Тым не менш такія меркаванні, якія могуць успрымацца хутчэй у якасці гіпотэз, не знаходзяць свайго пацвярджэння. Вайсковыя попісы 60-х гг. XVI ст. сведчаць, што шабля выразна дамінавала толькі на поўдні дзяржавы, дзе ўздзеянне ўсходніх уплываў адчувалася асабліва выразна. У іншых рэгіёнах выкарыстоўваўся альбо меч (на Падляшшы), альбо блізкі да яго корд. А між тым гэта ўжо былі часы, калі на змену мячу прыходзіла шпага альбо палаш, які з’яўляўся эвалюцыйным працягам корда, альбо, асабліва ў краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, шабля. Варта дадаць, што замацаванне апошняй на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага адбывалася досыць няпроста. Заканадаўчыя акты, у тым ліку Статут 1529 г., у якасці нарматыўнай клінковай зброі называлі меч ці корд, і нават у другой палове XVI ст. спецыяльныя вайсковыя "артыкулы" строга забаранялі выкарыстанне шаблі ў цяжкай кавалерыі. Такім чынам, гаварыць пра нейкія спецыфічныя "ўсходнія" густы рыцарства Вялікага княства ў выбары зброі блізкага бою не выпадае.
Выкарыстанне на землях Вялікага княства Літоўскага клінковай зброі з простым клінком пацвярджаецца і археалагічнымі крыніцамі. Большасць выяўленых адзінак гэтага віду ўзбраення XIV— XVI стст., складаюць мячы. На жаль, колькасць знойдзеных мячоў не дазваляе пакуль што праводзіць даследаванні на ўзроўні статыстыкі. Таму кожны новы знойдзены экземпляр мае значную каштоўнасць і можа разглядацца як істотнае дапаўненне аб пашыранасці на землях Вялікага княства мячоў тых ці іншых тыпаў. Таму важнай падзеяй можна лічыць знаходку ў жніўні 2001 г. яшчэ аднаго мяча каля вёсак Боркавічы і Гараўцы Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці.
Меч быў знойдзены ў р. Дрысе жыхаром Боркавічаў Сяргеем Вашчанкам, які перадаў каштоўную знаходку на кафедру гісторыі і сацыялогіі Полацкага дзяржаўнага універсітэта. Інфармацыю пра знаходку і чарцёж мяча прадставіў мне выкладчык універсітэта Дзяніс Дук.
Знаходжанне мяча ў вадзе абумовіла досыць добрую яго захаванасць: нягледзячы на карозію сярэдняй ступені, клінок не страціў сваёй пругкасці. Тым не менш, ён з’яўляецца найбольш папсаванай часткай зброі. Не выключана, што гэта звязана з механічнымі пашкоджаннямі і вышчарбленасцю мяча ў працэсе яго ўжывання. Апрача таго, клінок мае нязначны дугападобны выгін у плоскасці, што можа тлумачыцца асаблівасцямі палажэння прадмета на дне ракі. Даволі просты, нават грубаваты стыль выканання сведчыць, што меч меў выключна баявое прызначэнне і належаў, напэўна, аднаму з прадстаўнікоў не самага заможнага рыцарства.
Агульная даўжыня мяча складае 117 см, даўжыня выцягнутага спічастага клінка — 90,5 см. Шырыня клінка каля крыжавіны складае 4 см, таўшчыня раўняецца 0,9 см, за 3 см ад вастрыя яго шырыня 1,5 см, а таўшчыня — 0,5 см. Клінок мае сячэнне, блізкае да рамбічнага, але дзве супрацьлеглыя грані "ромба" ўвагнутыя, што надае ім падабенства са своеасаблівымі асіметрычнымі доламі, а сячэнню — падабенства не толькі з ромбам, але і з рунічнай літарай S. Падобныя ўвагнутасці змяншаюць вугал рабочых граняў клінка, што робіць яго больш прыдатным для сякучага ўдару, а таксама зніжаюць вагу мяча: пры значных памерах ён важыць усяго каля 1 124 г.
Масіўнае, прыстасаванае пад дзве рукі дзяржанне звужваецца ад 2 см каля крыжавіны да 1,2 см каля навершша. Таўшчыня дзяржання змяншаецца адпаведна ад 0,9 да 0,6 см. Навершша дыскападобнае, набліжанае да тыпу K па класіфікацыі англійскага зброязнаўца Р.Аўкешота, з выступаючымі чатырохкутнікамі ў цэнтры. Вышыня навершша складае 5 см, шырыня — 5,5 см, таўшчыня ў цэнтры — 2 см. Па краях таўшчыня навершша памяншаецца да 0,8 см справа і злева, 1,2 см зверху і 1,4 см знізу. Такім чынам, на вертыкальнай восі навершша маецца патаўшчэнне, што тлумачыцца праходжаннем праз яго ў гэтым месцы дзяржання.
Крыжавіна мяча простая, тыпу 2 па класіфікацыі Р.Аўкешота, хоць у яе можна заўважыць і рысы тыпу 13. Даўжыня крыжавіны складае 24,5 см, вышыня ў месцы насаджвання на дзяржанне — каля 1 см. Канцы крыжавіны плаўна пашыраюцца да 1,5 см; іх сячэнне набліжаецца да шматкутніка альбо груба адкаванага круга.
Форма і прапорцыі мяча дазваляюць залічыць яго да тыпу XVа па класіфікацыі Р.Аўкешота. Нягледзячы на двуручнае дзяржанне, агульныя памеры зброі і яе невялікая вага, якая цалкам дазваляла валодаць ёй адной рукой, даюць падставы залічыць разглядаемы меч да т. зв. "паўтараручных". Такія мячы прызначаліся для карыстання як адной, так і дзвюма рукамі ў залежнасці ад абставін і фізічных асаблівасцей канкрэтнага ўладальніка. Мячы тыпу XVа, якія былі найбольш пашыраны ў XIV—XV стст., звычайна залічваюць да зброі, якая прызначана пераважна для колючых удараў.
Пры апісанні такой цікавай знаходкі варта спыніцца на некаторых момантах. Перш за ўсё, нельга выключыць магчымасць таго, што разглядаемы меч выкарыстоўваўся яшчэ ў XVI ст. Прынамсі на землях Вялікага княства Літоўскага вядомы выпадкі досыць позняга выкарыстання зброі адносна ранніх формаў, у тым ліку і мячоў. Пра гэта сведчыць меч, знойдзены ў могільніку Круміняй Варэнскага раёна Літвы. Найбольш дакладна ён адпавядае тыпу XIIIа. Звычайна мячы гэтага тыпу выкарыстоўваліся не пазней за сярэдзіну XIV ст., аднак згаданы экземпляр датуецца XV—пачаткам XVI стст. Позняе ўжыванне мячоў мела месца і на землях суседняй, тэхнічна больш развітой Польшчы. Так, у Плементах (Торуньскае ваяводства) выяўлены меч, згублены, па ўсёй верагоднасці, у 1414 г. Між тым ён належыць да мячоў тыпу XII, перыяд выкарыстання якіх Р.Аўкешот абмяжоўвае 1170 і 1330 гг.
Па-другое, аналіз асаблівасцей формы мяча з Верхнядзвінскага раёна сведчыць, што гаварыць пра яго прызначэнне пераважна для ўколаў можна толькі з пэўнай доляй умоўнасці. Як ужо адзначалася, спецыфічнае сячэнне клінка разглядаемага мяча дазваляла зменшыць не толькі вагу зброі, але і вугал лёзаў, што павінна было павысіць эфектыўнасць сякучага ўдару. Больш таго, гэта не заўсёды прадугледжвала нават канструкцыя мячоў з доламі, хоць такія мячы традыцыйна лічацца пераважна сякучымі. Такім чынам, меч, выяўлены ў р. Дрысе, выкарыстоўваўся, верагодна, як колюча-сякучы. Праўда, невялікая вага змяншала яго ўдарны эфект, неабходны для нанясення важкіх удараў і прасякання даспехаў.
Дагэтуль на тэрыторыі Беларусі мячы тыпу XVа былі прадстаўлены толькі адным экземплярам, паходжанне якога не выклікае сумнення. Гаворка ідзе пра меч са Старых Дарог. Яшчэ адзін меч гэтага тыпу, які захоўваецца цяпер у Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі (інв. № 8929), знойдзены ў Цеханаўцы Бельскага павета. Меч тыпу XV, які адрозніваецца ад узораў XVа аднаручным дзяржаннем, выяўлены ў могільніку Куршай Цяльшайскага раёна Літвы ў пахаванні XV ст. Такім чынам, меч з р. Дрысы можна разглядаць як яшчэ адно сведчанне таго, што ўжыванне т. зв. колючых мячоў у Вялікім княстве Літоўскім не было з’явай унікальнай.
Крыніца: Беларускі гістарычны часопіс, №2 2003 г.
Похожие страницы :
Нет похожих страниц.