Адбываць пакараньне Павал Севярынец будзе ў выпраўленчай установе адкрытага тыпу №15. А палове на другую дня ён прыйшоў у згаданую ўстанову, пры гэтым Павел быў у добрым настроі, і паведаміў журналістам, якія чакалі яго ля камэндатуры, што на “хіміі”, апрача фізычнай працы, ён будзе працаваць над новай кнігай, а таксама зоймецца краязнаўствам. Гаворыць Павал Севярынец.
(Севярынец: ) “Прыбыў у Ветрына, зараз зьбіраюся афармляцца, уладкоўвацца, браць рэчы. Ну і, з аднаго боку, рады, што ў такую мясьціну патрапіў. Бо мясьціна гістарычная. Тут паблізу нарадзіўся адзін з патрыярхаў беларускага нацыянальнага руху Браніслаў Эпімах-Шыпіла, тут нарадзілася адна зь першых у Расейскай імпэрыі жанчыныў-геолягаў Ганна Місуна. Таму ў такой калысцы знакамітага люду два гады пабыць лічу за гонар”.
У Ветрына, разам з Паўлам, прыехаў гурт ягоных сяброў і аднадумцаў, сярод якіх быў і праваабаронца Валер Шчукін, які адразу ж стаў цікавіцца ўмовамі жыцьця і працы асуджаных. На сёньняшні дзень “хімію” у Ветрыне адбываюць паўтары сотні чалавек. Патрапілі яны сюды ў асноўным за бойкі, крадзяжы і хуліганства. Ёсьць таксама асуджаныя за няўплату алімэнтаў.
Удзень яны працуюць на розных працах з разраду непрэстыжных, а ўвечары, прызначаным часам, мусяць вяртацца ў камэндатуру, прычым спазьненьне нават на некалькі хвілін лічыцца парушэньнем. Мы пацікавіліся ўмовамі жыцьця і працы ў аднаго з тамтэйшых “хімікаў”, які ўжо цэлы год адбывае тут пакараньне.
(Першы “хімік”: ) “Наша ўстанова ўзорная. Есьці гатуем сабе самі, прывозім шмат чаго з дому. Нас адпускаюць, калі трэба: за прадуктамі, за пасьцельнымі рэчамі. Што да працы, дык у нас ёсьць піларама, пастухамі працуем. Хтосьці працуе ў пасёлку – самі ўладкоўваюцца. Карацей, кожны сам рупіцца ўладкавацца на працу”.
Ягоны калега, калі я задаў такое ж пытаньне, быў больш ляпідарным:
(Другі “хімік”: ) “Жыць, вядома, можна, але… ня мёд”.
Вінцэсь Мудроў
Радыё Свабода
Похожие страницы :
Экатурызм на Полаччыне |
• На Полаччыне шукалі цмокаў |
Бабыніцкі фэст на Полаччыне |
•Хто з Расоншчыны – той за Машэрава,хто з Полаччыны – за Скарыну |