Некаторыя гісторыкі выказваюць меркаванне, што \"найбольш старажытным рэлігійным цэнтрам Полацкай зямлі быў не Полацк, а горад Ізяслаўль\". Каля Ізяслаўля (сучаснае Заслаўе) быццам быў заснаваны найбольш старажытны манастыр у Полацкай зямлі. Прыкмет існавання манастыра ў Заслаўі пры шматгадовых археалагічных даследаваннях не знойдзена. Але, напэўна, Ізяслаўль на Свіслачы быў сапраўды заснаваны Уладзімірам Святаславічам у апошняй чвэрці 10 ст., як гаворыцца ў Лаўрэнцьеўскім летапісе.
Выказваюцца думкі аб місіянерскай дзейнасці ў Полацкай зямлі скандынава Торвальда Вандроўніка, які вядомы па актыўным удзеле ў хрысціянізацыі Ісландыі ў канцы 10 ст. У \"Сазе аб хрышчэнні\" паведамляецца: \"У тое лета, калі было прынята хрысціянства ў Ісландыі, ад нараджэння госпада нашага Ісуса Хрыста прайшло 1000 гадоў... Торвальд, сын Кадрана, і Стэўнір, сын Таргіля, сустрэліся пасля (смерці) конунга Алава. Яны накіраваліся ўдваіх па ўсяму свету і да самага Йорсалахейма (Палесціны), адтуль- да Міклагарда (Канстанцінопаля) і далей да Кёнугарда (Кіева), яшчэ далей (на ўсход) па Непру (Дняпру). Торвальд памёр у Расіі недалёка ад Палтэск'і (стараскандынаўскае абазначэнне Полацка). Там ён пахаваны ў адной гары ў царкве Іаана Хрысціцеля, і называюць яны яго святым. Так гаворыць Бранд вандроўнік: \"Я прыйшоў туды, дзе Торвальду, сыну Кадрана, Хрыстос даў успакаенне; там ён пахаваны ў высокай гары ўверх па цячэнню Драўна (Дрёвна) у царкве Іаана\". Стэўнір накіраваўся тады на поўнач у Данію... так паведаміў Ары Стары\".
Даследчыкі спрачаюцца наконт таго, што разумець пад тапонімам Драўна (Дрёвна)- гару ці раку. Каля гэта гара, дык яна магла знаходзіцца каля Полацка на беразе Дзвіны. Але калі рака, то мяркуюць, што ёй магла быць Друя ці іншы вадаём у сістэме Браслаўскіх азёраў. Пытанне гэта застаецца нявырашаным і месца пахавання Торвальда дагэтуль не знойдзена. Між тым ёсьць падставы меркаваць, што Торвальд нейкі час прапаведаваў веру Хрыстову ў Полацкай зямлі, дзе існавала хрысціянская абшчына і была пабудавана царква, верагодна, спачатку драўляная. Тут Торвальд Вандроўнік памёр і, напэшна, быў пахаваны прыхаджанамі.
Мусіць, хрысціянства ў Полацку было прынята прадстаўнікамі вышэйшай знаці ўслед за афіцыйным увядзеннем яго ў Кіеве ў 988 г. Ізяслаў, сын Уладзіміра і Рагнеды, хутка пасля прыняцця новай веры пачаў княжыць у Полацку. Аб клопаце па распаўсюджванні тут хрысціянства ўскосна сведчыць характарыстыка Ізяслава, змешчаная ў познім Ніканаўскім летапісе, дзе сказана, што князь \"прилежаще прочитанию божественных писаний\", г. зн. быў вельмі набожны.
У Цвярскі летапіс (таксама позні) трапіла цікавае паданне аб Рагнедзе-манахіні, якая быццам правяла апошнія гады свайго жыцця ў \"манастыры\" пад імем чарніцы Анастасіі. Але дзе ён мог размяшчацца, у летапісе не паведамляецца. Няма звестак, пісьмовых крыніц аб хрысціянстве ў Полацкай зямлі ў часы княжання Брачыслава (1003-1044).
Сведчаннем актыўных кантактаў полацкага князя Усяслава (1044-1201) з духавенствам служыць яго ўвага да шанавання кананізаваных у 1072 г. братоў дзеда- князёў Барыса і Глеба. Не выпадкова такія імёны былі дадзены таксама сынам Усяслава. Гэта пралівае святло на ступень хрысціянізацыі жыцця двара полацкага князя, а таксама на сувязь яго з царкоўным асяроддзем, якое з'явілася ў Кіеве ініцыятарам шанавання святых Барыса і Глеба. Шанаванне гэтых святых хутка атрымала распаўсюджанне ў Полацкайзямлі, што відаць на прыкладзе помнікаў жывапісу ў Полацку (фрэскі святых Барыса і Глеба ў Барысаглебскім (Бельчыцкім) манастыры) і прыкладнога мастацтва (віслая пячатка з выявай св. Глеба з археалагічных раскопак Менска, бронзавы абразок з раскопак Копысі і інш.).
У Полацку ў 12 ст. існавала не менш 10 культавых манументальных збудаванняў, 3 манастыры. Полацкая княжацкая сям'я цесна была звязана з Кіева-Пячэрскім манастыром. Добрыя адносіны манастыра з Полацкам склаліся яшчэ пры жыцці Усяслава, якога падтрымліваў манастыр у 1068 г.
Пісьмовыя крыніцы, даныя мовазнаўства і хрысціянскія рэаліі, знойдзеныя ва Усходняй Прыбалтыцы пры археалагічных даследаваннях, сведчаць аб пранікненні сюды хрысціянскай рэлігіі не пазней 12 ст. У Кукенойсе жыў святар Сцяпан, давераная асоба полацкага князя. Верагодна, у гэтым немалая роля належала полацкай Сафіі, пабудаванай у 1150-я гады. Не выключана, што сабор займаўся місіянерскай дзейнасцю, распаўсюджваючы хрысціянскую веру сярод суседняга балцкага насельніцтва. Асобныя літоўскія князі прынялі праваслаўе.
Аднак вера ў Полацкай зямлі распаўсюджвалася павольна і павінна была вытрымаць барацьбу з язычніцтвам. Язычніцкія вешчуны ў Полацку былі ў пашане нават сярод прадстаўнікоў княжацкай дынастыі пасля афіцыйнага прыняцця хрысціянства. Летапіс прыпісвае УсяславуПолацкаму нараджэнне ад \"вяшчунства\". Сама Полацкая зямля ўяўлялася летапісцам і аўтару \"Слова пра паход Ігаравы\" краінай чараўнікоў.
Аб надта замаруджаным працэсе хрысціянізацыі ў сельскай мясцовасці сведчаць дадзеныя раскопак курганных могільнікаў. У беларускіх землях пад уплывам хрысціянства ў канцы 10 ст. пачынаецца паступовая змена пахавальнага абраду. Побач з рытуальным спальваннем памерлага (крэмацыяй) з'явілася так званая інгумацыя: памерлага змяшчалі ў курган у выцягнутым палажэнні.
Да перамогі хрысціянскага светаразумення было яшчэ далёка. У пахавальных абрадах крывічоў-палачан, дрыгавічоў, радзімічаў і іншых плямён яшчэ доўга захоўваліся язычніцкія элементы: выпальванне глебы напярэдадні збудавання на ёй кургана, рытуальная ежа, якую змяшчалі ў курган, трызна, выцягнутае ўздоўж цела палажэнне рук (у хрысціянскіх пахаваннях рукі складаліся на жываце).
Царква не столькі выдаляла язычніцтва з пахавальнага абраду, колькі прыстасоўвала яго да новага рытуалу. У канцы 10-пачатку 11 ст. з'явіліся пахаванні ў падкурганных ямах, змянялася палажэнне рук нябожчыка ад выцягнутага ўздоўж цела да складзенага на жываце, змяншаўся па колькасці пахавальны інвентар, пакуль ён зусім не знік у пачатку 13 ст. Распаўсюджанне хрысціянства ў старажытных землях Беларусі мела агульныя рысы з зацвярджэннем новай веры ў іншых землях усходніх славян. Яно было прынята спачатку вярхамі і паступова распаўсюджвалася сярод іншых пластоў грамадзтва.
Г.Ганецкая, С.Тарасаў, Г.Штыхаў
(Цытуецца паводле: \"Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Полацка\".- Мн.: 2002. с. 66-67)
Похожие страницы :
Р. Баравы. Хрысціянізацыя тэрыторыі Полацкай і Тураўскай епархій X—XIV ст. |
ВІТГЕНШТЭЙН ПЁТР ХРЫСЦІЯНАВІЧ |
Значэнне прыняцця хрысціянства |