Хто такі Войкаў? Рэвалюцыянер, які праславіўся найперш непасрэдным удзелам у расстрэле царскай сям'і. Менавіта ён падпісаў дакумент пра выдзяленне вялікай колькасці сернай кіслаты для поўнага знішчэння целаў. Яшчэ Войкаў праславіўся тым, што прадаў за мяжу яйкі Фабержэ, а звольнены з дзяржаўнай працы быў за раскраданне футраў, якія дарыў сваім каханкам.
Што такое Грунвальдская бітва? Вялікая перамога беларуска-польскіх войскаў над Тэўтонскім ордэнам. Полацкі полк праславіўся асабліва — бо быў добра ўзброены і падрыхтаваны. 15 ліпеня 2010 года мы адзначым 600-годдзе гэтай слаўнай перамогі.
Таму і прапанову пра наданне вуліцы назвы Грунвальдская гарвыканкам падтрымаў ахвотна. Цяпер прапанова вынесеная на абмеркаванне грамадскасці. Цягам месяца-двух будзе праводзіцца апытанне жыхароў, анкетаванне, прапанавана выказацца кожнаму жыхару горада. Калі жыхары падтрымаюць ідэю — вуліцы Грунвальдскай у Полацку быць.
— Мы вельмі ўзважана падыходзім да пытанняў перайменавання, — кажа намеснік старшыні Полацкага гарвыканкама Мікалай ІЛЬЮШОНАК. — Вось так з пляча, не абмеркаваўшы, ніколі не прымаем рашэнняў. Перад любым унясеннем прапановы ў гарадскі Савет па перайменаваннях праводзіцца вельмі вялікая праца. Найперш гэта — вывучэнне грамадскай думкі: што мяркуюць палачане, жыхары канкрэтна гэтай вуліцы, супрацоўнікі ўстаноў, якія там знаходзяцца.
Мікалай Ільюшонак пагаджаецца, што перайменаванне вуліцы — гэта пэўныя нязручнасці. Але заклікае глядзець у корань — што горад атрымае ўзамен:
— Нязручнасці пры гэтым мінімальныя. Жыхарам трэба будзе з часам змяніць штамп пра рэгістрацыю ў пашпарце. Але гэта не гарыць — як кажуць, пры нагодзе. Працэдура бясплатная. Фірмам і ўстановам трэба будзе прывесці ў адпаведнасць юрыдычныя паперы. За гэта бярэцца мінімальная, сімвалічная плата. Як паказвае практыка, гараджане ставяцца да такіх дробных нязручнасцяў з разуменнем — бо ўзамен мы атрымліваем шыкоўныя назвы для вуліц нашага роднага горада.
Глеб Лабадзенка
Крыніца: http://www.zvyazda.minsk.by/
Похожие страницы :
Нет похожих страниц.