1. Герой у часе[p][/p]
Прамэтэеўская постаць Ф. Скарыны, надзвычай папулярная ў адраджэнскіх 80-ых, на пераломе стагодзьдзяў, зь ягоным блізу барокавым адчуваньнем часу, выглядае задужа рэнэсансна, каб выклікаць асабістыя пачуцьці. Актуальным героем сучаснасьці паўстае Сімяон Полацкі, узорны беларус, "калабарант", пілігрым у краіну Усходу.[p][/p]
Некалі Фаўст, апошні герой традыцыяналізму, спрабаваў выратаваць міта-паэтычны час, даруючы чалавеку адчуваньне тоеснасьці з родам, ад дыскрэтнасьці "часу купцоў" і хронік. Яго хвалявала як можна сказаць "спыніся імгненьне" і ня быць расьціснутым д'ябальскім вынаходзтвам- гісторыяй. Беларускі Фаўст мусіў бы змагацца і супраць новага гістарычнага часу, і супраць новапаўсталай геапалітычнай прасторы, транзытная сутнасьць якой пазбаўляе тубыльную зямлю ейнага запаведнага статусу. Мо таму, як і Скарына, С. Полацкі палічыў для сябе мэтазгодным любіць Бацькаўшчыну з-за мяжы.[p][/p]
Сьвятасьць- атрыбут адлегласьці. Вымкнуўшы з роднага культурнага асяродзьдзя, набываеш магчымасьць аб'ектывізаваць уласную культуру. Радзіма купцоў, ваяроў, дойлідаў і асьветнікаў, Полацак ніколі ня быў абдзелены падобнай рэфлексіяй. Тутэйшы архетып культурнага героя, што прасочваецца ад Усяслава Чарадзея да Язэпа Драздовіча, нібы праграмуе горад на расьцярушаньне,- полацкае расьцярушаньне стаецца перадумовай зьбіраньня беларускіх зямель. У вандроўках летапісных палачанаў заўжды гучыць матыў Вяртаньня- гэта цэнтральная полацкая калізія. Згадаем немагчымасьць вяртаньня Рагнеды, пасьмяротнае вяртаньне Эўфрасіньні, уцёкі Ўсяслава з Кіева. Зыход- як спроба вярнуцца да якасна новага адчуваньня Радзімы.[p][/p]
Полацак штодзённасьці ніколі ня быў роўны сабе- ідэі Гораду, па ўзору якога ў гэтым лясным краі пачалась разбудовы ўрбаністычнай культуры. Гэтае манумэнтальную ідэю мы пазнаем цяпер у мурах суседзкіх сталіц, да будаўніцтва якіх далучыліся. Яны шукалі сваёй Эўропы, а Эўропа знайшла сябе на ўскрайку, дзе сканчалісь рымскія і бізантыйскія дарогі, у засьнежаных сіверных лясах.[p][/p]
Думаецца, С. Полацкі/1629-1680/ зьяжджае з радзімы не за фаўстаўскай праўдай, а кіруючыся праектам рацыяналізацыі сьвету. Апошняе прыпушчэньне ў дачыненьні лёсу С. Полацкага не выглядае надмернай мадэрнізацыяй. Калі традыцыйныя культурныя стасункі разбураюцца, чалавек апынаецца сам-насам зь ірацыянальнасьцю часу, што з кожным новым чалавечым лёсам вымагае спарадкаваньня ў індывідуальным парадку і не прызнае дзедаўскіх рэцэптаў. Героі традыцыйных грамадзтваў таму лёгка ідуць на сьмерць, што яны несьмяротныя ў цыклічным часе мітаў свайго роду. У гістарычным вымеры наадварот- ня род гарантуе неўміручасьць індывіду, а індывід унесьмярочвае род. У часы С. Полацкага, багатыя на вайсковыя ліхтугі, традыцыйныя сувязі парушаюцца. Узяўшы ў якасьці свайго літаратурнага імя назву роднага гораду, Пятроўскі-Сітняновіч апэлюе ўжо не да рэальнай палітыка-эканамічнай сілы, а да мінулага Полацка, у адрозьненьне ад Ф. Скарыны, які ў сваіх прадмовах да Бібліі зьвяртаўся да патэнцыйных фундатараў- заможнага полацкага "паспольства".[p][/p]
Тое, што аб полацкім мінулым мы ведаем больш праз гандлёвыя дамовы, чымсі з палітычных княжацкіх кронік,- сымбалічна. Дынаміка развою гораду была прытарнавана ня столькі да ўзьлётаў-заняпадаў уладных дынастый, колькі да шматцерпнага працэсу назапашаньня купецкмі клянамі "маёмасьці і прэстыжу". Скарыны, Цяпінскія, Пятроўскія, Сітняновічы- ўсё гэта купецкія радзіны. Палітычнае кіраўніцтва на тутэйшыхх землях здавён было выбарным, залежным ад эканамічнага цэнтру ўлады, які сымбалізавала Веча. Мілітарна-ўладная лесьвіца сацыяльнай мабільнасьці ў полацкім грамадзтве ўжо ня мела таго абсалютнага прэстыжу, якім яна карысталась у традыцыйных вайскова-племянных арганізацыях суседзяў-балтаў. Вільня- гняздо драпежных кунігасаў, жыўшых з вайны, была антыподам Полацку- своеасаблівага порта-франка балтыцка-чарнаморскага рэгіёну. Для доўгатэрміновых эканамічных гледзішчаў Полаччыны патрабаваўся мір, ВКЛ жа, у склад якога ўваходзіў Полацак, у XVII ст. загрузла ў хранічных памежных войнах, дзелячы з Масквой гістарычную спадчыну Кіева. Наступкі гэтай чужай спрэчкі былі для Гораду катастрафічнымі. У выніку літоўска-маскоўскай вайны 1654-1667 гадоў Полацкае і Віцебскае ваяводзтвы страцілі дзьве траціны ўласнага насельніцтва.[p][/p]
Толькі паэт мог прасякнуцца веліччу зямлі, напалову сьцертай з палітычнай мапы хранічнымі памежнымі войнамі. З-за адсутнасьці іншых прэтэндэнтаў паэты становяцца галоўнымі нашчадкамі Ўсяслававай славы. Лёс С. Полацкага, ягоны чын і ймя робяцца той кропкай уводу, у якой страчаная палітыка-эканамічная веліч Полацку сублімуецца ў міт культурнай сталіцы. Сваім літаратурным прыдомкам Сімяон робіць прамоцыю крывіцкай мінуўшчыне. Без падобнага інфармацыйнага спонсарства разрыў з традыцыяй "залатога стагодзьдзя" быў бы, магчыма, непераадольным. У месцах пераходу адной эпохі ў другую мастком могуць служыць лёсы асобных індывідаў. Не было б "апошняга рымляніна" Баэцыя, Эўропа, магчыма, не зазнала б Рэнэсансу. Калі б не было С. Полацкага, на месцы Беларусі можа зеўраў бы сёньня пыльны транзытны ляндшафт, не паменаваны на мапах,- без прыпынкаў на сотні кілямэтраў ад Масквы да Варшавы.[p][/p]
Ф. Скарына вучыцца і пытаецца, С. Полацкі вучыць і адказвае. Апошняе- прыкмета часу- чым няпэўней навакольныя абставіны, тым катэгарычней дыдактыка. Францыск застанецца ў падсьвядомасьці беларускай культуры ейным паветрам, вечным студэнтам, галоўную інтрыгу біяграфіі якога складаюць абароны дысэртацыяў- чым не пэрсанаж для фабліа ці рэнэсанснай навэлі/ балазе, рэнэсансная па духу п'еса "Нагавіцы сьвятога Георгія" ўжо напісана нашымі сучасьнікамі М. Адамчыкам і М. Клімковічам. Каб стварыць нешта адэкватнае ў дачыненьні біяграфіі Сімяона, патрэбна зьяўленьне айчыннага Грымэльсгаўзэна./. Сусьветны архетып, што дастасуецца постаці Ф. Скарыны- мітычны Фаўст. Пятроўскага-Сітняновіча, гэтага практыкуючы ля трону філёзафа, сучасьніка Кромвэля і Рышэлье, хочацца параўноўваць толькі з гістарычнымі героямі. С. Полацкі- высока-велягорнае і не запатрабаванае. У новабеларускім самапачуваньні, пачынаючы з "Камэдыі" К. Марашэўскага, пераважае батлеечна-інтэрмэдыйны фармат. Ад сюжэтаў гісторыі мы хаваемся ў побытавую фабулу показкі. Найбуйнейшым нацыянальным сьвятам робяцца дажынкі- аграрны цыклічны час не сьпяшаецца адпускаць, мы вымаўляем "спыніся імгненьне" і шторазу спатыкаемся на д'ябальскай штуцы, імя якой гісторыя.[p][/p]
Ф. Скарына быў садоўнікам караля, С. Полацкі- царскім радцам. Ф. Скарына шукаў на Захадзе, С. Полацкі знайшоў на Ўсходзе- Імя. Досьведы Ф. Скарыны і С. Полацкага сфармавалі мадэль культурнага пасярэдніцтва, якая і ўмажлівіла ідэю Беларусі. Ф. Скарына і С. Полацкі- два роўнавялікія архетыпы, два ўзоры прэтэнзіяў для беларускіх культурнікаў. Без Ф. Скарыны, а дакладней- імпартаваных з Захаду тэхналёгіяў, не было б "кідку на Ўсход" С. Полацкага. Без С. Полацкага ня ўзьнікла б сучаснай Беларусі- як гістарычнай пераемніцы Полаччына- краіны культуртрэгераў і асьветнікаў, краіны-масту паміж Захадам і Ўсходам.[p][/p]
Імя "Беларусь" упершыню пасьлядоўна пачало ўжывацца ў дачыненьні сучаснай беларускай тэрыторыі менавіта пры маскоўскім двары. Захад шукаў місіянэраў, якія б не выклікалі адпрэчаньня ў артадаксальнага Ўсходу. На ролю такіх пасярэднікаў прэтэндавалі розныя тэрыторыі і этнічныя групы, але тое, што гэтая місія-назва "Беларусь" замацавалася менавіта за цяперашняй беларускай тэрыторыяй, пэўную заслугу мае і С. Полацкі, вучань віленскіх езуітаў, настаўнік маскоўскіх цароў. "Беларусь" на доўгія часы, да пацешных пятроўскіх паўкоў і слабод, сталася адзіна прымальным для Расеі ўзорам заходняй цывілізацыі, з рук якой Масковія толькі і згаджалася браць рымскую вучонасьць.[p][/p]
Нацыю фармуюць ня толькі агульнасьць мовы ды гісторыі, але і місія- геапалітычная каньюнктура. Эліты могуць спраектаваць прэстыжную нацыянальную ідэю, але, каб зрабіцца "этнічнай культурнай тэмай", яна мусіць улічыць геапалітычная прагматыку. Сьвятое месца не пустуе. Спачатку "Беларусь" зьявілася на не зусім пісьменных, што зробіш, красвьлюнках маскоўскіх дыпляматаў і толькі пасьля- на палітычнай мапе. Каб апошняе адбылося, яе "вызвалялі"- гэта было актам ня толькі вайсковым, але і сэмантычным. "Вызвалялася" ня проста тэрыторыя, але і сэнс, ідэя, місія для гэтай тэрыторыі, уканаваная і закладзеная ў тэрміне "Беларусь". Замала мець нацыянальную ідэю і нацыянальную мітаграфію - трэба, каб тваю ідэнтычнасьць прымаў на веру яшчэ нехта збочны. Нацыя- гэта тое, што адбіваецца вонкі. Заселеныя нашчадкамі палачанаў ды палешукоў тэрыторыі здолелі аформіцца адзіным цэлым менавіта як лякалізаваная на мясцовасьці магчымасьць міжцывілізацыйнага кампрамісу, як пляцоўка для дыялёгу розных культурных каштоўнасьцяў.[p][/p]
Урэшце, Захад і Ўсход могуць анічога ня ведаць аб існаваньні Беларусі і нават не здагадвацца аб ейнай апрычонай культурнай ролі. Падобны трагікамічны момант ня ставіць пад пытаньне саму місію Беларусі, бо міжкультурны дыялёг адбываецца насамрэч ня толькі і ня столькі на дзяржаўным узроўні, ўзроўні інстытуцый або дыскурсаў, колькі ў штодзённым побыце, на ўзроўні індывідуальных лёсаў.[p][/p]
Быць беларусам - азначае браць удзел у гэтым дыялягічным праекце. Беларускасьць- гэта форум, экспэртыза, палеміка, беларусы ў Маскве рабілісь агентамі гісторыі, правакатарамі перамен. Такой была роля братоў Зізаніяў, П. Мсьціслаўца, Ф. Скарыны, М. Сматрыцкага, І. Хведаровіча і, безумоўна, С. Полацкага, уніята і палачаніна. Аслабленьне нацыянальнага імунітэту Беларусі прыпадала на пэрыяды лібэралізацыі маскоўскай дзяржавы. Беларусь рабілась прарасейскай у той ступені, у якой Расея "зьбеларушчвалася", перанімаючыся гэтай дыскусіяй. Пецярбург Пятра I стаўся магчымым тады, калі з-за бясконцых войнаў немагчымай зрабілась "полацкасьць"- камунікацыя эўразійскіх абшараў праз Балтыку з заходнім сьветам. У той ступені, у якой Беларусь прыдумвалася ў Расеі, Расея прадумвалася ў Беларусі. Гэты ўплыў выяўляўся як у вонкавых, стылістычна-візуальных формах, так і ў сукрытых ідэалягічных зрухах. Народжаны ў інтэлектуальных колах ВКЛ стэрэатып Масковіі/ М. Літвін, А. Пасевін, Г. Пельгрымоўскі й інш./ быў успрыняты ў Заходняй Эўропе. І ўжо пазьней новая эліта пасьляпятроўскай Расеі прызнала сябе ў гэтым стэрэатыпе і культывавала яго як у творчасьці "заходнікаў", гэтак і "славянафілаў". Пазнаньне чужога- найперш самапазнаньне. Француз Дэ Кюстын, пішучы аб Расеі, адкрываў Эўропу, дапамагаючы вызначыцца эўрапейскім ідэалам і каштоўнасьцям. Беларусь была такім месцам, дзе выяўляла і адкрывала сябе як Расея, гэтак і Эўропа.[p][/p]
Бясконцыя войны ВКЛ з Масковіяй зьмянілі ня ў лепшы бок ня толькі эканамічнае ды дэмаграфічнае становішча Полаччыны XVII ст., але і адбілісь анамальным чынам на культурным пакліканьні гораду. Эліты Полацку, якія далі літоўскім абшарам заканадаўства, распрацаваную пісьмовую мову, падмуркі дзяржаўнай і царкоўнай арганізацыі, былі ўрэшце зьведзены да стану памежнай варты, што з пэрыядычнасьцю ў дваццаць год сыстэматычна вынішчалася пад час літоўска-маскоўскіх войнаў. Полацаку як месцу, заслужыўшаму на ўласную гістарычную рацыю, як прагматычнаму геапалітычнаму праекту, паўстаўшаму цэнтрам гандлю і культурных камунікацый, была неабходна мірная мяжа з Масковіяй. Менавіта таму Кацярыненскае XVIII ст., ліквідаваўшае паўночна-ўсходнюю мяжу літоўскай "хімэры", сталася часам росквіту Полацку. Гэта быў акурат той выпадак, калі імпэрыя спраўдзіла сваё гістарычнае наканаваньне, ліквідуючы дэструкцыю межаў/В.Акудовіч/. XVIII стагодзьдзе можна ўважаць ці ня самым бліскучым у новай полацкай гісторыі. Але аблудай было б казаць, што эканамічныя свабоды сталіся для палачанаў больш важнымі за свабоды сумленьня. Полаччына, як пісаў прарасейскі гісторык вуніі М. Каяловіч, па ранейшаму вызначалась "множеством ревнителей, выступавших под знаменем Кунцевича".[p][p][/p][/p]
Вобраз Сімяона Полацкага слаба акцэптаваны сучаснай беларускай мітаграфіяй, але ягоная прысутнасьць у айчыннай гісторыі не падлягае рэдукцыям. Ф. Скарына- больш плястычная і спадручная постаць для канструктараў мітаў, яго вобраз падпадае рэдагаваньню і кіраваньню палітычнай каньюнктуры. У залежнасьці ад пануючай ідэалягічнай моды ў яго зьмяняецца нават імя Георгій на Францыск- і наадварот. У дадзеным пляне С. Полацкі рэзыстэнтны. Складваецца ўражаньне, што гэты выхаванец езуітаў на службе маскоўскага валадара сам вызначыў парамэтры сваёй прысутнасьці ў гісторыі. Урэшце, гэта і было ягонай прафэсіяй- ён карыстаў маскоўскі двор як ідэоляг "палітыкі велічы", забясьпечваючы гістарыясофскую падтрымку маскоўскім унівэрсалісцкім памкненьням.[p][/p]
Здатнасьць ставіць і вырашаць гістарычныя задачы залежыць ад адпаведнага ўяўленьня аб часе і каштоўнасных арыентацыяў зь ім зьвязаных. Кар'ера С. Полацкага як прагматычны праект, унутрана каштоўны і этычна апраўданы, магла скласьціся толькі ў выніку адпаведных адносінаў да гісторыі і рэлігійных установак. Як і іншых паэтаў барока, С. Полацкага ўражвае дэструктыўны аспэкт часу. У сытуацыі міжчасься, міждзяржаўя і міжверья С. Полацкі шукае аптымальнае для свайго індывідуальнага лёсу выйсьце. Урэшце, гэтае выйсьце станецца аптымальным для ўсяго тубыльнага постсармацкага дыскурсу- "усходні" вэктар сфармуе беларускую ідэю-місію вяртаньня праваслаўнай цывілізацыі ў агульнаэўрапейскі кантэкст. Беларускі "славянафіл" у маскоўскім эквіваленце- гэта "заходнік". У паводзінах С. Полацкага аблудна было б шукаць прыкметаў нейкай вылучна беларускай схільнасьці да канфармізму. Праз стагодзьдзе, пасьля разбору Рэчы Паспалітай, полацкія езуіты будуць датрымлівацца ў дачыненьні з кацярыненскай Расеяй той жа лініі. Гэта выбар сацыяльна-актыўных людзей, якія вырашылі працаваць тут і зараз. Падобная пазыцыя будзе даваць плён, покуль у выніку імпэрскай рэакцыі на шэраг шляхецкіх забурэньняў 1812, 1831 і 1863 гг. у краі ня будзе падарвана сацыяльна-эканамічная база эвалюцыйнага развою, створаная нацыянал-прагматыкамі. Тэзу "абеларушчваньня" Расеі забудуць на стагодзьдзе.[p][/p]
Жыцьцё на памежжы- існаваньне ў сытуацыі пэрманентнага культурнага шоку ад сутыкненьня з "чужым", ад немагчымасьці, урэшце, напоўніцу атаясамляць сябе са "сваімі". Гэтая сытуацыя спараджае сваесаблівы рэлятыўны фундамэнталізм, цынізм веры. Мусіць існуе пэўная лёгіка ў тым, што правінцыйны гішпанскі шляхціц Лаёла стаецца заснавальнікам аднаго з найбольш амбітных інстытутаў эўрапейскай экспансіі, вучань езуітаў С. Полацкі едзе вучыць маскоўскіх цароў, а сталіцай Таварыства Ісуса робіцца Полацак, незабавам інкарпаваны ў склад Расеі.[p][/p] [p][/p]
Дасьледаваньне жыцьцёвага і творчага шляху С. Полацкага выводзіць на разгляд па-сучаснаму вострых апазыцый Захаду і Ўсходу, краёвага патрыятызму і нацыянальнага пачуцьця, традыцыі і навацыяў, сьвецкага і клерыкальнага, ідэалаў і прагматызму. Разьвязаньне гэтых дылемаў дазволіла С. Полацкаму зрабіць адну з найбольш уражваючых кар'ераў у гісторыі беларускай культуры. Гэты прыклад пасьпяховасьці на стагодзьдзі прадвызначыў для беларусаў культуртрэгерскі вэктар. С. Полацкі заклаў і яшчэ адзін прэцэндэнт- як дасягаць пасьпяховасьці, не адрынаючы свайго. Паэт, будучы ў Маскве, ня выракся ані полацкага патрыятызму, ані прыналежнасьці да базыльянскага ордэну. Зрэшты, каб ня дужа падманвацца на гэты конт, варта ўлічыць адрозьненьні паміж сучасным нацыянальным пачуцьцём і ўласьціваму часам С. Полацкага спосабу самаідэнтыфікацыі паводле краёва-канфэсійнай прыкметы. Калі для сучаснага нацыяналіста ягоная "радзімай" зьяўляецца мова, дык для чалавека XVII ст. падобнай ідэалягічнай бацькаўшчынай была канфэсія ці нават абрад у выпадку "народнай веры". Людзі "доўгага сярэднявечча лёгка пакідалі радзіму, бо наўрацьці яна ў іх была"/Ле Гофф Ж./. Да таго ж, і сама сацыяльная кляса, да якой належыў С. Полацкі, была, як піша М. Блок, па натуры сваёй унівэрсальнай.[p][/p]
Ідэі нацыянальнай дзяржаўнасьці папярэднічаў ідэал хрысьціянскага ўнівэрсалізму. Славянскія этнічныя спэкуляцыі былі другаснымі для С. Полацкага. У постаці маскоўскага цара паэт жадаў знайсьці прыклад не этнічнага, а хрысьціянскага лідэра. У гістарычных экскурсах з часоў Кіеўскай Русі С. Полацкі акцэнтуе ўвагу менавіта на рэлігійнай, а не этнічнай пераемнасьці: "Иже от Владимира наследне царствует,// Всю дедичным Русь правом слушне обыймует.// Насадил князь Владимир винницу Христову// През крест во всей России, Алексий готову// Михайлович разшырил"/ Полоцкий С., с. 29/. Толькі праз належнае выкананьне хрысьціянскай місіі сьвецкая ўлада можа захаваць сваю легітымнасьць. Наколькі блізкі быў гэты ідэал да маскоўскага арыгіналу? Настойлівыя паэтычныя "намаўленьні" наводзяць на думку, што С. Полацкі выконваў пры Аляксеі ролю, блізкую да чыну першых хрысьціянскіх місіянэраў, бачыўшых сваё пакліканеньне ў злагоджваньні ўладных нораваў барбараў. Ад гэтай саступкі ўладзе ідзе тэндэнцыя "цэзарызацыі" вобразу Хрыста/"Царь мира Христос", "царь всея твари" і г.д./, які адаптуецца да этасу homo militaris. Адсюль і вобраз крыжа-мяча, характэрны для творчасьці С. Полацкага маскоўскага пэрыяду.[p][/p]
Творчасьць С. Полацкага дазваляе выявіць тыя зьмены, што адбываліся ў сьвядомасьці ягоных сучасьнікаў, у прыватнасьці, у іхных адносінах да часу. У сваім творы "Год века образ" С. Полацкі атаясамляе сэзоны году з узроставымі стадыямі чалавечага жыцьця. Паэт падзяляе чалавечы век на пяць пэрыядаў, у кожным зь якіх па шаснаццаць гадоў: "Пяць разоў па шаснаццаць год- канец веку". Вымярэньне чалавечага жыцьця на 16-годзьдзі, на думку сучасных гісторыкаў, можа сьведчыць аб пэўнай абыякавасьці тагачаснага грамадзтва да канцэпту ўзросту, што абумовілась адсутнасьцью ўніфікаваных узроставых вехаў, якімі для нашых сучасьнікаў зьяўляецца, напрыклад, набыцьцё адукацыі ці служба ў войску.[p][/p]
Погляды на выхаваньне дзяцей, якія выказвае С. Полацкі, збольшага адпавядаюць традыцыйым перакананьням. Паэт раіць:"Вздуй дитяти, пока еще молодо", бо "весна есть образ детства...отребляют вредная в ея время, ветви прицепляют полезныя к древесам"\ Полоцкий С., с. 349\. Гэта што да маральнага клімату эпохі і вытокаў ейнай харызмы.[p][/p]
Заслугоўвае ўвагі верш С. Полацкага "4 szesci dnia", у якім прасочваюцца каштоўнасныя адносіны паэта да часу:"kto madry, ma noc w nienawisc,//We dnie uciechy szuka y korzsci". / Полоцкий С., с. 110/. Параўнайма з народнай формулай "яго час, яго воля", паводле якой "дабро ёсьць тое, што бывае ў свой час і на сваім месцы"/ Санько С., с. 28/. Падобныя адносіны ўпарадкоўваюць сусьвет у сыстэму выразна вызначаных дыхатамій дзень-ноч, сьвет-цемра, дабро-зло і г. д. Але ў гэтую традыцыйную пэўнасьць у вершы С. Полацкага ўжо ўплішчваецца агаворка, характэрная для мадэрновых часін:"Ma w prawdzie czlowiek z niej pod czas wygode"/ Полоцкий С., с. 110/. Бяз гэтай агаворкі, якую санкцыянавалі прасунутыя розумы Эўропы Новага часу, вогнішчы інквізыцыі палалі яшчэ б доўга / што праўда, апошні выпадак суду над ведзьмамі зафіксаваны на Полаччыне ў ХVІІІ ст./. [p][/p]
У вершы "4 swiata wieku" паэт вызначае чатыры эпохі сусьветнай гісторыі- залаты, срэбны, медзяны і жалезны век. Такая канцэпцыя гістарычнага часу малюе карціну паступовага заняпаду. Матывамі заняпаду, хуткаплыннасьці і зьменлівасьці часу, няўмольнага адліку чалавечага веку прасякнута паэзія і сьветаадчуваньне эпохі Барока. Полацак 1-ай паловы XVII ст., дзякуючы дзейнасьці шэрагу творцаў, сярод якіх першай зоркай быў М. Сарбеўскі, робіцца важным ідэйным цэнтрам гэтай эстэтычнай і сьветапогляднай фармацыі. Полацкая сытуацыя вайсковага, рэлігійнага і цывілізацыйнага памежжа- ўдзячная глеба для трагічнага барокавага самапачуваньня. Эпітафіі робяцца праграмнымі творамi. У С. Полацкага мы знаходзім багата ўзораў гэтага жанру: "Дзень за днём плыве, як у рацэ вада,//Не ўзнавіць, дай веры мне, гэтую страту://Прышласьць ненадзейная, і цяпершчына да вечара-//не зусім твае."/ Полоцкий С., с. 152/. [p][/p]
Традыцыйнае для хрысьціянскай вучонасьці разуменьне гісторыі, якое ня страціла сваёй актуальнасьці на працягу XVII ст., вызначалась "эсхаталягічнай пэрспэктывай", гэта была гісторыя "кіруемага Богам руху ад граху да выратаваньня". Паводле падобных перакананьняў, час належыць Богу і пераадоленьне нівэлюючай уласьцівасьці часу магчыма толькі ў Бозе. Да гэтага павінны імкнуцца ня толькі асобныя індывіды, але і цэлыя народы. Узаемасувязь тэалёгіі і палітычнай думкі была прыкметай эпохі. Ідэя стварэньня сусьветнай хрысьціянскай дзяржавы рухала гісторыю эўрапейскай цывілізацыі з часоў Каралінгаў. У ёй знаходзіць рэлігійнае апраўданьне для сваёй сьвецкай дзяржаўніцкай кар'еры і С. Полацкі. Першааснову сусьветнай хрысьціянскай імпэрыі- "трэці Рым"- С. Полацкі бачыць у Маскоўскай дзяржаве. Каб у гэтым пераканацца, дастаткова перачытаць віншаваньні паэта маскоўскім валадарам "Метры на пришествие во град отчистый Полоцк... царя и великого князя Алексия Михайловича" і іншыя, у якіх С. Полацкі прадракае маскоўскаму арлу панаваньне над іншымі дзяржавамі. Карона сусьветнай імпэрыі ўжо бачыцца паэту на галаве маскоўскага цара: "Прийми митру литовску, прийми и корону// Полскую, Алексею, под свою оброну.// Затым даст Бог тры шведских на остаток в небе,//Труда ради о веру увеньчают тебе"/ Полоцкий С., с. 40/. Дасягненьне падобнай вайскова-палітычнай мэты, паводле канцэпцыі стварэньня ўнівэрсальнай хрысьціянскай імпэрыі, і надае канцовы сэнс чалавечай гісторыі, перамагае дэструкцыю і хаос, ліквідуе межы сьвецкіх гаспадарстваў. У першай частцы сваёй палітычнай праграмы паэт мусіць меў рацыю- калі б ягоны вэрсіфікаваны праект зьдзейсьніўся пад ачолай маскоўскага арла, эўрапейскай гісторыі сапраўды прыйшоў бы скон.[p][/p][p][/p]
Гістарызацыя масавай сьвядомасьці адбылась толькі напрыканцы ХVIII стагодзьдзя. Прысьпешыць гэты працэс магло жыцьцё на памежжы, з уласьцівай яму асаблівай інтэнсіўнасьцю падзеяў, што паглядна суадносяць хаду гісторыі са здарэньнямі асабістага лёсу. Светаадчуваньне барока, як пераходнай сьветапогляднай фармацыі, міжэтнічныя і міжрэлігійныя кантакты і канфлікты ў памежнай Полаччыны - ўсё гэта зрабіла С. Полацкага прыналежным гістарычнаму адчуваньню сваёй эпохі, што і дазваляе суадносіць ягоны лёс і чын з заканамернасьцямі гісторыі, а ня міту.[p][/p][p][/p]
2. Прастора гераічнага
Рака і мяжа- тыя скрані, паміж якімі фармавалась полацкае грамадзтва XVII стагодзьдзя. Ваеннае памежжа- сьвет гераічна-эпічных кантрастаў і аксыялягічнай пэўнасьці, заснаванай на апазыцыі "свой-чужы", сьвет муроў. Рака, чыньнік падставовы, ня дала гэтым мурам ператварыцца ў кітайскія. Дзьвіна ёсьць камунікацыяй, гандлем, асьветніцтвам - брамай у памежных мурах. Межы Полацак ніколі не любіў, адсоўваючы іх як надалей за свае ваколіцы- гэта была экспансія гандляроў, дойлідаў, асьветнікаў і сьвятых. Горад на сотні кілямэтраў пасунуў мяжу на захад- і паўстала Беларусь. Усходняя мяжа ВКЛ і Масковіі, чужая для Полацку, падрывала эканамічныя сувязі і культурную місію краю, але не адмяніла іх. Мяжа надала гэтаму сьвету мітаў і легенд гістарычнае вымярэньне, а рака ўлучыла яго ў сусьветны кантэкст.[p][/p]
Сваёй мэтафарай "жыцьцё пры дарозе", апавядаючы аб лёсах беларускага, Алесь Аркуш выявіў пляст нэгатыўных значэньняў транзытнай прасторы-пусткі. "Жыцьцё пры дарозе" антыпод жыцьцю пры рацэ. Дарога арганізуе тэхнагенную пространь, рака- прастору культуры. Полацак, які паўстае з брамы чыгуначнага вакзалу, і Полацак з набярэжнай- розныя гарады. У першага лёс павятовай станцыі, другі- караблём-нэфам Сафіі спасьцерагае сустрэчнага ветру гісторыі.[p][/p]
Два Полацка нітуюцца ў нашай сьвядомасьці. Той, што мы ведаем зараз,- уласна горад, але нашыя продкі адрозьнівалі таксама і Полацак як край. Гэта ўся лясная прыдзьвінская роўнядзь з прадмесьцямі-фарпостамі, адлеглымі адзін ад аднога на сотні кілямэтраў. Менавіта палачанамі называлі жыхароў беларускага Падзьвіньня летапісныя крыніцы. Чым ёсьць тады сучасная Полаччына як ня ўсёй Беларусьсю ў ейных этнаграфічных межах. Пазбаўце палачанаў падобнага ўяўленьня, і Беларусь не далічыцца тысячу гадоў уласнай гісторыі. Сучасны Полацак- фундатар беларускага гістарычнага дыскурсу і донар для сталічнай адраджэнскай эліты. Але наўрацьці калі з гэтага свайго капіталу сымбаляў горад будзе мець адсоткі раньцье, гэтаксама як і Тураў, Заслаўе, Друцак... /Балазе, акрамя сымбалічнага капіталу ў Полацку ёсьць расейскі нафтаправод, наваполацкія хімічныя вытворчасьці ды ўнівэрсытэт- першапачаткова інстытут нафта-хімічнага профілю. Нафтавая рака дублюе раку прыродную./ [p][/p][p][/p]
Гамагеннасьць прыдзьвінскага ляндшафту, ягоная "Дзьвінацэнтрычнасьць"/крыніцы і ручаіны краю імкнуць да галоўнага рэчышча/- ёсьць тым эмацыйным чыньнікам, што нараджае ўсьведамленьне супольнага. Лучнасьць ляндшафту прадвызначае агульнасьць гістарычнага лёсу. Вандроўкі па крывіцкаму чарналесьсю Ўсяслава Чарадзея, Яна Баршчэўскага і Язэпа Драздовіча прасякнуты адчуваньнем свойнасьці. Гэта, мусіць, тое, што разумелі скандынавы пад паняткам "мідгард"- унармаваная абжытая прастора, як родны двор дзяцінства, у акрэсе тыну якога знаходзілась столькі чароўнага, хвалюючага, але бясьпечнага.[p][/p]
Зь вежаў полацкіх бажніц можна ахапіць позіркам увесь край, а на берагах Нешчарды ў цішыні /"шорхнасьць моўкнасьці" Юхнаўца/ праслухоўваецца праўда Паўночнай Беларусі. Полацкая ідэя не разьмінулася зь ляндшафтам і штодзённасьцю. Таму яна "нетранспартабэльная", вымкнуўшы за арэал родных краявідаў, палачане, як правіла, пазбываюцца актуальнай моцы, асьвечанай легітымуючым полацкім "капірайтам", каб пры жыцьці перамясьціцца ў каталёгі музэефікатараў.[p][/p] [p][/p]
Тапаграфія папярэднічае гістарыяграфіі. Абмеры зямельных уладаньняў пад час рэформы каралевы Боны ўвыразьнілі абрысы літоўскай Сарматыі. З рэкагнасцыровак і памежных абмераў тэрыторый, захопленых кацярынінскімі генэраламі, паўставалі абрысы сучаснай Беларусі. Менавіта на падставе тапаграфічных даведак ўзьніклі першыя ўзоры айчыннай гістарыяграфіі- "Апісаньне Віцебскай губэрніі" Пятра Катлоўскага, "Исторические сведения о примечательных местах Белоруссии" М. Без-Карніловіча ды іншыя. Пры ўсёй сваёй імпэрскай скіраванасьці яны ня страцілі навуковай каштоўнасьці- ляндшафт ня так падпадае фальшаваньню як пісьмовыя крыніцы.[p][/p]
Пачынальнікі беларускага самапазнаньня М. Гарэцкі ды К. Вераніцын/ аўтар паэмы "Тарас на Парнасе" з Гарадку/ былі каморнікамі-землямерамі. Перад тым як прамовіць сваю формулу беларушчыны,- яны выхадзілі яе пешшу. Вось і першы айчынны падручнік геаграфіі А. Смоліча заслугоўвае цяпер на пачэснае месца ў анталёгіі беларускай гісторыі ідэй.[p][/p]
Побач з традыцыяй-тэкстам заўжды прысутнічае традыцыя-ляндшафт, што ўплывае сваімі эканамічнымі і афэктыўнымі складнікамі на сацыяльна-палітычнае поле. Гэта канфлікт дзьвух розных моваў, якія, гаворачы аб аднолькавых рэчах, ствараюць адрозныя рэальнасьці. Адраджэнская традыцыя, угрунтаваная на формулах сваіх сакральных тэкстаў, паходжаньне якіх узыходзіць да віленскіх краявідаў ХІХ ст., адмаўляе ў культуратворчай каштоўнасьці сучаснаму соцыя-культурнаму ляндшафту. Нажаль, тарашкевіца не валодае дастатковай крэатыўнасьцю, каб спарадзіць з уласнай літары "абяцаную зямлю"- рэальнасьць альтэрнатыўную. [p][/p][p][/p]
Полацак знаходзіцца ў тым шчасным пункце, дзе ляндшафт выходзіць на паверхню сэмантычнай уцямнасьці. Рака, лес, верасовыя пусткі, балаты, азёры, дарогі, камяністыя палі ангажуюцца тут гісторыяй, гарызанталь краявіду трансфармуецца ў вэртыкаль сылюэту бажніц. Гісторыя існуе ў полацкім пэйзажы як патэнцыя, як працяг ляндшафту ў сацыяльнае. Ляндшафт акумулюе ў сабе набор магчымых гістарычных падзеяў, якія "ўчытаны" ў краявід/ напрыклад, "палі баёў"/,- павароткі дарогі нясуць у сабе патэнцыі гістарычных пэрыпэтый, а пагоркі, лагчыны, вазёры выконваюць мнэматычную функцыю. Вакол гэтэх дамінантоў канцэнтруюцца легенды і паданьні. Традыцыйная сьвядомасьць схільная вымяраць гісторыю ў мерах прасторавай адлегласьці,- паміж швэдзкай інтэрвэнцыяй і вайной з французамі 1812 года ў прызвычаеным успрыманьні палягаюць не стагодзьдзі, а кілямэтры, якія падзяляюць "швэдзкія могілкі" ад возера, дзе пахаваны "Напалеонаў скарб". Зьнікненьне летапісных крыніц не пазбаўляе нас памяці, бо ляндшафт, апасрэдаваны тапанімікай, ёсьць падкладкай гістарычных падзеяў, што тут адбываліся ці адбудуцца.[p][/p]
Лес зьяўляецца тым топасам, які паглядна дэманструе асаблівасьці прасторавых уяўленьняў традыцыйнай беларускай культуры. У ейным кодзе ён "сэмантычна маркіруе Поўнач і Верх", то бок "лес аказваецца максымальна прыцягнутым да сфэры сакральнага"/Санько С./. Для заходнеэўрапейскай традыцыі характэрна хоць і дыфэрэнцыяванае ў залежнасьці ад сацыяльнага становішча і культурнага цэнзу, але збольшага насьцярожанае стаўленьне да лесу. Гэтая амплітуда вагаецца ад вобразу нетраў-пустэльні, поўных інфэрнальных сіл, у якіх выпрабоўвалі сваю веру клірыкі, і да лесу-вольніцы браканьераў-віланаў. І для тых, і для другіх лес быў "унівэрсумам чароўных і пужаючых легендаў"/Ле Гофф Ж/. Заходнеэўрапейскія лясы поўняць звыродлівыя пачвары, калі ж знаёмішся зь беларускімі паданьнямі, складваецца ўражаньне, што самымі мацёрымі насельнікамі прыдзьвінскіх нетраў былі самі крывічы, князі якіх зьяўлялісь ваўкалакамі. "Зачараваны сьвет" пратрываў у гэтым лясным краі як найдаўжэй. Выбар станоўчага ці адмоўнага знаку ў занаваньні тэрыторыі ў традыцыйным грамадзтве залежыў ад ступені ейнай абжытасьці,- для нашых продкаў лес быў не чужой прасторай: "і жыцьцё, і сьмерць родняць чалавека зь лесам; лёс рэдзіць людзей, людзі рэдзяць лес"/ Р. Барадулін /.[p][/p][p][/p]
Кніжнік Сімяон ня мог прайсьці паўз такога тэксту, якой зьяўляецца "кніга прыроды". "Кніга прыроды"- адна з "мэтафар Барока", адсюль і назва энцыкляпэдычнай працы С. Полацкага "Вертоград многоцветный". У тэкстах апошняга алівы, фігавыя дрэвы і вінаградныя лозы дамінуюць па колькасьці згадак над тубыльнымі крушынамі і соснамі. Пабожны паэт лепш арыентуецца ў тапаграфіі і батаніцы Эдэму, чымсі роднай зямлі. Нетры ягонага "вертаграду" насяляюць ільвы, малпы і іншыя вучоныя зьвяры, валодаючыя мастацтвам палымянай казані. Лес для С. Полацкага- сфэра язычніцкага, у адрозьненьні ад вертаграду, саду- канцэнтраванай мэтафары культуры, культуры ў ачышчанай ад больш позных напляставаньняў форме- культуры як апрацоўкі зямлі, прыроды. Прыроднае, "калючае", як крушына ў творы паэта "Презрение достоинства и желание почета",- мусіць належыць агню- смалістаму цяпельцу, на якім смажацца свавольнікі "в темной пропасти, в огненном океане". Сад С. Полацкага- гэта дыдактычная катэгорыя, чужая пастаральным сэнтымэнтам. "Дзікі" аўтэнтычны ляндшафт, як і ягоныя насельнікі- нацыі,- яшчэ ня вынайдзеныя, гэтыя адкрыцьці будуць зроблены праз колькі стагодзьдзяў.[p][/p]
Сьвет у творах Сімяона Полацкага- гэта кунсткамэра цудоўных праяваў і марнасьці чалавечай: Эгіпэт, Мэмфіс, вежа Фарос, Эліяда, слаўная Алімпам і стодам Зэўса, Калёс у Радосе, Эфэс і храм Дыяны, Маўзалей Артэмізія, Бабілён, Амфітэатар Рыму. Аддаючы даніну пашаны "Сямі цудам" мінуўшчыны, С. Полацкі не забываецца і на рэаліі новых часоў: "Христофор Колумб вокруг света обошел, // От чудовищ морских мучений натерпелся", "Мудрый Америго, плывя по воде, //Немало ужасов от морских животных // Претерпел, пока достиг неизвестных стран"/ Полоцкий С., с. 108/. У гэтых радках чуецца пракаветнае "за трыдзявятай зямлёй". "Чудовища морские", ад якіх "натерпелись" слаўны Калюмб ды мудры Амэрыга, выплылі ў творы С. Полацкага з глыбінь архетыповага. У гэтай новай пераніцоўцы гісторыі пра Іону і кіта капэрнікаўская карціна сьвету мірыцца праз эпічны расьпеў з царкоўнай дактрынай.[p][/p]
Геаграфія, як і гісторыя, доўгі час заставалісь біблійнымі дысцыплінамі. Гэта была геаграфія этычнага- канглямэрат памятных мясьцін грэхападзеньня і кантактаў з Боскім, аксыялёгія, атрымаўшая працяг у тапаграфію, дзе ўсход і захад, поўдзень і поўнач, поле і лес, левае і правае маюць свае эквіваленты на шкале дабра і зла. Вандроўка Калюмба ў "паўднёвыя краіны" асацыявалась для носьбітаў сярэднявечнай вучонасьці зь біблійнай сымболікай, а традыцыйная сьвядомасьць, у сваю чаргу, учытвала ў калюмбаву вандроўку свае пракаветныя знакі. Поўдзень- прадоньне і адначасна страчаны Эдэм, хвалюючая амбівалентнасьць, як пакінуты недзе на поўдні паўночны полацкі край.[p][/p]
Геапалітычныя арыентацыі Полацку традыцыйна палягалі ў плашчыні "Поўнач-Поўдзень". Гэта ня толькі шлях "з вараг у грэкі", што нітаваў у Полацку Скандынавію зь Бізантыяй, але таксама і пасярэдніцкая роля паміж Вялікім Ноўгарадам і Кіевам, аб чым сьведчаць архітэктурныя помнікі і знаходкі археолягаў. Альгердаў шлях, суладна народным паданьням, таксама арыентаваны менавіта, што адпавядае ня столькі тапаграфічнай, колькі міта-паэтычнай праўдзе,- у беларускай традыцыйнай мадэлі сьвету зьвязка "Поўнач-Поўдзень" мае каштоўнасныя нагрузкі, зьвязаныя з апазыцыямі "верх-дол", "сакральнае-інфэрнальнае", дзе Поўнач адпаведна верх, а дол- Поўдзень/Санько С./.[p][/p]
Калі "Поўнач-Поўдзень" былі для Полацку кірункам эканамічнага развою і культурных кантактаў, то геапалітычная вось "Захад-Усход" стала спадарожніцай войнаў і разбораў, вытокі якіх палягалі далёка ад мясцовых інтарэсаў. Да распрацоўкі міталягемы Ўсходу дачыніўся і С. Полацкі. "Океан восточной власти ти годует// А юж западны тобе ся готует.// Слонцу Восток, Запад ровне подлегают,// Даст Бог тебе, слонце, вси царем узнают"/ Полоцкий С., с. 38/- дэклямуе паэт, ці то сьцьвярджаючы, ці то прадракаючы пурпуровы ўсход маскоўскай вялікадзяржаўнасьці. Як і многія вобразы й ідэалягемы, міт усходу распрацоўваецца С. Полацкім з дапамогай антычных узораў глёрыяфікацыі. Маскоўскага цара паэт прыпадабняе Аляксандру Македонскаму.[p][/p]
Уяўленьні аб ляндшафце- люстра суб'ектыўнасьці эпохі, ейнага грамадзкага краявіду. Зь якой кропкі сацыяльнага бачыўся С. Полацкаму ягоны Вертаград? Поле сацыяльнага, як "гістарычна склаўшаяся пространь", ёсьць вытворным ад прасторы прыроднай і адначасова месцам, дзе фармуюцца прасторавыя ўяўленьні і спосабы трансфармаваньня ляндшафта/П.Бурдзье/. Разглядаючы погляды С. Полацкага на сацыяльнае, мы сутыкаемся зь ідэалягічным пасылам, у якім застваецца мала месца неадрэфлексаванай інэрцыі традыцыі. Сімяон Полацкі, выхаванец Кіева-Магілянскай калегіі і Віленскай езуіцкай акадэміі, тагачасных асяродкаў усходнеэўрапейскай гуманістычнай думкі, ідэю чалавечай дабрароднасьці вырашае ў рэчышчы рэнэсанснай канцэпцыі чалавека. Засноўваючыся на рэлігійным пастуляце стварэньня чалавека па вобразу боскаму, рэнэсансная ідэалёгія дэкляравала свабоду чалавечай волі і роўнасьць кожнага чалавека ў Боге. Гэтую ідэю мы знаходзім і ў творах С. Полацкага. Паэт сьцьвярджае: "Все мы по образу Божьему, все мы- адамиты". Кожны нараджаецца роўным і годным, але, маючы свабоду маральнага выбару, чалавек можа згубіць падставу гэтай годнасьці- вобраз Бога ў душы. Шляхціц- гэта перадусім той, хто патрапіў захаваць повязь з боскім першаўзорам. Адсюль выснова С. Полацкага: "Кто богат достоинствами,по праву может быть наречен//Дворянином, хоть бы был рожден от простецов неизвестных.//А кмет i дворянин без достоинств- холоп,хотя рожден от благородных"/ Полоцкий С., с. 91/. Факт нараджэньня ад дабрароднага продка ня можа даваць перавагі на вагах шляхецкай годнасьці: "всякая кровь портится i невечна". Вайсковая шляхецкая служба разглядаецца паэтам не як прывілея, а як адно са шматлікіх рамёстваў.[p][/p]
Пэўную пазыцыю займае С. Полацкі і ў дачыненьні багацьця: "Богатство три некия имут вещи в себе,// яже не попущают вселится в небе". Адзіным памысным спосабам прымяненьня грошаў, на думку паэта-манаха, зьяўляецца дабрачыннасьць. Сьвецкая ўлада таксама ня робіць ейных уладальнікаў дабрароднымі: "Рад отказаться, порой откупиться// От больших чинов, кто не дурак",- прыдворны паэта мусіць ведаў, аб чым пісаў.[p][/p]
Фармулюючы сацыяльны ідэал, С. Полацкі дэкляруе яго адкрытым для памкненьняў любога чалавека, незалежна ад паходжаньня, наяўнасьці чына ці маёмасьці. У асяродзьдзі рамесьнікаў, беднаты і клірыкаў С. Полацкі бачыць апірышча боскім і царскім справам. Галоўны цэнз: верная служба царкве і манарху, што мае на ўвазе індывідуальную дабрароднасьць і працу-служэньне, працу як служэньне. У тропы антыквізуючай сьвецкай модзе, С. Полацкі, каб сьцьвердзіць дабрароднасьць працы агулам і рамесьніцкай працы ў прыватнасьці, выводзіць ейную генэзу ад антычных багоў: "Сметливая Арахна пряжу придумала,//Чтоб наготу нашу удобно укрыть.//Также i ткачей всякими изделиями//Благодаря ее изобретению мы облагодетельствованы" / Полоцкий С., с. 132/. Прыёмам вывядзеньня радавых генэалёгій з антычнай гісторыі карысталісь і шляхецкія ідэёлягі. Гэта была агульнаэўрапейская стратэгія глёрыязацыі/ згадайма французскі прыдворны культ Геркулеса Гальскага ці айчынную мітагістарычную вынаходку, дзякуючы якой валадары ВКЛ выводзілі свой радавод ад рымскага патрыцыя Палімонта/. Ідэал С. Полацкага- гэта сваеасаблівае шляхецтва без гэрбоў, генэалёгій і радавых замкаў. Рыцарам сутаны ды прэстолу і бачыў сябе С. Полацкі: "мечь ё азъ, подражая Христу Госпаду, отъ устъ моихъ испущаю, не человеки убивающiй, но злобы ихъ, i лукавства ихъ посецающiй, сухiя ветви от древа отрезающiй... Мечь духовный, на духовныя извлекаю, i секу нещадно ихъ злобы".[p][/p]
С. Полацкі, зразумела, ня быў утрапёным дэсыдэнтам і аддаваў належнае і традыцыйнай канцэпцыі трохчастковага функцыйнага падзелу грамадзтва на сьветароў, вояў і земляробаў: "Блюди свое сословие: молитва Симу// Дана, плуг- Хаму, а меч- Иафету."/ Полоцкий С., с. 108/, але само грамадзтва, сучаснае паэту, зламала гэтую дэкляратыўную статыку акурат у той ступені, якая і дазваляла сыну купца рабіць карьеру клірыка і дзяржаўнага дзеяча. "Паэтычныя вольнасьці" С. Полацкага былі санкцыянаваны часам. Эксцэсы шляхецкіх вольнасьцяў змушалі многіх палітычных мысьляроў Рэчы Паспалітай знаходзіць ідэальныя грамадзкія ўзоры ў самых нечаканых месцах, у асяродзьдзі іншых сацыяльных клясаў і нават іншаверцаў. Шукаць падтрымку "палітыкі велічы" ў бюргерскім асяродку вымагалі і агульнаэўрапейскія палітычныя тэндэнцыі. Падобная задача патрабавала перафармуляваньне сацыяльнага ідэалу, падпарадкаваньне яго новым палітычным рэаліям. С. Полацкі сваім паходжаньнем і выхаваньнем быў да гэтага падрыхтаваны.[p][/p]
Існуе сапраўдны інстытут полацкіх стратаў і нязьдзейсьненых праектаў. Гэта вельмі аптымістычны інстытут- ён дэманструе вымер тутэйшых патэнцый і амбіцый. "Страты"- неабходная драпіроўка гістарычнай дыскрэтнасьці, без падобнага маскаваньня гамагеннасьць традыцыі не была б відавочнай. Тое, што мы не патрапілі яўна залічыць у сваі набыткі, можна правесьці па графе "свайго страчанага". З расьцярушаных і непрачытаных архіваў, з раскіданых камянёў бажніц прарастае сучасная беларуская самасьвядомасьць, пачатак якой далі археалягічныя і археаграфічныя вышукі. Накіраваўшысь колькі дзесяцігодзьдзяў таму на пошукі полацкага крыжа Эўфрасіньні, мы ў працэсе гэтых росшукаў набылі беларускую незалежнасьць, выяўляючы большую рупнасьць хутчэй у вяртаньні крыжа, чымсі дзяржаўнасьці. /Сюжэт для айчыннага Ў. Эко- беларуская прэзыдэнцкая дзяржава як ускосны прадукт, пабочнае адгалінаваньне тысячагадовай гісторыі з крыжом Эўфрасіньні./[p][/p]
Полацкі лябірынт- ці ня самая амбітная крывіцкая "страта", бо яна галіцца на ляндшафт, прэтэндуе на асаблівыя дачыненьні з прасторава-часавым кантыніюмам/ згадайма "Лябірынт" В. Ластоўскага/. Але гэтая міталягема няпоўная- хтанічная прырода лябірынту-сутарэньня вымагае наяўнасьці свайго салярнага спадарожніка. І ён, гэты крывіцкі Эдэм, існуе. У адрозьненьне ад Лябірынту, адносна тапаграфіі і месцазнаходжаньня Саду ёсьць больш пэўныя зьвесткі. Ян Баршчэўскі, напрыклад, лякалізуе ягонае месцазнаходжаньне ў экіманскіх уладаньнях паноў Беліковічаў. Урэшце, "Вертаград" С. Полацкага можна ўважаць ягоным віртуальным філіялам, заўжды гатовым разгарнуцца на прасторы айчыннага гуманітарнага дыскурса.[p][/p][p][/p]
Літаратура:[p][/p]
1/ История ментальностей, историческая антропология.- М.: Российский государственный гуманитарный университет, 1996
2/ Ле Гофф Ж. Цивилизация средневекового Запада.- М.: Прогресс-Академия, 1992
3/ Полоцкий Симеон. Вирши// Сост., подготовка текстов, вступ. ст. и комм. В.К. Былинина, Л.У. Звонаревой.-Мн.: Маст.літ.,1990
4/ Санько С. Некаторыя падставовыя прасторавыя і часавыя структуры ў беларускім фальклёры// Крыўя. Мн., 1998. № 1 /3/, с. 3-37
Похожие страницы :
Сяргей Шыдлоўскi. МУЗЭЮМ |
Сяргей Шыдлоўскі. БОЛЬШ ЧЫМ ГОРАД |
Сяргей Шыдлоўскі. ЗЬБІРАНЬНЕ ПОЛАЦКУ |
Сяргей Шыдлоўскі. ПОЛАЦКАЯ МАРКА |