ФЕНОМЕН СТАНАЎЛЕННЯ ДЗЯРЖАЎНАСЦІ НА ЗЕМЛЯХ ПОЛАЦКІХ КРЫВІЧОЎ (ІХ—ХІ стст.)
Працэс станаўлення дзяржаўнай улады ў розных рэгіёнах Усходняй Еўропы стаў вынікам складаных этнічных і сацыяльна-эканамічных працэсаў. Пачатковая гісторыя Полацкага княства не выключэнне. Вывучэнне дзяржаватворных працэсаў на абшарах Беларускага Падзвіння ў пераломны момант этнічнай гісторыі ўяўляе вялікую цікавасць для гісторыка.
Мэта артыкулу — рэканструкцыя шляхоў станаўлення сярэднявечнай дзяржавы — Полацкага княства на фоне этнакультурных працэсаў Усходняй Еўропы ІХ—ХІ стст.
За аснову дэтэрмінізацыі паняцця «дзяржава» намі прынята вызначэнне Язэпа Юхо[1]. Дзяржава — гэта тэрытарыяльны, суверэнны хаўрус грамадзянаў, утвораны з мэтай абароны іх жыцця, свабоды і маёмасці. Яе дзейнасць рэгламентуецца прававымі нормамі і правіламі маральных паводзінаў, выкананне якіх забяспечваецца сістэмай кіравання і выхавання. У вызначэнні сутнасных характарыстык дзяржавы ў раннім сярэднявеччы мы прымаем за аснову тры галоўныя адзнакі: 1) размяшчэнне насельніцтва па тэрытарыяльнай прыкмеце, а не на аснове кроўнароднасных сувязяў; 2) наяўнасць дзяржаўнай улады, якая аддзелена ад асноўнай масы народу; 3) абкладанне падаткамі для ўтрымання яе прадстаўнікоў[2].
Для абазначэння дзяржавы на Русі выкарыстоўвалася некалькі тэрмінаў: «зямля», «воласць», «отчізна», «жізнь», «улада» і інш. Найбольш ёмістыя азначэнні дзяржавы — «зямля» і «воласць». Зямля — гэта вышэйшы сымбаль дзяржаўнай улады, распаўсюджаны на пэўную тэрыторыю і яе свабоднае насельніцтва. У адрозненне ад «зямлі», «воласць» магла пазначаць усякую вобласць як у значэнні цэлай дзяржавы, так і яе адміністрацыйных адзінак[3]. Упершыню воласць на чале з Полацкам згадваецца ў 862 г., калі ў ёй пачаў княжыць набліжаны (муж) князя Рурыка. Як слушна заўважае Георгій Штыхаў, паведамленне засведчыла існаванне Полацка як цэнтра пэўнай воласці, якая мела дзяржаўныя атрыбуты яшчэ да запрашэння варагаў на княжанне[4].
У працэсе станаўлення дзяржаўнасці на беларускіх землях нельга не заўважыць наступнай акалічнасці. У раннім сярэднявеччы існавалі два асноўныя рэгіёны, якія маглі стаць самастойнымі дзяржаўнымі ўтварэннямі. Першы — Беларускае Палессе, тэрыторыя рассялення дрыгавічоў. Варта ўзгадаць, што традыцыі развіцця славянскай культуры на правабярэжжы ад Прыпяці прасочваюцца з V cт., а ў святле археалагічных адкрыццяў апошніх гадоў — з IV ст.[5]. За пяцьсот гадоў да Х ст. тут змяніліся тры археалагічныя культуры, якія належалі славянам: пражская, Лукі Райкавецкай і археалагічная культура дрыгавічоў. Другім рэгіёнам, які адыграў дамінантную ролю ў стварэнні дзяржаўнасці на беларускіх землях, стала Беларускае Падзвінне з адносна маладой славянскай культурай (ІХ ст.).
Полацк згадваецца на старонках летапісаў у 862 г., тады як палітычную гісторыю Тураўскай зямлі правамоцна разглядаць з 980 г.[6]. Да Х ст. Полацк замацаваў за сабой ролю палітычнага лідэра не толькі ў Падзвінні, але і на абшарах Беларусі.
Узнікае пытанне: чаму менавіта славянская (крывіцкая) культура Беларускага Падзвіння стала асновай першага дзяржаўнага ўтварэння на беларускіх землях? У адказе на гэта пытанне і карэніцца сутнасны феномен станаўлення дзяржаўнасці на землях полацкіх крывічоў.
Этнакультурная сітуацыя на Беларускім Падзвінні на момант з’яўлення славянаў была няпростая. На VIII ст. прыходзiцца час згасання тушэмлiнскай культуры Верхняга Падняпроўя (па ўдакладненай храналогii Е.А. Шмiта)[7]. Верхняя храналагiчная мяжа распаўсюджвання старажытнасцяў банцараўскай культуры ў Беларускiм Падзвiннi прыпадае на канец VIII — пачатак IX стст.[8]. Менавіта ў гэты час у рэгiёне фармiруецца культура доўгiх курганоў Паўночнай Беларусi (г. зв. другая стадыя культуры доўгiх курганоў Падзвiння)[9], асноўнымi носьбiтамi якой, на думку бальшынi даследнікаў[10], былi славяне. У суседнiм Верхнім Падняпроўі гэты працэс суправаджаўся пагiбеллю ў агнi гарадзiшчаў-сховiшчаў тушэмлiнскай культуры, пасля чаго жыццё на пасяленнях, як правiла, не аднаўлялася[11]. На Падзвiннi, дзе агульная колькасць гарадзiшчаў-сховiшчаў банцараўскай культуры вылiчваецца некалькiмi дзесяткамi, да апошняй трэцi I тыс. жыццё працягваецца на адзiнкавых пасяленнях каля в. Свiла-I, Вiцебска, Лукомлi і некаторых іншых.
Паходжанне дзяржаўнасці ва Усходняй Еўропе звязана з фактарам урбанізацыі. Полацк — адзіны летапісны горад, за якім у сучаснай гістарыяграфіі надзейна замацавалася вызначэнне «калыска беларускай дзяржаўнасці». Рэканструкцыя працэсаў станаўлення Полацка як палітычнага і адміністрацыйнага цэнтру полацкіх крывічоў прапанаваная вядомымі беларускімі навукоўцамі Георгіем Штыхавым, Эдуардам Загарульскім, Сяргеем Тарасавым.
Так, паводле Г. Штыхава Полацк узнік як племянны цэнтр крывічоў-палачанаў, апорная цвердзь у працэсе славянізацыі краю. С. Тарасаў выказаў меркаванне, што Полацк мог быць заснаваны роданачальнікам Крывам, правадыром адной са славянскіх груповак[12]. На думку Э. Загарульскага, Полацк абавязаны ўзнікненнем свайму асабліваму палітычнаму і сацыяльна-эканамічнаму статусу, паколькі адна толькі функцыя ваенна-адміністрацыйнага падпарадкавання балтаў не тлумачыць прычыну паходжання гораду. У якасці прыкладу аўтар прыводзіць рэгіён Беларускага Пасожжа, дзе этнічная сітуацыя на момант рассялення славянаў была не менш складаная, чым на Падзвінні, аднак гарадоў там не ўзнікла[13].
Пазначаныя канцэпцыі не ўзаемавыключальныя. Агульнае ў іх — што Полацк з’яўляўся племянным цэнтрам крывічоў. Аднак нельга не пагадзіцца з Э. Загарульскім аб асаблівым сацыяльна-эканамічным, а галоўнае — палітычным статусе Полацка як асноўным чынніку яго ўзнікнення. Менавіта гэты статус забяспечваў стабільнае развіццё гораду на працягу доўгага перыяду яго станаўлення як дзяржаватворчага цэнтру.
З прыведзенага вынікае пастаноўка навуковай праблемы: якому асабліваму статусу Полацк абавязаны сваім паходжаннем?
Першыя дзяржаватворчыя цэнтры Русі на чале з Ноўгарадам знаходзіліся ў паўночным рэгіёне (чатырохкутнік азёраў Ладажскае, Анежскае, Белае, Ільмень, Чудскае). Пад 862 г. у Лаўрэнцьеўскiм летапiсе знаходзiм паведамленне пра раздачу Рурыкам гарадоў сваiм васалам: «овому Полотескъ, овому Ростовъ другому Белоозеро и по тем городам суть находници врязи, а первые насельници в ... Полотьски кривичи...»[14]. Імперыя Рурыка прасціралася ў паўночным рэгіёне ўсходнеславянскага свету з цэнтрам у Ноўгарадзе, сталіца была перанесена ў Кіеў толькі падчас праўлення Алега (882). Адначасова пачалося і пераразмеркаванне палітычных сувязяў, якія наклалі адбітак на далейшую гісторыю Полацкага княства. Варта ўзгадаць, што асноўная мэта паходу Уладзіміра на Полацк у 980 г. была нейтралізацыя Рагвалода як хаўрусніка кіеўскага князя Яраполка. «Абранне» Рагнедай[15] Яраполка адпавядала палітычным інтарэсам Полацка ў нейтралізацыі галоўнага канкурэнта ў балтыйскім гандлі — Ноўгарада. Гэтай жа прычынай тлумачыцца палітычная актыўнасць полацкіх князёў Брачыслава Ізяслававіча і Усяслава Брачыслававіча (паходы на Ноўгарад у 1021, 1066 і 1069 гг.).
Нельга пагадзіцца з думкай, што Полацк узнік выключна як гандлёвы цэнтр. Прыклад старажытнага Гняздова пераканаўча сведчыць, што адасабленне гандлёва-рамесных i дружынных групаў на падставе абслугоўвання патрабаванняў, галоўным чынам, знешняга гандлю хоць i суправаджаецца кароткачасовым росквiтам, яшчэ не з’яўляецца дастатковым для перарастання такога цэнтру ў раннесярэднявечны горад[16]. Акрамя таго вядома, што знакамiты шлях «з варагаў у грэкi» ў ІХ ст. толькi пачынае функцыянаваць, актыўнае яго выкарыстанне прыпадае на X—XII стст.[17]. На тэрыторыi Беларусi знойдзены ўсяго чатыры скарбы другога перыяду абарачэння дырхема (830—900), большасць іх знаходак належыць да X—XII стст.[18].
Дзяржаўнасць і інстытуты ўлады існавалі на землях славянаў яшчэ да запрашэння варагаў на чале з Рурыкам. Гэты факт сведчыць пра наяўнасць першаснага ўласна славянскага этапу фармавання крывіцкае дзяржаўнасці. На момант рассялення на Падзвінні славяне знаходзіліся на стадыі ваеннай дэмакратыі, якую можна акрэсліць як пераддзяржаўнае ўтварэнне саюзаў плямёнаў з тэндэнцыяй да іх адзінаначальнага кіравання. Вынік развіцця Полацка на дадзеным этапе — гэта ягонае станаўленне як палітычнага і адміністрацыйнага цэнтру крывічоў-палачанаў, асяродак кшталтавання урбаністычнай славянскай культуры ІХ ст. Пачатковая функцыя княжацкай улады — гэта кіраўніцтва працэсамі славянскай каланізацыі Падзвіння, і менавіта ёй, на нашу думку, Полацк і абавязаны сваім узнікненнем.
У іншых публікацыях было адзначана, што на ўсіх пачатковых протагарадскіх пасяленнях на тэрыторыі Беларускага Падзвіння (Віцебск, Лукомль, Свіла-1) на момант прыходу славянаў жыло аўтахтоннае балцкае насельніцтва[19]. Полацк у гэтай сітуацыі — выключэнне. Асабліва важным падаецца, што на Першапачатковым полацкім гарадзішчы (таксама як і на паселішчы) не зафіксаваны пласт банцараўскай культуры VI—VIII стст., а гэта азначае, што гарадзішча пры вусці Палаты на працягу сама меней трох стагоддзяў не было заселена.
У гэтай сувязі хацелася б звярнуць увагу на адну прыкрую недакладнасць: на старонках найноўшых акадэмічных выданняў Першапачатковага гарадзішча ўнесена ў лік помнікаў банцараўскай (балцкай ці балта-славянскай) культуры[20]. Падставай для такога меркавання стала публікацыя Г. Штыхавым[21] і С. Тарасавым[22] фрагментаў ляпной керамікі з полацкага гарадзішча і паселішча. Сярод гэтых фрагментаў два венцы падобныя на банцараўскую кераміку, пры гэтым адно венца з’яўляецца пад’ёмным матэрыялам, г. зн. яго дачыненне да культурнага пласту вельмі верагоднае[23].
Мусім падкрэсліць, што без наяўнасці культурнага пласта знаходжанне адзінкавых фрагментаў банцараўскай керамікі сведчыць аб балта-славянскіх кантактах у памежнай зоне рассялення славянскага этнасу, у якой знаходзіўся Полацк на раннім этапе свайго існавання.
Паводле археалагічных матэрыялаў, Полацк быў заснаваны на мяжы VIII—IX стст.: знойдзены датуючыя матэрыялы па гэтаму перыяду з Полацкага паселiшча (буйныя фрагменты ляпной керамiкi пражскага тыпу, а таксама фрагменты керамiкi, тыповай для доўгiх курганоў VIII—IX стст.[24]). Некаторыя фрагменты посуду, на думку Г. Штыхава, маюць роменскiя аналагi. Несумненна адно — найбольш раннiя ўзоры посуду з Полацкага паселiшча з’яўляюцца славянскiмi паходжаннем.
Пагорак, на якiм адбылося будаўнiцтва Полацкага замчышча[25], дагэтуль прыкладна на працягу трох стагоддзяў не быў заселены[26]. Найбольш раннiя матэрыялы — сведчаннi з’яўлення славянаў — былi знойдзены на Полацкiм паселiшчы, таму цалкам верагодна, што менавiта на iм першапачаткова было адноўлена жыццё. Паралельна з асваеннем паселiшча (славяне ў першую чаргу былi земляробы) ідзе працэс умацавання гарадзiшча — насыпаецца вал, будуецца замкавая сцяна, узводзiцца сiстэма абарончых збудаванняў[27]. Магчыма, у гэты час у Полацку ўсталёўваецца свой пантэон язычнiцкiх багоў[28]. Такiя буйнамаштабныя мерапрыемствы былi магчымы пры наяўнасцi дастаткова распрацаванай сiстэмы кiруючага апарату. Яго функцыянаванне забяспечвала княжацкая ўлада, якая абапiралася ў сваiх дзеяннях на племянную знаць. Таму цалкам слушным падаецца меркаванне, што этнонiм «крывiчы» паходзiць ад iмя роданачальнiка Крыва, асноўны род якога выбраў месцам свайго сталага жыхарства Полацк[29].
На нашу думку, Полацк быў заснаваны ў вынiку дагаворных дачыненняў памiж славянамi i балтамi на ўзроўнi племяннога кiравання, таму ён адразу пачынае вылучацца палiтычнай актыўнасцю. Ініцыятыва пры гэтым належала славянскім пасяленцам. Незаселенае гарадзішча давала крывічам выдатную стартавую магчымасць у пабудове ўласнай дзяржавы і паступова да славянаў пераходзіць кіраўніцтва ўсімі сферамі грамадска-палітычнага жыцця ў рэгіёне. Iндыкатарам гэтага працэсу ёсць сведчаннi летапiсаў i скандынаўскiх сагаў.
У балцкага насельнiцтва да прыходу славянаў, вiдаць, мелiся свае племянныя цэнтры, якiя аб’ядноўвалi асобныя субрэгiёны. Магчыма дапусцiць, што iмi з’яўлялiся старажытныя Вiцебск i Лукомль. Працяг іх існавання пасля прыходу славянаў натуральны, паколькі заключэнне дагаворных стасункаў павінна было вырашацца не ніжэй, чым на ўзроўні племяннога кіравання. Як вынік, у ІХ—Х стст. у Віцебску і Лукомлі археалагічна фіксуюцца артэфакты славянскай культуры.
Такім чынам, першапачатковы сацыяльны статус Полацка — племянны цэнтр крывічоў-палачанаў, рэзiдэнцыя мясцовай адмiнiстрацыi, аднак палiтычная роля Полацка ставiла яго ў больш прыдатнае становiшча ў параўнаннi з iншымi гарадамi Беларускага Падзвiння. Полацк, як носьбiт атрыбуту дзяржаўнай улады (рэзiдэнцыя княжацкай адмiнiстрацыi), адыгрываў ролю пасрэднiка i каардынатара мiжэтнiчных, хаўрусных балта-славянскiх дачыненняў, забяспечваючы роўныя правы абодвух бакоў у пабудове новага дзяржаўнага ўтварэння — Полацкага княства. Гэтая функцыя і забяспечвала гораду асаблівы сацыяльны статус на першасным этапе яго існавання.
Паступова да ХІ ст. склаліся асноўныя інстытуты дзяржаўнай улады зямлі-княства (князь, дружына, веча, баяры і інш.)[30], тады ж Полацк стаў горадам у сацыяльна-эканамічным разуменні гэтага тэрміна[31].
Падчас праўлення Брачыслава Ізяслававіча палачане праводзяць самастойную палітыку ў дачыненні да сваіх заходніх балцкіх суседзяў. Менавіта ў выніку гэтай дзейнасці былі заснаваны гарады Браслаў, Маскавічы, Рацюнкі, Дрысвяты. У першай палове ХІ ст. фіксуюцца археалагічныя сведчанні ваенных сутыкненняў паміж крывічамі і заходнімі суседзямі-балтамі на Падзвінні[32]. На працягу ХІ ст. працэс славянізацыі балтаў яшчэ не быў завершаны (па курганных пахаваннях бачна, што сельская акруга заставалася пераважна балцкай[33]), таму ўзнікненне памежных дзяржаўных цвердзяў можна разглядаць як рэальнае праяўленне палітычнай волі палачанаў і іх князя. Полацкія крывічы ХІ ст. былі ўжо палітычна з’яднаны, з гэтай прычыны ўжыванне палітоніму «палачане» ў дачыненні да ўсіх жыхароў Полацкае зямлі падаецца слушным.
Палітычная сітуацыя ва Усходняй Еўропе пачатку ІІ тыс. прадвызначыла распаўсюджванне хрысціянскай ідэалогіі з яе ідэямі монацэнтрызму. Славяне, носьбіты урбаністычнай традыцыі, сталі непасрэднымі праваднікамі новай хрысціянскай ідэалогіі. Самыя раннія сведчанні пра хрысціянаў з ліку мясцовай княжацкай дынастыі звязаны з імем Ізяслава Уладзіміравіча і ягонай маці Рагнеды[34]. Варажскае паходжанне полацкіх князёў Рагвалодавічаў у гэтым выпадку не пярэчыць выказанаму меркаванню, паколькі яны дзейнічалі ў інтарэсах славянскага насельніцтва крывічоў-палачанаў. Напрыканцы Х ст. у Полацку праводзілася місіянерская дзейнасць Торвальда, які заснаваў у горадзе манастыр і быў пахаваны ў крывіцкіх землях Падзвіння[35].
Хрысціянізацыя Полацкай зямлі была абумоўлена патрэбай княжацкай улады ва ўпарадкаваным кіраванні новымі тэрыторыямі. Хрысціянізацыя была гістарычна дэтэрмінавана наяўнасцю шматлікіх культурных сувязяў з Візантыяй, таму распаўсюджванне новай веры ў Полацкай зямлі звязана з дзейнасцю Рагвалодавічаў і пачаткова мела акрэслены палітычны характар. На тэрыторыі Полацкай зямлі новая рэлігія распаўсюджвалася мірным шляхам, у адрозненне, напрыклад, ад Тураўскай зямлі, дзе мелі месца крывавыя сутыкненні[36]. Палітыка асіміляцыі палачанамі балтаў і распаўсюджванне хрысціянства на Падзвінні мелі падабенства ў галоўным: новая рэлігія і новая культура (у першую чаргу урбаністычная), сталі асноўнымі атрыбутамі дзяржаўнай улады полацкіх крывічоў.
Археалагічныя раскопкі пацвердзілі, што на месцы Полацкай Сафіі, узведзенай паміж 1050—1055 гг., існавала драўляная пабудова, якая загінула ў моцным пажары[37]. Цалкам верагодна, што на месцы Сафіі раней знаходзілася царква св. Багародзіцы, якая згадана пад 1001 і 1007 гг. у сувязі з пераносам парэшткаў полацкіх князёў Ізяслава Уладзіміравіча і ягонага сына Усяслава[38].
Пачаткі манументальнага дойлідства, узвядзенне сабораў у Кіеве, Ноўгарадзе і Полацку можна разглядаць як акт палітычны. Культурнае «спазненне» суседніх прыбалтыйскіх фінскіх і балцкіх плямёнаў, у прыватнасці, адсутнасць у іх традыцыяў уласнага горадабудаўніцтва, тлумачыцца ў тым ліку і аддаленасцю ад хрысціянскай цывілізацыі. Невыпадкова першыя манументальныя пабудовы на землях усходніх славянаў звязаны з хрысціянскімі цэрквамі, таму і наяўнасць мураванага дойлідства — адна з вызначальных прыкметаў для атаясамлівання раннегарадскога пасялення з сярэднявечным горадам[39].
Працэс славянізацыі балцкага насельніцтва полацкай акругі шмат у чым быў сінхронны распаўсюджванню хрысціянства, таму і ў ХІІ ст. двухвер’е было звычайнай з’явай. У славянаў-крывічоў існавалі як цераспалосныя, так і змешаныя з балтамі пасяленні. Нават у непасрэднай акрузе Полацка (Рудня, Дзмітраўшчына) касцюм жыхароў сельскіх пасяленняў у ХІ—ХІІ стст. заставаўся балцкім[40].
Неаднолькавасць этнічнага складу насельнікаў Полацкай зямлі магла ўскосна садзейнічаць негвалтоўнаму распаўсюджванню хрысціянства. Паводле археалагічных крыніцаў, у Х—ХІ стст. мела месца значнае перамяшчэнне балцкага (яцвяжскага) насельніцтва з Панямоння ў межы Полацкае зямлі[41]. Невыпадкова язычнікі-балты, якія беглі ад нападаў крыжакоў і ўціску Лівонскага ордэну, знайшлі прытулак у Полацкай зямлі, пры гэтым летапісныя крыніцы не фіксуюць якіх-небудзь зменаў у рэлігійнай ці ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў Полацкай зямлі.
Так у ХІ ст. з культурнага асяродку створаных крывічамі гарадоў паступова пачалі распаўсюджвацца хрысціянскія культы. Гэты працэс закрануў як славянскае, так і балцкае насельніцтва Полацкай зямлі, і праходзіў вельмі марудна: пісьмовыя крыніцы сведчаць пра язычніцкае веравызнанне сярод часткі славянскага насельніцтва суседняй Аршаншчыны нават у XVII ст.[42].
Асiмiляцiя славянамi балцкiх плямёнаў доўжылася на працягу некалькiх пакаленняў, таму ўяўляецца больш правiльным гаварыць пра бiэтнiчную балта-славянскую дзяржаву полацкiх крывiчоў, прынамсi, на перыяд IX—X стст. Полацк, як носьбiт дзяржаўнай улады (рэзiдэнцыя княжацкай адмiнiстрацыi), адыгрываў ролю пасрэднiка i каардынатара мiжэтнiчных балта-славянскіх дачыненняў i забяспечваў роўныя правы абодвух бакоў у пабудове Полацкага княства. Гэтая функцыя забяспечвала Полацку правы на палiтычнае лiдэрства ў рэгiёне.
Такім чынам, станаўленне самастойнага дзяржаўнага ўтварэння — Полацкага княства — у ІХ—ХІ стст. адбывалася ў два этапы. Першы этап пачынаецца з моманту заснавання на мяжы VIII—IX стст. крывічамі Полацка як моцнага племяннога і рэгіянальнага цэнтру, ядра будучага княства. Другі этап — ад уваходжання Полацка ў палітычны хаўрус славянскіх і варажскіх плямёнаў паўночнай Русі на чале з Ноўгарадам (862—882 гг.) і Кіевам (882—912 гг.)[43] да канца ХІ ст. (усталяванне ў Полацку самастойнай дынастыі князёў Рагвалодавічаў з апошняй трэці Х ст.).
Увогуле, гэты даволі цьмяны ў плане палітычнай гісторыі перыяд ІХ—ХІ стст. не вылучаўся стабільнасцю. Першы, «ананімны», этап гісторыі Полацка вельмі важны для разумення сутнасці станаўлення дзяржаўнай улады славянаў-крывічоў на Падзвінні. На другім этапе выразна адзначаецца тэндэнцыя да палітычнага сепаратызму Полацкай зямлі адносна Ноўгарада і Кіева, што асабліва праявілася ў ХІ ст. У гэты час Полацкае княства пераўтварылася ў моцную самастойную раннефеадальную дзяржаву з усімі атрыбутамі дзяржаўнай улады.
1 Юхо Я. Дзяржава // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6-ці т. Т. 3. — Мн., 1996. — С. 237.
2 Штыхаў Г. Старажытныя дзяржавы на тэрыторыі Беларусі. — Мн., 2002. — С. 8.
3 Пузанов В. Народ и власть в городах-государствах Древней Руси // История России: народ и власть. — СПб., 1997. — С. 57; Штыхаў Г. Старажытныя дзяржавы на тэрыторыі Беларусі. С. 43—46.
4 Штыхаў Г. Старажытныя дзяржавы на тэрыторыі Беларусі. С. 11.
5 Вяргей В., Трымер В. Раннеславянскае паселішча Петрыкаў-2 на р. Прыпяць // Гістарычна-археалагічны зборнік. 2003, № 18; Гавритухин И. Хронология пражской культуры Белорусского Полесья // Тамсама.
6 Лысенко П. Туровская земля ІХ—ХІІІ вв. — Мн.,1990. — С. 15—16.
7 Шмидт Е. Проблемы хронологии тушемлинской культуры в Верховьях Днепра // Археалогiя і старажытная гiсторыя Магiлёўшчыны i сумежных тэрыторый. — Магiлёў, 1994. — С. 108—110.
8 Митрофанов А. Археологические памятники восточных балтов на территории Белоруссии в эпоху железа (VIII в. до н. э. — IX в. н. э.) // Из древнейшей истории балтских народов. — Рига, 1980. — С. 108.
9 Штыхаў Г. Крывiчы: Па матэрыялах раскопак курганоў у Паўночнай Беларусi. — Мн., 1992. — С. 49—50.
10 Енуков В. Ранний этап формирования Смоленско-Полоцких кривичей (по археологическим материалам). — М., 1990. — С. 173; Седов В. Восточные славяне в VI—XIII вв. — М., 1982. — С. 53—58; Шмидт Е. Тушемлинская культура на Верхнем Днепре и формирование смоленско-полоцких кривичей // Северная Русь и её соседи в эпоху раннего средневековья. — Л., 1982. — С. 102; Штыхаў Г. Крывiчы: Па матэрыялах раскопак курганоў у Паўночнай Беларусi. С. 61.
11 Третьяков П., Шмидт Е. Древнейшие городища Смоленщины. — М.—Л., 1963. — С. 41.
12 Штыхаў Г. Старажытныя дзяржавы на тэрыторыі Беларусі. С. 18.
13 Загорульский Э. Древняя история Белоруссии: автореф. дисс. ... доктора ист. наук. — М., 1983. — С. 27.
14 ПСРЛ. Т. 1. — М., 1962. — Стб. 20.
15 Насамрэч відавочна, што рашэнне прымаў Рагвалод, зыходзячы са знешнепалітычных рэаліяў таго часу.
16 Булкин В., Дубов В., Лебедев Г. Археологические памятники Древней Руси IX—XIII вв. — Л., 1978. — С. 59.
17 Брим В. Путь из варяг в греки // Известия АН СССР. Сер. 7. Отд-ние общ. наук. 1931, № 2. С. 213—218.
18 Алексеев Л. Полоцкая земля в IX—XIII вв. (Очерки этнической истории Северной Белоруссии). — М., 1966. — С. 86.
19 Дук Д. К вопросу о происхождении городов и государственности на территории Белорусского Подвинья // Славянскі свет: міжэтнічныя адносіны на мяжы трэцяга тысячагоддзя. — Брэст, 2002. — С. 27—31; Дук Д., Шайкоў В. Паходжанне і ранняя гісторыя Полацка (VIII—X стст.) // Беларускі гістарычны часопіс, 2001, № 6. С. 14—18.
20 Археалогія Беларусі: У 4-х т. Т. 2. Жалезны век і ранняе сярэднявечча. — Мн., 1999. — С. 392—393; Гісторыя Беларусі: У 6-ці т. Т. 1. Старажытная Беларусь: Ад першапачатковага засялення да сярэдзіны ХІІІ ст. — Мн., 2000. — С. 127.
21 Штыхов Г. Древний Полоцк (IX—XIII вв.). — Мн., 1975. — С. 24.
22 Тарасаў С. Полацк ІХ—XVII стст.: гісторыя і тапаграфія. — Мн., 1998. — С. 142.
23 Штыхов Г. Древний Полоцк (IX—XIII вв.). С. 25.
24 Штыхаў Г. Новыя раскопкi ў Полацку // Помнiкi старажытнабеларускай культуры: новыя адкрыццi. — Мн., 1984. — С. 156.
25 Сучасная плошча Першапачатковага гарадзішча крыху меней за 1 га. На нашу думку, у старажытнасці плошча гарадзішча была не меней за 2 га: частка помніка была разабрана падчас пракладвання новага рэчышча Палаты ў 1563 г.
26 У V ст. на гарадзішчы жыло балцкае насельніцтва днепра-дзвінскай культуры, культурны пласт банцараўскай культуры VI—VIII стст. на помніку адсутнічае.
27 Штыхов Г. Древний Полоцк (IX—XIII вв.). С. 25.
28 Тарасаў С. Полацк. Пачатак часу i прасторы // Полацк: каранi нашага радавода. — Полацк, 1996. — С. 16.
29 Тамсама. С. 18.
30 Штыхаў Г. Старажытныя дзяржавы на тэрыторыі Беларусі. С. 37—50.
31 Дук Д., Шайкоў В. Паходжанне і ранняя гісторыя Полацка (VIII—X стст.). С. 17.
32 Гісторыя Беларусі: У 6-ці тамах. Т. 1. С. 154.
33 Дучыц Л. Балты на тэрыторыі Полацкага княства і іх далейшы лёс // Полацк: карані нашага радавода. — Полацк, 1996. — С. 26—28.
34 Гісторыя Беларусі. Т. 1. С. 280—281.
35 Древнерусские города в древнескандинавской письменности. Тексты, перевод, комментарии. Сост. Г. В. Глазырина, Т. Н. Джаксон. — М., 1987. — С. 101—105.
36 Гісторыя Беларусі. Т. 1. С. 282.
37 Булкин В. Полоцкий Софийский собор в ХІ веке // Гістарычна-археалагічны зборнік. 2000, № 15. С. 136.
38 Селицкий А. Живопись Полоцкой земли ХІ—ХІІ вв. — Мн., 1992. — С. 18.
39 Загорульский Э. Древняя история Белоруссии. С. 27; Штыхов Г. Киев и древние города Белоруссии // Древнерусское государство и славяне. — Мн., 1983. — С. 55.
40 Дучыц Л. Балты на тэрыторыі Полацкага княства і іх далейшы лёс. С. 26.
41 Тамсама. С. 27.
42 Тамсама. С. 28—29.
43 У гэты час у Полацку кіравалі васалы варажскіх князёў Рурыка і Алега
СПАДЧЫНА, №6/2003
Похожие страницы :
• Новополоцкий феномен |
Новы праект у галіне энергазберажэння, энергаэфектыўнасці і альтэрнатыўных крыніц энергіі |
Крывічы-палачане |
• Крывіцкае Купальле |