Источник: Ссылки по теме: На первую страницу |
Полацкае вышэйшае піярскае вучылішча Навучальная ўстанова ордэна піяраў у Полацку ў 1822-1830 гг. створана на базе пераведзенага сюды Віцебскага піярскага вучылішча паводле імператарскага указа ад 16(28).08.1822. Размяшчалася ў будынках скасаванай Полацкай езуітскай акадэміі. Згодна са статутам падзялялася на прыходскае вучылішча, 4-класнае павятовае вучылішча і 3-гадовыя "курсы вышэйшых навук". Ад езуітаў вучылішчу перайшлі бібліятэка (больш за 24 тысячы тамоў), фізічны і мінералагічны кабінеты, музей, друкарня. Выкладанне вялося на польскай мове. У 1823 г. былі рэктар, прэфект і 13 выкладчыкаў (большасць з іх скончыла Віленскі універсітэт). Каб стварыць асветніцкі цэнтр, падобны да універсітэцкага, была значна пашырана навучальная праграма і ўведзены лекцыі замест звычайных урокаў. У павятовым вучылішчы выкладаліся: закон Божы, польская, лацінская, французская, нямецкая мовы, геаграфія, арыфметыка, асновы геаметрыі, прыродазнаўства, фізіка, маляванне "Курсы вышэйшых навук" падзяляліся на літаратурныя i матэматычныя аддзяленні, дзе выкладаліся матэматыка, даследняя фізіка, цывільнае права, лацінская, грэчаская, польская мовы, гісторыя, маляванне, музыка, фехтаванне, танцы. Пры вучылішчы дзейнічаў iнтэрнат (канвікт) на 40 юнакоў. Вучылішча мела трывалыя сувязі з Віленскім універсітэтам, у канцы 1822 г. лекцыі па гісторыі тут чытаў прафесар гэтага універсітэта I. Лялевель. У вучылішчы дзейнічаў філіял таварыства філаматаў (раскрыты паліцыяй у снежане 1823 г). Папячыцель Віленскай навучальнай акругі князь А. Чартарыйскі меркаваў надаць вучылішчу афіцыяльны статус ліцэя, але ў 1824 г. усходняя Беларусь адышла да Пецярбургскай навучальнай акругі. У 1825-26 гг. па ініцыятыве візітара прафесара В. Сянкоўскага праведзена рэформа вучылішча: лекцыйная форма выкладання забаронена, у пачатковых класах выкладанне праводзілася на рускай мове, узмацніўся нагляд паліцыі за выхаванцамі і выкладчыкамі. Пасля стварэння ў 1829 Беларускай навучальнай акругі ўлады пачалі працэс скасавання вучылішча. Летам 1830 г. вучылішча было закрыта, а піяры пераведзены ў Вільню. |