ЗЬБІРАНЬНЕ ПОЛАЦКУ
Сяргей Шыдлоўскі
1
Ілюстрацыі з полацкімі бажніцамі прыдадуцца ў гістарычным падручніку любой ідэалягічнай фармацыі. Яны прысутнічалі нават у савецкай кніжцы Абэцэдарскага. Полацкая тэма будзе захоўваць актуальнасьць пакуль існуе патрэба праслаўлення ўлады, незалежна ад яе геапалітычных арыентацый. Спадчына Полацку бачыцца таму спрыяльным полем для агульнабеларускага ідэалягічнага кампрамісу.
Полацак - цырыманіяльная заля ўсходнеэўрапейскай гісторыі. Авансцэна гісторыі вымагае высокага стылю. Адсюль сьмяротныя закляцьці на крыжы Эўфрасіньні, урачыстыя клятвы Баторыя... Адсюль пышныя полацкія трыюмфаваньні маскоўскіх цароў, ілюмінацыі для імпэратрыцы, адсюль Сімяон... Жарсьць Полацку - каранаваць.
Каму належыць крывіцкая спадчына? Сучасныя палачане на вуліцах роднага гораду могуць падацца статыстамі - дзея скончылася, галоўныя героі зыйшлі пад воплескі са сцэны. Магчыма, гэтак жа пачуваюцца цяперашнія качканосыя жыхары Грэцыі, якія змушаны з годнасьцю несьці ўласныя комплексы ў атачэньні мармурова-бездакорных Вэнэр ды Апалёнаў.
Крывіцкая, як і старагрэцкая, Антычнасьць належыць агульнаэўрапейскай цывілізацыi, што ёсьць і гонарам, і адказнасьцю, і смуткам цяперашніх кватарантаў гэтых легендарных руінаў. У дзяржаўніцкіх дэкарацыях Полацку, на яго музэйных вуліцах, па меры таго, як прасякаешся іх мэсыджамі, робіцца няўтульна. Нават любоўныя полацкія гісторыі, хрэстаматыйныя лёсы палачанак пераплецены з жарсьцю валадараньня ці служэньня вышэйшым рацыям. У крэпасьці, крамлі, манастыры вершыцца дзея... У Полацку адраджэнскіх ілюстраваных кніжак нельга жыць. Гэтым Полацкам можна гандляваць, гэтаму Полацку можна служыць, трымаць тут аблогу.
У сучасных палачанаў, мяркую, няма настальгіі па Бельчыцам - зруйнаванай княскай рэзыдэнцыі, ім да апошняга часу не хапала кавярняў. Але руіны, страты, прывіды, цені, двайнікі - абавязковая частка гульні, тая 2/3 айсбэргу, под, на якім будуецца патас міталёгіі й пэрспэктывы турыстычнага бізнэсу. Ці засталося ў жыхароў сучаснага Полацку энэргіі, каб пазьбегнуць існаваньня ў засені легенды, монаролі музэйшчыкаў-гідаў і абжыць руіны наноў?
У Полацку нешматлікая гуманітарная інтэлігенцыя. Заробленае нафтахімічнамі монстрамі не асядае дывідэндамі ў кішэнях гараджанаў. Няма ўплывовых штаб-кватэраў, салёнаў, клюбаў - інфраструктуры лябіраваньня і фармаваньня рэгіянальнай рацыі. Адсутнічае адпрацаваны канвэер вырабу інтэлектуалаў ды палітыкаў. Але палачане, вымкнуўшы за муры роднага гораду, не губляюцца ў часе й чужых інтарэсах. Уласна толькі за мурамі гораду яны і робяцца палачанамі - вандроўнікамі, піянэрамі - варагамі, пакліканымі на княжаньне.
Полацкі гэрб - караблік. Яго гушкалі хвалі сусьветных цывілізацыйных плыняў. Гэты горад не зьяўляўся канцавым пунктам на шляху, якім калісьці выправіліся крывічы. Полацак - нацягнутая цеціва, адпраўны пункт калянізацыі. На поўнач - для Візантыі, на поўдзень - для скандынаваў. Маяк, сьвечка на вакне хаты шляхціца Завальні ў завею. Полацак вядзе. На Поўнач, на Захад, на Ўсход... Усё залежыць ад таго, зь якой кропкі вы заўважылі ягоныя пробліскі.
Здзяйсьняецца ў Полацку, прадаецца ў Менску. Як зоркам належна нараджацца на небе, так беларускае мастацтва ды гісторыя ствараюцца ў Полацку. Так было стагодзьдзямі, і цяпер спрацоўвае эфэкт самай даўгой у гісторыі гэтага народу рэклямнай кампаніі - імя Полацку на слыху ўжо тысячу год.
Полацак ня мае індустрыі штампаваньня пасьпяховасьці, гэта не канвэер, а хутчэй банк - масыў сымбалічнага капіталу, што назапашваўся пакаленьнямі. Ад яго нам усім нешта авансам і перападае.
Брэнд кшталтуецца стагодзьдзямі. У Полацку няма брэндаў піўных ці кілбасных. Піва ды кілбасу тут па-людзку толькі вуччацца рабіць. У гэтым горадзе прызвычаіліся ствараць нематэрыяльнае - краіць пурпур, а не кажухі. Полацкае імя маркуе духовае - лёсы, а не карьеры.
Значную частку сучаснага насельніцтва Полацку складаюць нашчадкі савецкіх вайскоўцаў. Але сын савецкага пракурорскага работнікі Уладзімер Арлоў ды носьбіт ня меньш "чужынскага" прозьвішча Вінцэсь Мудроў робяцца выказьнікамі тутэйшай рацыі. Празь дзяцей расейцаў, украінцаў, габрэяў прамаўляе полацкае. Як спрацоўвае мэханізм гістарычнай пераемнасьці? Хіба ў пакрывеленым штакетніку раёнаў прыватнай забудовы Полацку - візуальны генатып крывіцкай велічы? Ці цяперашні раённы статус гораду - залог непарыўнасьці дзяржыўных традыцый палачанаў?
Полацкія архетыпы старэйшыя за нацыянальную ды сацыяльную каньюктуру, якая народжана ХІХ стагодзьдзем. Яны апэлююць да старажытных, падставовых інстынктаў, спрадвечнай жарсьці - волі да ўлады, славы, непарыўнасьці роду. Рагнеда, Рагвалод, Усяслаў, Эўфрасіньня таго ж веку, што і Фаўст, Трышчан, Іжольда, святы Франьцішак ды кароль Артур. Яны складнікі наднацыянальнай эўрапейскай ідэнтычнасьці. Таму праваднікамі полацкіх рацый так лёгка робяцца людзі розных канфэсій ды крывей.
Спробы зьвесьці Полацак да рэзэрвацыі язычніцкага сьветапачуваньня, ці прэзэнтаваць яго ак апірышча нейкай адной рэлігійнай канфэсіі - азначае рэдукцыю яго месца ў гісторыі. Амбівалентнасьць Сьвятога гораду-ваўкалаку зацеміў яшчэ Вацлаў Ластоўскі. Пад Полацкам знаходзяцца мэтафізычныя Лябірынты, падпольле, двайное дно, горад мае выхады-лёхі ва ўсе бакі - да езуітаў, у Бізантыю, у пракаветныя паганскія лясы. Дзедам сьвятой Эўфрасіньні быў ваўкалак Усяслаў, што здымаў званы з ноўгарадзкай Сафійкі; Скарына вучыўся ў каталіцкіх унівэрсытэтах; Цяпінскі быў антытрынітарыем; Сімяон Полацкі кім толькі ня быў. І ўсё гэта Сьвяты Полацак - горад-воўк, якога колькі не прыкармлівай, пільнуе свой крывіцкі лес. Гэта купецкае прагматычнае месца, і галоўная крыніца экспарту тут - легітымнасьць, міты, цырыманіял, прэстыж, генеалёгіі.
Полацак - культуралягічная, гістарычная, ідэалягічная велічыня, якая ня ставіцца пад пытаньне. Іншая справа палачане. Уладзімера Арлова бачылі многія, але і Йеці бачылі... Ёсьць полацкія архетыпы, іконы, героі, але што сабой уяўляюць сучасныя палачане? Можна адрозьніць палачаніна па спэцыфічнаму маўленьню, стылю паводзінаў, поглядам? Наўрацьці. І між тым палачане існуюць. Мусяць існаваць як канстанта беларускай рэчаіснасьці. Як мусяць быць магілеўцы, мінчукі, гарадзенцы... У адваротным выпадку этнонімы ды палітычныя рэаліі гэтай краіны будуць мяняцца з катастрафічнасьцю мімікрыі хамэлеону.
2
Ёсьць недарэчнасьць у тым, што тэкст, годны мітам, прывідам, канцэнтраванаму літаратурнаму паветру Полацку, дасюль не прад'яўлены. Але гэтага тэксту ня можа ня быць. Магчыма, ім зьяўляецца Полацкія летапісы, несфальшаваная рэдакцыя "Слова пра полк Ігаравы", чарнавік "Крывічоў" Зарэцкага, дзёньнікі Арлова або раскіданыя па інтэрнэцкім форумам пасты палачанаў. Ідзецца не пра тое, каб напісаць тэкст, а толькі выявіць яго. Патрэбна дасьледваньне, выхад у поле, экспэдыцыя за Полацкім раманам... Дзея ў стыле рэал-шоў.
Складаньні полацкіх літаратурных анталёгіяў, задумы гарадзкой энцыкляпэдыі, могуць быць адным з магчымых шляхоў выяўленьня падобнага тэксту. Але тут мы ўжо маем пэўны нэгатыўны досьвед - хто б не зьяўляўся складальнікам беларускіх хрэстаматыяў, якімі б правільнымі ідэялягемамі ён не кіраваўся б, усё адно гэтыя тэксты пакуль так і ня склаліся ў Вялікую беларускую літаратуру. Лірыка Крапівы заменены байкамі Геніюш (ці наадварот?), сіла на красу, краса на сілу, але атрымліваецца ўсё той жа бел-літ, прыспасоба для пазакляснага катаваньня вечных, калі можна так трохі мадэрнізаваць тэрмін Акудовіча, лецэістаў тваіх, Беларусь...
А Раман пра Полацак ужо існуе, мы даведваемся пра гэта апошнімі, бо самі ёсьць яго пэрсанажамі.
3
Зямля Полацку на мэтры ўглыб угноена касьцьмі князёў, манахаў і паэтаў. Княскага праху будзе замала, каб істотна палепшыць сельскагаспадарчую вартасьць тутэйшых суглінак, але міты на іх родзяць добра.
Наведваньне васьмі сотак лецішча пад Полацкам можа спарадзіць дэпрэсіўныя думкі. Ад жоўценькага прыдзьвінскага пясочку павявае хранічным недародам, голадам, безнадзеяй. Як патрапілі продкі збудаваць і падтрымліваць у балоцістай полацкай нізіне гэты горад, легенду, культуру, калі нават цяпер, з усімі калійнымі солямі, пэстэцыдамі, тэхнікай і парнікамі, змаганьне за ўраджай у тутэйшым краі выглядае мазахізмам?
Адказ просты. Продкі сучасных палачанаў не завіхаліся на палетках. У вёсках жылі аўтахтоны-балты, якія празь некалькі стагодзьдзяў, ужо асэміляваныя славянамі, былі абуджаны пад назовам "беларусы" да дзяржаўнага жыцьця ліраю Коласа ды Купалы. А крывічы бавіліся спрадвек вайной, гандлем, дойлідствам і малітвай.
Крывічы сеялі слова, а ня жыта. Абраблялі розум, а не суглінку. Пралівалі кроў, а ня пот.
Гэтая вузкая спэцыялізацыя вымагала строгай арганізацыі - наяўнасьць дзяржавы. Полацак і быў дзяржавай у чыстым выглядзе, квінтэсэнцыяй дзяржаўнасьці. І нават, калі яго падпарадкавалі больш драпежныя суседзі, палачане і надалей прадаўжалі займацца тым, што лепш за ўсё ведалі - вырабам дзяржавы. Гэтае рамяство было заўжды запатрабаваным. Яно прыдалася ВКЛ і маскоўскім царам. Яно ня можа не спатрэбіцца і незалежнай Беларусі.
4
Полацак не аднаўлялі пасьля вайны 1941-45-га піцерскія архітэктары. Пэўныя куткі гораду прымушаюць думаць, што іх не аднаўлялі і пасьля вайны 1654-67-га. Лёс памежнага краю. Мы здавалі гарады ворагу, крывіцкі лес не здавалі. Дзеці паўднёвых стэпаў заклікалі да чэснага бою ў чыстым поле. Але больш пачэсна для нас было ірваць іх у ельніку пазмрачней.
Базар, Вакзал, Прамзона, штакетнік выцьвелы... А Полацак дзе? "Падманулі, як падманвалі варагаў з грэкамі пятнаццаць стагодзьдзяў, прад'явіце ваш Полацак зараз".
А горад пачатку ХХІ стагодзьдзя хаваецца за танаваным шклом патасных аўто, зачыняецца на кодавыя замкі... На самым вялікім беларускім сьметніку, які археолягі называюць культурным слоем Полацка, 2004-ы маглі б маркераваць сінія пачкі LM, калі б папера не парахнела... Горад пераходзіць на лёгкія цыгарэты, завязвае з кавай, пье зялёную гарбату, вяртае студэнтаў у езуіцкія муры.
І праўда, што Полацак? Міт, залатая легенда, "так было"?
Так будзе. Гэта оpen source, футурыстычны праект, створаны дзядамі, праекцыя іх мараў і трызьненьня - намі. Гэта Полацак. Наша.
Абяцаньне. Пазнаваньне-ўгадваньне сябе. Твой і мой імгненны адбітак на стужцы Дзьвіны. Такое кіно. Цягам палтара тысячагодзьдзя.
Яно толькі пачынаецца. За павароткай гэтай вясны. Ёсьць ты і я, а Полацак будзе. Дзе сустрэнімся,- будзе Полацак. Назавуць Полацкам месца нашай сустрэчы.
2004-2007
Похожие страницы :
Сяргей Шыдлоўскi. МУЗЭЮМ |
Сяргей Шыдлоўскі. ПОЛАЦКАЯ МАРКА |
Сяргей Шыдлоўскi. Каардынаты Полацкага |
Сяргей Шыдлоўскі. БОЛЬШ ЧЫМ ГОРАД |