Больш як 15 гадоў навуковым кіраўніком рэстаўрацыі гэтага выбітнага помніка быў мастак Уладзімер Ракіцкі. Ён са сваімі калегамі вынайшоў унікальную сыстэму аднаўленьня старажытных фрэсак, дзякуючы якой ўдаецца захоўваць і пазьнейшыя слаі жывапісу. Рэч у тым, што ў Полацку першасны жывапіс закрыты размалёўкамі XVI-XIX ст. і гэтыя размалёўкі маюць пэўную эстэтычную й гістарычную каштоўнасьць. Таму іх ня проста сашкрабаюць са сьцянаў, але ашчадна фрагмэнтамі расслойваюць. Такім чынам яны могуць экспанавацца ў іншых месцах. Некалькі вялікіх фрагмэнтаў зьнятага са сьценаў старасьвецкага алейнага жывапісу пачатку XIX ст. перададзеныя ўжо ў Полацкую карцінную галерэю.
За сваю доўгагадовую працу Ўладзімер Ракіцкі ў 2000 годзе быў уганараваны прэміяй “За духоўнае адраджэньне". Натуральна, такая карпатлівая работа вымагала шмат часу. Цяперашняму кіраўніцтву культурнага ведамства гэта не спадабаалася. Чыноўнікі паставілі пытаньне рубам: беларускія рэстаўратары мусяць скончыць усю працу за паўгоду.
Варта нагадаць, што сыстэматычнае ўзнаўленьне самых старажытных фрэсак у Полацку праводзіцца вось ужо чвэрць стагодзьдзя. Сама рэстаўрацыя пачалася з купала, і на сёньня работы трываюць у верхняй частцы сьценаў. Тут першыя фрэскі найбольш захаваліся, і тое, што было адкрыта, дае ўсе падставы назваць шэдэўрам сярэднявечнага жывапісу. Усяго за 15 гадоў адкрытыя і адрэстаўраваныя прыкладна 150 з 600 квадратных мэтраў фрэскавага росьпісу XII ст.
Улады захацелі працэс рэстаўрацыі прысьпешыць. Гэта здарылася пасьля наведваньня Полацку прэм’ер-міністрам Беларусі Сяргеем Сідорскім. Улады хочуць скончыць усё да візыту А.Лукашэнкі, што мае адбыцца сёлета 5 чэрвеня, на Дзень Сьвятой Эўфрасіньні.
Да гэтага дня плянуецца 150 кв.м ужо адкрытых фрэсак XII стагодзьдзя закансэрваваць, а заадно аднавіць расейскі алейны жывапіс ХІХ ст. у рэшце храму. Плянуецца таксама ўрачыста ўсталяваць новую сярэбраную рaку для мошчаў сьвятое. Купал пакрыюць золатам. Ператынкуюць царкву звонку. У сярэдзіне сьвятыні зробяць абзорную пляцоўку з жалезнымі лесьвіцамі.
Больш неадпаведную ідэю для старажытнага помніка прыдумаць цяжка, мяркуюць рэстаўратары. На іхную думку, навукова таксама ніяк не абгрунтаваная ідэя стварэньня ў Спасаўскай царкве дарагой мазаічнай падлогі, якая нібыта мае адпавядаць першапачатковай. Але самае прыкрае: унікальныя фрэскі аддаюццца ў рукі расейскіх рэстаўратараў, якія раней на аб’екце не працавалі.
Працы па рэстаўрацыі будуць даручаныя Міжабласному навукова-рэстаўрацыйнаму мастацкаму ўпраўленьню пры Міністэрстве культуры й масавых камунікацыяў Расеі, якое раней выконвала працы ў Суздалі, Ноўгарадзе й Македоніі. Расейскія ж будаўнікі з кампаніі “Урал-аспект” будуць мяняць дах, залаціць купал і крыж царквы.
Беларускіх рэстаўратараў абурае тое, што праект “экспрэс-рамонту” Спаса-Эўфрасіньнеўскае царквы быў зацьверджаны без навуковае й архітэктурнае экспертызы. І тым больш без уліку праекту рэстаўрацыі, распрацаванага У.Ракіцкім з калегамі.
Сам У.Ракіцкі пазьбягае камэнтаваць сытуацыю. Аднак стала вядома, што на знак пратэсту У.Ракіцкі спыніў сваю працу й накіраваў на імя міністра культуры ліст, у якім просіць адхіліць яго ад навуковага кіраўніцтва рэстаўрацыяй храму.
Царква была пабудаваная ў XII ст. на загад сьвятой Эўфрасіньні Полацкай. Менавіта ў гэтай бажніцы перахоўваюцца мошчы Прападобнай Эўфрасіньні. Гэта сапраўдны цуд - тое, што гэтая царква захавалася да нашага часу й што ў ёй захаваліся выкананыя больш як 800 гадоў таму фрэскі. Сёньня сьцены Спасаўскае царквы ўтрымліваюць культурныя слаі многіх пакаленьняў у выглядзе напластаваньняў, падобных да палімпсэсту. Пасьпешлівасьць тут, бадай, недарэчная. Помнікі - ня тая сфэра, дзе праходзяць штурмаўшчына і валюнтарызм.
Сяргей Харэўскі
tut.by
Похожие страницы :
• Усяслаў Чарадзей чакае свайго каня |
ЕФРАСІННЯ ( ЕЎФРАСІННЯ ) ПОЛАЦКАЯ |
Сяржук Сокалаў-Воюш. Развагі над пошукамі крыжа Эўфрасіньні Полацкай |