УЛАСНЫЯ ІМЁНЫ Ў КНІЗЕ Я. БАРШЧЭЎСКАГА "ШЛЯХЦІЦ ЗАВАЛЬНЯ", ЯК КРЫНІЦА РЭКАНСТРУКЦЫІ ЭТНІЧНАЙ КАРЦІНЫ СВЕТУ ПРЫВІЛЕЯВАНАГА САСЛОЎЯ БЕЛАРУСКАГА ПАДЗВІННЯ Ў ПЕРШАЙ ПАЛОВЕ ХІХ СТ.
С.А. Шыдлоўскі
(Полацкі дзяржаўны універсітэт)
Крыніца: Шыдлоўскі, С.А. Уласныя імёны ў кнізе Я. Баршчэўскага "Шляхціц Завальня", як крыніца рэканструкцыі этнічнай карціны свету прывілеяванага саслоўя беларускага Падзвіння ў першай палове ХІХ ст. / С.А. Шыдлоўскі. - Беларускае Падзвінне: вопыт, методыка і вынікі палявых даследаванняў (да 80-годдзя пачатку археалагічных раскопак у г. Полацку): зб. навук. прац рэсп. навук.-практ. семінара, Полацк, 20-21 лістап. 2008 г. / пад агул. рэд. Д.У. Дука, У.А. Лобача. - Наваполацк: ПДУ, 2009. - С. 287-290.
Я вельмі ўдзячны за парады пры напісанні гэтага артыкула даследчыку творчасці Я. Баршчэўскага Дзмітрыю Вінаходаву.
У артыкуле прадстаўлены вынiкi даследавання твору Я. Баршчэўскага "Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях" як крынiцы латэнтнай iнфармацыi (яе носьбiтамi разглядаюцца ўласныя iмёны — антрапонiмы, тапонiмы, этнонiмы, тэонiмы i iншае), што здольная раскрыць падставовыя асаблiвасцi карцiны свету прывiлеяванага саслоўя Беларускага Падзвiння ў першай палове ХIХ стагоддзя. Даследаванне тэкставай крыніцы з пазіцый мадэляванне інфармацыйнага асяроддзя дазволяе выявіць суадносіны аб'ектыўнай і суб'ектыўнай інфармацыі ў тэксце. Праводзiцца класiфiкацыя тыпаў уласных имёнаў у тэксце Я. Баршчэўска i частотны аналiз iх выкарыстання.
Пад тэрмінам "этнічная карціна свету" разумеецца пэўная "міфалагема рэальнасці", якая фарміруе логіку адаптацыйных паводзінаў этнасу, або, у нашым выпадку, часткі этнасу — традыцыйнага прывілеяванага саслоўяў Беларускага Падзвіння. Карціна свету асэнсоўваецца яе носьбітамі часткова і фрагментарна, яна не дадзена ў пэўнай лагічнай цэласнасці, тым больш, у гатовым тэксце [1, с. 222]. Узнавіць падобныя ўяўленні магчыма карыстаючыся ўскоснымі звесткамі і крыніцамі, да якіх можна аднесці і ўласныя імёны, што выяўляюць пэўную "прыродна-ландшафтную, гісторыка-культурную і гаспадарчую лакальную спецыфіку" [2, с. 2].
Уласныя імёны людзей і звышнатуральных істот, якія сустракаюцца ў кнізе Я. Баршчэўскага "Шляхціц Завальня", можна ўмоўна падзяліць на некалькі груп. Па-першае, гэта беларускія міфалагічныя імёны. Персанажаў, якія яны пазначаюць, налічваецца 26. Сярод іх вылучаюцца легендарныя героі (5 персанажаў — Княжа, Цярэшка, князь Бой, пан Твардоўскі, дзяўчына Ганна) і звышнатуральныя істоты (21 — Купала, Вужыны Кароль, Варгін, Будзімір, Паднор, Пруд, Дубіна, Гарыня, Чур, сабакі Стаўры і Гаўры, Пярун, Баба Яга, і восем цыганскіх духаў — Нікітрон, Ярон, Ірон, Кітрон, Фараон, Фаразон, Сталідон, Лідон). Фігуруюць у тэксце таксама русалкі, ваўкалакі, цмокі, чума, трасца або фебра, лесуны (Лясны Бог), вадзянік, хляўнік, дамавік, волат і вупыр. Збольшага гэтыя імёны ўзыходзяць да язычніцкага пласту беларускай традыцыйнай свядомасці, агульнай, відавочна, і для сялянства, і для прадстаўнікоў ніжэйшага дваранства. Суіснаванне язычніцкіх і хрысціянскіх элементаў — вынік гістарычнага кампрамісу на беларускіх землях паміж язычніцтвам і хрысціянствам. Апошняе ў абмен на нябесны прастол пакінула мясцовым язычніцкім духам — зямлю, ландшафт.
Антычных уласных імёнаў у кнізе налічваецца 27 адзінак. Сярод іх можна вылучыць імёны гістарычных асобаў (7 — Аляксандр Македонскі, Гамер, Вергілій, цар Спарты Леанід, Цыцэрон, Гарацый, Цэзар), міфічных герояў (12 — Парыс, Уліс, Цырцэя, Цыклоп, Эней, Прок, Амулій, Нумітор, Рэй Сільвій, Ромул, Рэм, Фаустул) і язычніцкіх багоў (8 — Фартуна, Апалон, Трытон, Нептун, Амфітрыта, Марс, Акіян, Венера). Наменклатуру грэка–рымскіх імёнаў можна пашырыць з улікам безназоўных німф, сатыраў, муз, купідонаў і вясталак. Досыць прадстаўнічая група антычных уласных імёнаў сведчыць аб класічным характары адукацыі, якую атрымаў Я. Баршчэўскі ў Полацкім езуіцкім калегіуме. Свабоднае валоданне дадзеным інфармацыйным пластом мусіла дэманстраваць адукаванасць як аўтара тэксту, так і героя–апавядальніка, легітыміравала аўтарскія амбіцыі і падвышала апавядальніцкі прэстыж у вачах правінцыйнага шляхецкага грамадства. З боку апошняга веды гэтыя аднак не выклікалі асаблівага эмацыйнага водгуку. Так, шляхціца Завальню змарыў сон пакуль пляменнік Янка пераказваў сюжэты грэка–рымскай міфалогіі. Яшчэ адзін высокаадукаваны выхаванец езуітаў арганіст з Расонаў, запэўніўшы грамадства ў тым, што яшчэ ведае на памяць тэксты Цыцэрона і Гарацыя, прызнае, што ўсё гэта vanitas vanitalis (марнасць марнасцяў) [3, с. 148].
Наступная група уласных імёнаў у тэксце "Шляхціц Завальня" — гэта імёны, якія адносяцца да хрысціянскай рэлігійнай традыцыі. Нягледзячы на высокую частотнасць згадвання хрысціянскіх імёнаў (гэта пераважна звароты да Бога, Айца і Сына, а таксама найсвяцейшай Маці, кшталту, "з Богам", "дзякуй Богу", "Божа", "Божы"), сама іх наменклатура досыць сціплая. Налічваецца каля 20 персанажаў, з улікам імён, што згадваюцца ў звязку са святамі ці назвамі ікон, малітваў і касцёлаў (гэта Бог–Айцец, Ісус, Матка Божая, св. Пётр, Тры вешчуны, Адам, Ева, Каін, св. Ян, св. Ксаверы, св. Казімір, св. Стафан, св. Сафія, св. Барыс і Глеб, Ігнацы Лаёла, Абрам, д'ябал). Аднак пэўныя хрысціянскія імёны маюць вялікую колькасць варыянтаў (гэта датычыць перадусім упамінанняў у тэксце Бога–Айца, Ісуса, дзевы Марыі і д'ябла). Напрыклад, згадваецца Бог, Творца, Айцец і Сын, Езус, Хрыстос, Спасіцель, Пан, Спас, святы Немаўляці; Прачыстая Маці, Найсвяцейшая Маці, Матка Божая, Марыя; д'ябал, шатан, Сатана, Пракляты. Такая шматварыянтнасць, як і высокая частотнасць згадвання дадзеных хрысціянскіх персанажаў сведчыць аб эмацыйнай хрысціянскай заангажаванасці герояў Я. Баршчэўскага. Асобы хрысціянскага пантэону праз назвы бажніц і мясцовашануемых ікон (Прачыстая Маці Сірацінская) зрабіліся часткай паўночнабеларускага ландшафту — геаграфічнага і культурнага. Аднак звяртае на сябе ўвагу мінімальная прысутнасць у тэксце Я. Баршчэўскага персанажаў Старога Запавету. Гістарычныя прыклады ён больш ахвотна запазычвае з антычных крыніц, а дэманалагічную наменклатуру скарыстоўвае мясцовую, ігнаруючы гісторыка-міфалагічны патэнцыял Бібліі.
Пералiк мясцовых iмпрэзаў і ўрачыстасцяў — Вялікдзень, Чысты Чацвер, Сёмуха, Купалле, урачыстасці св. Ігнацыя Лаёлы, працэсіі з абразом Святога Немаўляці, Юбілей у Юхавічах, Каляды, свята Трох вешчуноў, Чырвоны полацкі кірмаш, конскія кірмашы ў Бешанковічах і Асвеі — таксама указвае на пэўны парытэт памiж язычнiцкiм i хрысцiянскiм, нябесным i зямным.
Надзвычай мізэрнай з'яўляецца група замежных імёнаў. У творы Я. Баршчэўскага "Шляхціц Завальня" згадваецца толькі пяць заходнееўрапейскіх гістарычных асобаў — Дагер, адзін са стваральнікаў фатаграфіі, Напалеон, і тры персанажы, якія звязаны з каталіцкай езуіцкай субкультурай (Ігнацы Лаёла, Клаўбер, кс. Порэ). Такая нязначная колькасць замежных імёнаў можа быць патлумачаная як бракам актуальнай інфармацыі, інфармацыйнай самадастатковасцю правінцыялаў, так і праграмным традыцыяналізмам самога Я. Баршчэўскага, які ў прадмове да сваёй кнігі дэклараваў, што англійскія, нямецкія або французскія літаратурныя (і, відавочна, культурныя) узоры не пасуюць мясцоваму густу [3, с. 8].
Рускія гістарычныя і культурныя персанажы наўпрост у тэксце "Шляхціца Завальні" не згадваюцца. Але ў іншасказальнай форме, паводле меркаванняў М. Хаўстовіча, пад іменем Белай Сарокі выводзіцца постаць Кацярыны ІІ. У зносцы да тэксту, зробленай Я. Баршчэўскім, згадваецца генерал Кульнёў. Згадваюцца ў тэксце Я. Баршчэўскага таксама асташы, прадстаўнікі горада Асташкава, якія арандавалі частку азёраў у паўночнай Беларусі.
І яшчэ адна вялікая група — беларускія антрапонімы, што пазначаюць гістарычных асоб або персанажаў, якія з вялікай доляй верагоднасці маглі мець рэальных прататыпаў.
Па-першае, гэта ўласныя імёны людзей, якія маюць гістарычныя карані (11), — паны Снарскія, уладальнікі Краснаполя, Беліковічы, уладары Экіманіі, князі Агінскія, уладары Магільна, род Храпавіцкіх, св. Казімір, паны Кошка, Цяліца, Жук, Жаба, Грэбніцкі, гаспадар віцебскай карчмы Карлісан.
Па-другое, уласныя імёны літаратурных персанажаў, прадстаўнікоў прывілеяваных саслоўяў (13), рэальнае існаванне якіх не даведзена, — паны Завальня, Сівоха, Латышэвіч, Марагоўскі, Стась і Юзік, сыны Завальні, Янка, пляменнік Завальні, пані Мальгрэта, гаспадыня Завальні, ксёндз Буда, айцец Попэ, пан Чубкевіч, пан Скамароха, суддзя Дадэмуха.
Па-трэцяе, шляхецкія імёны, што раскрытыя аўтарам не поўнасцю (24) — пан Андрэй (арганіст з Расонаў), сляпы Францішак, пан К.Г., пан З., пан Б., пан М., пан Л., пан С., пані Тэрэза, Атон, Аліна, Альберт і Мальвіна, Гугон, пан Генрык, Амелія, пан ***, Адольф, Альма, Севярын, пан Дамінік, пан Н., Антося, Зося.
Па-чацвёртае, простанародныя імёны (37): сялянскія і мяшчанскія (32) — Карпа, Гарасім, Агапка, Парамон, Акім, Грышка, Антон, Васіль, Арына, Алюта, Марцін, Максім, Сямён, Марыся, Якуш, Марка, Алена, Ілля, Арцём, Ганка, Аксіня, Родзька, Аўгіня, Варка, Якуб Плаксун, Праксэда, Міхась, Ахрэм, Лукаш, Марынка, Тамаш, Алешка, яўрэйскія (3) — Хаім, Ёсель, Сора, цыганскія (2) — Базыль, Шылка.
І ўрэшце, алегарычныя істоты — Чарнакніжнік (Вялікі Чарнакніжнік), Плачка, Сын Буры, Сын Шчасця, Сын Цярпення, Вогненныя духі, Белая Сарока, Чорны госць. (У кнізе сустракаюцца i ўласныя назвы раслін, што таксама выступаюць у Я. Баршчэўскага як пэўныя алiгорыi, — гэта Разрыў-трава, Пералёт-трава, Жабер-трава, трава росічка.)
Такiм чынам, найбольш прадстаўнічымі групамі сярод беларускіх антрапонімаў кнігі Я. Баршчэўскага паўстаюць прастанародныя імёны і імёны, якія з вялікай доляй верагоднасці належаць прадстаўнікам дробнага каталіцкага дваранства. Імёны арыстакратыі з'яўляюцца эпізадычна. Відавочна, аўдыторыяй, на якую разлічваў Я. Баршчэўскі, — дробнае шляхецтва. Адным жа з галоўных абагульненых герояў кнігі паўстае просты беларускі народ.
У кнізе Я. Баршчэўскага "Шляхціц Завальня" утрымліваецца 30 айконім. Па частотнасці згадвання з аграмадным адрывам лідзіруе Полацк (разам з утворанымі ад яго назвамі) — 38 згадак, потым — Рыга (7) і Віцебск (5). Згадкі астатніх айконімаў не перавышаюць трох разоў. Беларускіх айконімаў — 21 адзінка. У вызначэнні атрыбута "беларускі" мы мусім прытрымлівацца меркаванняў самога Я. Баршчэўскага, які пашыраў гэтае азначэнне на тэрыторыю Невельскага і Себежскага паветаў, што належаць зараз Расійскай дзяржаве. Такім чынам, да беларускіх мы аднеслі наступныя назвы гарадоў, вёсак і маёнткаў: Полацк, Невель, Себеж, Юхавічы, Клішкова, Магільна, Віцебск, Казуліна, Клясціцы, Галубова, Струнь, Экіманія, Расоны, Краснаполле, Альбрахтоў, Ушачы, Гарбачова, Бешанковічы, Асвея, Сітна, Сіроцін. Большасць з іх лакалізуюцца на правым беразе Дзвіны.
Сярод небеларускіх айконімаў — 6 расійскіх (Пскоў, Вялікія Лукі, Ноўгарад, Старая Руса, Пецярбург, Нарва) і ўрэшце — Рыга. Дадзеная група айконімаў досыць красамоўна пазначае вектары эканамічных і культурных сувязяў жыхароў Паўночнай Беларусі. Арганічнай бачыцца ў тэксце Я. Баршчэўскага прысутнасць айконімаў, звязаных з грэка-рымскай цывілізацыяй (Троя і Рым).
З назваў краін (гісторыка-культурных рэгіёнаў) найчасцей згадваецца Беларусь (24), і адзін-два разы —Інфлянты, Курляндыя, Расія, Турцыя, Егіпет.
Прадстаўнічай з'яўляецца група гідронімаў, сярод якіх — 12 назваў азёр (Нешчарда – 20 згадак, Шэвіна – 2, Валовая азярына – 1, Расоны – 2, Глухое – 5, Рабло – 4, Язна – 2, Сітнянскае – 2, Глыбокае – 1, Скобрыя – 1, Няведра –1, Невельскае – 1), 9 — рэк (Дзвіна – 13, Дрыса – 10, Палата –5, Ловаць – 1, Обаль – 1, Страдань – 1, Тыбр – 1, Нява – 1), адной крыніцы (Дзявочая) і мора (Балтыйскае, Фінская затока).
Згадваецца ў тэксце Я. Баршчэўскага таксама 7 назваў гор (Пачаноўская – 3, Магіла Княжа, Ласіная гара, Алімп, замкавая гара ў Полацку, Гарадзецкая, Рабшчызна).
З тапонімаў таксама варта згадаць назвы "Сітнянскі лес" і "Пецярбургскі гасцінец".
З урбонімаў пераважаюць полацкія імёны — назвы бажніц (св. Стафана, св. Сафіі, Спас, св. Ксаверыя, св. Казіміра, царква Барыса і Глеба), могілак (ля св. Ксаверыя) і садоў (Спаса і Экіманіі). Да гэтага надзвычай сціплага спісу можна хіба дадаць такія назвы гарадскіхя аб'ектаў як святыні Перуна і Бабы Ягі, Полацкая езуіцкая акадэмія, мураваны слуп у Полацку са стодам св. Яна, а таксама карчма Карлісана ў Віцебску. Гарадская прастора, міфалагема гарадской прасторы відавочна не была добра засвоена ні традыцыйнай сялянскай, ні шляхецкай свядомасцю.
Аналіз тапаніміі кнігі Я. Баршчэўскага "Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях" дазваляе выявіць шматслойны характар прасторы, якую апісвае дадзены тэкст.
Найперш, гэта прастора культуры — прастора ідэальнага, галоўнай метафарай якой з'яўляецца Сад — гэта адначасова грэцкая Аркадыя і полацкія сады (Спаса і Экіманіі), у якіх бавіўся малады Баршчэўскі за часамі сваёй вучобы ў езуітаў. Алімп, Тампейскую даліну, Фармапілы герой Я. Баршчэўскага шукае і знаходзіць у ландшафтах Полаччыны, падсвечанымі ўспамінамі юнацтва.
Яшчэ адзін пласт — прастора гісторыі, мемарыяльныя мясціны, звязаныя з гістарычнымі падзеямі, напрыклад Клясціцы. Збольшага яна перакрываецца, паглынаецца прасторай міфалагічнай — напрыклад, паходжанню курганоў, звязаных з гістарычнымі падзеямі, надаецца міфапаэтычнае тлумачэнне. Мясцовая гісторыя падпадае міфалагізацыі не толькі з боку народнай традыцыі, але і высілкамі самога Я. Баршчэўскага.
Прастора міфалагічнага — гэта таксама і прастора сакральнага. Яна пазначана назвамі курганоў (Магіла Княжа), крыніц (Дзявочая), камянёў (Змяёвы), дрэў (Дзве Бярозы) і гор. Можна дапусціць, што сакралізацыя мясціны звязана з функцыяй мемарыялізацыі. Міф, прывязаны да пэўнага прыроднага аб'екта, мусіць фіксаваць значымыя для народа гістарычныя падзеі ва ўмовах браку пісьмовай летапіснай традыцыі ці немагчымасці свабодна сцвярджаць уласную версію гісторыі.
Прасторы сакральнага — прасторы памяці (як гістарычнай, так і міфапаэтычнай) — супрацьпастаўленая прастора цывілізацыі або штодзённасці, якая маркіраваная назвамі гарадоў, вёсак і маёнткаў.
У гарадах адбываецца стабілізацыя рэальнасці ці здаровага сэнсу. Чыннікам стабілізацыі паводле перакананняў герояў кнігі Я. Баршчэўскага з'яўляецца наяўнасць у гарадах божых храмаў і святых айцоў. Прычым эфект стабілізацыі рэальнасці залежыць ад пэўных колькасна-якасных параметраў. Чым больш храмаў, тым лепш. Асабліва добра на стабілізацыю рэальнасці ўздзейнічае наяўнасць у месцы айцоў-езуітаў.
Паветра горада вызваляе чалавека ад прымхаў. Дакладней, пераводзіць містычныя інфернальныя эпізоды ў разрад прымхаў, баек. Так, віцебскія мяшчане высмейваюць містычную гісторыю з панам Генрыкам, у якога крычалі на галаве валасы. У Полацку змяняецца да лепшага, робіцца нармальнай, і ўрэшце памірае па-хрысціянску, Варка Плаксуніха — дачка вясковай варажбіткі.
Аднак падобнае ўздзеянне гарадоў выяўляецца ў дачыненні інфернальнага, што мае мясцовае паходжанне. Перад замежнымi фармазонамi і чарнакніжнікамi насельнiцтва (асабліва музыкi, рыбакi, карчмары і арыстакратыя) беларускага гораду безабароннае. Так, чарнакніжнік пан Твардоўскі здолеў пранікнуць нават у сцены полацкага езуіцкага калегіума.
Найменш стабільна рэальнасць у раёне азёр — вокнаў паміж рэальным ды іррэальным. Беларускія азёры часта пазначаюць месцы агіджанай святасці — праваліўшыхся скрозь зямлю цэркваў і цэлых гарадоў (намечана ў Я. Баршчэўскага і тапаграфія беларускіх нетраў, прынамсі ўваходаў у прадонне Беларусі), затопленых званоў і месцаў гвалтоўнай смерці людзей. Аднак дастаткова аднаго толькі адлюстравання храма ў азёрнай вадзе, каб суцішыць інфернальнай. Азёры — гэта месца лёсавання, розыгрышу шанцаў. Няўстойлівасць рэальнасці, балансаванне паміж сапраўднасцю і тагабочным, можа прыводзіць тут як да нечуваных катастроф, так і выйгрышаў. Таму ў свеце шляхціца Завальні ідзе барацьба за азёры з прыхаднямі і чарнакніжнікамі.
Такім чынам, праведзены аналiз дазволiў выявiць вялiкi iнфармацыйны фактаграфiчны патэнцыял тэксту Я. Баршчэўскага “Шляхцiц Завальня”, раскрыццё якога вымагае прыцягнення шырокага мiждысцыплiнарнага гуманiтарнага iнструментарыя (этналагoчнага, лiнгвiстычнага, гiстарычнага).
ЛІТАРАТУРА
1. Лурье, С.В. Историческая этнология / С.В. Лурье. — М.: Аспект Пресс, 1997, — 448.
2. Лобач, У.А. Элементы культурнага ландшафту ў міфапаэтычнай карціне свету беларусаў (на этнаграфічных і фальклорных матэрыялах Рэчыцкага рэгіёну) / У.А. Лобач // Вестник Полоцкого государственного ўниверситета: Серия А (гуманитарные науки). — № 7. — Полоцк: Полоцкий государственный университет, 2006. — С. 2–8.
3. Баршчэўскі, Я. Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях / Я. Баршчэўскі; уклад., пер. з пол. мовы М. Хаустовіча. — Мн.: Маст. Літ., 1990. — 383 с.: іл. (Спадчына).
Создано : 16/04/2009 @ 08:01
Обновлено : 21/04/2009 @ 17:23
Категория : БАРШЧЭЎСКІ
Страница просмотрена 2223 раз
Предпросмотр печати
Версия для печати
|