Сёньняшні артыкул прысьвечаны малавядомым і сэнсацыйным падзеям хросту палачан каля 986 году, адноўленым на падставе скандынаўскіх крыніцаў. Наш герой - вікінг Торвальд сын Кодрана па мянушцы Вандроўнік (Thorvald Kodransson) нарадзіўся каля 950 году на поўначы Ісляндыі ля затокі “Скага” (Skagafjоrd) у найбольш вульканічнай зоне краіны. Ягоны жыцьцярыс “Апавяданьне пра Торвальда Вандроўніка” захаваўся ў тэкстах трох ісляндзкіх сагаў: “Сага пра Ўлава Трыгвасона”, “Флатейр кніга” і “Сага пра Хрост”. Інфармацыю пра Торвальда зьмяшчаюць таксама розныя эўрапейскія кронікі, што дае ўсе падставы лічыць яго рэальнай гістарычнай асобай.
У маладосьці Торвальд служыў памочнікам дацкага караля Свэна па мянушцы “Вілабароды”. Заўважым, што кароль Даніі (960-1014) і Ангельшчыны (1013-1014) Свэн часта бываў на славянскіх землях ўсходняй Балтыкі. Ягонай жонкай была дачка польскага караля Мешка I. Разам з Торвальдам дацкі кароль арганізоўваў набегі на Ірляндыю і Валію. Ужо пад час паходаў выявілася незвычайная для вікінгаў рыса Торвальда – усю сваю здабычу ён меняў на захопленых палонных, якіх адпускаў дахаты. Між іншым, дзякуючы гэтаму валійскія князі аддалі аднойчы Торвальду захопленага імі караля Свэна. У Ірляндыі Торвальд упершыню сутыкнуўся зь верай Хрыстовай. Багацьце і глыбіня новага вучэньня так ўразілі вікінга, што ён кінуў рыцарскія ўчынкі і падаўся ў Саксонію, дзе ў 980 годзе прыняў хрост ад тамтэйшага біскупа Фрэдрыка.
Разам зь біскупам у 981 годзе Торвальд адправіўся на Радзіму, “каб прывесьці сваіх братоў у сьвятло праўдзівай веры.” Галоўны абавязак місіі выпаў на Торвальда, “бо біскуп Фрэдрык ня ведаў мовы краіны.” У той 981 год ісляндцы на чале з Эрыкам “Рудабародым” адкрылі Грынляндыю. Спачатку справа хросту пайшла выдатна. Хрысьціянства прынялі родзічы й суседзі Торвальда. Упершыню праз 106 гадоў ад часу засяленьня ў Ісляндыі паўстала першая царква. Але паганцы пачалі супраціў. Надзейнай зброяй стаў жарт. Юнакі стваралі абразьлівыя частушкі пра прапаведнікаў, якія сьпявалі на кірмашах. Напрыклад: “Біскуп 9 дзетак нарадзіў/Торвальд быў бацькам ім.” Разьюшаны Торвальд забіў двух пасьмешнікаў. У адказ суродзічы сабралі 240 чалавек, спалілі царкву і сядзібу Торвальда, забілі багата хрысьціянаў. Прапаведнікі мусілі ўцякаць. Менавіта тады Торвальд даў абяцаньне: “ніколі не вяртацца на Радзіму і прывесьці да сьвятла веры Хрыстовай хаця-б адзін народ.” Гісторыя наканавала, каб гэтым народам сталі беларусы.
У 985 годзе праз Ерусалім Торвальд прыехаў у Царград (Канстантынопаль). Тут знаны вікінг, да таго-ж сябар караля Даніі, сустракаецца з самым імпэратарам Васілём II па мянушцы “Забойца баўгараў” і патрыярхам Мікалаем II. На просьбу Торвальда імпэратар выдае грамату, згодна якой Торвальд прызначаўся “паўнамоцным прадстаўніком Бізантыі да рускіх князёў ў краінах Усходняй Балтыкі.” Князі (мелася на ўвазе Полацку, Ноўгараду і Пскову) мусілі выконваць усе парады Торвальда. Заўважым, што менавіта ў часы Васіля II Бізантыя дасягнула вяршыні сваёй магутнасьці. Пад яе кантроль трапілі Баўгарыя, Арменія, Грузія, паўднёвая Італія і, нарэшце, Кіеўская Русь. У 988 годзе вялікі князь кіеўскі Ўладзімер (Володымір) прызнаў сябе васалам імпэратара, прыняў хрост, прызнаў духоўную ўладу грэцкага мітрапаліта і ажаніўся на сястры Васіля II. Такім чынам, выдача Торвальду граматы да полацкага князя выглядае цалкам лягічна. Гэтым полацкім князем быў Рогвалад (Ragnvald) – скандынаўскі конунг, што згодна старабеларускім летапісам прыплыў “изь заморья имаше власть свою в Полотьске”. Каля Стакгольму (Солентуна) захаваўся рунічны камень, пабудаваны ў памяць маці-хрысьціянкі “каралём Рангвальдам”, магчыма з Полацку.
У сагах Полацак вядомы як Палтеськ’я/Palteskia. Адразу падкрэсьлім, што назва гэтая зьяўляецца трансьлітарацыяй старабеларускай назвы. Пад гэтаю назваю горад ўзгадваецца ў шэрагу скандынаўскіх твораў. Найбольш стары сьпіс – “Нарыс зямлі І” (апошняя чвэрць XII ст.). Полацак прысутнічае таксама ў сазе “Дзеі данаў” Саксона Граматыка, каралеўскай сазе “Пра дзеі аб Эймундзе”, “Сазе пра хрост”, “Сазе пра Одда Стралу” ды іншых сагах.
Шмат рунічных надпісаў выяўлена ў Беларусі. Асабліва вылучаюцца абшары Падзвіньня. Касьцяная біта для гульні з рунічным надпісам была выяўленая ў часе раскопак 1961-1962 гадоў у Полацку. Рунічны надпіс “Kарі” азначае “карысьць”. Каля 100 рунічных надпісаў на косьці былі знойдзеныя беларускімі археолягамі ў Маскавічах - абарончым фарпосьце Полацкага княства на паўночным захадзе. Гэта буйнейшая знаходка рунічных надпісаў на ўсходзе Балтыйскага рэгіёну. Усяго на 86 касьцях накрэмзана каля 265 рунічных знакаў малодшага (старашвэдзкага) альфабэту. Сярод надпісаў розныя паганскія магічныя замовы, вараскія імёны. Знаходкі рунічных надпісаў даюць падставы казаць пра міжэтнічнае культурнае ўзаемадзеяньне паміж швэдамі й крывічамі. Сярод 300 знакаў, якімі карысталася насельніцтва Маскавічаў ёсць 11 літараў кірылічнага альфабэту.
Ананімная сага (канец XII ст.) пералічвае рэкі Ўсходняе Эўропы, якія мелі выключную вагу ва ўсходнім гандлі вікінгаў. Дык вось, з шасьці рэчак тры – беларускія. Гэта Дзьвіна (Duna), Дняпро (Nepr) і невялікая Друя (Drofn). Дзьвіна ўзгадваецца ў надпісах рунічных камянёў. Напрыклад: “Сумір загінуў на Ўсходзе ля вусця ракі Дзьвіна”. Гэтыя факты сьведчаць пра асаблівае эканамічнае і палітычнае становішча Полацкага княства ў скандынаўскай мінуўшчыне.
Полацак стаўся цэнтрам першага княства на абшарах сучаснай Беларусі. Менавіта зь вікінгамі-русамі наўпрост зьвязана зьяўленьне места Полацкага ў гісторыі. Першае паведамленьне пра Полацак датуецца 862 годам, калі вараскі конунг Рурык /Rоrik аддаў умацаванае паселішча Полацкае аднаму з сваіх ярлаў: “овому Полотеск, овому Ростов, другому Белоозеро”. Найбольш раньнія “гарадзкія” рэчы Полацку паходзяць менавіта з другой паловы IX ст. Пра існаваньне ранейшага славянскага селішча сьведчыць толькі ляпны посуд VIII – першай паловы IX ст. Крывічы былі асноўным насельніцтвам полацкай дзяржавы, празваўшы свайго конунга-князя славянізаваным прозьвішчам “Рогвалад”. Хутка Полацкае княства пашырыла свае межы за кошт земляў ліваў і латгалаў. Апошняе, відаць, і выклікала імкненьне канкурэнта – Ноўгараду – на чале зь вікінгам Уладзімерам (Valdemar) распачаць татальную вайну. Справа ў тым, што кіеўска-наўгародзкі клясычны шлях з “варагаў у грэкі” быў менш эфэктыўны за ягоны полацкі варыянт. Праз Рыскую затоку і Дзьвіну магчыма нашмат хутчэй выйсці ў Дняпро і Чорнае мора. Такім чынам, як зауважыў дацкі гісторык А. Стэндэр-Пэтэрсан, кіеўска-наўгародская дзяржава “вельмі хутка сутыкнулася з спробаю гегемоніі з боку іншай скандынаўска-славянскай дзяржавы, узнікшай, верагодна, адначасова ў басейне Дзьвіны з цэнтрам у Полацку, якая імкнулася пракласьці новы шлях з Балтыйскага мора ў Дняпро”. Наступная сумная гісторыя – захоп Уладзімерам Полацку і забойства Рагвалода вядома. Іншая справа, што ключ да гэтых падзеяў знаходзіцца ў старажытнай Швэцыі і барацьбе розных купецкіх карпарацыяў варагаў за вялікі ўсходні шлях. Барацьба Полацку з Ноўгарадам і Кіевам праходзіць скрозь ўсю гісторыю старажытнай Русі: “и оттоле мечъ взимають Рогволожи внуци противу Ярославлим внуком”.
У 986 годзе Торвальд прыбывае ў Полацак разам з памочнікам Стэўнірам Таргельсанам. Хтосьці з полацкіх варагаў дапамагаў місіянэрам зь перакладам казаньняў на беларускаю мову. Місія была настолькі пасьпяховай, што Торвальд вырашыў ня рухацца далей і застацца ў Полацку. Тут быў пабудаваны храм і кляштар Сьв. Яна “недалёка ад места пад гарой пад назваю Дрофн”. У Полацку адбылася сустрэча Торвальда з іншым вікінгам-хрысьціянінам Улавам Трыгвасанам (969-1000). Гэты скандынаў з шляхетнага нарвэскага роду гадаваўся ў Ноўгарадзе, потым служыў у Кіеве. Жонкаю Ўлава была дачка польскага караля Баляслава Харобрага. Пасьля спатканьня ў Полацку Ўлаў адправіўся на Бацькаўшчыну, дзе быў абраны каралём. Малады кароль хрысьціў нарвэжцаў, і быў прызнаны першым сьвятым ў Нарвэгіі. Нацыянальны рух нарвэжцаў 19 ст. пачаўся са святкаваньняў Дня сьвятога Ўлава.
Торвальд застаўся намесьнікам створанага ім кляштара Сьв. Яна і памёр у Полацку ля 1000 году. Верагодна, скандынаўскі прапаведнік загінуў у час штурму гораду войскамі вялікага князя Ўладзімера – ворага полацкай дзяржавы. Свой паход на Полацак Уладзімер рыхтаваў у Швэцыі, дзе тры гады на грошы купцоў Ноўгараду зьбіраў вікінгаў, каб зьнішчыць у пень ненавісны горад на Дзьвіне – гандлёвы канкурэнт Ноўгараду і Пскову. Як вядома, на загад Уладзімера абаронцы гораду былі жорстка забітыя. Замак быў зруйнаваны і паўстаў на новым месцы. Уладзімер, на вачох Рогвалада, згвалціў Рагнеду (Ragnhild), а потым забіў полацкага князя ды ўсіх ягоных сыноў. Там, хутчэй за ўсе, знаходзіўся і наш Торвальд, які загінуў, калі, магчыма, абараняў дзетак князя ад гвалту.
У той самы 1000 год па гіроніі лёсу хрысьціянства было прызнана на далёкай Бацькаўшчыне Торвальда ў Ісляндыі. Зноў-жа ў той самы год лёс зьвёў ў бітве ля Свальдэра двух сяброў Торвальда: караля Даніі Свэна і Нарвэгіі Ўлава. Малады нарвэскі кароль загінуў ад рукі старэйшага ворага. Праз 50 гадоў, каля 1050 году, Полацак адведаў вікінг Бранд. Ён прыйшоў да магілы Торвальда ў полацкі кляштар, што насіў ягонае імя. Па сьведчаньню Бранда тагачасныя палачане ўважалі Торвальда “сваім вялікім сьвятым”. Полацкая дынастыя і надалей мела шчыльныя сувязі з Скандынавіяй. Напрыклад, кароль Даніі Вальдэмар I Вялікi ажаніўся з дачкою князя полацкага і менскага Валадара Глебавіча Соф’яй Менскай (1141-1198).
Такім чынам хрост Беларусі (прынамсі яе першай гістарычнай дзяржавы) адбыўся не ў 988, але ў 986 годзе. Полацкі летапіс, дзе, напэўна, былі зьвесткі пра гэта, нажаль, не захаваўся. Як вядома ў 18 ст. зь ім працаваў расейскі гісторык Тацішчаў, але потым гэты летапіс зьнік. Верагодна па загаду Кацярыны II, бо зьвесткі гэтага летапісу супярычылі афіцыйнай канцэпцыі расейскай гісторыі. У гэтай канцэпцыі забойца і гвалтоўнік Уладзімер быў “сьвятым”, “Владимиром Красное солнышко”.
Падкрэсьлім, што апісаныя мною полацкія падзеі адбываліся ў час царкоўнай еднасьці, да падзелу на праваслаўных і каталікоў у 1054 годзе. Такім чынам, ад самых пачаткаў хрысьціянская культура Беларусі была адкрытая Поўначы і Ўсходу. Сёньня імя нашага першага прапаведніка невядома грамадзтву. Але час “збора каменьняў” прыйшоў. У вольнай Беларусі ў гонар нашага першага сьвятога трэба будзе паставіць храм ды стварыць ікону Сьв. Торвальда - сымбаля духоўнай еднасьці беларусаў.
Прыканцы нагадаем асноўныя факты першых беларуска–скандынаўскіх хрысьціянскіх стасункаў:
1. Менавіта ў скандынаўскіх, а не славянскіх пахаваньнях сустракаюца першыя памяткі хрысьціянскага культу (нацельныя крыжыкі і сьвечкі).
2. Заснаваньне скандынаўкай Рагнедай другага манастыра ў Беларусі (ля 1005 г.)
3. Заснаваньне вікінгамі (Сымон і Афрыкан) першага манастыру на ўкраінскіх землях: Кіева-Пячорскай Лаўры.
4. Заснаваньне князем Сьвятаполкам ў 1005 годзе ў Тураве царквы па лацінскаму абраду. Князь Сьвятаполк быў родзічам сябры Торвальда - караля Даніі Свэна “Вілабародага”, абодва ўладары былі жанатыя на сёстрах - дачках караля Баляслава Харобрага. Паводле тураўскіх паданьняў першыя прапаведнікі прыплылі ў места па Прыпяці на “сьвятых” каменных крыжах (тры зь якіх захаваліся). Цікава, што падобныя легенды ў Эўропе былі зьвязаныя зь дзейнасьцю ірляндзкіх місіянэраў.
5. Біскупства ў XI ст. у швэдзкай Сігтуне ўладыкі Асмунда, які да гэтага быў арцыбіскупам Полацку.
6. Знаходкі ў Швэцыі крыжоў старабеларускай вытворчасьці і вялікодных гліняных яек з Палесься.
7. Шанаваньне праваслаўнай царквою Беларусі двух скандынаўскіх сьвятых Кнута і Магнуса невядомых расейскай царкве.
8. Пабудова ў дацкім Калундборзе ў другай палове XII ст. каралевай беларускага паходжаньня Сафіяй касьцёла - наследваньня полацкага Сафійскага сабору.
9. Існаваньне ў XI-XIII ст.ст. “гоцкай царквы” ў Полацку і “вараскай бажніцы” ў Смаленску.
10. Існаваньне ў XII –XIV ст.ст. полацкай царквы на Готляндзе (Вісьбі).
Андрэй КАТЛЯРЧУК, Стакгольм
Похожие страницы :
ТОРВАЛЬД Вандроўнік : Дзе пахаваны наш першы сьвяты? |
ТОРВАЛЬД Вандроўнік : Ці скандынаўскія пачаткі хросту Беларусі |
"Полацкі летапіс" і звесткі В.М. Тацішчава |
Значэнне прыняцця хрысціянства |