіі ў сістэму сілабічнай паэтыкі барочнага кірунку. Тады паэтычны талент пісьменніка выявіўся пераважна ў свецкай тэматыцы, у кантрастнай вобразнасці, спецыфічнай для паэтычнай культуры барока "паэтычнай дасціпнасці", якую даследаваў Сарбеўскі ў трактаце "Пра дасціпнасць і жарт" (1622-27).
Сярод вядучых матываў школьнай паэзіі была вершаваная арыфмалогія - паэтыка-сімвалічнае тлумачэнне лічбаў, пераважна сакральных (3, 4, 7, 12 і інш.). Праграмны твор С.П. з арыфмалагічнага цыкла - верш "Сем вызваленых навук" - паэтычнае апісанне гуманітарнага "трывіума" (граматыка, дыялектыка, рыторыка) і "квадрывіума" (арыфметыка, геаметрыя, астраномія, музыка). Граматыка як пачатак усіх навук адчыняе "браму мудрасці". Пад дыялектыкай тады разумелі фармальную логіку, майстэрства спрэчак і доказаў. На думку пісьменніка, яна пачалася творчасцю філосафа Платона (428-348 да н.э.) і лічылася "маці ўсім навукам". Пад арыфметыкай мелася на ўвазе антычная піфагарыйская прагностыка, або прадбачанне на падставе сімвалічнага тлумачэння лічбаў. Геаметрыя вымярае даўжыню і вышыню "да самага неба". Астраномію ў позніх схаластаў замяніла астралогія - вызначэнне па зорках і планетах лёсу чалавека і грамадства. Нарэшце, музыка далучала да гармоніі і навучала "сімфоніі" - узгадненню гукаў, слоў і музычных ладоў.
Каля 1656 С.П. вярнуўся ў родны Полацк, прыняў праваслаўнае манаства і настаўнічаў у брацкай школе пры Богаяўленскім манастыры. Чалавек па натуры дзейсны, працавіты, ён выкарыстаў усе магчымасці для грамадскага і літаратурнага самавыяўлення. Былі ў яго жыцці хвіліны адзіноты і тугі, і тады пісаліся вершы-маленні з элегічным настроем. Напр., у "Малітве ў час смутку" паэт просіць Бога вызваліць яго ад цяжкіх клопатаў і напасцяў. З прыходам С.П. вакол Богаяўленскага манастыра згуртаваліся таленавітыя пісьменнікі, сярод іх і ранейшыя яго настаўнікі - іераманах Філафей Утчыцкі, Ігнацій Іяўлевіч, здольныя выхаванцы іх школы Васіль Яновіч, Сава Капусцін і інш. Гэта была, па сутнасці, полацкая школа беларускіх літаратараў і настаўнікаў, якая магла сапернічаць з тагачаснай Полацкай езуіцкай калегіяй.
Характэрная рыса яго паэтычных твораў полацкага перыяду - патрыятызм, любоў і пашана да свайго народа, да роднага горада і краю. Сярод твораў на гэту тэму элегічная малітва пра забранне цудатворнага абраза Багародзіцы з Полацка ў Маскву (1663), "Прылог да прападобнай маці Ефрасінні" (1663), у якіх паэт просіць святую заступніцу Беларусі дапамагчы вярнуць "в страну Полотскую" народную святыню. Амаль што апакаліпсічны ваенны "патоп" 1650-60-х гадоў, рэлігійная вайна, казацка-сялянскія паўстанні, пагроза захопу шведамі Беларусі і Літвы пахіснулі веру С.П. ў стабільнасць Рэчы Паспалітай. Пісьменнік пачаў ускладаць надзеі, што яго Радзіму выратуе палітычны саюз з Расіяй. Таму, калі ў ліп. 1656 маскоўскі цар Аляксей Міхайлавіч прыбыў з войскам у Полацк, ён вітаў яго хвалебнымі "метрамі" - тэатралізаванымі сілабічнымі вершамі, якія зачыталі вучні паэта, праслаўляючы "вызваліцеля" беларускай зямлі, спадчынніка "польскай кароны". Пазней у тым жа панегірычным стылі ён напісаў "Вершы да гасудара Аляксея Міхайлавіча Вялікія і Малыя і Белыя Русі самадзержца", "Вершы да гасударыні царыцы", "Вершы да гасудара царэвіча" і іншыя ўрачыстыя хваленні. Пра патрыятызм пісьменніка, якога ніколі не пакідала любоў да сваей радзімы - Беларусі і Рэчы Паспалітай, сведчаць 2 яго польскамоўныя сатырычныя паэмы - "Роспач караля шведскага" і "Шведскі кароль шукае сваіх афіцэраў" (каля 1657-60). У гэтых таленавітых памфлетах выкрывалася заваёўніцкая авантура Карла Густава Х, які ў сярэдзіне 17 ст. хацеў падзяліць Рэч Паспалітую, прыкрываючыся уніяй Швецыі і Вялікага княства Літоўскага. Вайна скончылася поўным паражэннем шведскай арміі. Гэтыя і іншыя творы беларускага перыяду (камічная дэкламацыя "Вітанне богалюбівага епіскапа Касліста Полацкага і Віцебскага...", "Лякарства на грахі", "Вершы ўцешныя да асобы адзінай") сведчаць, што ён карыстаўся выяўленчымі сродкамі народнага смеху - гратэскам і травестацыяй. Адначасова С.П. выявіў свой паэтычны талент у жанрах пастаралі (калядная вершаваная драма па матывах Евангелля ад Лукі "Гутаркі пастухоўскія"), оды ("Вершы да гасудара цара Аляксея Міхайлавіча...", "Вершы да гасударыні царыцы", "Вершы да гасудара царэвіча", "Прывітанне нованароджанай царэўне Марыі", "Віншаванне новаабранаму патрыярху"), элегіі ("Малітва ў смутку", на польск. мове).
Зімой 1664 С.П. прыняў запрашэнне пераехаць у Маскву. Меркаваў, што часова, а сталася - назаўсёды. Яму было даручана стварыць пры адным з маскоўскіх манастыроў лацінскую школу для падрыхтоўкі служачых Тайнага прыказа - асабістай канцылярыі цара. Пісьменніка пасялілі побач з царскімі палатамі і залічылі на дзяржаўнае забеспячэнне. Ён стаў разам з вучоным візантыйцам Паісіем Лігарыдам дарадцам цара па царкоўных справах, перакладчыкам і рэдактарам. Яго запрашалі на прыдворныя ўрачыстасці, дзе паэт чытаў свае віншаванні ў вершах. Калі ў 1665 у цара нарадзіўся сын Сімяон, паэт з гэтай нагоды напісаў верш "Добрае прывітанне" ("Благоприветствование") у вытанчанай форме барочнай паэтыкі. Уплыў паэта на царскі двор асабліва ўзмацніўся пасля 1667, калі ён быў прызначаны выхавальнікам і настаўнікам царскіх дзяцей. Росту яго аўтарытэту садзейнічала актыўная палеміка з ідэолагамі стараабрадцаў і ўдзел у Вялікім царкоўным саборы (1666-67), які асудзіў патрыярха Нікана за тое, што той самавольна пакінуў патрыяршую пасаду з прычыны нязгоды з прэтэнзіямі вярхоўнай свецкай улады на кіраўніцтва праваслаўнай царквой. На саборы С.П. быў сакратаром і перакладчыкам мітрапаліта Паісія Лігарыда і двух усяленскіх патрыярхаў (александрыйскага і антыяхійскага). Па іх даручэнні ён напісаў супраць арганізатараў расколу палемічны трактат "Жазло праўлення" (1667).
У тым жа 1667 С.П. ўдзельнічаў у стварэнні палемічнага трактата супраць старавераў пад назвай "Абвяржэнне чалабітнай папа Мікіты". Аўтары трактата прапанавалі таксама асветніцкую праграму, якая прадугледжвала адкрыццё на Русі школ. Услед за Скарынам яны раілі сваім суайчыннікам браць прыклад са старажытнага цара-кніжніка Пталамея, адкрываць у Маскве бібліятэкі. У дачыненні да старавераў С.П. і яго аднадумцы не заўсёды былі справядлівыя, бо часам выступалі з пазіцый праціўнікаў "іншадумання". Галоўны клопат беларускага пісьменніка ў Маскве - педагагічныя, асветніцкія і выдавецкія справы. Яму ўдалося ажыццявіць сваю даўнюю мару - заснаваць пры царскім двары ("наверсе") т.зв. "Верхнюю друкарню", незалежную ад патрыяршай цэнзуры. Сярод першых надрукаваных у ей кніг падручнік для дзяцей "Буквар мовы славенскай". У той час грамаце вучыліся звычайна па біблейскім зборніку гімнаў і песняў, вядомым пад назвай "Псалтыр". С.П. пераклаў яго сілабічнымі вершамі і выдаў у друкарні пад назвай "Псалтыр рыфматворны". Гэты твор стаў папулярным песеннікам у асяроддзі тагачасных адукаваных людзей.
За палітычнай і царкоўнай барацьбой пісьменнік не забываў пра сваё наканаванне - літаратурную творчасць. Амаль штодзённа ён пісаў палову сшытка вершаў, п'ес, твораў прамоўніцкай прозы. Яго царкоўныя "словы" і казанні служылі падручнікам для рускіх епіскапаў і святароў ніжэйшых званняў. Яны склалі рукапісныя зборнікі С.П. пад назвай "Абед душэўны" (1675) і "Вячэра душэўная" (1676). Кожны том - больш як 1500 старонак, што сведчыць пра надзвычайную працавітасць аўтара. Гэта быў узор высокага прамоўніцкага мастацтва ва ўсходнеславянскім рэгіёне, а таксама ўзор барочнай дасціпнасці і кантрастнай вобразнасці. Зборнік вершаў "Вертаград мнагацветны" (у перакладзе на сучасную мову - "Сад шматколерны") на той час служыў для рускай публікі сапраўднай энцыклапедыяй ведаў па гісторыі, антычнай міфалогіі, натурфіласофіі, касмалогіі, тэалогіі, маралі і хрысціянскай сімволіцы. Адначасова ў 1678 ён падрыхтаваў другі вялікі зборнік сілабічных вершаў "Рыфмалагіён, або вершаслоў", які складаўся пераважна з хвалебных эпіграм, панегірыкаў і элегічных фрэнаў (плачаў), напісаных "на выпадак". Ёсць у ім і буйныя творы новага для тагачаснай Расіі драматычнага жанру - п'есы "Камедыя прытчы пра блуднага сына" і трагедыя "Пра Навухаданосара цара...". З яго драматургіі ў Расіі пачынаўся прафесійны тэатр. Цыкл вершаў пад назвай "Фрэны, або Плачы" на смерць расійскай царыцы Марыі Ільінічны - адзін з лепшых твораў паэта.
Службу пры маскоўскім двары С.П. пачаў перакладчыкам і не пакідаў занятак да канца жыцця. Перакладаў з латыні і польскай мовы, літаратурна апрацоўваў папулярныя тады свецкія і царкоўныя творы. Пасля смерці ў 1675 яго былога настаўніка, галоўнага "спраўшчыка" (рэдактара) царкоўных кніг пры маскоўскім двары Э.Славінецкага, С.П. падключыўся да перакладу на рускую мову Бібліі. Ён быў пачынальнікам таго творчага перакладу, у якім дакладнасць спалучалася з літаратурным майстэрствам. "Грэкафілы" (пісьменнікі і царкоўныя дзеячы грэка-візантыйскай арыентацыі) не давяралі "лаціністу" і "заходніку" С.П., хоць паважалі яго талент і энцыклапедычную адукаванасць. Але гэтыя рознагалоссі не перашкаджалі яго дружбе са Славінецкім. На смерць свайго настаўніка С.П. напісаў 5 "эпітафій", упершыню ў беларускай і рускай літаратуры скарыстаўшы гэты вершаваны жанр. Вось адна з іх:
Здесь лежит честный отец Епифаний,
наследник правый священных писаний,
в многих языцех мнози его труди,
за что вечная память ему буди.
Сярод яго багаслоўскіх прац арыгінальнасцю вызначаецца кніга "Вянец веры кафаліцкія" (1670). Яна, відаць, была багаслоўскім падручнікам для царскіх дзяцей, вучняў пісьменніка. Гэтым творам зацікавілася царэўна Софія (1654-1704). Захаваўся верш, прысвечаны ўручэнню рукапіснай кнігі вялікай князёўне Софіі Аляксееўне. Гэта тыповы панегірык, верш-хваленне, у якім дасціпна выкарыстана семантыка яе імя (Софія ў перакладзе з грэчаскай - мудрасць).
Відавочна, што літаратурная і агульнакультурная праграма полацкага асветніка, накіраваная на кампраміснае далучэнне Расіі да еўрапейскага культурнага рэгіёна, паступова перамагала. На дварцовых абедах яго нярэдка садзілі на ганаровым месцы недалёка ад цара Аляксея Міхайлавіча, бацькі 12 дзяцей, выхаваннем і навучаннем якіх кіраваў "старац Сімяон". Захаваліся цікавыя запісы ў расходных кнігах "Казённага прыказа" (ведамства дзяржаўнай маёмасці), сярод якіх запіс пра багаты падарунак ад царэвіча Аляксея Аляксеевіча за яго працавітасць і самаахвярнасць. У Маскве ў адной сваёй асобе ён быў і "міністрам культуры", і "міністрам адукацыі", які сам "загадваў і сам жа выконваў загады". Адносіны паміж маскоўскімі артадоксамі і "лаціністамі", выхадцамі з Беларусі і Украіны, часта ўскладняліся. Патрыярх Іакім скардзіўся, што цар даручыў С.П. "всякая церковная дела писати". Справа даходзіла да канфліктаў з трагічным фіналам, пра што сведчыць лютае забойства стральцамі брата С.П., манаха Трубчэўскага манастыра Ісакія, якое адбылося ў 1674 ці 1675 у манастыры неўзабаве пасля вяртання Ісакія з кіеўскага паломніцтва. За год да смерці С.П. працаваў над праектам рускай вышэйшай школы на ўзор Кіева-Магілянскай акадэміі. Мелася на ўвазе выкладанне ў ей не толькі грэчаскай мовы і багаслоўя, але дасягненняў еўрапейскай гуманітарнай навукі і культуры, лацінскай мовы і натурфіласофіі. Пісьменнік памёр на 51-м годзе жыцця.
Літаратурная, багаслоўская і навукова-асветніцкая спадчына С.П. шматгранная і не перастае здзіўляць даследчыкаў сваёй энцыклапедычнасцю. Сам пісьменнік паспеў надрукаваць толькі некаторыя свае творы.
Два вялікія зборнікі вершаў - "Рыфмалагіён", або "Вершаслоў" і "Вертаград мнагацветны" падрыхтаваны ім да друку. Энцыклапедычныя зборнікі яго царкоўна-хрысціянскіх "слоў" і "казанняў" ("Абед душэўны" і "Вячэра душэўная") пасля смерці пісьменніка выдаў у 1681 і 1683 яго паслядоўнік і сакратар С.Мядзведзеў (1641-91). У 18-19 ст. зрэдку друкаваліся асобныя творы С.П. ў розных навуковых зборніках, якія даўно сталі бібліяграфічнай рэдкасцю, як і зборнікі і хрэстаматыі, дзе былі змешчаны асобныя творы паэта. У 1990 выд-ва "Мастацкая літаратура" ўпершыню апублікавала большасць вершаў паэта беларускага перыяду і частку твораў маскоўскага перыяду, якія былі вядомы толькі па рукапісных зборах.
Літаратурная спадчына С.П. была ля вытокаў беларускага і рускага барока - асноўнай плыні ў эстэтыцы і мастацкай культуры 2-й паловы 17 - 1-й паловы 18 ст. ва ўсходнеславянскім рэгіёне (у заходнееўрапейскім мастацтве барочны стыль выявіўся ў канцы 16 ст.). Тэарэтыкам барока ў Польшчы, Літве і на Беларусі ў яго заходнееўрапейскім, адносна закончаным, варыянце быў Сарбеўскі. У творчасці ж С.П. і яго паслядоўнікаў сфарміраваўся нацыянальны самабытны ўсходнеславянскі тып барочнай культуры, які грунтаваўся на двайным сінтэзе: спалучэнні сярэдневяковых і рэнесансавых ідэалагічных арыентацый і духоўных каштоўнасцей, з аднаго боку, і кампрамісе паміж праваслаўна-візантыйскім традыцыяналізмам і лаціна-еўрапейскім навуковым рацыяналізмам, з другога. На Беларусі С.П. працягваў традыцыі незакончанай эпохі Адраджэння, а ў Расіі ён мог абаперціся толькі на традыцыі старажытнарускай сярэдневяковай культуры і на пэўныя мясцовыя традыцыі сілабічнай паэзіі. На станаўленне яго як паэта значны ўплыў зрабіла і польская літаратурная традыцыя. У светапоглядных і эстэтычных адносінах яго творчасць была неаднародная. Яна адлюстравала познабеларускі рэнесансавы гуманізм, усходнеславянскі тып барочнай мастацкай культуры і станаўленне рускага класіцызму ў 1670-я гады. Сілабічная сістэма вершаскладання надавала яго шматжанравай паэзіі адноснае стылістычнае адзінства.
С.П. - класічны паэт-сілабіст ва ўсходнеславянскай паэзіі 17 ст. Ва ўсіх сваіх вершаваных творах - беларускіх, польскіх і рускіх, у дыдактычнай школьнай, сатырычнай, лірычнай і драматычнай паэзіі ён паслядоўна прытрымліваўся дакладнай сілабікі. У дыдактычных вершах, прызначаных для папулярызацыі навукі, паэт займаў кампрамісную пазіцыю паміж навукай і багаслоўскай схаластыкай. Ён грунтоўна ведаў антычную і сярэдневяковую натурфіласофію, меў у сваей хатняй бібліятэцы філасофскія і літаратурныя творы Цыцэрона, Эразма Ратэрдамскага, Фамы Аквінскага, даследаванні па касмалогіі, медыцыне, мінералогіі, фізіялогіі і астраноміі.
С.П. быў адным з паслядоўнікаў філосафа і вучонага, заснавальніка еўрапейскай астралогіі Альберта Вялікага (1193-1280). У каталогу яго хатняй бібліятэкі пазначаны "книга Альберта, ведение философское", а таксама "книга астрологическая, латинская". Цікавіўся ён і астралогіяй. Віншавальныя вершы, паднесеныя царскай сям'і ў дзень хрышчэння царэвіча Пятра Аляксеевіча (29.6.1662), сведчаць пра майстэрства ў жанры астралагічнай паэзіі: ён напісаў верш-гараскоп будучаму цару, прадказаўшы яго вялікую будучыню. Гэта дае падставу меркаваць, што С.П. быў знаёмы з творамі французскага паэта-астролага М.Настрадамуса (1503-66). Пашыраючы прыродазнаўчыя веды, С.П. часам выкрываў народныя прымхі і забабоны, напісаў супраць іх асобнае казанне пад назвай "Павучанне супраць забабонаў". Пісьменнік не прызнаваў народную "гіпнозатэрапію" - лячэнне "шэптамі" і "загаворамі". Праўда, ён аргументаваў сваю крытыку не навуковымі, а маральна-рэлігійнымі аргументамі. Выкрываў ён і рэшткі язычніцтва: у асяроддзі невуцтва "Христос изгоняется, а баба пустоголовая вводится, тайна святого крещения попирается, диавол ликует".
Духоўны свет С.П. быў абумоўлены становішчам Беларусі ў складзе Рэчы Паспалітай і пэўным чынам "запраграмаваны" культурай барока як стылем эпохі. У яго светапоглядзе сумяшчаліся сярэдневяковы маральны рыгарызм і рэнесансавы эстэтызм; энцыклапедычная вучонасць гуманіста і еўрапейская неасхаластычная філасофія "накладваліся" на каноны славяна-візантыйскага праваслаўя. Традыцыйная для славяна-беларускага светапогляду арыентацыя на прыярытэт агульнанародных інтарэсаў (тэзіс Скарыны пра "паспалітае добрае") дапаўнялася напружаным адчуваннем каштоўнасці чалавечай асобы і зямнога быцця. Займаючы ў Маскве ключавую пазіцыю ў справе пашырэння заходнееўрапейскай культуры, папярэднік ідэолагаў асветнага абсалютызму эпохі Пятра І С.П. здолеў пераканаць кансерватараў-традыцыяналістаў пры двары Аляксея Міхайлавіча ў неабходнасці народнай адукацыі паводле еўрапейскага, школьна-універсітэцкага метаду, далучэння прыдворных да свецкай літаратуры, музыкі, тэатра.
У праекце 1-га расійскага універсітэта ён звяртаў увагу на неабходнасць выкладання "натуральнай філасофіі", г.зн. асноў прыродазнаўства. Філасофію як навуку С.П. падзяляў на "разуміцельную" (логіку), "натуральную", або "фізіку" (прыродазнаўства), і маральную (этыку). У сваіх дыдактычных і асветніцкіх вершах ён даволі часта карыстаўся псіхалагічнымі аргументамі ("Лякарства на грахі", "4 асноўныя тэмпераменты", "Вартавыя чыстаты", "Малюнак чалавечага жыцця", "Старайся выкараніць у пачатку" і інш.). Цыкл вершаў прыродазнаўчага зместу ён уключыў у энцыклапедычны зборнік "Вертаград мнагацветны". Пісьменнік часта выкарыстоўваў разнастайныя з'явы прыроды ў якасці хрысціянскіх сімвалаў, спасылаўся на прыродазнаўчыя кнігі антычных вучоных Арыстоцеля і Плінія Старэйшага. У астраноміі ён прытрымліваўся геацэнтрычнай сістэмы Арыстоцеля і Пталамея, хоць быў знаёмы з тэорыяй М.Каперніка.
У яго творчасці важнае месца займалі праблемы эстэтыкі. Крыніцамі яго эстэтычных поглядаў былі раннехрысціянская літаратура, антычная культура, фальклор. Суадносіны паміж імі неадназначныя - ад гармоніі да ўзаемнага адмаўлення. Дамінуе рэлігійна-хрысціянская, этычная канцэпцыя прыгожага і мастацтва, рэалістычная, пазбаўленая містыцызму плынь сярэдневяковай эстэтыкі, якая пазней увайшла ў гуманістычную тэорыю мастацкай творчасці. З рэнесансавымі гуманістамі С.П. збліжае яго гомацэнтрычны светапогляд, паводле якога чалавек ёсць "мост" паміж матэрыяй і духам, прыродай і Богам. У сваім узнёслым казанні "Слова ў дзень Новага лета..." пісьменнік звяртаецца да слухачоў: "Кого ради солнце день творит, луна со звездами тму нощную озаряет? Ради человека. Кого ради сокровища злата и сребра, и камней честных в недрах земных, и бисеры в пучинах водных соблюдаются? Человека для. Паче же и ангелы, честнейшие естеством от человека, человеку на службу Богом уставишися... Яго же человек создан бысть Бога ради, да служит. Поставися убо человек в среде, да служит, и ему да служат, и все да востечет во добро человека... Разсмотряйте умы вашими, яко весь мир сей видимый... вас ради создася, и яко господская нейкая палата всяких утварей роды, всяческих сладостей, богатств и красот различием и обилием наполненная утвердися" ("Вячэра душэўная"). Існаванне чыста духоўных "тварей" (істот) даказваў спасылкамі на антычных філосафаў, платонікаў і лагічнымі довадамі: "Ибо аще есть тварь веема плотская, и сложенная из плоти и духа, всячески нужда есть быти твари и чисте духовной" ("Абед душэўны"). А калі духоўнасць ёсць у асобных істотах, з гэтага, паводле С.П., вынікае, што яна ёсць і ў сусвеце. Крыніцай духоўнай і пачуццёвай прыгажосці, сцвярджаў пісьменнік, з'яўляецца стваральнік свету Бог: "Аще любим красоту: что краснее есть Бога?.. Божией красоте дивится луна, и чюдится солнце, и бо та без конца паче всякую красоту всех вещей видимых и невидимых превосходит, нежели солнечное сияние всех звед блистание преодолевает". На гэтым тэзісе будаваў ён іерархічную сістэму прыгожага, паводле якой кожны больш высокі ўзровень быцця змяшчае ў сабе ўсе атрыбуты ніжэйшых узроўняў існавання: "Воистину убо совершеннейшая красота и всех красот украшение есть в Господе Боге. Всякая же созданная красота не точию по дробну, но и купно слученная, в сравнении с Божиею красотою есть яко капля едина противу всему океану, паче же и того меньше: ибо капли со океаном есть некое аще и нами непостижимое уравнение. Красоты же созданные с несозданною бесконечное есть разстояние".
Гэтай несувымернасцю рэальнага адносна ідэальнага пісьменнік тлумачыць бясконцае імкненне чалавека ў вышыню, да нябеснай паўнаты быцця: "Оттуду убо есть, яко никоею красотою ум наш на земли довольствуется, но всегда лучших ищет, додеже достигнути ему оные красоты красот бесконечныя, яже едина желание наше насыщает и исполняет" ("Абед душэўны"). Адрозніваў ён вонкавую матэрыяльную красу (сіметрыя, бляск, яркасць колераў, прыемная форма, мера) і духоўную прыгажосць. Суадносіны паміж імі неадназначныя. Яны могуць быць нейтральныя як рэчы рознага парадку. Пачуццёвая прыгажосць бывае вонкавым выяўленнем духоўнай. Вонкавая прыгажосць можа сведчыць не пра свет божы, а д'ябальскі, тады яна пераходзіць у сваю процілегласць - "скараднасць" (агіднае) і "мерзасць" (нізкае). Прызнаваў ён і карысць "цялеснай" красы. Але ў пагоні за прыгажосцю рэчаў людзі часта трацяць прыгажосць духоўную, божую, як гэта сталася з нашымі праайцамі Адамам і Евай. Не пахваляйся, заклікаў ён чытачоў, сілаю, маладосцю і красою, без любові і дабра яны часта прыкрываюць зло і агіду. Няхай хрысціянскія жанчыны "во укращении лепотном со стыдением и целомудрием, да украшают себя не во трефлении волос, ни златом, ни бисером или ризами многоценными", а добрымі справамі, а мужы няхай клапоцяцца аб прыгажосці душэўнай сваіх жонак і дачок, "да Богу красны будут, а не человеком". Вонкаваю, цялеснаю прыгажосцю, на яго думку, людзі надзелены не аднолькава. Але хто не мае ад прыроды "красноличия", няхай не бядуе, а падумае пра тое, што "красота спасает душевная, не телесная". Духоўная прыгажосць - маці "міласці" - у хрысціянскай любові да людзей. Свае думкі пра адноснасць прыгажосці зямной і несмяротнасць духоўнай ён выклаў у дыдактычным вершы "Прыгажосць": "Аще тя красота лиц чуждых прелщает, // помяни, какова по смерти бывает... // Риза шелковая аще ти любися, // помни, шелк из червя скаредна родится... // Не шелком и златом каждо красен буди, //но добродетели: ублажат тя люди... // Тленно благо красота, недолго блистает, // в един час огневица ону истребляет. // Многим красота лица погибель родила, // купно души с плотию смертно повредила". Звяртаючыся да сваіх вучняў і чытачоў, раіў ім: "Зря во зерцало, аще красна тебе зриши, // точне дела красная в мире да твориши: // Красная бо прекрасным дела подобляют, // скаредная же душу и плоть погубляют // Аще паки не красно лице ти узриши, // ту красотою нравов скудность да полниши//. Тако красен будеши. И во красном небе // красота превечная даруется тебе."
Аднак сярод людзей нярэдка "доброта не зрится, красная риза паче человека чтится". Агіднае і нізкае часта скажае першаствораную паводле вобраза божага прыгажосць чалавека. Хоць пад вонкавай непрыгляднасцю часта хаваецца ўзнёслая краса. Агіднае ў жыцці шматаблічнае, яно найчасцей узнікае з грубага эгаізму і злой волі. Перамагаецца агіднае, як і ўсякае зло, толькі любоўю - найвышэйшай маральнай прыгажосцю. На пытанне, каго трэба любіць, ён адказваў: няхай ваша любоў будзе агульная да ўсіх, "кроме всякого возгляданія на лице, на достоинство, на красоту, на богатство". Трэба любіць і тых, хто крыўдзіць нас. Тут, на яго думку, мы павінны павучыцца ў прыроды, бо яна за "крыўды" аддзячвае дабром. Людзі "крыўдзяць" зямлю - рэжуць яе плугамі, раздзіраюць бараною, высякаюць дрэвы, забіраюць ураджай - а ў адказ зямля прыносіць нам усё новы плён і прыгажосць. Эстэтыка С.П. пераходзіць у этыку хрысціянскай любові, чалавечай салідарнасці: "Се что добро, или что красно, то еже жити братии вкупе". Ён прапанаваў своеасаблівую антыномію ўзнёслага: "Мал бе плотию, но велик духом... Мал бе количеством, но велик разумом... Мало убо телом, но высоко умом". Анёл (вобраз красы), які ўзвысіў сябе да неба, стаў д'яблам, скінутым у пекла (вобраз нізкага і агіднага), а Хрыстос прынізіў сябе, прыняў вобраз раба - і да неба ўзвысіўся".
Похожие страницы :
Нет похожих страниц.