Знакаміты беларуска-ўкраінскі царкоўна-рэлігійны дзеяч, таленавіты пісь¬мен¬нік-палеміст і філолаг Мялецій (свецкае імя Максім) Сматрыцкі (1577—1633) нарадзіўся ў горадзе Смотрыч на Украіне. Скончыў Віленскую езуіцкую акадэмію, вучыўся ў нямецкіх універсітэтах. Жыў і працаваў у Беларусі, Літве, Украіне. З 1620 г. — архіепіскап полацкі, епіскап віцебскі і мсціслаўскі. Да пераходу ў 1627 г. ва унію ў сваіх публіцыстычных творах ён палка абараняў інта¬рэсы праваслаўнай царквы і яе вернікаў, асуджаў паводзіны беларуска-ўкраін¬скага духавенства і свецкіх арыстакратаў, якія пакінулі веру продкаў, палітыку каталіцкай царквы і вярхоўных улад Рэчы Паспалітай. Пад канец жыцця Мялецій расчараваўся ў артадаксальным праваслаўі і яго святарах, перагледзеў сваю пазіцыю і адмовіўся ад сваіх ранейшых твораў.
Сярод багатай творчай спадчыны гэтага пладавітага публіцыста вылучаецца «Трэнас, альбо Плач... усходняй царквы...», выдадзены ў 1610 г. у Вільні на польскай мове пад псеўданімам Тэафіла Арталога. У гэтым палемічным творы, напісаным эмацыянальна, пераканаўча, вобразнай моваю, аўтар настолькі смела закранаў самыя балючыя пытанні царкоўна-рэлігійных адносін і становішча пра¬васлаўнай царквы ў дзяржаве, што выклікала вялікі грамадскі рэзананс, а яго вы¬даўцы нават падвергліся рэпрэсіям з боку афіцыйных улад. З’яўленне «Трэнаса» значна актывізавала царкоўна-рэлігійную палеміку ў краіне.
Мялецій Сматрыцкі — аўтар славутай «Граматыкі славянскай» (1618—1619), якая з’явілася плёнам яго філалагічных намаганняў і выкладчыцкай дзейнасці. Абапіраючыся на папярэднія «Адельфотес» (1591) і «Граматику словенску» Лаў¬рэн¬ція Зізанія, Сматрыцкі першым у гісторыі славянскага мовазнаўства стварыў поўны, навукова сістэматызаваны курс граматыкі царкоўнаславянскай мовы, выклаўшы яе чатыры асноўныя (як лічылася ў тыя часы) часткі: арфаграфію, этымалогію, сінтаксіс, прасодыю. У прадмове да «Граматыкі» Сматрыцкі прапануе школьным настаўнікам і найлепшую з яго пункту гледжання методыку навучання царкоўнаславянскай мове. Добрае ж веданне і адпаведную павагу да гэтай мовы Мялецій прама звязвае з узмацненнем рэлігійнай свядомасці, якую кладзе ў аснову культурнай самабытнасці свайго народа. Укладзеная на высокім для свайго часу навуковым узроўні «Граматыка славянская» адыграла важную культурна-асветніцкую ролю ў славянскім свеце, стала ўзорам для сербскай, хар¬вац¬кай, расійскай, балгарскай граматык.
Да першага, дауніяцкага перыяду творчасці Мялеція Сматрыцкага належыць таксама «Казанне на пахаванне Лявонція Карповіча» — яркі помнік царкоўна-рэлігійнай аратарскай прозы эпохі Барока. Гэтая пахавальная прамова-пропа¬ведзь была напісана аўтарам у канцы 1620 г. да сарачын з дня смерці чалавека, якога ён лічыў сваім духоўным бацькам, і ў тым жа годзе надрукавана ў Вільні.
Пасля кароткага ўступу прамоўца разгортвае перад слухачамі выклад-асэн¬саванне антрапалагічных і сатэрыялагічных палажэнняў праваслаўнага веравывучэння наконт спосабаў ці станаў чалавечага жыцця і смерці. Вымалёўваецца не пазбаўленая пэўнай арыгінальнасці схема, дзе «живот прироженья», натуральнае прыроднае быццё чалавека супрацьпастаўлены «смерти прироженья» — аддзяленню душы ад цела, г. зн. натуральнай фізічнай смерці; «живот ласки» тлумачыцца як паяднанне чалавека з Богам, чаму супрацьстаіць «смерть греха» — адпадзенне ад Бога; «животу славы» — вечнаму жыццю ў раі — супрацьпастаў¬лена «смерть геенны» — вечныя пякельныя пакуты; «живот смыслов» як пачуццёва-эмацыянальны стан жыцця адмаўляецца «смертью цноты» — вызваленнем ад цялесных прыхільнасцей і страсцей, што максімальна ўвасабляецца ў мана¬скім быцці; а «живот житейский» — свецкае быццё ёсць антыподам «смерти изступленья», г. зн. самавырачэння, адмаўлення ад уласнага «я». Зыходзячы з гэтай схемы, М. Сматрыцкі і характарызуе асобу Лявонція Карповіча як выдатнага царкоўна-рэлігійнага дзеяча, чалавека выключных духоўных якасцей, «святога мужа».
Прадмова Мялеція Сматрыцкага да «Граматыкі» друкуецца з некаторымі папраўкамі па выданні: Прадмовы і пасляслоўі паслядоўнікаў Францыска Скарыны / Скл. У. Г. Кароткі. Мн., 1991. С. 259—264.[p][/p]
Тэкст «Казання» ў скарачэнні і пераклад урыўкаў з «Трэнаса» падаюцца па: Хрэстаматыя па старажытнай беларускай літаратуры / Скл. А. Ф. Коршунаў. Мн., 1959.
Рэдпадрыхтоўка Л. В. Ляўшун.
Пераклад з польскай мовы А. Ул. Бразгунова.
[p][/p]
ТРЭНАС
Р а з д з е л І,
у якім змяшчаецца Лямант, або Нараканне
св. усходняй царквы на выродных сыноў
Жаль жа мне, беднай, жаль жа, няшчаснай! Ах, з усіх бакоў з маёмасці абрабаванай! Жаль жа мне, на ганьбу свету з шатаў абадранай! Бяда мне, нязносным цяжарам прыгнечанай! Рукі ў кайданах, ярмо на шыі, путы на нагах, ланцуг на клубах, меч над галавою двувостры; вада пад нагамі глыбокая, агонь па баках непагасны, адусюль крыкі, паўсюдна страх, паўсюль пераследы. Бяда ў гарадах і вёсках, бяда ў палях і дубровах, бяда ў гарах
і прорвах зямных. Няма ні якога спакойнага месца, ні бяспечнага прытулку. Дзень — у болях і ранах, ноч — у стогне ды ўздыханні. Лета для мяне спякотнае да страты прытомнасці, зіма марозлівая да смерці, бо ва ўбостве зношу нагасць і часам на смерць падвяргаюся пераследу. Раней ладная і багатая, цяпер я — агідная ды ўбогая. Калісьці любая ўсяму свету каралева, цяпер я ўсімі пагарджаная і вартая жалю. Прыйдзіце да мяне ўсе жывыя, усе народы, усе жыхары зямныя, прыслухайцеся да голасу майго
і зразумейце, чым была я раней, і падзівіцеся! Цяпер я — пасмешышча для свету, а раней — для людзей і анёлаў задзіўленне.
Пякнейшай за ўсіх была я, прывабная і мілая, прыгожая, як заранка на ўсходзе, пекная, як месяц, непаўторная, як сонца, дзівосная дачка і абранніца сваёй маці, адзіная чыстая галубка, беззаганная і без ганьбы й няславы, або чагосьці падобнага. Алей праліты — імя маё, крыніца жывой вады — прозвішча; убачыўшы мяне, дочкі сіёнскія прадказалі, што стану я найблаславёнейшай каралевай. А карацей кажучы, тым была я між дачок сіёнскіх, чым Ерусалім спаміж усіх гарадоў жыдоўскіх, і чым ёсць лілея між церня, тым я была сярод дзяўчын. Праз гэтую прыгажосць узжадаў майго хараства кароль, пякнейшы за ўсіх сыноў чалавечых, і, палюбіўшы мяне, з’яднаў з сабою вечнай лучнасцю шлюбу. Дзяцей спарадзіла і выхавала, а яны мяне выракліся і зрабіліся маімі пасмешнікамі і абражальнікамі. Бо здзерлі з мяне шаты мае і голую выгналі мяне з дому майго, абадралі аздобы цела майго
і ўпрыгожанне галавы маёй узялі.
Што можа быць горшым? Дзень і ноч прагнуць беднай маёй душы і пра загубу маю думаюць увесь час. О вы, каторыя стаіце прада мной, вы, каторыя глядзіце на мяне, паслухайце і падумайце, дзе (яшчэ) ёсць боль, роўны майму болю, дзе смутак і жаль, роўны маёй жальбе!
Дзяцей спарадзіла і выхавала, а яны мяне выракліся і давялі да майго заняпаду. Вось чаму і сяджу цяпер, як адна з (тых) удоў, што лямантуюць! Некалі ўладарка ўсходу і захаду сонца, паўднё¬вых і паўночных краёў, плачу ўдзень і ўначы, і слёзы, як рачныя плыні, цякуць па маіх шчаках і няма каму суцешыць мяне; усе аддаліліся ад мяне, усе пагардзілі мною. Крэўныя мае ад мяне далёка, прыяцелі мае сталі непрыяцелямі, сыны мае, пазайздросціўшы яшчарынаму племю, уядаюцца мне ў чэрава заразнымі джаламі.
Слухай жалобную аповесць маю кожны народ, адкрый вушы ўсялякі, хто ў крузе зямным жыве! Сыны і дочкі мае, якіх спарадзіла я і выхавала, мяне пакінуўшы, пайшлі да той, каторая іх не выпакутавала, каб напоўніцу насыціцца з ейнай укармлёнасці. Святары мае аслеплі: ад бляску багацця. Пастыры мае — не жадаючы бачыць, што змаганне ідзе за душы,– знямелі. Старцы мае здурнелі. Юнакі мае здзічэлі. Дочкі мае аддаліся распусце, і ўсе, аднадушна Бога і праўду яго занядбаўшы, супраць душы маёй учынілі змову.
Раззявілі пашчы свае і, са свістам, скрыгочуць на мяне зубамі, кажучы: «Вось ужо надышоў той дзень, каторага мы чакалі, пойдзем жа і знішчым яе і выкаранім з зямлі памяць пра яе!» Замест любові ганьбяць мяне, а за дабрыню маю злосцю мне плацяць і нянавісць за любоў маю даюць мне на ўзнагароду. Заместа багатых шатаў маіх уздзелі на мяне спарахнелыя анучы, і зрабілася для іх пасмешышчам.
О пакуты душы маёй! Жаль жа мне, абшарпанай, бяда мне, пагарджанай, прытупілася ад пастаянных слёз вастрыня вачэй маіх, узрушыўся ўнутраны спакой, змарнела ў пакуце цела маё,
а гады — ва ўздыханні, і косці мае высахлі, як скваркі, пасечана я, нібы сена, і завяла сэрца маё ад галашэння майго, прысохлі косткі мае да цела майго.
Раззеўрылі на мяне свае пашчы — варожыя пашчы, напоў¬неныя здрадлівымі й падманнымі словамі. Пабралі ў рукі сякеры ды шукаюць душы маёй, каб загубіць яе.
Паўсюдна сеткі, усюды ямы, адусюль заразлівыя джалы. Тут — драпежныя ваўкі, а там — рыкаючыя львы. Адсюль — атрутлівыя смокі, а стуль — лютыя васіліскі. Не бачу, куды павярнуцца, не ведаю, куды падацца. Ці не ёсць гэта, о неба і зямля, новая пакута і нечуваны жаль, што спарадзіла і выхавала сыноў, а яны ад мяне адракліся? Аднаму мужу была пашлюбёна дзяўчынай, аднаму за жонку аддадзена, ад аднаго зачала, у адным лоне насіла, адным малаком карміла, аднак жа (на жаль) бачу сыноў сваіх, на пакуту і сорам сабе, рознымі па звычаях. Няма аніводнага, каторы пайшоў бы за маці. Ды яшчэ і горш! Вырадкам і падазроным пазайздросціўшы, навастрылі на бацькоў языкі свае. Бацьку сарамацяць, пра маці кажуць няпраўду. Бацькавай навукай пагардзілі, матчына старанне зняважылі, усе разам адпалі ды распуснымі парабіліся. Нямя сярод такой вялікай лічбы аніводнага, каторы чыніў бы добрае (...).
Няма аніводнага. Усе паўсталі супраць мяне, як бы супраць той, якая ніколі імі не пакутавала. Усе ўзброены, як на галоўнага ворага, узбунтаваліся і шукаюць душу маю, каб выправіць яе на выгнанне. Няшчасная ж я маці! Што ж я такое ўчыніла, што зношу цяжкі пераслед ад маіх уласных сыноў? Што ж я вартага смерці зрабіла, што жыццё маё ў небяспецы? (...)
Хай жа ў іх неўтаймоўнай злосці знайду я прычыну: ці то ад бацькі, па праву нараджэння, ці то ад маці, у выніку выхавання, дасталася ім? Бо як добры плод сведчыць пра добрае дрэва, так і добрыя звычкі дзяцей кажуць пра добрае жыццё бацькоў. Таксама і ў адваротным выпадку злосці бацькоў прыпісваюць часам тое, што асуджаецца ў нашчадках. Але нічога такога не знойдзецца ў бацьках. Бо бацька — добры, ціхі, сціплы, лагодны, ласкавы, пакорлівы і аж да смерці паслухмяны. А маці — чыстая, святая, беззаганная, дабрадайная і ветлівая. Бацька — мудры, справядлівы, шчодры, міласэрны, на гнеў не паспешны, а на ласку ахвочы, не дужа строгі і гнеў яго непрацяглы. Маці — такая, што любіць дзяцей, навучае, клапоціцца пра сваіх, паслухмяная да крыві ды ўсялякімі цнотамі ўпрыгожаная і ўзбагачаная праз таго, які яе пашлюбіў. Таму ні права бацькоўскага нараджэння, ні матчына малако не былі прычынай гэткай вялікай злосці (...).
Засмучаная, убогая і з усіх маці самая няшчасная — я, каторая дзе ні абярнецца, паўсюдна сыноў маіх здраду бачу. Тут непраходныя ямы капаюць, там закідваюць драцяныя сеткі, адсюль атрутлівыя джалы выпускаюць, а стуль смяртэльныя атруты ліюць: адны яўна, другія тайна, некаторыя праз ліслівасць, а некаторыя праз пагрозу, аднак усе аднолькава майго жыцця прагнуць; усім адна маці зненавісная (...).
Бяда мне, няшчаснай, што сыноў спарадзіла сабе на пакуту,
а дачок — на раны! Лепш бы мне, насамрэч, было жыць бяздзетнай, як глядзець на гэткую гушчу палкоў з бязбожных сыноў. Лепш, сапраўды, было ім не нарадзіцца, як, нарадзіўшыся, пераняць у спадчыну вечную пагібель, у якой лягчэй будзе Садому
і Гаморы, чым ім (...).
О біскупы, біскупы! О сыны, каторыя бацькам і маці пагар¬дзілі! Дзеткі, у каралеўскіх палацах народжаныя і выхаваныя,
а цяпер у корчмы й шалашы завабленыя! Дакуль сном гультайства будзеце спаць? Колькі яшчэ гнюснай нядбайнасці з вачэй сэрцаў вашых не будзеце абціраць? Прыйдзіце да водных вытокаў чатырох евангельскіх плыняў і абмыйце гразь простасці розуму вашага! Ці ж вам яшчэ нядосыць той неацэненай страты, якую праз вашу нядбайнасць я зношу; такой вялікай страты золата, срэбра, перлаў і дарагіх каменняў, якімі, дзякуючы вашаму бацьку, была я ўпрыгожана праз колькі дзясяткаў гадоў як найслаўнейшая каралева? Дзе цяпер той неацэнны каменьчык — як зіхоткая лямпа карбункул, каторы я спаміж іншых перлаў, як сонца між зорак, у кароне галавы сваёй насіла, — дом князёў Астрожскіх, які бляскам святла сваёй старадаўняй веры ярчэй за астатнія зіхацеў? Дзе й іншыя дарагія і таксама неацэнныя з той самай кароны каменні — слаўныя дамы рускіх князёў, каштоў¬ныя сапфіры і бясцэнныя дыяменты: князі Слуцкія, Заслаўскія, Збаражскія, Вішнявецкія, Сангушкі, Чартарыйскія, Пронскія, Ру¬жынскія, Саламярэцкія, Галаўчынскія, Масальскія, Горскія, Сака¬лінскія, Лукомскія, Пузыны й іншыя без ліку, якіх па адным пералічваць была б доўгая справа? Дзе разам з імі й іншыя неацэнныя мае скарбы: радавітыя, кажу, слаўныя, дабрамысныя, моцныя і даўнія дамы славутага па ўсім свеце добраю славай, магутнасцю і мужнасцю рускага народа: Хадкевічы, Глябовічы, Кішкі, Сапегі, Дарагастайскія, Войны, Валовічы, Зяновічы, Пацы, Халец¬кія, Тышкевічы, Корсакі, Храбтовічы, Трызны, Гарнастайскія, Бокіі, Мышкі, Гойскія, Сямашкі, Гулевічы, Ермалінскія, Чалганскія, Каліноўскія, Кірдзяі, Загароўскія, Мялешкі, Багавіціны, Паўловічы, Сасноўскія, Скуміны, Пацеі й іншыя?
Не згадваю тут шырокай у княствах і паветах Рускай зямлі той каштоўнае шаты сваёй, выаздобленай незлічонымі перламі
і рознага колеру каменьчыкамі, якой я заўсёды аздабляла сябе.
Аднак жа вы, злачынцы, абрабавалі мяне на такую аздобную шату і над убогім целам маім, з якога ўсе вы пачаліся, здзек чыніце і пасмешышча! Ды пракляты ўсялякі, каторы з пагардай нагасць маці сваёй адкрывае, праклятыя і вы, каторыя з нагасці маёй насміхаецеся і цешыцеся! Прыйдзе той час, калі будзеце саромецца гэтага ўсяго! Лепш бы вам, сапраўды, было не спазнаць святла праўды, як спазнанае адкінуць, загасіць і патаптаць! А ці ж пастыр ты, каторы пастырствам ганарышся, а загубай авечак падманваеш Бога? Ці ты святар, каторы выхваляешся пасвячэннем, а ганьбаваннем святасці выракаешся Бога? Ані жыццё, ані звычаі, ні абыходжанне, ні адзенне не выяўляюць у вас настаўнікаў; ні мудрасць, ні навука, ні размова не сведчаць пра вашае пасвячэнне і пастырства. У жыцці вы — карчмары й купцы, у звычаях лежабокі, у размове невукі, у абыходжанні крывадушныя лісы, а ў адзенні драпежныя ваўкі.
Што ж яшчэ магу я сказаць пра ўласцівасці вашага розуму?! Мудрасць ваша, уменне, размова — бязглуздыя, марныя і распусныя; і непрыстойныя забавы, у якіх і самі вы, і тыя, што з вас бяруць прыклад, загінеце (...).
Утаймуйце сардэчныя ўздыхі, атрымаеце ад маці вашай па заслу¬гах пры канцы яе жыцця! Абатрыце сплаканыя вочы той, што вас спарадзіла, каб яе крывавыя слёзы не ўпалі часам на вас,
а лямант вашае маці вас не загубіў! Не па тытуле, але самой справай жадайце стацца святарамі, не на слове, а ва ўчынку старайцеся быць настаўнікамі. Каму ж я тое кажу, да каго ж [звернуты] гэтыя словы мае? Да жалезнай сцяны, ці, хутчэй, на вецер іх пу¬скаю? (...)
Р а з д з е л ІІ,
у якім змяшчаецца перасцярога ўсходняй царквы сыну,
які пакінуў яе разам з іншымі
Сыне! Вось я, маці, з усялякім блаславенствам Божага прыві¬тання станаўлюся перад табою. Вось стаю перад абліччам тваім
і з пакорай прашу ў цябе дазволу на лагодную размову з табой.
Падымі сваю вялебную галаву і з радасцю ў вачах зірні на сваю маці, зірні, сыне, і пазнай мяне, акажы чалавечнасць і пакору, дзецям уласцівую, дапусці мяне да сябе і, працягнуўшы рукі, прыймі мяне, няхай не счарсцвее тваё сэрца; падымі вочы свае на збалелую маці сваю і ласкавым паглядам зажадай яшчэ, каб цяпер са мною спакойна паразмаўляць, бо не дзеля таго прыйшла я да цябе, каб з цябе кпіць, але каб навучыць, не дзеля таго прыйшла, каб у табе абудзіць гнеўны запал, але каб зрабіць цябе рахманым і пакорлівым! Не з’явілася я дзеля разрыву сыноўскай любові да маці, але хутчэй дзеля яе аднаўлення. Падзівіся, сыне, гледзячы на нечуванае матчына прыніжэнне, і злітуйся над невымерным плачам, жалем, пакутай і смуткам маім, прычынай якога з’яўляецеся ты сам і твае астатнія браты, а мае малодшыя сыны.
Выхавала ж я вас з радасцю, а страціла з плачам і болем; спарадзіла вас на ўцеху і як апірышча ў старасці маёй, а зазнала ад вас горшай, як ад яўных маіх праціўнікаў, варажнечы, горшай нянавісці, люцейшага прыцяснення, бязлітаснага пераследу і шкод¬нага заняпаду. Дзеля вас і праз вас я, няшчасніца, вашая маці, зрабілася ўбогай, пакутніцай, асірацелай і пагарджанай ці не ўсім светам, каторая цяпер (ах, на жаль!), седзячы над знянавісным берагам салёнай вавілонскай вады і бачачы вас саміх і мноства іншых, з вашай жа, сыноў маіх, віны ў ёй патанаючых, плачу горкім і несуцешным плачам і жаласлівы, поўны болю голас майго ляманту ўзношу пад самыя аблокі (...).
Няхай жа кране цябе сыноўскае спачуванне да сваёй маці; няхай уразіць тваё сэрца гэты такі горкі і ў самі нябёсы прані¬каючы плач, маё ўздыханне і галашэнне! Суцеш мяне дзеля Бога, прашу цябе, сыне; суцеш у гэтым цярпенні маім, бо ад маладосці тваёй не пераставала я суцяшаць цябе! Абцяры слёзы з вачэй маіх сваім апамятаваннем і павяртаннем, бо я табе ў леты дзяцін¬ства твайго не давала прычын для плачу!
Застанься, сыне, пры маці сваёй у яе старасці, бо пракляты Госпадам кожны, каторы пакідае яе ўчынкам і словам; ушануй мяне і мецьмеш блаславенне ад найвышэйшага! Не давай нагоды, каб праклінала цябе твая маці, бо матчын праклён выверне
з падмурку дамы сыноўскія!
Што ж табе за слава з абразы маёй? І што за ўцеха з майго зганьбавання? Таму паслухай, сыне, уважна маю навуку і прымі маё папярэджанне, узгадні сваю волю з намерам свайго бацькі,
і будзе табе добра (...).
Похожие страницы :
Нет похожих страниц.