Пецярбургскі перыяд Яна Баршчэўскага (20 гадоў, з 1826 да 1847 гг.) хіба не найбольш даследаваны, і, тым не менш, вядома не так ужо і шмат. Дакладна не датаваныя прыезд і ад’езд пісьменніка з горада, не вызначаны месцы службы, мала даследавана кола знаёмстваў, няма нават поўнай інфармацыі аб тым, дзе ён жыў. Каб адказаць на апошняе пытанне звернемся да даведнікаў першай паловы XIX ст.
Адпраўной кропкай нашага пошуку з’яўляецца аб’ява, якую Баршчэўскі размясціў у 86-м нумары газеты “Туgodnik Petersburski” за 1839 год, (на яе ўжо звярталі ўвагу даследчыкі — Генадзь Кісялёў і Мікалай Хаўстовіч). У гэтай аб’яве пісьменнік анансуе першы выпуск свайго альманаха “Niezabudka”, запрашае будучых чытачоў падпісацца на гэта выданне і зрабіць перадаплату: альбо ў кнігарні Графэ, альбо самому выдаўцу па месцы яго жыхарства — у доме купчыхі Касаткінай, № 14 па Кананерскай вуліцы.
Частка горада, у якой знаходзілася гэта вуліца, у першай палове XIX стагоддзя неафіцыйна называлася Каломна. Гэта была гарадская ўскраіна, сяліліся тут галоўным чынам людзі сярэдняга дастатку — дробныя чыноўнікі, небагатая шляхта з правінцыі, адстаўнікі, купцы, рамеснікі. Сярод іх былі і людзі творчых прафесій — мастакі і кампазітары, паэты і пісьменнікі, таму не дзіўна, што паступова тут склаўся своеасаблівы цэнтр, разначыннай культуры расійскай сталіцы. Менавіта ў Каломне пасля заканчэння ліцэя пасяліўся малады паэт А. Пушкін, тут на зыходзе другога дзесяцігоддзя XIX ст. ён стварыў “Руслана і Людмілу”. Тут жа ў 1831—1832 гг. М. Гогаль пісаў “Вечары на хутары блізка Дзіканькі”. Нібыта самім лёсам было вызначана, каб балады Баршчэўскага, яго славуты “Шляхціц Завальня” і «Драўляны дзядок» таксама нарадзіліся ў гэтым месцы.
У 1858 годзе нумарацыя дамоў у Санкт-Пецярбургу была зменена: левы бок вуліц стаў цотны, а правы — няцотны. Адпаведна, названы ў газетнай аб’яве дом цяпер мае іншы адрас: ён значыцца пад № 11 і стаіць на рагу Кананерскай вуліцы і старога Кананерскага завулка (цяпер — вул. Пастарава). “Атлас трынаццаці частак Санкт-Пецярбурга” М. Цылава за 1849 год апісвае гэты будынак як мураваны трохпавярховы, шмат пазней, у канцы XIX стагоддзя, быў дабудаваны чацвёрты паверх. На сёння дакладна вядомы толькі гэты адрас пражывання Яна Баршчэўскага ў Санкт-Пецярбургу.
Аднак упамянуты адрас не быў адзіны, пісьменнік мяняў кватэры. Прыкладам у лісце да Юліі Корсак ад 3 снежня 1837 года ён пісаў: “Цяпер я пераехаў на новую кватэру, наблізіўся да цэнтра горада, да тых мясцін, дзе маю вучняў” (Баршчэўскі Я. Лісты да Юліі: Пісьмы, вершы, балады. / Пераклад В. У. Таранеўскага. — Віцебск, 2004.). Цікава, што ў даведніку К. Ністрэма “Книга адресов Санкт-Петербурга на 1837 год” названы нейкі “Иван Борщевский, чиновник 10 класса, служащий в Санкт-Петербургской гимназии и проживающий в доме № 113 по Грязной ул. (по полицейской нумерации — IV Адмиралтейская часть, 4-й квартал, дом № 337)”. Гэтыя звесткі супярэчлівыя. У 4-м квартале IV Адміралцейскай часткі сапраўды мелася Гразная вуліца (цяпер — Лермантаўскі праспект), але дома № 113 на ёй не было, ды й не магло быць: усяго на гэтай вуліцы ў межах IV Адміралцейскай часткі было 20 дамоў (плюс ненумараваны дом, што належаў ваеннаму міністэрству), а ў межах 4-га квартала размяшчаліся дамы з 1-га па 10-ы. Па паліцэйскай нумарацыі дома № 337 на Гразнай вуліцы таксама не было. Несумненна, у дадзеным запісе ёсць памылка, якая магла ўзнікнуць альбо пры складанні рукапісу, альбо пры наборы тэксту.
Але вось няпростае пытанне: ці быў жылец гэтага дома “Иван Борщевский” аўтарам «Шляхцича» альбо гэта зусім іншы чалавек?
3 аднаго боку, прозвішча ў даведніку напісана праз “о”. Але гэта лёгка можна патлумачыць, паколькі ў пасляслоўі Карл Міхайлавіч Ністрэм зазначае: “выдавец пасля надрукавання кнігі ўпэўніўся, што некаторыя прозвішчы, асабліва замежныя, вы пісаны пры складанні рукапісу не з усёй дакладнасцю, і самыя чыны асобаў служачых засталіся такія, як яны за некалькі гадоў прапісаны былі ў кварталах”. Забягаючы наперад, адзначым, што ў даведніку на Ністрэма за 1844 год прозвішча гэтага чалавека напісана праз “а”, так што праблема здымаецца.
3 другога боку, адзіны на ўвесь горад цёзка па прозвішчы «Ивана Борщевского», якога ўспамінае даведнік 1837 года — гэта нейкі Ігнат Мікалаевіч Баршчэўскі. Іншых людзей з такім прозвішчам у даведніку няма, значыць, прозвішча гэта не было асабліва распаўсюджаным. Акрамя таго, з некралога пісьменніка, напісанага Юльянам Барташэвічам у “Дзенніку Варшаўскім” у 1851 г., вядома, што Ян Баршчэўскі ў пачатку сваёй кар’еры служыў у марскім ведамстве, значыць, ён цалкам меў магчымасць даслужыцца да 10 класа (калежскага сакратара). Тамсама сказана, што пасля зыходу з марскога ведамства Баршчэўскі служыў у некалькіх дзяржаўных навучальных установах, а Рамуальд Падбярэскі ўдакладняе, што ў гэтых установах Баршчэўскі выкладаў старажытнагрэчаскую і лацінскую мовы. Такім чынам, паміж “Иваном Борщевским” і Янам Баршчэўскім можна бачыць яўнае падабенства.
У больш познім даведніку Ністрэма за 1844 год (Нистрем К. Адрес-календарь санкт-петербургских жителей. Т. III. Календарь частных лиц. — СПб, 1844.) у ліку няслужачых чыноўнікаў успамінаецца Іван Іванавіч Баршчэўскі, чыноўнік 10 класа, які пражывае ў III Адміралцейскай частцы, у 4 квартале, на Пад’ячаскай вуліцы ў доме Тацішчавай. Несумненна, гэта той самы чалавек, які прыгадваўся ў даведніку за 1837 год, які пераехаў на новую кватэру, пры гэтым відаць, што ў яго прозвішчы літара “о” выпраўлена на “а”. Важна, што прадстаўлены ён як няслужачы чыноўнік. 3 артыкула таго ж Падбярэскага мы ведаем, что да 1844 года (зн. на момант напісання артыкула) Баршчэўскі ўжо выйшаў у адстаўку, даваў прыватныя ўрокі і займаўся літаратурнай творчасцю. Ізноў назіраецца падабенства.
Дадзеныя, што прывёў Юльян Барташэвіч у “Дзенніку Варшаўскім” дазваляюць вызначыць перыяд пражывання Яна Баршчэўскага ў Пецярбургу з 1826 да 1846 (1847) гг. Ведаючы гэта, можна зрабіць праверку, разгледзеўшы гарадскія даведнікі за больш ранні і больш позні час, калі Баршчэўскага ў сталіцы напэўна не было. Для гэтых мэтаў падыходзяць даведнік Алера за 1824 г. (Аллер С. Н. Руководство к отысканию жилищ по Санкт-Петербургу. — СПб, 1824.) і даведнік Матвеева ((Матвеев В. М.) Путеводитель: 60 000 адресов из Санкт-Петербурга, Царского Села, Петергофа, Гатчины и прочия, 1854. Ч. I. — СПб, 1853.). Ні ў адным з іх Іван Баршчэўскі/Борщевский/ не значыцца.
І так, што мы маем? Асобаў, якія носяць прозвішча “Баршчэўскі” альбо “Борщевский” у горадзе мала. Сярод іх двох называюцца Іванамі (дакладней, Ян і Іван). Абодва яны апынуліся ў Санкт-Пецярбургу паміж 1824 і 1837 гг., пасяліліся ў адным і тым жа раёне, у адзін перыяд часу служылі ў дзяржаўных навучальных установах горада, абодва выйшлі ў адстаўку да 1844 года, абодвух у 1853 годзе ўжо не аказалася ў сталіцы. Такім чынам, з вялікай доляй упэўненасці можна меркаваць, што пісьменнік Ян Баршчэўскі і чыноўнік 10 класа Іван Іванавіч Баршчэўскі — гэта адна і тая ж асоба.
Калі прызнаць гэтае заключэнне правільным, то з яго вынікае важная выснова: бацьку пісьменніка, па ўсёй верагоднасці, звалі Іванам (Янам). Значыць ранейшая інфармацыя ў артыкуле Генадзя Каханоўскага (Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Расон скага раёна. — Мн., 1994, стар., 43-45.) пра тое, што імя па бацьку пісьменніка было — Францавіч — не адпавядае рэчаіснасці.
Звяртае на сябе ўвагу яшчэ адна асаблівасць. 3 вышэйзгаданых даведнікаў відаць, што Баршчэўскі пераязджаў з кватэры на кватэру дастаткова часта: з 1836 да 1844 гг. ён змяніў па меншай меры чатыры адрасы. Але тры з іх, якія вядомыя, — на Гразнай, на Кананерскай і на Пад’ячаскай
вуліцах — знаходзяцца літаральна ў двух кроках адзін ад другога. Чаму ж, пакінуўшы службу, Баршчэўскі не пераязджаў у іншыя раёны горада? Тлумачыцца гэта хутчэй за ўсё тым, што тут жа непадалёк, на рагу Малой Масцерскай і Тарговай вуліц знаходзіўся (і знаходзіцца па сёння) пабудаваны некалі архіепіскапам-беларусам Станіславам Богушам-Сестранцэвічам касцёл св. Станіслава. Няма сумнення, Баршчэўскі быў яго прыхаджанін і не хацеў ад яго аддаляцца. Таксама непадалёк, перш на рагу Узнясенскага праспекта (дом № 39) і Садовай вуліцы, а потым ва ўласным доме на Афіцэрскай вуліцы жыў сябра, выдавец і былы сакурснік Баршчэўскага па Полацкай акадэміі Іван Фёдаравіч Эйнерлінг.
Застаецца яшчэ адно пытанне: у якой гімназіі мог выкладаць Баршчэўскі? Усяго ў Санкт-Пецярбургу ў 1837 г. было чатыры гімназіі: 1-я, 2-я, 3-я і Ларынская. Бліжэй за іншыя да месца жыхарства Баршчэўскага была 2-я, яна знаходзілася ў II Адміралцейскай частцы на Вялікай Мяшчанскай вуліцы. Астатнія ж размешчаны істотна далей: 1-я — у Маскоўскай частцы, 3-я — у Ліцейнай частцы, а Ларынская — на Васільеўскім востраве. Так што, хутчэй за ўсё Баршчэўскі служыў у 2-й.
У чэрвені 2008 г. у галоўным (старым) будынку Расійскай Нацыянальнай бібліятэкі на Неўскім праспекце прайшла міжнародная навуковая канферэнцыя “Санкт-Пецярбург і беларуская культура”. Сярод іншых на ёй выступаў адзін з аўтараў гэтага артыкула (доктар біялагічных навук, супрацоўнік Санкт-Пецярбургскага Тэхналагічнага інстытута Д. Вінаходаў) з паведамленнем пра асаблівасці перакладу “Шляхціца Завальні” на рускую мову. У часе дыскусіі было выказана меркаванне пра неабходнасць ўшанавання памяці І. Баршчэўскага мемарыяльнай шыльдай на доме, дзе ён жыў. Адрас Кананерская, 14 (цяпер — 11) пакуль з’яўляецца адзіным, які не выклікае ніякіх сумненняў, бо названы асабіста Янам Баршчэўскім у газетнай аб’яве. Два іншыя адрасы (на Гразнай вул. і на Вялікай Пад’ячаскай) высветлены па адрасных кнігах і маюць адносіны да Івана Іванавіча Баршчэўскага. Аднак пакуль мы не ведаем імя па бацьку Яна Баршчэўскага з іншых крыніц, датуль яшчэ нельга лічыць безумоўна даказанай ідэнтычнасць Яна Баршчэўскага і Івана Іванавіча Баршчэўскага. Акрамя таго, адрас па Гразнай вуліцы ў адраснай кнізе напісаны яўна з памылкай.
Крыніца: ЛіМ, № 10, 2009
Похожие страницы :
П. Васючэнка. КРЫЎСКІ СЛОЎНІК ПАВОДЛЕ ЯНА БАРШЧЭЎСКАГА |
ЯН БАРШЧЭЎСКІ |
Ян Баршчэўскi. ШЛЯХЦІЦ ЗАВАЛЬНЯ (фрагменты) |
ГАРДЗІСЛАВА СВЯТАСЛАЎНА |