Падчас экалагічнага фестывалю ў Полацку адбудуцца сустрэчы з вядомымі пісьменнікамі-землякамі. 3 верасня ў дзіцячай бібліятэцы імя Л.Талстога (Свярдлова, 17) выступіць Пятро Васючэнка. Ён аўтар шматлікіх кніг, п’ес і літаратуразнаўчых прац. У 2004 годзе П.Васючэнка атрамыў полацкую літаратурную прэмію “Гліняны Вялес” за кнігу казачных аповесцяў “Жылі-былі паны Кубліцкі і Заблоцкі”. Дарэчы, на сустрэчу з чытачамі запрошаны наваполацкі лялечны тэатр “Капялюш”, які пакажа спектакль пра паноў Кубліцкага і Заблоцкага.
У Полацку жыве маці Пятра Галіна Аляксееўна, якая да выхаду на пенсію працавала ў бібліятэцы Полацкага ляснога тэхнікума.
Васючэнка вядомы і як аўтар “Крыўскага кішэннага слоўніка”– своеасаблівай невялічкай энцыклапедыі полацкіх культурніцкіх і міфалагічных з’яў, гэты твор быў надрукаваны ў “Полацкім нумары” літаратурнага часопіса “Arche” (№3,2004).
У гэты ж дзень а 15-ай гадзіне ў цэнтральнай гарадской
бібліятэцы імя Францыска Скарыны (Гогаля, 15) адбудзецца сустрэча з Уладзімірам Арловым.
Пасля напісання кнігі “Таямніцы полацкай гісторыі”, якая
вытрымала ўжо чатыры перавыданні, Арлоў стаў полацкім пісьменнікам нумар адзін. Ён практычна запачаткаваў моду на гісторыю старажытнай краўскай сталіцы. Сваёй кнігай ён зацікавіў гэтай гісторыяй дзесяткі пісьменнікаў, гісторыкаў, археолагаў. І не толькі айчынных. Напрыканцы жніўня ў Беларусь прыехаў японскі славіст, які, як высвятлілася, з алоўкам у руках праштудзіраў Арлоўскую кнігу пра Полацк, пасля чаго вырашыў наведаць таямнічы горад. Разам з беларускім празаікам Уладзімірам Сцяпанам ён два дні гасцяваў у Полацку і яшчэ больш палюбіў горад Усяслава Чарадзея і Еўфрасінні.
На сваёй сустрэчы з чытачамі Уладзімір Арлоў буде апавядаць пра свае новыя адкрыцці полацкіх таямніц.
Алесь Козік
Похожие страницы :
П. Васючэнка. КРЫЎСКІ СЛОЎНІК ПАВОДЛЕ ЯНА БАРШЧЭЎСКАГА |
П. Васючэнка. "Адлюстраванні першатвора": новая кніга земляка |
• Полочанам снова привезли шоколад из Фридрихсхафена |
• УЛ. АРЛОЎ : новая кніга |