На думку мастацтвазнаўцы Марыны Загідулінай, якая выступала на адкрыцці выставы, птушка з'яўляецца старадаўнім беларускім сімвалам і выяўляе памкненне чалавека да свабоды. Сама ж аўтарка Таццяна Козік лічыць, што ў творчасці яна сапраўды не адчувае нейкага дыскамфорту. Для яе сам працэс тварэння і ёсць памкненнем да волі. Хаця Таццяна ў гутарцы з карэспандэнтам ПАГОНІ прызналася, што чалавек цалкам не можа быць свабодным, тым больш жанчына, якая мае дзяцей.
– Я вельмі рада бачыць на сваім вернісажы вядомых гарадзенскіх мастакоў Сяргея Грыневіча і Уладзіміра Панцялеева, – прамовіла на адкрыцці сваёй выставы Таццяна Козік. – Цешыць таксама, што ў Гродне існуюць прыватныя галерэі, бо ў нашым Полацку ўжо няма аніводнай…
Таццяна Козік таксама падзякавала сваім даўнім сябрам, якія, не зважаючы на адлегласць, прыехалі ў Гродна на адкрыццё экспазіцыі.
– Мае даўнія сябры – гэта Ларыса Бухаленка з Наваградка, Лявон Вашко з Мастоў, – удакладніла Таццяна Козік. – Зрэшты, я палюбіла Гродна, і гэта ўжо другая мая выстава ў галерэі «Тызенгаўз». Першая адбылася пяць гадоў таму, калі дырэктаркай галерэі стала Галіна Сарока. Гэта проста дзіўна, што ў наш складаны час Галіна, не маючы адмысловай мастацкай адукацыі і не зважаючы на ўсе цяжкасці, не пакідае кіраваць галерэяй і робіць добрыя экспазіцыі!
Акрамя габеленаў з цыклу «Птушыны рай» Таццяна Козік ўпершыню выставіла свае жывапісныя працы пад агульнай назвай «Роздум ля вялікае вады». Рэч у тым, што Таццяна жыве ў доме на беразе Дзвіны, і магутная рака з'яўляецца для мастачкі крыніцай творчага натхнення.
Вацлаў Галімскі
pahonia.promedia.by
Похожие страницы :
Выстава «Полацкі менталітэт» |