\"Грады\", сярод якіх названы Полацк у сувязі з падзеямі, што адбываліся ў 9 ст., мелі не толькі ўмацаванні, за якімі хавалася насельніцтва ў час варожых нападаў, але былі цэнтрамі, дзе канцэнтравалася ўлада.
Найбольш старажытныя гарады ўсходніх славян былі важнымі адміністрацыйна-фіскальнымі і ваеннымі цэнтрамі. Гарады і дзяржаўнасць ва ўсходніх славян узніклі і развіваліся адначасова і ва ўзаемнай сувязі. Сведчаннем гэтаму з'яўляецца Полацк, які быў буйным адміністрацыйным цэнтрам у Падзвінні. Менавіта ў такіх цэнтрах назапашваўся і затым пераразмяркоўваўся прыбавачны прадукт у выглядзе даніны, ваеннай здабычы, паступленняў ад суда, міжнароднага гандлю і інш.
У арганізацыі ўлады ў раннесярэднявечным горадзе і яго воласці важная роля належала князю. Князь з'яўляўся неабходным прадстаўніком сацыяльна-палітычнай арганізацыі ў Полацкай зямлі. Адсутнасць князя парушала нармальнае жыццё княства, ставіла яго на грань небяспекі перад знешнім светам.
Першым гістарычна вядомым князем у Полацку быў Рагвалод. Затым стаў княжыць унук Рагвалода Ізяслаў, бо ён як сын Рагнеды меў права на бацькаўшчыну, названую ў летапісе яе \"отчиной\" (\"воздвигни отчину ея, и дай ей с сыном своим\"). У далейшым полацкія князі лічылі сябе Рагвалодавымі ўнукамі па жаночай лініі і бацькаўшчыну сваю вялі не ад падаравання Уладзіміра, тады ўжо кіеўскага князя, а па лініі спадчыны ад Рагвалода. Так была ўзноўлена мясцовая дынастыя полацкіх князёў Рагвалодавічаў. Полацкае княства існавала як самастойная дзяржава, у якой асноўным насельніцтвам была этнічная супольнасць крывічоў-палачанаў.
Княжацкі прастол у Полацку, а значыць дзяржаўная ўлада ў Полацкім княстве, на працягу 11 ст. пераходзіла да старэйшых у родзе сыноў памерлага князя. Саперніцтва паміж імі не існавала, бо нашчадкі ў полацкіх князёў былі адзінкавыя. Пасля Ізяслава полацкі прастол заняў яго старэйшы сын Усяслаў Ізяславіч. Паколькі апошні памёр у маладым узросце без дзяцей, дык яму наследаваў брат Брачыслаў Ізяславіч (1003-1044). Пасля Брачыслава доўгі час княжыў адзіны яго сын Усяслаў. Пасля смерці Усяслава Чарадзея (1101) наступіў перыяд феадальнай раздробленасці. Прынцып размеркавання ўладанняў паміж князямі павінен быў змяніцца. У полацкай дынастыі князёў з'явілася некалькі ўплывовых княжацкіх сем'яў. Той горад, у якім правіў князь і скончыў сваё жыццё, лічыўся вотчынай яго сыноў. Але Полацк працягваў лічыцца галоўным (\"старшым\") горадам сярод іншых гарадоў паўночнай часткі Беларусі. Ён стаў аб'ектам жорсткай барацьбы паміж уладальнікамі асобных удзелаў.
Важнейшым абавязкам князя была арганізацыя войска і камандаванне ім. Гэты абавязак браў пачатак яшчэ з часоў ваеннай дэмакратыі. Князь павінен быў клапаціцца пра бяспеку і абарону Полацкай зямлі ад нападу знешняга ворага. Ён кіраваў знешняй палітыкай, зносінамі з іншымі князямі і дзяржавамі, мог аб'явіць вайну і заключыць мір. З лацінскай крыніцы 1220-х гадоў \"Хронікі Лівоніі\" вынікае, што вялікі князь полацкі быў сюзерэнам краіны, валадароў ліваў, якія жылі на ўзбярэжжы Рыжскага заліва, і гэта юрыдычна прызнавалі нават яго праціўнікі і супернікі немцы. Другім важным абавязкам князя з'яўляўся збор даніны і іншых пабораў з насельніцтва для ўтрымання ваеннай дружынай арганізацыі і іншых дзяржаўных патрэб. Паводле паведамлення \"Хронікі Лівоніі\" лівы і латгалы плацілі даніну полацкаму князю і пастаўлялі дапаможнае войска.
Апорай княжацкай улады была дружына. Дружыннікі акружалі князёў, падзялялі ўсе іх інтарэсы. З імі князь радзіўся па пытаннях арганізацыі паходаў, а таксама суда і адміністрацыйнага кіравання Полацкай дзяржавай. Дружына служыла князю і была яму асабіста адданая, знаходзілася пры князю на яго ўтрыманні. Калі князь пакідаў стол у адным горадзе і пераходзіў у другі горад, дружына ішла ўслед за ім, што неаднаразова назіралася ў Полацкай зямлі. Дружыны князёў складаліся з групаў узброенных людзей. На першым месцы была \"старэйшая\" дружына. Гэта- \"баляры\", \"сільныя мужы\", названыя нават у \"Жыціі Ефрасінні Полацкай\". Малодшая дружына \"дзецкія\" жыла пры двары князя. З яе выходзілі слугі князя, яго целаахоўнікі, малодшыя службовыя асобы. Дзецкі папярэдзіў полацкага князя ў 1158 г. аб падрыхтаваным на яго замаху (\"не езди княже вече ти\") і параіў князю вярнуцца з паўдарогі ад Полацка назад у Бельчыцу, дзе размяшчаўся ўмацаваны княжацкі двор. Сярод дружыннікаў былі тыя, хто называўся \"мужамі\". Яны складалі асноўную колькасць княжацкіх дружыннікаў. Не выпадкова ў матэрыяльнай культуры Полацка і іншых гарадоў значнае месца займае зброя. Акрамя дружыны войска князя магло ўключаць наёмнікаў, якімі ў 10-11 ст. былі атрады варагаў. Важнай часткай ваенных сіл горада з'яўлялася народнае апалчэнне, якое складалася з гараджан і называлася \"полк\". Полацкія князі ў12-пачатку 13 ст. выкарыстоўвалі таксама дапаможныя атрады з неславянскага насельніцтва Усходняй Прыбалтыкі.
У распараджэнні князя знаходзілася ўпраўленне княствам. Ён назначаў цівуноў, мытнікаў, ключнікаў. Цівуны кіравалі княжацкай гаспадаркай, выконвалі функцыі ў галіне фінансавай адміністрацыі, прызначаліся на волакі, дзе перавозіліся тавары з адной рэчкі на другую, што бачна з дагавора Смаленска, Полацка, Вицебска (1229) з Рыгай і Гоцкім берагам. У грамаце друцкага князя Васіля Міхайлавіча 14 ст. царкве Багародзіцы, якая пабудавана ў 1001 г., названы ключнік. Яму ішоў даход з мядовай данінай, якая затым была перададзена панамару. Выкананне пэўных абавязкаў князь мог даручыць асобным прадстаўнікам сваёй дружыны. У крыніцы канца 13 ст. названы дзецкі ў Віцебску ў якасці адказнай асобы.
На працягу 12-13 ст. у Полацкай зямлі дзейнічалі 2 галіны ўлады- улада князя і ўлада веча- сход палачан для вырашэння грамадскіх спраў. У асобныя перыяды гісторыі Полацка ўлада веча была вельмі значнай. На вечы ажыццяўляўся вышэйшы суд, кантралявалася дзейнасць князя, вырашаліся пытанні вайны і міру. Ад імя полацкага веча заключаліся дагаворы з Рыгай і іншымі гарадамі. Калі веча не падтрымлівала князя, ён вымушаны быў пакінуць горад, таму што веча мела сваю ўзброеную сілу- апалчэнне гараджан. Групоўкі полацкага патрыцыята, асабліва баярства, выкарыстоўваючы вечавыя сходы, мелі магчымасць выганяць непажаданых ім князёў. Веча істотна абмяжоўвала княжацкую ўладу. На месца выгнанага князя яно выбірала іншага прадстаўніка княжацкай дынастыі.
Выбранне князя патрабавала выканання пэўнай працэдуры (рытуала). Істотным яе элементам з'яўляўся дагавор, які замацоўваўся прысягай з двух бакоў- крыжацалаваннем. Пра змест дагавораў мы можам толькі меркаваць. Так, у 1158 г. палачане гавораць Рагвалоду: \"Калі ты забудзешся на ўсё тое, што мы табе зрабілі (дрэннага)... і крыж нам пацалуеш, то мы твае, а ты ёсць наш князь. Расціслава ж, схапіўшы аддамо табе ў рукі, і што ты захочаш, тое і зробіш з ім\". І Рагвалод прысягнуў палачанам на крыжы. Як бачым, князь павінен прымаць умовы дагавору, які выпрацоўваўся палачанамі. Выключнай асаблівасцю ажыццяўлення прынцыпу выбарнасці князя ў Полацку было тое, што гэты выбар быў абмежаваны вузкім колам прадстаўнікоў мясцовай полацкай княжацкай дынастыі- непасрэдных нашчадкаў Усяслава Брачыславіча.
Чужародны князь не мог разлічваць на тое, каб утрымацца на полацкім прастоле, бо звычайна такі князь больш дбаў пра сваю дружыну, чым пра інтарэсы гараджан. На вечавых сходах адбывалася барацьба паміж групоўкамі, якія выступалі супраць князя ці, наадварот, падтрымлівалі яго. Гэта не паўстанні, а хваляванні, выкліканыя парушэннямі дагавора з боку князя, які ён заключаў з палачанамі. Веча магло прагнаць князя, калі ён нечым правінаваціўся, напрыклад, прыняў удзел у вайне, якую не здолеў выйграць, як гэта здарылася з полацкім князем Давыдам у 1127 г.
Полацкае веча вырашала пытанні вайны і міру і, здаралася, само практычна заключала яго. Паводле паведамлення Лаўрэнцьеўскага летапісу пад 1186 годам, калі Давыд Расціславіч з Смаленска, а ягоны сын Мсціслаў з Ноўгарада ўварваліся з войскам у межы Полацкай зямлі, палачане абмеркавалі становішча на вечы. У выніку перамоваў, якія вялі прадстаўнікі веча \"на сумежжы\", пытанне было вырашана. Веча кантралявала дзейнасць князя і здзяйсняла вышэйшы суд. Полацкі князь Рагвалод Барысавіч, пацярпеўшы паражэнне ў сутыкненні з войскам менскага князя Валадара Глебавіча ў 1161 г., не рызыкнуў вярнуцца ў Полацк, верагодна, баючыся адказнасці перад вечам за гібель многіх палачан.
Пра істотныя змены ў становішчы княжацкай улады ў сувязі з актыўнай дзейнасцю веча сведчыць месцазнаходжанне князя. У сярэдзіне 12 ст. рэзідэнцыя полацкіх князёў была не ў дзядзінцы на Верхнім замку, а ў Бельчыцы, за 2 км ад горада. Верхні замак знаходзіўся ў распараджэнні епіскапа.
Епіскап у Полацку займаў вельмі высокае грамадскае становішча. У перыяд раздробленасці ён быў адзіным старэйшым прадстаўніком усёй Полацкай зямлі, бо князёў было шмат па розных полацкіх удзелах. Ад яго імя пісаліся дагаворы, якія заключаліся полацкім вечам, да іх прымацоўвалася яго пячатка. Прыкладам можа служыць грамата полацкага біскупа якава ў Рыгу (каля 1300). Словы гэтага дакумента \"своими детми исправу дамъ\" пацвярджаюць важную ролю біскупа ў судзе. Полацкія біскупы адносіліся побач з князямі да вузкага кола асоб, у якіх былі віслыя пячаткі, якія прымацоўваліся да дакументаў.
У Полацку існавала купецкае аб'яднанне, пацвярджэннем гэтаму з'яўляецца паведамленне Іпацьеўскага летапісу пад 1159 годам аб \"братчыне\" у Полацку. Братчына збіралася пры патранальнай старой Багародзіцкай царкве на Пятроў дзень- адно з буйных свят. На братчыне прысутнічалі ўплывовыя прадстаўнікі горада, з якімі князь мог весці перамовы. Існаванне купецкіх аб'яднанняў сведчыць пра значны ўплыў гарадскога гандлёва-рамесніцкага насельніцтва на палітычнае жыццё горада.
Пра веча ў Полацку ёсць звесткі ў Радзівілаўскім летапісу: \"в лето 6684 (1176)... \"Новгородци бо изначала, и смолняне, и киане, и полочане, и вся власти, якож(е) на думу на вечье сходятся; на что же старейшии здумають, на том же и пригороди стануть\".
Тут апавядаецца аб спрадвечным існаванні веча ў гарадах, аб падабенстве вечавога ладу ў Ноўгарадзе, Кіеве, Смаленску, Полацку і адзначаецца, што прыгарад падпарадкоўваўся пастановам старшага горада (\"что же старейшии сдумают\"), але меў пэўную самастойнасць у выкананні пастаноў старшых (\"на том же и пригороди стануть\"). Рашэнне веча галоўнага горада распаўсюджвалася на насельніцтва прыгарадаў. Гэтым не зніжалася пэўная самастойнасць прыгарадаў, дзе дзейнічала сваё веча, бо яно было ў кожнай воласці, а значыць, у кожным горадзе. Сярод \"прыгарадаў\" Полацка рана вылучаюцца па свайму значэнню Менск, Друцк, некалькі пазней- Віцебск.
Штыхаў Г.В.
(Цытуецца паводле: \"Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Полацка\".- Мн.: 2002. с. 60-63)
Похожие страницы :
Нет похожих страниц.