МУЗЭЮМ
Пераходзячы зь вёскі ў веску, можна прайсьці Полацк наскрозь: Экімань, Бельчыцы, Кароўнікі, Ноўка, Грамы, Спас-Слабада, Лазоўка, Баравуха. Кожная з пэрсанальным уваходам у легендарныя сутарэньні. Горад з падмосьцем, горад у дублі. Дзе копія, а дзе арыгінал? Вуліцы- праекцыі лёхаў, ці лёхі- адлюстраваньні мокрых ходнікаў? Над лужынамі запальваюцца ліхтары, загараюцца паходні і ў лябірынце- горад варожыць: што будзе- было, было- будзе. Дзе сапраўдны Полацк? Там, дзе і полацкая Бібліятэка, Летапіс, Лябірынты. У снах, генэалёгіях і сьвятах.
Між Багаяўленкай і Сафійкай адлегласьць вымяраецца эпохамі, мэтрамі- час. Купала, Радуніца, Эўфрасіньня, Вялікдзень- сапраўдная тапаграфія Полацку, ваколіцы якога сягаюць на пятнаццаць стагодзьдзяў ушыркі. Барока- мэтафара гэтага гораду.
Гострыя сны- крышталёвыя ранкі верасьня. Горад станяецца да празрыстасьці, увыразьняюцца абрысы Лябірынту. Сувіты з вуліцамі, ён раскрываецца ад дотыку позірку, захапіўшы небакрай. Падобны момант можа здарыцца дзе заўгодна, сталай брамы не існуе. Спружынаю-сьлімаком ён разгортваецца вакол цябе, і ты робішся ягоным рухомым цэнтрам. Дасканалы лябірынт- з навучкай грыбніка выйсьці немагчыма. Грыбнікі, геадэзісты, тапографы сюды і не трапляюць. Гэты досьвед бліжэй скарбашукальнікам ды калекцыянэрам. Лазаходцы, захавальнікі мапаў з напалеонаўскімі пазначкамі, дзякуючы ім іржавыя наканечнікі полацкіх стрэлаў і праз стагодзьдзі лучаць у цэль. Яны носяць свае нябачныя лябірынты як смаўжыныя дамкі, станіўшыся да празрыстасьці.
Я трапіў у лябірынт на правох нумізмату. Зьбіраю манэты ў куламесе абшчапітаўскага бою і сярэднявечнай керамікі. Наладкоўваў кішэні керамічнымі аскепкамі, а калі знаходжу нешта добрае, адсылаю раней назьбіраныя чарупіны па дзьвінскіх хвалях- з таго месца, дзе стаяць экіманскія лодкі. Трымціць лазьняк, пла¬вок плёскаецца ў рабаціньні, Эдгара По перачытвае вецер. Сядаеш у лодку- і хаты зьнікаюць за пагоркам, насоўваецца парк. Краявід жывіць вежы Сафіі.
Парк доўжыцца амаль да Бэрнардынкі. Толькі на мапе можна правесьці мяжу, дзе сканчаецца адлюдны бераг, парослы кустоўем і пачынаецца ўласна горад. Зялёныя жылы хмызоў разыходзяцца ад ракі углыб кварталаў, вызначаючы абрысы вуліц, а часам- і пэрыпэтыі гарадзкой хронікі. Гэты сымбіёз- хутчэй помнік прыроды, чым культуры- называецца Задзьвіньнем. Тут Полацк нагадвае вялікі нерэгулярны парк. Палачане, культуртрэгеры і асьветнікі, любілі сады. Францыск Скарына быў садоўнікам. А Сімяон Полацкі назваў кнігу свайго жыцьця „Вертоградом многоцветным”, то бок садам. У садах Экімані- маёнтку паноў Беліковічаў- Ян Баршчэўскі занатоўваў песьні, што даносіліся са стругаў, якія плылі ў Рыгу Дзьвіною.
На пляне парк сканчаецца бульварнай восьсю, якая лучыць візуальна Курган Неўміручасьці з Сафійкай. Сабор месьціцца на супрацьлеглым беразе, але калі глядзець на яго з Кургану, ён нібы вырастае з пар¬ку. Зь вясельля маладыя прыяжджаюць на Курган з кветкамі да Вечнага агню, каля якога замуравана камуністычнае пасланьне нашчадкам. Гэта робіцца дзеля краявіду з Сафійскім Саборам, на фоне якога тут звычайна і фатаграфуюцца. Скрозь так: на язычніцкім камені- Барысаў крыж, на праваслаўным падмурку Сафіі- уніяцкая бажніца, а насупраць яе- савецкі Курган. У гэтай эклектыцы ёсьць лёгіка, зразумець якую можна толькі з гледзішча полацкай рацыі. Імпэрыі міналіся, Полацк заставаўся. Зьнікне рэспубліка- горад будзе стаяць, прыйдуць археолягі, рассартыруюць сьмецьце. На тле плыткай школьнай гісторыі Полацк- анкляў вечнасьці.
Пры ўсёй мешаніне напляставаньняў гісторыка-культурныя коды гораду прачытваюцца выразна. Полацкую сыстэму каардынат утварае гарызанталь Дзьвіны, што задае прыродныя парамэтры, мус ляндшафту, геапалітычныя арыенціры. Дзьвіна- вэктар полацкай гісторыі, кантактаў і камунікацый гора¬ду. Дзьвінскае прыбярэжжа — авансцэна гэтай гісторыі. Фасадам старажытны Полацк з Сафіяй і Калегіюмам выходзіў на Дзьвіну.
Вэртыкаль Сафіі ў сваю чаргу— гэта духовая скіраванасьць, імпульс Богабудаўніцтва, цывілізацыйныя арыентацыі. На скрыжаваньні вэртыкалі Сафіі і гарызанталі Дзьвіны, як пункт адліку, ляжыць Барысаў камень — абярэг, што паяднаў паганскую архаічную аўтэнтыку з хрысьціянскім пачаткам.
Сам горад, раскінуўшыся на двух берагах, стаў мастом „з варагаў у грэкі”, што падтрымлівае гамагеннасьць беларускай культурнай прасторы, яе мітаў і гісторыі. Гэты горад не належыць цяпершчыне, ён трымаецца пэўнага нэўтралітэту на ўмове „старыны ня рушыць”, жыве з таго, што здае пад адсоткі чарговаму геапалітычнаму ўтварэньню свой сымбалічны капітал.
Полацк застаўся купецкім местам- гандлюе ведай, прэстыжам, генэалёгіямі- тым, што так шануюць новапаўсталыя дзяржавы. Пасярэдніцтва, культуртрэгерства, пераклад- звычайны бізнэс для памежжа.
Што да Кургану Неўміручасьці, то ён упісаўся ў канцэпцыю „краіны валатовак”. Гэтую савецкую філію полацкіх лябірынтаў насыпалі ўсім горадам падчас савецкіх суботнікаў, зямлю прыносілі ў руках. „Сівагорбы” крывіцкі пэйзаж асыміляваў ягоныя абрысы. Абсаджаны разлапістымі хваінамі, Курган выглядае здалёк ланцугом горных пікаў- вітамін для вачэй.
Зарослыя прысады Кургану— зацішак бясчасься, зарэзэрваваныя для сьвяткаваньня 9 траўня. Ён аджывае аднойчы на год па рэфлексе — пад какафонію гучнікаў. Ля кожнага хмыза з гарматнай стралянінай і сьпевамі народнага хору адпраўляюцца дыянісіі. Шашлыкі, папяровы посуд, квас і піва на разьліў.
Патрапіць восеньню ў гэты бязлюдны парк раўназначна таму, што апынешся ў падзабытым сьне. Ідзеш сярод жоўта-барвовых клёнаў, прысады даўно ўжо мусяць скончыцца, але асфальтоўка доўжыцца. Каб не губляць часу ў счужэлых нетрах, зьвернеш праз хмызы - і згубішся конча ў восеньскай прасторы і ва ўласных успамінах. Спружына-сьлімак полацкага лябірынту ахіне навакольле, і ты зробішся ейным рухомым цэнтрам.
Павароткі віром зацягваюць горад у барокавыя сны. Горад-запаведнік. Музэяваная мара вылежваецца тут да мэмарыяльных кандыцыяў, падсыхае, чакаючы Максаў Бродаў, музэйшчыкаў сяброўства, каб рассыпацца ў руках, як і належыць канвэртабэльнай мары, чыстай літаратурнай легендзе, гэрбарыю настурак.
Калідоры, выпісваючы формулу ракако, зьвінаюцца ў пакручыстым стылі ўніяцкіх палемік, тупікі прымаюцца за выбаўленьне ад закальцаваных васьмёркай мэйнстрымаў. Але блукаць па выгінах Вялікага стылю абрыдае нават зацятым краязнаўцам- гэта музэйны сындром, вядомы таксама і аматарам школьных чытанак.
Шукаеш на заседжаных жамярой скрыжалях знаёмыя імёны: Баярыны, Бельскія, Булаўскія, Лагуны, Лапіцкія, Лісоўскія, Маеўскія, Маркевічы, Марковічы, Плаксы, Садоўскія, Садкоўскія, Славінскія, Сівыя, Трыпукі, Шыкі —музыка прадмесьця. Пункцір іх лёсаў акрэсьліваў абрысы краю. Межы перасоўваліся, на варту забылі, але баяры памежных марак далі рады сваёй службе самі, кшталтуючыся ў распазнаваньні скрайнасьцяў. Твой чарапень ня ўнёс бы дысанансу ў гэты шэраг стараполацкіх сківіц.
Каб выбавіцца адсюль, трэба ўхапіць лёгіку экспазыцыі: сховаў-спратаў, пантэонаў, ярархій, крушняў сьвятога каменьня. Праінтэрпрэтаваўшы чарговую паваротку, упіраешся ў тупік. Варта было б згадаць навучку, атрыманую ў калідорах Палацу Піянэраў. Засланы акцябрацкай зорачкай у гурток палітінфарматараў, на працягу чатырох гадоў па чацьвяргох пашыраў палітычны кругагляд, мацярэў ідэйна, дасьпяваў да Клюбу інтэрнацыянальнай дружбы і паездкі на Балатон. Нават не сумавалася — ведаў усе афрыканскія сталіцы. На чацьверты год разышоўся ў сьвятле новага мысьленьня з дагматычнай ацэнкай кіраўнічкі гуртка правоў нацыі на самавызначэньне, сышоў з Палацу. Замест афрыканскіх краінаў адкрыў для сябе чароўны сьвет райцэнтраў Бацькаўшчыны. Родныя балаты сталіся любейшыя за чужыя Балатоны. Зрэшты, на асобных контурных мапах межы Бацькаўшчыны асягалі і возера Балатон, ня кажучы ўжо пра Смаленшчыну.
Зь лябірынту Полацку вывалішся ў менскія катакомбы пад пляцам Перамогі. Старая роспач - ад былой раскошы застаўся адзін жэтон на мэтро, квіт на цягнік да дому і сем хвілін, каб на яго пасьпець. Не знаходзіцца ўваход, блытаешся ў паваротках. Знайсьці ўваход у мэтро на Плошчы Перамогі- непасільнае заданьне для стомленых мазгоў. Прачынаешся. Цяпер ужо конча- ізноў жаўтаватыя купы, непрасьветленыя ліставеяй, суцяшальная гульня. Прысады доўжацца.
У анкляве вечнасьці не істотна- пяць стагодзьдзяў менш ці больш, пакуль гісторыкі спрачаюцца за дату заснаваньня места, у горад штораз прыходзіць усе тая ж тысяча пяцісотая восень. Што будзе- было, што было- будзе.
2000, 2004
Похожие страницы :
Сяргей Шыдлоўскі. БОЛЬШ ЧЫМ ГОРАД |
Сяргей Шыдлоўскі. ЗЬБІРАНЬНЕ ПОЛАЦКУ |
Сяргей Шыдлоўскі. ПОЛАЦКАЯ МАРКА |
Сяргей Шыдлоўскi. Каардынаты Полацкага |