Царква ў перыяд сярэднявечча- гэта арганізацыя духавенства і веруючых, якая дзейнічае на аснове хрысціянскага веравучэння і культу. Для яе характэрны наяўнасць цэнтралізаванага кіравання на чале з іерархіяй духавенства і падзел прыналежных да царквы на прафесійных дзеячоў культу і радавых веруючых ( у хрысціянстве- клір і міране ). Усходнеславянская царква была часткай візантыйскай грэка-праваслаўнай царквы.
Паводле правіл візантыйскай царквы, царкоўная структура павінна была адпавядаць структуры свецкай улады. Ужо ў канцы 10-пачатку 11 ст. ва Усходняй Еўропе пачалі стварацца царкоўныя акругі- епархіі (епіскапіі). Гісторыкі праваслаўнай царквы на аснове ўскосных даных і параўнання звестак пісьмовых крыніц выказваюць меркаванні, што, напэўна, у 992 г. была створана Полацкая епархія.
З утварэннем новых епархій (епіскапій ) узмацняецца ўплыў мясцовых князёў на царкву, аслаблялася ўлада кіеўскага мітрапаліта, князі настойліва дамагаліся вызначэння пажаданых ім кандыдатаў на епіскапства ў сваіх землях і нярэдка мелі ў гэтым поспех. У Іпацьеўскім летапісе сустракаюцца паведамленні наступнага характару: мітрапаліт "постави Мину Полотьску" (1105), "поставиша епископа Козму" (1143). У 1183 г. мітрапаліт "посла" ў Полацк грэка Ніколу замест памерлага Дыянісія. Адсюль вынікае, што ў Полацк епіскап назначаўся кіеўскім мітрапалітам. Мяркуемая кандыдатура ўзгаднялася з полацкім князем, а затым, верагодна, павінна была быць ухвалена полацкім вечам.
Усходнеславянская царква кіравалася канонамі (правіламі і пастановамі) візантыйскай царквы. Зборнік гэтых пастаноў, так званы Намаканон, які атрымаў назву "Кормчай кнігі", стаў асноўным статутам царкоўнага кіравання ва ўсходніх славян. Крыніцамі канонаў былі балгарскія і сербскія пераклады візантыйскага Намаканона.
Епіскап быў у сваёй епархіі вышэйшым прадстаўніком царквы. Яму належала права пропаведзі і нагляду за казаннямі святароў. Ён меў права рыхтаваць усе богаслужэбныя акты, назначаць святароў. Епіскап быў галоўным начальнікам усіх царкоўных устаноў і ўсяго духавенства яго епархіі. Таксама ён меў права суда над царкоўнікамі па ўсіх грамадзянскіх і крымінальных справах і часткова права суда над вернікамі ("міранамі").
Епіскапамі маглі быць толькі асобы, пастрыжаныя ў манахі. (Пры пострыгу на галаве выстрыгаўся крыж.) Ніжняй царкоўнай ячэйкай быў прыход, цэнтрам якога з'яўлялася царкоўная пабудова. Цэрквы будаваліся на сродкі епіскапаў, князёў ці іншых багатых людзей (баяр, купцоў).
Унутраная структура царквы, арганізацыя культу вызначаліся актамі княжацкай улады і саміх царкоўных улад. Важнейшае значэнне меў статут князя Уладзіміра. Ён утрымліваў найбольш істотныя пастановы: аб устанаўленні дзесяціны на карысць царквы (г.зн. аб адліку дзесятай часткі ад княжацкіх даней "з усіх гарадоў"), аб стварэнні царкоўнага суда па справах злачынстваў супраць веры і царквы, аб парушэннях царкоўнай дысцыпліны і абрадаў, аб мнагажонстве, аб скасаванні шлюбаў. Царкоўны суд разглядаў справы аб спадчыннасці.
Полацкія царкоўныя статуты да нас не дайшлі. У тым, што яны існавалі, нельга сумнявацца. У "Жыціі..." Ефрасінні Полацкай гаворыцца, што яна, "положивши великое устроение обема манастырема" і даручыўшы абодва манастыры сваёй сястры Еўдакіі, накіравалася ў Іерусалім. Ефрасіння "ўладжвала" манастыры, несумненна, з дапамогай нейкага статута.
З узнікненнем епархіі князь перадаваў ёй перш за ўсё дзесяціну ад даніны, якую ён збіраў у розных формах. Статутныя граматы смаленскага князя Расціслава 1136 г. замацоўвае за епіскапам два сялы з зямлёй, якая да іх адносілася. Аднак застаецца невядомым аб'ём імунітэту царквы адносна гэтых сёл. Поўны царкоўны імунітэт, фінансавы і судовы, распаўсюджваўся на асобную, звязаную з царквой, катэгорыю людзей- "прошчанікаў".
Феадальная рэнта, якая паступала ў выглядзе судовых падаткаў, падзялялася паміж князем і епіскапам, паколькі епіскапскі суд ажыццяўляў сямейнае і шлюбнае права, а княжацкі суд- усе астатнія галіны права. Царква мела разам з фінансавым тэрытарыяльным імунітэтам таксама яшчэ судовы галіновы, які не быў звязаны з пэўнай тэрыторыяй. акрамя таго, царква распаўсюджвала сваю судовую ўладу не толькі на сямейна-шлюбныя, але і на крымінальныя справы. Гэта адбывалася ў тым выпадку, калі ўдзельнікамі крыміналу з'яўляліся "царкоўныя людзі"- члены царкоўнага прытча.
Царква аказвала вялікі ўплыў на грамадзянскае жыццё і побыт насельніцтва. Яна імкнулася выступаць у якасці гаранта пагадненняў паміж князямі, якія замацоўваюць гэтыя пагадненні "крыжовым цалаваннем", распаўсюджаным у Полацкім княстве. Царква прымала ўдзел у перагаворах розных узроўняў. Яе прадстаўнікі выконвалі ролю паслоў.
У Полацку епіскап таксама займаў высокае грамадскае становішча. У перыяд феадальнай раздробленасці ён з'яўляўся як быццам адзіным прадстаўніком усёй Полацкай зямлі, бо князёў, як мы ведаем, было шмат па розных полацкіх удзелах. Епіскап удзельнічаў у вечавых сходах. Ад яго імя пісаліся дагаворы, якія заключаліся полацкім вечам, і да іх прывешвалася яго пячатка.
Складана гаварыць аб ролі полацкага епіскапа ў дзяржаўным кіраванні, паколькі колькасць дакументаў, якія дайшлі да нас, невялікая. Аднак няма падстаў лічыць гэту дзейнасць нязначнай. Напэшна, полацкія епіскапы знаходзіліся ў меншай залежнасці ад мясцовых князёў, чым у іншых княствах усходніх славян, але, верагодна, яны не былі ў такой меры незалежнымі і моцнымі ўладыкамі, як наўгародскія епіскапы.
Духавенства падтрымлівала свецкую ўладу і клапацілася аб уласных царкоўных выгадах. Царква атрымлівала ад князёў дзесятую частку дзяржаўных даходаў і, акрамя таго, значныя зямельныя ўладанні. Царква адстойвала прагрэсіўную тады ідэю неабходнасці моцнай княжацкай улады. У сваю чаргу свецкія ўлады садзейнічалі царкве.
Г.Ганецкая, С.Тарасаў, Г.Штыхаў
(Цытуецца паводле: "Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Полацка".- Мн.: 2002. с. 68-69)
Похожие страницы :
Дэмаграфічная структура Полацка 9-13 ст. |
• Адкрыцьцё Пакроўскай царквы ў Полацку |