БЕЛАРУСКАЯ МОВА (вар. КРЫЎСКАЯ МОВА) — яна звініць, крычыць, спявае і гамоніць у аповесці, як тыя валасы, што ажылі і заварушыліся на галаве ў небаракі Генрыка. Пераклад Міколы Хаўстовіча — гэта хутчэй не пераклад "Шляхціца Завальні" з польскай на беларускую, а вяртанне да той веквечнай прамовы, на якой быў створаны не сам тэкст, а ягоны падтэкст. Уласна ж беларуская мова, вылучаная ў перакладзе курсівам, складае цэлы тэкст унутры тэксту; тут фальклорны матэрыял (песні, прыказкі, выслоўі), простая мова персанажаў, нават гутаркі. Беларуская мова з'яўляецца тады, калі тэкст даводзіць сваю антыкніжную, аўтэнтычную прыроду. Два моўныя пласты адлюстроўваюць адметнасць крыўскай мовы, феномену, увасобленым Вацлавам Ластоўскім у ягоным "Расійска-крыўскім (беларускім) слоўніку". Словы кшталту навец, жамяра, пэўна, з'явіліся ў тэксце дзякуючы моўнаму досведу В.Ластоўскага.[p][/p]
БЕЛАЯ САРОКА — дэманічная істота, жанчына-птушка, якая прыносіць з сабой бязлад¬адзе і заняпад. Разам з асташамі, Чарнакніжнікам уваходзіць у дэманічны пантэон ворагаў Крыўі. М.Хаўстовіч бачыць у вобразе гаспадыні Паўночнае краіны "выдатны алегарычны вобраз Кацярыны II". Пэўна, нейкія палітычныя алюзіі гэты вобраз у сабе змяшчае. Але ён у абагульненай форме персаніфікуе ў сабе і метафізічнае ліха, скіраванае супраць Люду беларускага. Белай Сароцы проціпастаўлены вобраз Плачкі.[p][/p]
ВАРГІН — дэманічны чорны кот, які сваім ваблівым варкатаннем плодзіць у чалавечых галовах вос, матылёў ды іншую жамяру. Аўтэнтычная свядомасць здаўна не давярала катам, падазраючы іх у зносінах з нячыстай сілай. Пісьменнікі-фантасты і сёння сцвярджаюць, што каты і сабакі маюць доступ да шостага ці сёмага вымярэння. у якім засталіся нашыя колішнія спадарожнікі — дамавікі, лесуны, русалкі. Але на чорных катоў, як звычайна, намаўляюць і шмат дарэмшчыны. Прынамсі, ахвяры ката Варгіна мусяць вінаваціць у сваіх нягодах перадусім сябе. Кацінае варкатанне вызваляе ў іх істотах несвядомыя сублімаваныя жаданні, прыхаваныя ў глыбокіх сховах душы. Гэтыя ком¬плексы матэрыялізуюцца ў абліччы жамяры. У галаве ў звяглівай Антосі заводзяцца восы, у раздуранай і легкадумнай паненкі Зосі — рознакаляровыя матылі. А з галавы пыхлівага і зайздрослівага пана суддзі Дадэмухі "выляталі пухіры накшталт мыльных бурбалак і, лопаючыся пад столлю перамяняліся ў жахлівых пачвараў — тут і крылатыя гадзюкі, і цмокі, і іншая брыдота, падобная да спарахнелых шкілетаў".[p][/p]
ВАЎКАЛАКІ — як бачым, вяліся не толькі ў Трансільваніі, але і ў Беларусь У былічках, нават да¬кументальных крыніцах апісваюцца шматлікія выпадкі, звязаныя з ваўкалакамі. Адзін з такіх выпадкаў узноўлены і ў Баршчэўскага. Існавалі рэцэпты ператварэння чалавека ў ваўкалака і наадварот. Сцвярджаецца, што гэтай ведаю валодаў і славуты крывіч Усяслаў Чарадзей. У нашыя дні здарэнняў з ваўкалакамі паменшала, але яны працягваюць фіксавацца. Некалькі год таму ваўкалак блукаў па вуліцах Санкт-Пецярбурга. На ўсялякі выпадах, вось адзін рэцэпт адчаравання ваўкалака, апісаны В.Нікіфароўскім: "Трэба перакінуць цераз Ваўкалака суконны пояс, часам граблі, часам вілы так, каб кінуты прадмет закрануў яго толькі заднім канцом і пераляцеў ад галавы да хваста".[p][/p]
ГАФМАНІЗМ — закладзеная Э.Т.А. Гофманам традыцыя спалучэння рэальнага і фантасмагарычнага планаў. Скарыстоўвалася, у прыватнасці, М. Гогалем і М. Булгакавым. Не зусім слушна, аднак, называць Я.Баршчэўскага "беларускім Гогалем" або "беларускім Гофманам" за скарыстанне названага прыёму. Сваю "антытрадыцыйнасць", "антыкніжнасць" ён даводзіць у выглядзе творчай дэкларацыі: "Я не пераймаю формаў, якія любілі пісьменнікі англійскія або французскія; лічу, што чужаземнае не будзе пасаваць негаваркому жыхару Беларусі. Узяў я фор¬му з самое прыроды". Т.ч., гафманізм Баршчэўскага вырастае з міфалагічнай аўтэнтыкі, беларускае (крыўскае) глебы. Ён менавіта вырошчваецца, а не выбудоўваецца як кніжная мадэль. Рэальнасць і фан¬тасмагорыя не ўзаеманакладваюцца, а зрошчваюцца. Кожны з апавядальнікаў клянецца, што кажа не казку, а шчырую праўду.[p][/p]
ЖАБЕР-ТРАВА — цудадзейная расліна, з дапамогай якой чалавек выпраўляецца ў трансцэндэнтальнае падарожжа, скажам, у будучыню. Магчыма, лісце жабер-травы змяшчае моцны галюцынаген. Маем паралель з раманнай серыяй Карласа Кастанеды, у якім персанажы здзяйснялі містычныя вандроўкі пры дапамозе галюцынагенавых грыбоў або кактусаў. Цікава, што цыган Базыль так і не скончыў свайго аповеду пра пана Адольфа, якога лісце жабер-травы прывяло ў нейкі паралельны свет, адкуль не знайшлося зваротнага шляху. Так незваротна сышоў і кастанедаўскі Дон Хуан, а за ім следам, зусім нядаўна, — і сам Карлас Кастанеда.[p][/p]
ЖАМЯРА — (вар. ЖАМЯРЫЦА, у Ластоўскага — ГМЫЗУРА) — дробныя, агідныя, нячыстыя жывёліны. Няварта атаясамліваць слова толькі з насякомымі. У гісторыі пра ката Варгіна жамярой называюцца восы, матылі, жабы, мышы, нават крылатыя гадзюкі і невялікія цмокі.[p][/p]
ЗАВАЛЬНЯ — так зваўся гэты спагадлівы пан, які выстаўляў у зімовую ноч, калі завіруха і кудаса, свечку на падвоканне ў сваёй хаце. Выспа пасярод Нешчарды, дзе месціўся дамок пана Завальні, ёсць і дасюль, а самога дамка няма. Гадоў дваццаць пяць таму, калі ўпершыню я наведаў берагі Нешчарды, тутэйшыя жыхары ані не ведалі ні пра Завальню, ні пра Баршчэўскага. Але ўжо ў 1990-я яны прызвычаіліся да набегаў філолагаў, этнографаў, гісторыкаў і сустракаюць іх пытаннем: "То мо зноў ад Баршчэўскага будзеце распытваць?" Новае, забранзавелае быццё Баршчэўскага, што пачалося пасля ўзвядзення яму помніка, дало пачатак і новай міфатворчасці. Якая-небудзь дзевяностагадовая бабулька, цягнучы вас за крысо пінжака, будзе пытацца: "а ці ведаеце, чаму таго дзядзьку клікалі Завальнем? Таму, што ён адно ляжаў на печы, анічога не рабіў, толькі казкі слухаў. То пра яго і казалі: ляжыць, як завала". У гэтай міфалагеме — усе адносіны нашага народу да дзеячаў тыпу Абломава. Вядома, літаратурны Завальня — не абібок і не марны летуценнік, а гаспадар з жывым практычным розумам, разважлівы, пабожны, жывы, так бы мовіць, рэзанёр, але са сваім "прыбабахам" — наконт жахлівых гісторыяў. Ды хто іх не любіць? Ліса ў вядомай беларускай казцы прымушала дразда спачатку яе накарміць, напаіць, насмяшыць, а потым — напалохаць. Ян Баршчэўскі выдатна адчуў гэтае патаемнае жаданне кожнай істоты і задаволіў яго.[p][/p]
КАЛЯНДАР — адзіная кніга, пасля "Бібліі", якую прызнае і чытае шляхціц Завальня. У "Бібліі" ён, як і крывіч Скарына, знаходзіць амаль усё, што патрэбна для душы і для розуму. Уся астатняя мудрасць — гаспадарчыя парады, назіранні за прыродай і колькі займальных гісторый змяш¬чае ў сабе "Каляндар". Гэта — той мінімум тэксту, што патрэбен чалавеку аўтэнтычнаму, які жыве ў згодзе з Богам, прыродай і людскімі законамі. Прыгадаем, што Каляндар быў у ліку першых і, значыцца, самых памятных кніг Янкі Купалы. Каляндар падкрэслівае розніцу паміж кніжнай схаластыкай і жывой ведай — антытэзу, на якой палягае мастацкая канцэпцыя аповесці. Архетып календара адпавядае цыклічнай фор¬муле жыцця; кола дзён — улюбёная кампазіцыйная схема беларускага эпасу, ад "Пана Тадэвуша" да "Адвечнай песні", "Новай зямлі", "Палескай хронікі". Дарэчы, Ка¬ляндар дапамагае ідэнтыфікаваць рэальны час твора — рэч дзеецца ў 1817 годзе. У гэты год шляхціцу Завальню пераказалі шэптам нейкую нядобрую навіну, пачутую ад пана пракуратара, і яна значна сапсавала яму настрой. Што тое была за навіна — пра гэта варта запытацца ў гісторыкаў.[p][/p]
КНІГА "ТЫСЯЧА I АДНАЕ НОЧЫ" — з ёю найчасцей параўноўваюць твор Яна Баршчэўскага. Але мы ведаем стаўленне аўтара да літаратурнага пераймання (гл. арт. Гафманізм). Рэальна два эпасы — беларускі і арабскі — лучаць фальклорна-этнаграфічны аўтэнтызм, прысутнасць слухача і апавядальніка і скрынкавая кампазіцыя.[p][/p]
КРЫВІЧЫ (вар. ЛЮД БЕЛАРУСКІ) — насельнікі Крыўі, якіх Баршчэўскі найчасцей называе Людам, Людам Беларускім. Аўтар падкрэслівае, што накладае на народны характар тутэйшая прырода, суворы клімат. "У бедных вёсках у святочныя і будзённыя дні заўсёды пануе нейкая панурая цішыня; рэдка адгукнецца песня жняца або ратая, і па гэтым спеве можна лёгка зразумець яго заклапочаныя думкі, бо няўрод часта ашуквае тут надзеі працавітага земляроба...". Аўтар адзначае меланхолію як дамінанту тутэйшага песеннага фальклору: "Нават вясельныя песні, дзе маладым зычаць шчаслівага супольнага жыцця, маюць у сабе нейкае пачуццё смутку, як быццам яны не давяраюць будучаму лёсу ў гэтай юдолі пла¬чу...". Някідкі й антрапалагічны партрэт крывіча, што праглядаецца праз аблічча рыбака Родзькі: "Росту ён быў малога, твар бледны і сухі, жарыя вільготныя валасы неахайна падалі на плечы..." Адчуваецца той жа прыём — прыбядненне, — з якім беларускія аўтары распавядаюць пра тутэйшае. Разам з тым з прытоеным гонарам Баршчэўскі апісвае вясельны абрад выкупу нявесты, які параўноўвае з рыцарскім. Усе ягоныя просталюдзіны з годнасцю і самавітасцю, хаця негаваркія ды сціплыя. Як гэта нагадвае постаць крывіча-выраджэнца, выведзеную В. Ластоўскім у "Прывід!".[p][/p]
КРЫЎЯ (вар. КРЫВІЯ) — назва легімітызаваная В.Ластоўскім, заснавальнікам крыўскай канцэпцыі Беларусі. Вядома, трэба быць ураджэнцам Паўночнае Беларусі, каб прыйсці да крыўскае ідэі. В.Ластоўскі рэдагаваў газету "Крывіч", ствараў "Расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік", і мроіў пра бязмерна старажытную крыўскую цывілізацыю, лёс якой увасобіў у "Лябірынтах". У Яна Баршчэўскага слова "Крыўя" не прамовіцца аніводнага разу. Але вымярэнне Крыўі — яе глыбокая старасветчына, крыўскі менталітэт — адчуваюцца паўсюль. Нарэшце, геапрастора: Ян Баршчэўскі памяшчае апісаны ім край у трохкутнік паміж Полацкам, Себежам і Невелем, у басейне Палаты, Дрысы і рачулкі з песеннай назваю Лаваць. "Неўраджайная і ўбогая краіна", — раз-пораз прамільгне ў апісанні Крыўі Баршчэўскім, і гэта ўспрымаецца як традыцыйнае беларускае прыбядненне. "Невясёлая старонка / Наша Беларусь. / Людзі — Янка ды Сымонка, / Птушкі — дрозд ды гусь", — абзавецца ў тон яму Янка Купала. Наўмыснае прыбядненне спрадвек ратавала беларусаў ад назойлівай цікавасці чужынцаў. Прырода Крыўі, наўпраўду не надта шчодрая, усё ж абумовіла ментальнасць крывічоў. Трэба, аднак, памятаць, што ў аб'ёмным гістарычна-культурным кантэксце Крыўя — не сінонім Беларусі і не яе рэгіён, а адна з яе іпастасяў, накшталт Літвы.[p][/p]
ЛАСТОЎСКІ Вацлаў (1883–1938 ) — беларускі пісьменнік, культуролаг, лінгвіст. Заснавальнік крыўскай канцэпцыі Беларусі, балазе суворы, паўночны край, апісаны Баршчэўскім, быў і ягонай радзімай. Аўтар "Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі", "Расійска-крыўскага (беларускага) слоўніка", аповесці "Лябірынты", шэрагу мастацкіх і публіцыстычных твораў, у якіх крыўская тэорыя набывае рысы завершанасці і вычарпальнасці. Пераемнасць у дачыненні да спадчыны Баршчэўскага выглядае як творчае сумоўе, дыялог, які адбываецца па-за часавымі межамі. Абодва аўтары апісваюць Крыўю, Полацак, тутэйшыя таямніцы і рарытэты, паглыбляюцца ў міфатворчасць. Пра гэта сведчыць пераказанае абодвума паданне пра Гаўраў і Стаўраў. У лексіконе Ластоўскага і перакладным тэксце "Шляхціца..." ужываныя крыўскія словы кшталту жамяра, навец ды інш.[p][/p]
МОРА — у Беларусі яно некалі было, пра што сведчаць выкапні Палескае катлавіны, але потым... "акупанты змяшалі яго з гразёй, дык засталося толькі Пінскае балота" (Я. Купала, "Тутэйшыя"). Крывічы калісь мелі фарпосты на Варажскім моры. Не маючы выйсця да мора, беларусы пакутуюць адвечнай нэндзай па ім, ад чаго і нараджаюцца мроі. Яны прысвячаюць яму вершы, у якіх навальнічнае мора выглядае як разгайданае палескае балота (гл. "Мора" Цётка). Ян Баршчэўскі ў Пецярбургу, меланхалічна сузіраючы Фінскую затоку, узгадвае пра Нешчарду, якая ўяўляецца яму сапраўдным морам: "Дзень быў нейкі хмарны. Хвалі біліся аб беpaг...".[p][/p]
НАВЕЦ — нябожчык. "Наўцом называюць сьвежа памершага нябошчыка, а такжа нябошчыка які ходзіць па сьмерці і высысае ў жывых кроў (рас. вурдалак, полъск. upior). Навец процістаўляецца мярсьню, памершаму, які рассыпаўся і нямае ўжо цела, а паказуецца толькі як дух..." (Ластоўскі, "Расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік". Слова сустракаецца ў беларускім перакладзе "Шляхціца Завальні...", прыкладам, у раздзеле "Стогадовы стары і чорны госць", што сведчыць пра пераемнасць творчасці Баршчэўскага і Ластоўскага.[p][/p]
НЕШЧАРДА — адно з самых вялікіх азёраў у Беларусі, дзесьці як Нарач, Дрысвяты, Асвея, Снуды. I адно з самых халодных, няветлых, адкуль мо й паходжанне назвы — ад "няшчодра". Калі ў непагадзь яно пахмурнее, збіраецца ў маршчакі, дык выглядае рыхтык мора. Але яно спагадлівае і пяшчотнае да шчырых і чыстых людзей, такіх, як шляхціц Завальня — па сутнасці, гаспадар возера. Мне давялося некалькі разоў быць на яго берагах, бачыць апісаныя Баршчэўскім прыбярэжныя пясчаныя горы, лазняк, паплавы, белых крачак пад хвалямі. У рачулцы, што выцякае з Нешчарды, я ўлавіў двух печкуроў. Але не казаліся мне цмокі, апісаныя Баршчэўскім, не выставіў над вадой шатан. Але я памятаю і іншую Нешчарду — у раз'ятраны, гарачы жнівень 1994 года, калі возера нагрэлася, як саган з юшкай, і праз усю рабінавую ноч у ім нешта булькацела, плескалася, уздыхала ды цмокала. А ўранні на хвалях пакалыхвалася пустая змя¬іная скура — ці то рэшткі ад здохлага цмока, ці то скінутая вопратка маладой вужачкі...[p][/p]
ПАЛЁНКА — адмысловы трунак з паленай гарэлкі, журавінаў і мёду; крыўскі пунш. Патрэбны, каб грэць душу й цела падмерзлага крывіча. Жыхары Паўночнае Беларусі маюць патрэбу ў сугрэве, таксама як і скандынавы. На гэтую акалічнасць фрывольна намякнуў крывіч з Ушаччыны Рыгор Барадулін у "Здубавецьці", разважаючы над скаромнымі крывіцкімі прыпеўкамі: "Насельнікі халаднаватай часьціны планеты грэлі свой юр, ятрылі сябе словам моцным, як пяршак. Каб род ня зьвёўся". Палёнка — культавы аб'ект мясцовага патрыятызму, Вось што кажа пан Сівоха: "Як не¬разумна... прывозіць з Рыгі аракі і замежнае віно, у якое, як я чуў, дзеля смаку немцы дадаюць не вельмі добрыя для здароўя прыправы, і яшчэ дорага за яго плаціць. Лепей выкарыстаць грошы на што іншае. У нас ёсць свае, выдатныя на смак і не шкодныя для здароўя, напоі. Напрыклад, гэтая палёнка! Хвораму чалавеку можна выпіць шкляначку — не пашкодзіць, а дапаможа; ад ліхаманкі, ад прастуды — адзіныя лекі!"[p][/p]
ПЛАЧКА - увасабленне слыннай жаночай пасіянарнасці, гэтак пашыранай на беларускай ды крыўскай землях. М.Хаўстовіч дасціпна выводзіць генеалогію вобразу ад "Трэнасу" Мялеція Сматрыцкага. Плач жанчыны мусіць суцешыцца мужчынскай суворай сілай. Найбольш радыкальныя нашыя пасіянаркі, кшталту Эміліі Плятэр, не чакалі, пакуль выспеюць гронкі гневу, самі сядалі ў сядло і бралі зброю. У творы Яна Баршчэўскага суцяшальнікам Плачкі выступае Сын Буры. Агну Вецер суцяшае яе сын Васіль, "Марыську чарнаброву" — Кас¬тусь Каліноўскі.[p][/p]
ПОЛАЦАК — першая сталіца Беларускае дзяржавы, адвечны цэнтр Крыўі. Паводле В.Ластоўскага — цэнтр найстаражытнай цывілізацыі, сувымяральнай па¬водле ўзросту з ягіпецкай або шумерскай. Ян Баршчэўскі не заглядаў гэтак далёка ў гістарычную мінуўшчыну, але ягоная міфалагічная даўніна сягае яшчэ глыбей. Згадваюцца незвычайныя людзі-асілкі, што жылі даўней, у касмічна аддаленым часе. У вачах шляхціца Завальні Полацак — цэнтр асветы, асяродак кніжнае навукі; ён жа — і крыніца заразы, ад якой пашыраецца чарнакніжніцтва. Пан Твардоўскі, дарэчы, таксама атабарыўся ў Полацку. Таму Завальня з павагай і адначасна з насцярогаю ставіцца да вялікага ў ягоных вачах места і засцерагае пляменніка і сыноў ад гарадскіх спакусаў.[p][/p]
ПАЛТАРГЕЙСТ — анамальная з'ява, імпартовае вызначэнне якой вынайшлася ў нашым стагоддзі. Баршчэўскі не ведаў такога кручанага слова, але з'яву апісаў з вы¬ключнай дакладнасцю: "Ля печы стаялі гаршкі. Адзін з іх падлятае ўгору, падае на падлогу і рассыпаецца на дробныя чарапкі. Збан з квасам, які стаяў на лаве, ускоквае на стол, а са стала кідаецца на зямлю і разлятаецца на друзачкі. Кот перапалохаўся, заіскрыліся вочы, і ён, пырхаючы, схаваўся пад лаваю. Рознае хатняе начынне пачало лятаць з кута ў кут".[p][/p]
СВЕЧКА — сталы літаратурны архетып, адзін з сімвалаў светлай веды, у якой мажлівая гармонія паміж верай, розумам і магіяй. Шляхціц Завальня запальвае свеч¬ку і ставіць яе на падвоканне свайго дамка, каб уратаваць падарожных ад сцюжы і голаду, а заадно і паслухаць іхнія займальныя гісторыі. Архетып свечкі быў актыўна ўжываны пазнейшымі беларускімі літаратарамі, асабліва М.Багдановічам, Ядвігіным Ш., В.Ластоўскім.[p][/p]
СКРЫНКАВАЯ КАМПАЗІЦЫЯ — ланцуг апавяданняў, пры якім адбываецца змена апавядальнікаў — новы казачнік памяшчаецца ў папярэднюю гісторыю. Апавяданні ўкладваюцца адно ў адно, нібы расейскія матрункі. Прыём актыўна скарыстоўваўся ў "Кнізе тысяча і аднае ночы" і ў "Шляхціцы Завальні...".[p][/p]
ТВАРДОЎСКІ — жыццялюбца і геданіст, беларускі Фаўст, які хаўрусаваўся з Мефістофелем не за "Імгненне, спыніся!", а дзеля зямных уцехаў. Затое ў хвіліну страшнай расплаты ён не шукаў жаночага заступніцтва, а ратаваўся, як мог, праз сваю кемлівасць і дасціпнасць. Герой балады Адама Міцкевіча, рамана Юзафа Крашэускага. У кнізе Яна Баршчэўскага з'яўляецца ва ўстаўной наве¬ле "Твардоўскі і вучань".[p][/p]
ЦМОКІ — жылі ў азёрах, ра¬ках і багнах Беларусі. Ул. Караткевіч апісаў лепельскіх цмокаў як найбольш крыважэрны і небяспечны для чалавека від. Лепельскія цмокі перакульвалі чаўны з "грамадзянамі Вялікага княства Літоўскага", як піша Ул. Арлоў, і жывіліся названымі. Цмокі з возера Нешчарда адрозніваліся меншымі памерамі, няраз набіваліся ў рыбацкія невады і палохалі тутэйшых рыбакоў. Цмок, які вылупіўся з яйка, знесенага чорным пеўнем, верагодна належыць да найстаражытнейшай пароды, нашчадак тых вогнедышных пачвараў, перамогамі над якімі ганарыліся сярэднявечныя рыцары. Выгляд беларускіх цмокаў можна ідэнтыфікаваць паводле абразоў, выпісаных веткаўскімі іканапісцамі, на сюжэт змагання св. Юр'я з пачварай. Агідныя і даволі мізэрныя істоты нагадваюць крылатых жабаў або вужакаў. Апошняга жывога цмока злавілі, як кажуць, у Свіслачы на пачатку гэтага стагоддзя, назваўшы "балотным яшчарам". Ёсць меркаванне, што ў пінскіх балотах або ў глухіх азёрах Крыўі цмокі працягваюць жыць да цяперашняга часу, як і ў знакамітым шатландскім возеры Лох-Нэс.[p][/p]
ЧАРНАКНІЖНІК — гэтая зла¬весная постаць з'явіцца на першых старонках кнігі, адступіць у цень, але будзе вяртацца ў аповедах пра Чорнага госця, пра ката Варгіна і пра валасы, што спяваюць на чалавечай галаве. Чарнакніжнік — носьбіт метафізічнага ліха, згубнік Крыўі, гэтаксама як асташы і Белая Сарока. Яно, гэтае ліха, чарнакніжніцтва, — з'ява цывілізацыйная, а не міфалагічная. Чарнакніжнік знаходзіцца ў свеце людзей, а не дэманаў, такіх як шатан, цмокі або лесуны, хаця ён і карыстаецца паслугамі духаў. Чарнакніжніцтва — таксама з'ява цывілізацыйная, спараджэнне схаластыкі, алхіміі, скрайняга рацыяналізму. Баршчэўскі са скрухаю зазначае, што шляхта стакнулася з чарнакніжнікамі, а веру і звычаі люду беларускага трымае за цемрашальства і забабоны. Дарэчы, у гэтую ерась ублытаўся і бацька нацыянальнага генія, Адам Багдановіч, які традыцыі і завядзёнкі беларусаў трымаў за шкодныя "пережитки" . Самаўпэўненая шляхта са смехам выслухоўвае "байкі" пра жывыя валасы, пра ката Варгіна, а пасля мусіць расплочвацца за свой недавер. У выніку перамагаюць пракламаваныя Баршчэўскім аўтэнтызм, пракаветнасць, старасвецкасць, інакш кажучы — фундаменталізм.
[p][/p]
КРЫНІЦА. — № 7–8 (54). — 1999. — С. 18–25.
Похожие страницы :