П О Л О Ч А Н Е |
ВІТГЕНШТЭЙН ПЁТР ХРЫСЦІЯНАВІЧ (1768, г. Нежын - 1843) ВІТГЕНШТЭЙН ПЁТР ХРЫСЦІЯНАВІЧ - расійскі военачальнік, генерал-фельдмаршал рускай арміі (з 1826), граф, прускі князь (з 1834). З 14 гадоў на вайсковай службе. У Айчынную вайну 1812 года камандаваў 1-м пяхотным корпусам. 15(27) чэрвеня вёў першы бой з французамі каля Вількаміра (Літва). Пры адступленні рускай арміі 25-тысячны корпус Вітгенштэйна быў пакінуты пад Дрысай Віцебскай губерні для прыкрыцця Пецярбургскага напрамку. У ліпені-жніўні 1812 года вёў жорсткія баі з войскамі французскага маршала Удзіно каля Полацка і затрымаў іх. У час контрнаступлення рускай арміі пасля двухтыднёвай бітвы 8(20) кастрычніка корпус Вітгенштэйна вызваліў Полацк, 19(31) кастрычніка разбіў французаў каля Чашнікаў і 25 кастрычніка (3 лістапада) вызваліў Віцебск. За перамогу ў бітве за Полацк Вітгенштэйну быў нададзены чын генерала-ад-кавалерыі. Паводле загаду Кутузава ў пачатку лістапада Вітгенштэйн накіраваў корпус да Барысава наперарэз галоўным сілам Напалеона, але дзейнічаў недастаткова паспяхова і план Кутузава па акружэнні арміі Напалеона ў Барысаве не быў ажыццёўлены. Вітгенштэйн удзельнічаў у паходзе рускай арміі ў Заходнюю Еўропу, пасля смерці Кутузава быў прызначаны галоўнакамандуючым рускіх і прускіх войск. Быў галоўнакамандуючым рускай арміі ў вайне з Турцыяй (1828-1829). У Полацку на алеі знакамітых людзей, якія былі звязаны з горадам, плануецца ўсталяваць бюст Пятра Хрысціянавіча Вітгенштэйна. |