Пра Полацак можна напісаць, што гэта культурна-гістарычны цэнтар усходняга славянства, а можна – што гэта раённы цэнтар Віцебскай вобласьці. Духовая спадчына Полацка велізарная – тым ня менш, многія аўтары, пішучы пра нашу старажытную сталіцу, часьцяком зьбіваюцца на рыторыку й рознага кшталту перапевы. Гэтым разам, аднак, укладальнік часопіса – полацкі літаратар Алесь Аркуш (на фотаздымку) – пазьбег згаданых хібаў, бо за канцэпцыю была ўзятая аб’ектыўнасьць. Дамо слова самому Алесю Аркушу:
Аркуш: “Гэтым нумарам мы пераканаўча засьведчылі, што Полацак – гэта калыска беларускай дзяржаўнасьці і, як напісаў у сваім тэксьце Вітаўт Кіпель, зьяўляецца “нацыянальным Араратам”.
Пад вокладкай новага “ARCHE” сабраная арыгінальная эсэістыка, артыкулы гістарычнага і культурніцкага пляну, мэмуарыстыка і літаратурная крытыка. Канкрэтна пра зьмест распавядзе ўкладальнік Алесь Аркуш:
Аркуш: “Мы паспрабавалі зірнуць на Полацак у іншым, незнаёмым ракурсе, і ўключылі ў нумар незнаёмыя тэксты. Напрыклад, урывак з кнігі “Зямля абяцаная” Мэры Энцін, або ўспаміны Ільінскага пра Полацак пад нямецкай акупацыяй. Імкнуліся таксама прадставіць аўтараў розных узростаў, з розных краінаў. Напрыклад, сярод аўтараў – маладыя дасьледчыкі Віктар Жыбуль і Сяргей Шыдлоўскі, але і вэтэраны беларускай культуры Янка Брыль і Вітаўт Кіпель”.
Згаданая спадаром Аркушам Мэры Энцін – вядомая амэрыканская пісьменьніца. Ейная сувязь з Полацкам – самая наўпростая: Мэры Энцін у 1881 годзе нарадзілася ў Полацку, жыла там да трынаццаці гадоў, і пакінула пра места свайго нараджэньня ўспаміны, частка якіх друкуецца ў “ARCHE”. “ The Promised Land”, “Зямля абяцаная”, апавядае пра жыцьцё полацкіх габрэяў пры канцы 19-га стагодзьдзя. Паколькі пласт габрэйскай культуры, што існаваў на Беларусі, цалкам зьнішчаны, то ўспаміны Мэры Энцін (па-беларуску – Машы Энцінай) удвая цікавыя.
Безумоўна, выклічуць цікавасьць і мэмуары Ільінскага пра дзейнасьць расейскіх калябаранцкіх арганізацыяў у Полацку за часамі нямецкай акупацыі. У прыватнасьці, аўтар апавядае пра дзейнасьць Нацыянальна-працоўнага саюзу ды Расейскай нацыянал-сацыялістычнай працоўнай партыі, філія якой была ўтвораная ў Полацку ў 1944 годзе. Ільінскі – ці той, хто хаваўся пад гэтым псэўданімам – быў калябарантам і зацятым антыбеларусам: гэта вынікае з тэксту. Тым ня менш, мы мусім прачытаць і перагарнуць гэтую старонку нашае гісторыі”.
З прачытанага мне найбольш спадабаліся рэфлексіі Алены Ніякоўскай “На сыходзе зімы – перад новымі зімамі…” Аўтарка распавядае пра жыцьцё полацкай інтэлігенцыі ў шасьцідзясятыя гады мінулага стагодзьдзя. Час, з гледзішча беларускага інтэлігента, быў глухі, беспрасьветны, але тым ён і цікавы”.
Вінцэсь Мудроў
Источник: <NOINDEX><a href=http://www.svaboda.org target=_blank><font color=#0000FF>"Радыё Свабода"</font></a></NOINDEX>
Похожие страницы :
Нет похожих страниц.