Важнай крыніцай для вывучэння барацьбы Полацка супраць агрэсіі крыжакоў з'яўляецца \"Хроніка Лівоніі\", аўтар якой Генрых Латвійскі быў удзельнікам апісваемых падзей. Гэты твор, ухваляючы \"подзвігі\" нямецкіх рыцараў, вызначаецца дэталёвым асвятленнем фактаў, дакладнасцю храналогіі, геаграфічных назваў, імён.
Нямецкія святары, купцы і рыцары высадзіліся ў вусці Заходняй Дзвіны ў канцы 12 ст. Захопніцкія намеры \"пілігрымаў\" пад выглядам распаўсюджвання веры сярод мясцовага насельніцтва хутка сталі відавочнымі і выклікалі супраціўленне. Заваёўнікам дапамагала каталіцкая царква. Сумеснымі намаганнямі быў створаны царкоўна-рыцарскі ордэн мечаносцаў.
Крыжакі разбілі атрады ліваў, захапілі зручную Земгальскую гавань. На яе месцы ў 1201 г. была пабудавана крэпасць Рыга. Гэты горад стаў цэнтрам нямецкага гандлю і дзейнасці манахаў-католікаў у Прыбалтыцы. Для далейшай экспансіі рыцары будавалі невялікія мураваныя крэпасці і, абапіраючыся на іх, прасоўваліся ўверх па Заходняй Дзвіне на тэрыторыю латгалаў, пагражаючы Полацку. палачане першымі з усходніх славян сутыкнуліся з крыжакамі.
Атрады з Полацка і іншых гарадоў дапамагалі насельніцтву тэрыторыі Латвіі і Эстоніі адбіваць напады нямецкіх рыцараў. З даўніх часоў лівы, якія жылі на пабярэжжы Рыжскага заліва, плацілі даніну полацкім князям і пастаўлялі ім дапаможныя войскі. У ніжнім цячэнні Дзвіны (Даўгавы) знаходзіліся гарады-крэпасці Кукенойс і Герцыке, якімі кіравалі васалы полацкага князя. Уся тэрыторыя ўздоўж Заходняй Дзвіны была падначалена Полацку. Таму дружыны полацкага князя Уладзіміра летам 1203 г. асадзілі 2 нямецкія крэпасці Гольм і Ікскуль, але значнага поспеху не мелі. У гэтым жа годзе на Рыгу напаў князь Герцыке Усевалад сумесна з атрадам літоўцаў.
Сабраўшы вялікія сілы, рыцары ў 1205 г. накіраваліся далей на ўсход, разбураючы і знішчаючы ў пажарах паселішчы фінамоўных плямён ліваў. Лівы жылі ў паўночнай і заходняй частках сучаснай Латвіі. Яны звярнуліся за дапамогай да полацкага князя Уладзіміра. У 1206 г. ён са сваім войскам зноў з'явіўся ў ніжнім цячэнні Даўгавы і падвергнуў аблозе адбудаваны немцамі замак Гольм. Полацкі князь разаслаў ганцоў у розныя месцы і заклікаў ліваў і латгалаў да барацьбы. Аднак на дапамогу палачанам прыйшла толькі частка ліваў. Аблога працягвалася 11 дзён. Вось як апісаў гэта Генрых Латвійскі: \"Русіны (так ён называе палачан) са свайго боку, не ведаўшыя прымянення балісты, але вопытныя ў стральбе з лука, біліся шмат дзён і паранілі многіх на валах. Яны сабралі вялікі касцёр з бярвенняў і намагаліся падпаліць умацаванні, але намаганні гэтыя былі безвыніковыя, а пры збіранні дроў многія з іх загінулі, параненыя балістарыямі. ... Зрабілі русіны і невялікую кідальную машыну, па ўзору тэўтонскіх, але не маючы вопыту кідаць каменні, паранілі многіх у сябе, трапляючы ў тыл\". Узяць крэпасць полацкія дружыны не змаглі. Да захопнікаў ішло падмацаванне, аблогу Гольма прыйшлося спыніць. У гэты час самому Полацку была пагроза з боку літоўцаў.
Рыцары наблізіліся да горада Кукенойс. Тут княжыў Вячка (Вячаслаў), які, відаць, паходзіў з дынастыі полацкіх князёў і падпарадкоўваўся полацкаму князю Уладзіміру (магчыма, другое яго імя Валодша). З невялікай дружынай ён мужна адбіваўся ад захопнікаў, але не атрымаў своечасовай дапамогі ад полацкага князя. У 1208 г. Вячка вымушаны быў спаліць Кукенойскі замак і з дружынай у 200 чалавек перабраўся ў Ноўгарад Вялікі. Пазней Вячка ўзначальваў ваенныя сілы ў крэпасці на тэрыторыі эстаў у горадзе Юр'еў (цяпер Тарту) і загінуў у 1224 г. ў жорсткім баі з крыжакамі.
У 1209 г. рыцары абрабавалі і спалілі другі даўні фарпост полацкага княства ў нізоўях Заходняй Дзвіны- горад Герцыке. паводле слоў Генрыха Латвійскага, тэўтонскае войска захапіла адзенне, серабро і пурпур, шмат жывёлы, а з цэркваў (несумненна, праваслаўных)- званы, іконы, іншае ўбранства, грошы, многа дабра, і ўсё гэта павезла з сабой.
У 1210 г. паміж рыжскім епіскапам Альбертам і полацкім князем Уладзімірам быў заключаны мірны дагавор. паводле яго Полацк захаваў права на атрыманне даніны з ліваў. Праз 2 гады адбыліся новыя перамовы паміж палачанамі і немцамі. Князь Уладзімір прапанаваў рыжскаму епіскапу адмовіцца ад хрышчэння ліваў. Інакш полацкі князь пагражаў спаліць усе замкі Лівоніі (назва ад імя ліваў), а разам і Рыгу. Аднак Уладзімір не змог дамагчыся прыняцця сваіх патрабаванняў. Распачаць жа неадкладныя ваенныя дзеянні яму, верагодна, было не пад сілу. Перамовы скончыліся пагадненнем , згодна з якім полацкі князь вымушаны быў адмовіцца ад Ніжняга Падзвіння і ад даніны з насельніцтва, што было для Полацка цяжкай стратай. Дамовіліся толькі, што купцам будзе адкрыты свабодны шлях па Заходняй Дзвіне.
Парушыўшы дагавор, рыцары зноў напалі на Герцыке. Мясцовы князь Усевалад паклікаў на дапамогу літоўскае войска, якое нанесла страты нямецкім рыцарам. Некаторы час горад з часткай княства заставаўся ў руках Усевалада. Рыцары ўварваліся на землі эстаў, якія звярнуліся за дапамогай да полацкага князя Уладзіміра. У 1216 г. палачане сумесна з эстамі і літоўцамі рыхтаваліся да новага выступлення супраць рыцараў. Аднак у дзень адпраўлення з Полацка Уладзімір раптоўна памёр (відаць, быў атручаны падасланымі забойцамі), і паход сарваўся.
Пасля смерці князя Уладзіміра полацкія князі паступова знікаюць са старонак летапісаў. Толькі пад 1220 г. В.М. Тацішчаў паведамляе, што \"Князь Смоленский согласясь с Ярославом Переяславским, ходил на Полоцкую область при князях Борисе и Глебе, и взял их 2 города, а много область их повоевал\".
Верагодна, Барыс і Глеб былі нашчадкамі князя Уладзіміра, і Полацк знаходзіўся ў іх агульным карыстанні. Нягледзячы на ўдалы паход смалян, Полацк не страціў сваёй самастойнасці, пра што сведчыць удзел полацкага князя ў мірных перагаворах з Лівонскім ордэнам. У \"Хроніцы Лівоніі\" пад 1222 годам гаворыцца: \"Тады кароль Смаленскі, кароль полацкі і іншыя рускія каралі адправілі паслоў у Рыгу прасіць аб міры. І быў узноўлены мір ва ўсім такі ж, які заключаны быў раней\". Аднак, хто быў тады полацкім князем, дакладна невядома.
Яшчэ адзін ускосны ўспамін пра Полацк ёсць у Наўгародскім першым летапісе пад 1239 годам, дзе гаворыцца: \"Оженился князь Александр (у будучым Неўскі), сын Ярославль в Новгороде, поя в Полотьске Брачислава дчерь, и венчался в Торопце; ту кашю чини, а в Новгороде другу\".
У канцы 1250-пачатку 1260-х гадоў у Полацку княжыў пляменнік вялікага літоўскага князя Міндоўга Таўцівіл, які дапамагаў наўгародцам у барацьбе з Лівонскім ордэнам. Некалькі гадоў у Полацку правіў Гердзень, пасля князі мяняліся часта. У канцы 13 ст. адзін з іх (імя невядома) спрыяў уключэнню Полацка ў сферу дзеянняў Рыжскага арцыбіскупства.
Полацкая зямля як самастойнае княства знікае са старонак летапісаў, а на змену яму прыходзіць новае дзяржаўнае ўтварэнне- Вялікае княства Літоўскае.
Штыхаў Г.В.
(Цытуецца паводле: \"Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Полацка\".- Мн.: 2002. с. 63-64)
Похожие страницы :
Нет похожих страниц.