Хрысціянізацыя тэрыторыі Полацкай і Тураўскай епархій X—XIV ст.
(Гістарычна–геаграфічны аспект)
(Гістарычна–геаграфічны аспект)
Расціслаў Баравы
Хрышчэнне Русі — адна з ключавых падзей ранняй гісторыі Ўсходняй Еўропы, зафіксаваная ў вельмі вялікім і рэпрэзентатыўным корпусе крыніц. На жаль, усе крыніцы таго перыяду, што дайшлі да нас, утрымліваюць значныя прабелы інфармацыйнага поля. Гэта абумоўлена, як правіла, надта высокім узроўнем сацыяльна–культурных рэалій, якія знаходзяцца ў сферы інтарэсаў іх аўтараў.
У сваёй большасці крыніцы абмяжоўваюцца лаканічнымі паведамленнямі пра вышэйшую царкоўную ерархію і структуру царквы на ўзроўні епархій, а таксама адзінкавымі фактамі, звязанымі з гісторыяй асобных (найбольш буйных) храмаў і манастыроў, практычна поўнасцю пакідаючы па–за ўвагай абставіны, метады і нават храналогію хрышчэння Русі, — г. зн. канкрэтныя складнікі працэсу хрысціянізацыі „на месцах“.
У крыніцах амаль няма звестак і пра штодзённую практыку кліра Старажытнай Русі на ўзроўні прыходаў, напрыклад, пра іх місіянерскую дзейнасць, якая ў XI—XII ст. павінна была б быць абавязковай і паўсюднай (у многіх рэгіёнах гэтая дзейнасць не спынялася яшчэ некалькі стагоддзяў).
Прыкладна такі ж, у цэлым негатыўны, вынік дае і разгляд пісьмовых крыніц у „падзейна–рэгіянальным“ аспекце. У рамках дадзенай працы мы палічылі магчымым абмежавацца наступнай, заведама спрошчанай, схемай.
1. Апісанне хрысціянізацыі ядра дзяржавы — Кіева (і, шырэй, Паўднёвай Русі) — суправаджаецца шэрагам „маляўнічых падрабязнасцяў“, відавочна, ужо таму, што менавіта адтуль ішоў асноўны імпульс гэтага працэсу.
2. Тое самае можна сказаць і пра хрысціянізацыю поўначы і паўночнага ўсходу (Ноўгарад — Растоў — Суздаль): тут „падрабязнасці“ звязаныя, галоўным чынам, з эпізодамі супраціўлення гэтаму працэсу асобных груп мясцовага насельніцтва.
3. Для тэрыторый Полацкай і Тураўскай епархій пісьмовыя крыніцы не даюць наогул ніякіх „падрабязнасцяў“ — невядомыя нават дакладныя даты заснавання епіскапскіх кафедраў у Полацку і Тураве. Гэта, напэўна, звязана з гістарычнай адасобленасцю „Рагвалодавых унукаў“, якая вяла да інфармацыйнай ізаляцыі паўночна–заходніх княстваў у крыніцах паўднёвай і ўсходняй Русі; мясцовыя ж крыніцы (Полацкія і іншыя летапісы) былі пазней страчаны.
Але, калі выключыць гэтыя ў многім „літаратурныя“ эпізоды „хрышчэння“ Кіева і Ноўгарада, мы можам канстатаваць: працэс хрысціянізацыі тэрыторый асобных княстваў адлюстраваны ў крыніцах аднолькава для ўсіх рэгіёнаў — гэта значыць у самых агульных рысах.
Літаратура па тэме настолькі вялікая, што нават просты пералік хоць бы асноўных прац у межах дадзенага артыкула немагчымы1. Да таго ж, гэты пералік давялося б завяршыць канстатацыяй таго, што вельмі лакальны і прыватны аспект тэмы, які цікавіць нас — прасторава–храналагічнае мадэляванне працэсу ўзнікнення і распаўсюджвання праваслаўных храмаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў першыя стагоддзі пасля „хрышчэння“ — ніяк не асветлены ў крыніцах і, адпаведна, у гістарыяграфіі2.
Трэба адзначыць, што перспектывы і нават сама магчымасць такіх даследаванняў ацэньвалася спецыялістамі яшчэ ў канцы XIX ст. крайне песімістычна: „Нельга адшукаць ні ў летапісах, ні ў іншых крыніцах больш–менш поўных і сістэматычных звестак пра пабудову цэркваў па ўсёй Расіі і, значыць, скласці агульны лік рускіх цэркваў няма ніякай магчымасці“3.
У нашым выпадку праблема ў тым, каб адэкватна адлюстраваць канфесійную сітуацыю на тэрыторыі Беларусі ў XI—XIV і XV—XVI ст. Яе спецыфіка ў тым, што кола крыніц, якія адлюстроўваюць гісторыю існавання на землях Беларусі дзвюх канфесій — праваслаўя і каталіцызму, — па інфармацыйным змесце прынцыпова непараўнальнае.
У канцы XIV ст. на тэрыторыі Полацкай і Тураўскай епархій пачала паступова распаўсюджвацца сетка рымска–каталіцкіх прыходаў (у XV—XVI ст. таксама і кляштараў розных ордэнаў). Дынаміка гэтага працэсу дастаткова поўна адлюстравана як у крыніцах4, так і ў шэрагу спецыяльных даследаванняў5, і лёгка фіксуецца на карце. У той жа час картаграфаванне або нават просты падлік праваслаўных прыходаў XI—XIV ст. па ўказаных прычынах (маўчанне крыніц) практычна немагчымы.
Нам вядомая толькі адна такая спроба, зробленая яшчэ ў пачатку 1950–х г. Б.В.Сапуновым6 (работа перавыдадзена ў крыху змененым і дапоўненым выглядзе ў 1987 г.)7. Сумніўная дакладнасць выніковых падлікаў аўтара, на якую не раз указвалі спецыялісты8, наўпрост звязана з методыкай, пакладзенай Б.В.Сапуновым у аснову дадзенага даследавання, якая і прыводзіць, акрамя лагічных хібаў тыпу „недаказанай высновы“, яшчэ і да лавінападобнага росту памылак9.
Але нават безадносна да гэтага высновы аўтара наконт колькасці цэркваў у Старажытнай Русі нічога нам не даюць. З беларускіх гарадоў ён згадвае толькі Віцебск, Полацк, Тураў і Горадню, а таксама Давыд–Гарадок і Ліду (!), — на жаль, не прыводзячы крыніц, у якіх ён знайшоў згадкі пра два апошнія гарады „да 1240 г.“ — г. зн. да заяўленай аўтарам верхняй храналагічнай мяжы даследавання (пра рэальнае датаванне гэтых гарадоў у крыніцах — гл. ніжэй).
Як бачым, на ўсёй тэрыторыі Полацкай і Тураўскай епархій аўтар налічыў толькі пяць „гарадоў“, што мелі прыходскія і манастырскія цэрквы. Калі выключыць Ліду, што трапіла ў спіс гарадоў X—XIII ст. яўна памылкова, застаецца чатыры.
Ніхто не ўсумніцца ў апрыёрным сцвярджэнні, што на гэтай тэрыторыі нават у XI ст. было значна больш „гарадоў“, якія мелі праваслаўныя прыходы. Гэтае сцвярджэнне нават нельга назваць „дагматычным“, настолькі яно відавочнае, але, калі грунтавацца толькі на корпусе традыцыйных пісьмовых крыніц, праваслаўныя прыходы X—XIV ст. на тэрыторыі Пінскай і Тураўскай епархій, у адрозненне ад рымска–каталіцкіх (XIV—XVI ст.), нельга ні пералічыць у храналагічным парадку, ні паказаць на гістарычнай карце. У выніку, кантрастуючы са шчыльнай інфармацыйнай нагрузкай карты рымска–каталіцкіх касцёлаў XV—XVI ст., амаль чыстыя аркушы карт, якія павінны адлюстроўваць першапачатковую хрысціянізацыю гэтай тэрыторыі ў XI—XIII ст., таксама як і гісторыю праваслаўнай царквы ВКЛ XIV—XVI ст., міжволі могуць садзейнічаць неадэкватнаму ўспрыманню гістарычных рэалій разгляданага перыяду.
У гэтай сувязі неабходна было знайсці нейкую новую, нетрадыцыйную методыку, дакладней, больш агульны падыход да праблемы, у рамках якога мы можам праз супастаўленне тэматычна разнародных на першы погляд фактаў аднавіць несупярэчлівую карціну разгляданага працэсу. Такі падыход, заснаваны на прынцыпах комплекснага крыніцазнаўства10, хоць і прадугледжвае выкарыстанне пэўных тэарэтычных дапушчэнняў, але дазваляе разглядаць сціплыя дадзеныя пісьмовых крыніц з іншага, значна больш пашыранага пункту погляду.
У артыкуле зроблена спроба як бы „матэрыялізаваць“ працэс хрысціянізацыі, звязаўшы яго з ужо вядомымі элементамі сацыяльна–палітычнай структуры дадзенага рэгіёну. Для гэтага побач з нешматлікімі непасрэднымі ўказаннямі пісьмовых і археалагічных крыніц пра месцазнаходжанне храмаў і манастыроў XI—XIV ст.11 (гл. карту, № 1—2) намі быў выкарыстаны значна больш шырокі корпус дадзеных і, часткова, метадаў, запазычаных намі з гістарычнай геаграфіі.
Тэзісная форма вызначана ў роўнай ступені праблематычнасцю тэмы, разнароднасцю матэрыялу і нетрадыцыйнасцю нашай методыкі.
1. Сістэмны характар „хрысціянізацыі“ і структурная аснова гэтага працэсу: „горад — храм — прыход“.
1.1. Паводле дадзеных летапісаў, пасля хрышчэння кіяўлян Уладзімір Святаслававіч „… повеле рубити церкви и поставляти по местам, иде же стояху кумири… И нача ставити по градом церкви и попы, и люди на крещенье приводити по всем градом и селом“12. Паведамленне носіць падкрэслена дэскрыптыўны характар, дэталі працэсу, як ужо гаварылася, у крыніцах не ўпамінаюцца13.
Я.Галубінскі прапануе наступную схему: „Пры хрышчэнні горада або ўезда ўрад падзяляў іх на некалькі ўчасткаў і ў кожным ставіў царкву. З цягам часу гэтыя прыходы раздзяляліся на меншыя… Станоўчых звестак пра ўзнікненне гэтых „другасных“ прыходаў мы не маем ніякіх“14.
На думку таго ж гісторыка, „пры рухомасці насельніцтва… клопат аб пабудове цэркваў у Старажытнай Русі (як і ў Англіі)… клаўся на землеўласнікаў“15. Далей ён піша, што „шукаць святароў (у прыход) было вельмі лёгка (з прычыны іх мноства), але і яны нават самі маглі спрыяць памнажэнню прыходаў… Паставіць драўляную царкву … уласнымі сродкамі… нічога не каштавала. Усё … (акрамя ікон)… магло быць выраблена на месцы, у вёсцы“16.
1.2. Як бачым, аўтар лічыць, што ўжо ў XI ст. існавалі ўсе ўмовы, каб храмаў (прыходаў) было шмат, але нават прыкладная іх колькасць застаецца невядомай.
У крыніцах сустракаюцца толькі ўрыўкавыя звесткі пра лік храмаў у буйных гарадах, перш за ўсё ў Кіеве. Так, па дадзеных Ніканаўскага летапісу, у 1017 г. (г. зн. праз 30 гадоў пасля хрышчэння) у Кіеве „згарэла да 700 цэркваў“17. Амаль столькі ж храмаў („каля 600“) згарэла ў Кіеве пад час пажару ў 1124 г.18, г. зн. амаль праз паўтара стагоддзя пасля хрышчэння. Несумненна, большая частка гэтых „цэркваў“ — дамавыя малельні і капліцы. Нават калі ўслед за П.П.Талочкам лічыць, што колькасць жыхароў старажытнага Кіева складала 50 тыс. чалавек19, то пры наяўнасці ў горадзе больш за два дзесяткі буйных каменных храмаў20 драўляных прыходскіх цэркваў (калі лічыць у сярэднім па 300—400 чалавек на прыход) павінна быць каля 150.
Сам факт існавання ў сталіцы дзяржавы ўжо ў першым стагоддзі пасля хрышчэння прыкладна 200 прыходскіх храмаў дае падставы дапусціць наяўнасць адпаведнай колькасці храмаў і ў іншых гарадах: ад некалькіх дзесяткаў у сталіцах княстваў21, да 1—2 у больш дробных адміністрацыйных цэнтрах22.
1.3. Прымаючы (для тэрыторыі Кіеўскай Русі) існаванне аб’ектыўнай сувязі „горад — храм“ як аксіёму23, мы можам сцвярджаць, што дамінантны тут менавіта феномен „горада“.
Па назіраннях Я.Галубінскага, у перыяд, які нас цікавіць („да канца XIV ст.“), нават манастыры (абшчыны, што па сваёй сутнасці маюць на ўвазе пэўнае адасабленне, „замкнутасць“ у дачыненні да „свету“), засноўваюцца або на самой тэрыторыі, або ў бліжэйшых ваколіцах буйных гарадоў24.
У XI—XIII ст. і сам факт заснавання, і тым больш далейшае функцыянаванне храма (як і яго місіянерская дзейнасць) былі непасрэдна звязаны з канкрэтным населеным пунктам. Прычым гэты населены пункт да моманту заснавання храма ўжо меў пэўны статус, з’яўляючыся адміністрацыйным цэнтрам таго ці іншага ўзроўню, г. зн. „горадам“.
1.4. Як вядома, „гарадамі“ для аўтараў летапісаў25 былі ўсе населеныя пункты, што мелі ўмацаванні. Зыходзячы з такой трактоўкі гэтага паняцця, хоць і з некаторымі агаворкамі, М.Ціхаміраў налічваў у Старажытнай Русі да 300 гарадоў26. П.Рапапорт, які карыстаўся крытэрыем „велічыні ўмацаванай тэрыторыі“, паменшыў гэтую колькасць да 10027. А.Куза, які выпрацаваў сваю, вельмі падрабязную і шматпланавую сістэму крытэрыяў, заснаваную ў асноўным на археалагічных крыніцах, прыйшоў да высновы, што „ў цэлым на Русі ў канцы X — пачатку XI ст. налічвалася 20—25 пасяленняў гарадскога тыпу, у XI — першай палове XII ст. іх было каля 70, а да сярэдзіны XIII ст. існавала ўжо каля 150 феадальных гарадоў“28.
У апошнія дзесяцігоддзі з’явіўся шэраг прац, якія пашырылі і ўзбагацілі канцэптуальна–тэарэтычную базу, звязаную з дадзенай праблематыкай (сярод даследчыкаў, акрамя названага А.Кузы29, у першую чаргу неабходна згадаць В.Карлава30 і Б.Цімашчука31).
Тым не менш, нягледзячы на значную зацікаўленасць даследчыкаў гэтай праблемай, у сучаснай гістарыяграфіі няма адназначнага, прызнанага калі не ўсімі, то хоць бы большасцю, і распаўсюджанага на ўсе рэгіёны Старажытнай Русі азначэння такога сацыяльна–культурнага феномена, як „горад“.
1.5. На наш погляд, усё яшчэ ў цэлым справядлівай застаецца выснова В.Т.Пашуты, што „гарады Русі былі вельмі разнастайнымі як па характары іх сацыяльнай структуры, так і па палітычнай ролі. Да гэтага трэба дадаць, што пад уплывам эканамічнага развіцця або пад уздзеяннем знешніх фактараў асобныя гарады пераходзілі з адной катэгорыі ў другую. Неаднароднасць гаспадарчых і палітычных умоваў у вялікай дзяржаве непазбежна спараджала цяжка аглядную „неаднастайнасць“ генезісу і развіцця гарадскіх формаў“32.
Улічваючы гэтую акалічнасць і не маючы магчымасці ўдавацца ў складаныя дэфініцыі сацыяльна–культурнага, эканамічнага і палітычнага плану, мы прымаем, што ўсе (адносна нешматлікія) населеныя пункты на тэрыторыі сучаснай Беларусі, якія ўпамінаюцца ў пісьмовых крыніцах XI—XIII ст. (менавіта ў сілу гэтага ўпамінання!), былі адміністрацыйнымі цэнтрамі рознага ўзроўню і тым самым патэнцыяльнымі цэнтрамі хрысціянізацыі ў межах тагачаснай Полацкай, Тураўскай, часткова — Смаленскай, Чарнігаўскай і Ўладзіміра–Валынскай епархій33.
2. „Гарады“ і „прыходы“ на тэрыторыі Беларусі
ў X—XIII ст.
2.1. Гэта, перш за ўсё, Полацк і Тураў, вядомыя па пісьмовых крыніцах як сталіцы княстваў яшчэ да 988 г., якія заканамерна сталі першымі цэнтрамі хрысціянізацыі і цэнтрамі епархій. Да гэтых двух гарадоў прымыкае і Заслаўе (летапісны Ізяслаўль), першае ўпамінанне якога, хоць і не датаванае, звязана непасрэдна з асобай самога Ўладзіміра Святаслававіча (ужо пасля хрышчэння), яго найбліжэйшым атачэннем і членамі сям’і (Рагнеда — Ізяслаў Уладзіміравіч)34, а жыццё горада ў канцы X — першай палове XI ст. — з вельмі актыўнымі працэсамі хрысціянізацыі насельніцтва35. Больш за тое, па меркаванні А.Рапава, заснаваным на аналізе агульнагістарычнай сітуацыі ў гэтым рэгіёне і на сведчаннях мясцовых паданняў, менавіта Заслаўе, а не Полацк, было „найстаражытнейшым хрысціянскім цэнтрам Полацкай зямлі“36.
Менавіта гэтыя тры населеныя пункты — на поўначы, у цэнтры і на поўдні сучаснай Беларусі — трэба лічыць першымі і асноўнымі цэнтрамі хрысціянізацыі тэрыторыі ўжо на мяжы X—XI ст., г. зн. на пачатковым этапе разгляданага працэсу37.
2.2. Надалей такімі цэнтрамі заканамерна станавіліся і тыя населеныя пункты, якія ў пісьмовых крыніцах XI—XIII ст. выступаюць у якасці цэнтраў удзельных княстваў або называюцца „гарадамі“38. Гэта Берасце, Віцебск, Менск, Лагойск, Пінск, Друцк, Слуцк, Горадня, Рагачоў, Барысаў, Брагін, Мсціслаў, Рэчыца, Наваградак, Слонім, Ваўкавыск, Кобрын і інш.
Тым не менш, нават прыняўшы такое бясспрэчнае, на наш погляд, дапушчэнне, мы не можам расставіць гэтыя „цэнтры хрысціянізацыі“ ў храналагічным парадку, г. зн. непасрэдна звязаць традыцыйнае датаванне, заснаванае на „першым летапісным упамінанні“, з заснаваннем храма (прыходу). Напрыклад, Берасце (1019) і Віцебск (1021), напэўна, былі такімі „цэнтрамі“ ўжо ў 1–й палове XI ст., таксама і Пінск, хоць ён упамінаецца толькі ў 1097 г. Што да Менска і Оршы (1067), Копысі (1059), Лукомля і Лагойска (1078.), а таксама Друцка (1092), мы з улікам „сітуацыі ўпамінання“ і дадзеных іншых крыніц (галоўным чынам, археалагічных) можам з упэўненасцю гаварыць пра існаванне там прыходаў толькі на мяжы XI—XII ст. У гэтую ж групу трапляюць Слуцк (1116), Барысаў (1127), Горадня і Клецк (1128 ).
2.3. Астатнія населеныя пункты, упамянутыя ў 1130—1150–х г. (Прапойск, Крычаў, Гомель, Брагін, Мазыр, Мсціслаў і Чачэрск), у 1214 г. (Рэчыца) і ў 1250—1280–х г. (Наваградак, Слонім, Ваўкавыск, Здзітаў, Турыйск, Капыль, Камянец, Кобрын), можна ўжо з большай упэўненасцю атаясамліваць з „цэнтрамі хрысціянізацыі“ менавіта гэтага перыяду, г. зн. сярэдзіны XII — 2–й паловы XIII ст.
Да гэтай жа групы мы лічым неабходным далучыць Браслаў, Давыд–Гарадок і Свіслач — тры „гарады“, узнікненне якіх, нягледзячы на даволі позняе ўпамінанне ў крыніцах, у літаратуры датуецца XI—XII ст.39, а таксама заснаваны не пазней чым у 2–й палове XIII ст. Лаўрышаўскі манастыр пад Наваградкам.
З улікам усіх гэтых абставінаў найбольш карэктнай нам уяўляецца наступная схема: вылучыўшы Полацк, Тураў, Ізяслаўль (X ст.), усе астатнія (33 „гарады“ і 1 манастыр) аб’яднаць агульным датаваннем — „XI—XIII ст.“. У выніку мы маем 37 пунктаў, якія несумненна былі рэгіянальнымі цэнтрамі хрысціянізацыі на беларускіх землях у XI—XIII ст. (гл. карту, №№ 3—4).
2.4. Але ў межах пастаўленай задачы мы не можам абмежавацца простай канстатацыяй факта існавання на гэтай тэрыторыі ў XI—XIII ст. „37 цэнтраў хрысціянізацыі“.
Па–першае, мы павінны агаварыцца, што да канца XIII ст. праваслаўных прыходаў на Беларусі было значна больш, як і больш–менш буйных населеных пунктаў: проста не ўсе яны зафіксаваныя ў пісьмовых крыніцах, якія захаваліся да нашага часу.
Па–другое, якая была роля гэтых 37 вядомых нам прыходскіх цэнтраў для хрысціянізацыі краіны ў цэлым? Калі дапусціць, што іх дзейнасць абмяжоўвалася толькі гэтымі населенымі пунктамі, то для тэрыторыі больш чым 200 тыс. кв. км, няхай нават на Ѕ пакрытай лясамі і балотамі, гэтага яўна недастаткова.
3. Прыходы як аснова працэсу хрысціянізацыі.
Місіянерская дзейнасць прыходу і яе межы.
3.1. Традыцыйная летапісная фармулёўка „хрышчэнне Русі“ нібы мае на ўвазе ледзь не ўсеагульны, аднамомантны, і хутчэй нават сімвалічны акт40, хоць усе разумеюць, што гэта быў складаны і шматгранны працэс, які спалучаў у сабе цэлы шэраг фактараў — духоўных, ідэалагічных, сацыяльна–культурных, эканамічных, прававых і г. д. Разам з тым, часта па–за ўвагай застаецца тая акалічнасць, што асновай гэтага працэсу з’яўлялася практыка (калі і не штодзённая, то дастаткова рэгулярная), падобная да той, якая пазней атрымала назву місіянерскай дзейнасці.
Пра гэта, у прыватнасці, сведчаць шматлікія „Словы“, накіраваныя супраць язычніцтва і яго перажыткаў („дзвюхвер’я“). На думку Я.Анічкава, гэтыя „…павучэнні скіраваны на насельніцтва, якое ўпарта не паддаецца хрысціянскаму вучэнню, але менавіта тое, што тут жа побач, з якім даводзіцца мець справу штодзённа…“41, г. зн. такая дзейнасць у XI—XIII ст. павінна была весціся ў межах кожнага асобнага прыхода.
3.2. Як мы ўжо адзначалі, крыніцы практычна нічога не паведамляюць пра гэты бок дзейнасці кліра. Можна толькі меркаваць, што абавязкі святара ў тую эпоху не былі традыцыйна–руціннымі і павінны былі спалучацца з больш–менш актыўнай місіянерскай дзейнасцю, у тым ліку па–за межамі храма.
На думку спецыялістаў, богаслужэнне ў храмах XII—XIV ст. (акрамя „саборных“, якія знаходзіліся ў вялікіх гарадах) адбывалася толькі па нядзелях і святочных днях. У астатні час „святары павінны былі пераязджаць з месца на месца, наведваць сваіх духоўных дзяцей і здзяйсняць богаслужэнні ў розных месцах…“42. Пра гэта красамоўна сведчыць і тэрміналогія старажытных крыніц: ніжэйшая царкоўная акруга называецца „уездом“, „переездом“ або „пределом“43. Тэрміновы (незапланаваны) выезд за межы таго населенага пункта, дзе знаходзіўся храм, мог быць выкліканы таксама неабходнасцю або хрышчэння, што, згодна з крыніцамі, яшчэ ў XII ст. разглядалася як справа першачарговай важнасці44, або прычашчэння і адпявання.
3.3. Узнікае пытанне: што магло тэрытарыяльна абмяжоўваць гэтую місіянерскую дзейнасць? У тэорыі — межы суседніх прыходаў, як гэта было ў больш познія часы. На практыцы, асабліва ў XI—XIII ст., хутчэй за ўсё — толькі меркаванні бяспекі і рэальныя транспартныя магчымасці.
У якасці аналогіі можна, на наш погляд, прывесці прыклад (магчыма, легендарны) першапачатковага і свядомага абмежавання межаў сваёй епіскапскай юрысдыкцыі адным з Айцоў царквы (калі не памыляемся, Св.Аўгусцінам). Межы гэтыя былі ім вызначаны зыходзячы з магчымасцяў індывідуальнага перамяшчэння вярхом (на асле або муле) ад усходу да захаду сонца (за зыходны пункт было ўзята месца пастаяннага служэння).
3.4. Калі мы звернемся да параўнальна нядаўняга мінулага, то ў 2–й палове XIX ст. у Цэнтральнай Беларусі сярэдняя адлегласць ад прыходскай царквы да самай аддаленай вёскі, што ўваходзіла ў склад дадзенага прыходу, складала: па Мінскім уездзе — 9—10 вёрст, Барысаўскім — 10—15 вёрст, Слуцкім — 8—9 вёрст. Сустракаліся і вёскі, адлегласць да якіх была 15—17 вёрст (Мінскі ўезд), 20—22 вярсты (Барысаўскі), 14—15 (Слуцкі)45. Можна адзначыць, што з гэтых трох уездаў найменш населены і адначасова найбольш пакрыты лесам — Барысаўскі.
Што да Старажытнай Русі, то, на думку гісторыкаў, „… на калёсах і санях перавозілі толькі жанчын і дзяцей… Мужчыны перамяшчаліся вярхом, нават духавенства… Усё гэта можна пацвердзіць сотнямі прыкладаў“46. Паводле сведчанняў летапісу, у 1097 г. восенню „на калёсах“ княскі абоз пераадолеў адлегласць ад Кіева да Ўладзіміра–Валынскага (каля 500 км) за шэсць дзён (відавочна, на зменных конях), г. зн. з хуткасцю прыкладна 80 км у дзень47. Сярэднюю хуткасць перамяшчэння коннага атрада (княскай дружыны) даследчыкі ацэньваюць як 50—60 км у дзень, г. зн. 6—7 км у гадзіну. (Максімальная хуткасць улегцы, з запаснымі коньмі раўнялася 110—120 км у дзень48.)
У нашым выпадку мінімальны радыус місіянерскай дзейнасці кожнага прыходу XI—XIII ст. (за выключэннем, магчыма, размешчаных у такіх буйных гарадах, як Кіеў, Ноўгарад і некаторых іншых) мы можам умоўна вызначыць у 20—25 км, што дазваляла без асаблівай спешкі даехаць туды і назад за 8—10 гадзін (гл. карту, № 5).
3.5. Паказальна, што асноўная адміністрацыйная адзінка Старажытнай Русі — воласць — мела прыкладна такія ж памеры. Так, паводле дадзеных археалагічных даследаванняў, „Суздальская воласць“ у XI — пачатку XII ст. налічвала каля 30 пасяленняў, што размяшчаліся каля Суздаля на тэрыторыі радыусам 20—25 км49.
Даследчыкі таксама адзначаюць, што па крыніцах XV—XVII ст. „часам цяжка вырашыць, дзе заканчваецца прыход і пачынаецца воласць. Ці не дзве гэта розныя назвы той самай адміністрацыйнай адзінкі? Калі будавалася новая царква, то прыход падзяляўся, але аўтаматычна падзялялася і воласць. Справы пазямельнай абшчыны (воласці) і прыходу ніяк не размяжоўваліся“50. Рэтраспектыўная экстрапаляцыя гэтых высноваў калі не на X—XI, то, па меншай меры, на XII—XIII ст. уяўляецца дастаткова апраўданай.
Як бачым, кантамінацыя паняццяў „горад“, „храм“, „воласць“, „прыход“ яскрава прасочваецца на матэрыяле самых розных дысцыплін — ад археалогіі да гісторыі ментальнасцяў.
4. XIV ст.: „Спіс рускіх гарадоў…“ — „Спіс прыходаў“
і іншыя цэнтры хрысціянізацыі на тэрыторыі Беларусі.
4.1. XIV стагоддзе ў многім пераломнае для большасці рэгіёнаў Усходняй Еўропы, адначасова і самае „цёмнае“. Страта большасці пісьмовых крыніц (асабліва для ВКЛ), паступовая змена якасных і колькасных характарыстык розных відаў гэтых крыніц (актавыя замест летапісных і г. д.)51, агульны дэфіцыт базы крыніц — асноўныя прычыны такой сітуацыі.
Практычна адзінай комплекснай крыніцай па гістарычнай геаграфіі Беларусі гэтага перыяду з’яўляецца „Список русских городов дальних и ближних“52 — унікальная праца не зусім зразумелага характару і паходжання53. Хоць час складання ўласна „Спіса“ датуецца канцом XIV ст. („1387—92 г.“54, „1394—96 г.“55 або „1375—1381 г.“56, у распараджэнні яго аўтара (або аўтараў) знаходзіліся невядомыя нам крыніцы больш ранняга перыяду — некаторыя дадзеныя „Спіса“, згодна з даследаваннямі А.В.Попэ, узыходзяць да гістарычна–геаграфічных рэалій 1–й паловы XIII ст.57
4.2. З пункту погляду нашай тэматыкі вельмі важнае меркаванне А.В.Кузы, што, напэўна, гарады „Спіса“ — „гэта цэнтры епархій і прыходаў, з якіх калі–небудзь руская мітраполія атрымлівала даходы або спрабавала распаўсюдзіць на іх сваю ўладу“58.
„Спіс“ называе 26 з тых 36 „гарадоў“, што знаходзіліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі і ўжо вядомы нам па летапісных упамінаннях XI—XIII ст. Дадаткова „Спіс“ называе яшчэ 14 тапонімаў, якія даследчыкі, пачынаючы з М.Ціхамірава, атаясамліваюць з адпаведнымі населенымі пунктамі гэтай тэрыторыі. Сем з іх знаходзяцца ў басейне Дняпра (Абольцы, Цяцерын, Магілёў, Быхаў, Лучын, Стрэшын, Горваль); шэсць — на паўночным захадзе (Лебедзева, Лоск, Славенск, Крэва, Гальшаны, Ліда); яшчэ адзін на Прыпяці, непадалёку ад Турава (Перароў)59.
4.3. Да гэтых 14 „гарадоў“, названых у „Спісе“, мы можам дадаць яшчэ шэраг населеных пунктаў, першае ўпамінанне якіх у пісьмовых крыніцах датуецца 2–й паловай — канцом XIV ст. Гэта чатыры цэнтры валасцей: Бабруйск, Любашаны, Ігумен (сучасны Чэрвень), прыгаданыя ў грамаце вялікага князя Ягайлы 1387 г.60, і Глуск („Стары“ або „Пагарэлы“) — „Глуская воласць“ ужо ў 2–й палове XIV ст. належала Івану Ольгімунтавічу Гальшанскаму61 (памёр прыблізна ў 1401 г.)62.
У гэты ж перыяд у дакументах упамінаюцца такія параўнальна буйныя населеныя пункты (што не трапляюць у разрад „вёсак“), як Маладзечна — 1388 г.63, Друя і Дрыса (сучасны Верхнядзвінск) — 138664 і Ляхавічы65.
4.4. Сюды неабходна дадаць таксама „маёнтак Куранец“, дзе ў 1353 г. яго ўладальніцай была заснавана царква66, і Пустынскі манастыр пад Мсціславам, заснаваны ў 1380 г.67, — у выніку атрымліваецца 24 цэнтры хрысціянізацыі, датаваныя XIV ст. (гл. карту, № 6).
Разам з папярэднімі — 61, што відавочна мала для чатырох стагоддзяў, якія прайшлі з часоў хрышчэння, і для такой тэрыторыі. Несумненна, прыходаў было значна больш, як і населеных пунктаў, але крыніцы маўчаць як пра першыя, так і пра другія.
На фоне гэтага „маўчання“ як своеасаблівую „гістарычную крыніцу другога роду“, што дае цікавы матэрыял для высноваў гістарычна–геаграфічнага характару, мы можам разглядаць і ўласна карту, на якой нанесены ўсе гэтыя населеныя пункты і абазначаны ў адпаведным маштабе прыняты намі ўмоўны „радыус“ кожнага з гэтых прыходаў (20 км).
4.5. Як нам уяўляецца, карта дастаткова наглядна дэманструе асноўныя тэндэнцыі развіцця сеткі праваслаўных прыходаў на гэтай тэрыторыі, што вызначыліся, напэўна, значна раней, яшчэ ў сярэдзіне — 2–й палове XIII ст. і былі цесна звязаны з агульнымі працэсамі паглыблення структурнай дыферэнцыяцыі дадзенай этнагеаграфічнай прасторы.
Мы бачым, што на невялікім участку балцка–славянскага пагранічча68 між Маладзечнам і Ашмянамі (плошчай прыкладна 70Ч80 км) у 2–й палове XIV ст. знаходзілася 7 цэнтраў праваслаўных прыходаў (адлегласць між бліжэйшымі — ад 10 да 20 км). Адпаведна прыняты намі раней „умоўны радыус прыходу скарачаецца ў дадзеным выпадку да 10 або нават да 5 км. Амаль такую карціну мы назіраем і ў раёне Браслава (адлегласць — ад 20 км да 30 км, „радыус“ — ад 10 да 15 км).
Несумненна, варты ўвагі і той факт, што адзінае дакументальнае сведчанне пра заснаванне храма (прыхода) на гэтай тэрыторыі ў сярэдзіне XIV ст., якое дайшло да нас, адносіцца не да цэнтраў удзельных княстваў (Гальшаны, Лоск, Крэва)69 і нават ні да аднаго з гарадоў „Спіса“ (Лебедзеў, Славенск), а да нідзе раней не згаданага простага „маёнтка“ (Куранец).
5. Асноўныя тэндэнцыі працэсу хрысціянізацыі тэрыторыі Беларусі на мяжы XIV—XV ст.
5.1. Абагульняючы ўсе гэтыя назіранні ў рамках яшчэ адной (зрэшты, дастаткова трывіяльнай) пасылкі, якую мы фармулюем апрыёры — яна заключаецца ў тым, што працэс развіцця сеткі праваслаўных прыходаў на тэрыторыі Беларусі ў X—XIV ст. трэба вызначыць як неперарыўны, з тэндэнцыяй да неабарачальнага і ўстойлівага росту, — можна зрабіць наступныя высновы.
5.1.1. З’яўленне ў сярэдзіне XIV ст. праваслаўных прыходаў у „маёнтках“ (прытым у раёне балцка–славянскага пагранічча) ускосна пацвярджае раней выказаны тэзіс, што „гарады“ „Спіса…“ былі цэнтрамі прыходаў ужо, па меншай меры, на рубяжы XIII—XIV ст.
5.1.2. Сітуацыя, адзначаная намі ў паўночна–заходнім рэгіёне Беларусі і звязаная, хутчэй за ўсё, з місіянерскай дзейнасцю праваслаўнай царквы ў асяроддзі язычнікаў–балтаў, можа разглядацца і як сітуацыя, што адлюстроўвае агульную тэндэнцыю, характэрную для ўсёй Беларусі ў XIII—XIV ст. — павелічэнне колькасці прыходаў з адначасовым скарачэннем тэрыторыі кожнага з іх.
5.1.3. Мы маем права дапусціць, што кожны населены пункт, згаданы ў пісьмовых крыніцах, напрыклад, у 1–й палове XV ст. (або, шырэй, у XV ст.), які знаходзіцца на адлегласці больш за 20—30 км ад ужо адзначаных намі „прыходскіх цэнтраў“ X—XIV ст., павінен быў мець (сінхронна гэтаму ўпамінанню) свой праваслаўны храм — г. зн. быць цэнтрам асобнага прыходу ўжо на мяжы XIV—XV ст.70
У лік такіх „прыходаў“ (паводле крытэрыю „аддаленасці“) могуць уваходзіць, напрыклад, Докшыцы або Беразіно (Верхняе), Ула, Азярышча, Петрыкаў, Шарашова, Высокае, Свір, Лоеў, Дрысвяты, Стары Лепель, Горы, Дзісна, Койданава (сучасны Дзяржынск), Столін і інш. (гл. карту, № 7).
5.1.4. Дадатковы крытэрый — наяўнасць на тэрыторыі такога населенага пункта слядоў умацавання і культурнага напластавання эпохі Старажытнай Русі — робіць магчымасць існавання там праваслаўнага прыходу ў XIII—XIV ст. практычна стопрацэнтнай, адначасова ўказваючы на магчымасць і яшчэ больш ранняга датавання гэтага прыходу (Лоеў, Дрысвяты, Сураж, Свір, Радомля і інш.)71.
5.2. На заканчэнне, крыху выходзячы за храналагічныя рамкі нашай тэмы, мы можам таксама выказаць меркаванне, што ў канцы XV ст. колькасць прыходаў на тэрыторыі, адзначанай межамі сучаснай Беларусі, набліжалася да тысячы, а асноўная тэндэнцыя развіцця сеткі праваслаўных прыходаў у гэты перыяд можа быць сфармулявана прыкладна так: „Адно сяло — адзін прыход“72.
Ускосным пацвярджэннем таму могуць служыць наступныя лічбы.
Колькасць населеных пунктаў на найбольш падрабязнай гістарычнай карце Беларусі, складзенай М.Ф.Спірыдонавым73 на аснове дадзеных пісьмовых крыніц 2–й паловы XVI ст., складае 2300.
Мы таксама можам прыкладна падлічыць і колькасць уніяцкіх цэркваў, якія існавалі на тэрыторыі Беларусі ў сярэдзіне XVII ст.: 500—600 у Віленскім, Наваградскім і Менскім ваяводствах (разам з Кіеўскім і Троцкім, яны складалі епархію мітрапаліта); каля 1000 — у Полацкім, Віцебскім і Мсціслаўскім ваяводствах (Полацкая архіепіскапія); не больш за 100 — у Пінскай епархіі (складалася з аднаго Пінскага павету Берасцейскага ваяводства); 200—300 — у Берасцейскім ваяводстве (разам з Валынскім ваяводствам і Падляшшам уваходзіла ва Ўладзіміра–Берасцейскую епархію)74.
Усяго мы маем ад 1800 да 2000 прыходскіх цэркваў. Не трэба даказваць, што ўсе гэтыя цэрквы да пачатку XVII ст. былі праваслаўнымі. Калі адняць прыкладна 100—150 храмаў, што знаходзіліся ў 10—15 найбольш буйных гарадах, атрымліваем, што на адзін прыход прыпадала менш за 1,5 населенага пункта (!). Рэальна, нават з улікам верагоднасці завышэння дадзеных аб колькасці прыходаў і магчымай непаўнаты карты М.Ф.Спірыдонава, на адзін прыход прыпадала не больш за 2—3 населеныя пункты, г. зн. указаная тэндэнцыя прасочваецца дастаткова выразна75.
5.3. Нам уяўляецца, што зыходзячы з апрыёрнай пасылкі пра сістэмны характар працэсу хрысціянізацыі Старажытнай Русі, можна зрабіць дастаткова абгрунтаваную выснову аб цеснай прасторава–храналагічнай карэляцыі паміж агульнапрызнанымі рэаліямі гістарычнай геаграфіі Беларусі X—XIV ст. і працэсам развіцця тут сеткі праваслаўных прыходаў у першыя стагоддзі пасля хрышчэння.
Пры ўсёй умоўнасці падобнага метаду яго выкарыстанне ў дадзеным канкрэтным выпадку з’яўляецца адзіна магчымым варыянтам развязання праблемы, якую, нагадаем, немагчыма вырашыць на аснове той базы крыніц, што мы маем на гэты час, і ў рамках традыцыйнай методыкі яе выкарыстання.
БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД, Том 10 Сшытак 1-2 (18-19) Снежань 2003
Похожие страницы :