Раздрабленне Полацкай зямлі. У пачатку 12 ст. Полацкая зямля стала падзяляцца на больш дробныя тэрытарыяльныя ўтварэнні, т. зв. ўдзельныя княствы-воласці, у якіх гаспадарылі прадстаўнікі княжацкіх сем'яў. Гэтыя ўтварэнні ў крыніцах 12-13 ст. называюцца \"валасцямі\". Пераход да раздробленасці тлумачыцца распаўсюджаннем феадальнага землекарыстання, з чым звязана з'яўленне баярскіх сёл. Адбывалася паступовае асяданне княжацкіх дружыннікаў на зямлі. Кожны князь жадаў умацаваць сваё княства. Раздробленасці садзейнічаў рост гарадоў, якія станавіліся менш залежнымі ад галоўнага горада Полацка.
У 1-й палавіне 12 ст. ўзніклі Полацкае, Менскае, Ізяслаўскае ўдзельныя княствы, пазней- Віцебскае, Друцкае, Лагойскае і інш. Прастол у Полацку лічыўся галоўным, і гэты горад працягваў заставацца самым буйным палітычным цэнтрам, старшым горадам Полацкай зямлі. Вельмі магчыма, што Усяслаў Полацкі пры жыцці накіроўваў у больш значныя гарады сваіх сыноў у якасці пасаднікаў. Пасля смерці Усяслава яго сыны станавіліся самастойнымі валадарамі асобных удзельных княстваў. Паміж князямі адбывалася міжусобная барацьба.
Менскае княства атрымаў Глеб Усяславіч. У 1073 г. Глеб быў заручаны з дачкой Яраполка Ізяславіча, князя валынскага і вышгарадскага. Глеб, стаўшы князем у Менску, накіраваў усю энергію на ўмацаванне і пашырэнне Менскага княства.
У 1105 г. (у Іпацьеўскім летапісе дата 1104) на Менск напала аб'яднанае войска паўднёва-рускіх князёў. Кіеўскі князь Святаполк накіраваў супраць Глеба ваяводу Пуцяту, Уладзімір Манамах свайго сына Яраполка, чарнігаўска-северскі князь Алег Святаславіч хадзіў сам, \"поемше\" (узяўшы) з сабой Давыда Усяславіча. Паход на Менск не меў поспеху. Глеб Усяславіч здолеў адбіць напад.
Узнікае пытанне, чаму ў гэтым паходзе ўдзельнічаў Давыд Усяславіч, родны брат менскага князя Глеба? Давыд не меў удзельнага княства і разлічваў яго атрымаць з дапамогай другіх паўднёва-рускіх князёў, пра што пісалі гісторыкі. Не выпадкова ў пераліку князёў, якія ўдзельнічалі ў паходзе на полаўцаў у 1103 г. ў Лаўрэнцьеўскім летапісе Давыд названы сярод маладых князёў, большасць з якіх былі ізгоямі.
У сваю чаргу Глеб Усяславіч заўсёды імкнуўся пашырыць свае ўладанні. Ён захапіў у 1116 г. частку зямлі дрыгавічоў, спаліў іх горад Слуцк, захапіў людзей у палон. Незадоўга да гэтага Уладзімір Манамах стаў вялікім князем кіеўскім. Паводзіны менскага князя турбавалі Манамаха. Больш таго, Глеб не хацеў прызнаваць сябе ні ў чым вінаватым і абвінавачваў самога Уладзіміра Манамаха.
На Менскае і Друцкае княствы быў накіраваны ўдар шматлікага войска з трох бакоў. Смаленскі князь Вячаслаў, сын Манамаха, захапіў Оршу і Копысь. Аб'яднанае войска Давыда і другога сына Манамаха Яраполка- князя пераяслаўскага, узяло прыступам Друцк. Сам Уладзімір Манамах накіраваўся на Менск і аблажыў горад. Двухмесячная асада не прынесла поспеху. Але Уладзімір разлічваў перамагчы, што б там не было. Ён загадаў будаваць трывалае зімняе жыллё ў сваім стане.
Глеб Усяславіч, пабачыўшы прыгатаванне да вельмі працяглай аблогі, накіраваў паслоў да Манамаха, які пагадзіўся на мірныя перамовы. Менскі князь выйшаў з горада са сваімі дзецьмі і дружынаю да Манамаха і паабяцаў ва ўсім яго слухацца. Вялікі князь кіеўскі павучаў Глеба, як ён павінен паводзіць сябе, вярнуў яму Менск, а сам пайшоў у Кіеў. Цікава, што, верагодна, пад Менскам Уладзімір Манамах напісаў свой незвычайны твор \"Павучанне\", у якім паведамляе аб сваіх паходах на Полацк і Менск, як мяркуюць даследчыкі.
Пераяслаўскі князь Яраполк, другі ўдзельнік пахода, нават не думаў вяртаць захопленых у палон жыхароў Друцка. Яраполк Уладзіміравіч скардзіўся на малую населенасць свайго княства, якое заўсёды спусташалі полаўцы. Ён перасяліў паланёных дручан далёка на поўдзень у Пераяслаўскае княства, дзе пабцдаваў для іх горад Жэлні.
Паміж тым непакорны Глеб нядоўга выконваў наказ Манамаха. У 1117 г. ён пачаў заваёўваць смаленскія ды наваградскія землі. Зноў узнік канфліут з Уладзімірам Манамахам, які паслаў свайго сына Мсціслава ўціхамірваць менскага князя Глеба Усяславіча. Войска Мсціслава асадзіла Менск. Глеб трапіў у палон. Яго адправілі ў Кіеў, дзе ён памёр у 1119 г.
Нашчадак Усяслава Полацкага менскі князь Глеб меў намер пашырыць сваё княства да левабярэжжа Прыпяці і берагоў Дняпра. Упарта змагаўся ён супраць магутнага князя Уладзіміра Манамаха, але, нарэшце, быў разбіты. Пасля гэтых падзей Менск знік са старонак летапісаў. Страціў ён сваё значэнне важнага палітычнага цэнтра, але ненадоўга.
Паход на Полацкую зямлю ў 1127 г. Высылка князёў у Візантыю. Полацкія князі па-ранейшаму не хацелі падпарадкоўвацца вялікаму князю кіеўскаму, нападалі на воласці іншых суседніх князёў. Кіеўскі князь Мсціслаў, сын Манамаха, у 1227 г. арганізаваў незвычайны паход у Полацкую зямлю \"на крывічоў\". Ён накіраваў сюды галоўныя ваенныя сілы 4 дарогамі: Вячаслава- з Турава, Андрэя- з Уладзіміра на Валыні, Усевалада- з Гродна І Вячаслава Яраславіча- з Клецка. Князі са сваімі жружынамі павінны былі ісці да Ізяслаўля (сучаснае Заслаўе). Усевалад Вольгавіч, князь чарнігаўскі, з братам ішоў на Стрэжаў да Браслава, туды ж быў пасланы ваявода Іван Вайцішын з торкамі. Велікакняжацкі полк на чале з сынам Мсціслава Ізяславам быў накіраваны да Лагойска з Курска. Другі сын вялікага князя Расціслава з смалянамі рухаўся да Друцка. Гэта быў самы вялікі паход кіеўскага князя супраць полацкіх князёў за ўсю гісторыю існавання Полацка.
На полацкім прастоле знаходзіўся князь Давыд Усяславіч. Яго сын Брачыслаў княжыў у Ізяслаўлі, быў жанаты з дачкой Мсціслава, арганізатара паходу. Усяму войску быў назначаны дзень для нанясення рашаючага ўдару- 4 жніўня. План парушыў сын Мсціслава- Ізяслаў. Раней назначанага тэрміну ён наблізіўся да Лагойска. У гэты час князь Брачыслаў спяшаўся з сваёй дружынай у Полацк на дапамогу бацьку. Зусім нечакана па дарозе ён трапіў у палон да свайго швагра Ізяслава Мсціславіча. Жыхары Лагойска, даведаўшыся пра гэта, здалі Ізяславу горад. З Лагойска Ізяслаў Мсціславіч накіраваўся на Ізяслаўль (Заслаўе), які ўжо асаджала вялікае войска. Гараджане адчынілі браму дзядзінца толькі тады, калі ўпэшніліся, што іх князь Брачыслаў узяты ў палон Ізяславам і знаходзіцца разам з ім. Захопнікі паабяцалі жыхарам Ізяслаўля не рабаваць горад, але слова свайго не стрымалі.
У гэты час Менск адыходзіў да паўднёва-рускіх князёў Яраславічаў, бо інакш войска, накіраванае Мсціславам Уладзіміравічам у Полацкую зямлю, не абыйшло б горад на паўднёвай яе мяжы. Усяславічы не маглі забыцца страты Менска, і гэта было прычынай вайны.
Дружыны саюзнікаў набліжаліся да Полацка. Тады палачане выгналі з горада Давыда Усяславіча з сынамі, палічыўшы, што гэта будзе садзейнічаць спыненню вайны і не дазволіць рабаванне \"непавінных людзей\". Палачане выбралі на полацкі стол зноў Барыса Усяславіча. Гэта задавальняла кіеўскага князя Мсціслава, арганізатара паходу. Але Барыс Усяславіч памёр у 1128 г.
У адносінах полацкіх князёў з вялікім кіеўскім князем Мсціславам адбыліся далейшыя змены і ўскладненні. У Іпацьеўскім летапісу аб падзеях паведамляецца ў двух месцах: коратка пад 1130 і больш дэталёва пад 1140 г. В.М. Тацішчаў апісаў іх падрабязна: пад 1129 г. Мсціслаў заклікаў сваіх васалаў у паход на паганых полаўцаў. Полацкія князі з лаянкай адмовіліся. Атрымаўшы перамогу над полаўцамі, Мсціслаў вырашыў пакараць полацкіх князёў. Ён накіраваў сваіх ваявод аб'явіць \"усім палачанам ва ўсіх гарадах\", што дзеянні іх князёў недапушчальныя. Полацкае веча, асцерагаючыся новага спусташэння Полацкай зямлі, пагадзілася з Мсціславам. Князі Давыд, Расціслаў, Святаслаў, 2 сыны Рагвалода з жонкамі і дзецьмі былі ўзяты ў палон кіеўскім князем і ў лодках сасланы ў Канстанцінопаль. Візантыйскі імператар Іаан, зяць Мсціслава, прыняўшы полацкіх князёў, прызначыў іх у войска, якое ваявала супраць сарацын (арабаў), \"дзе яны з пахвалой служылі\".
Полацкія князі самі знаходзіліся ў сваяцтве з домам візантыйскіх імператараў. Адна дачка вялікага князя кіеўскага Мсціслава была замужам за візантыйскім імператарм, другая- за прадстаўніком полацкай княжацкай дынастыі Брачыславам Давыдавічам, які княжыў у Ізяслаўлі. На працягу доўгага праўлення Іаана ІІ кіешска-візантыйскія адносіны заставаліся сяброўскімі. Гэтым тлумачыцца тое, што Мсціслаў вырашыў саслаць полацкіх князёў менавіта ў Візантыю.
У гарады Полацкай зямлі Мсціслаў накіраваў сваіх пасаднікаў, а ў Полацк- свайго сына Ізяслава, актыўнага ўдзельніка пахода 1127 г., які да таго быў князем у Курску.
Пасля смерці Мсціслава Уладзіміравіча (1132) яго месца ў Кіеве заняў брат Яраполк. Ён перавёў з Полацка ў Пераяслаў Ізяслава Мсціславіча. У Полацку замест Ізяслава застаўся трэці Мсціславіч- Святаполк, але палачане прагналі яго з горада. Вялікі князь кіеўскі Яраполк, упэўніўшыся ў марнасці спроб Манамахавічаў зацвердзіцца ў Полацку, пераводзіць Ізяслава ў Менск, які яшчэ заставаўся за манамахавічамі, і аддаў Ізяславу ў прыдачу Тураў і Пінск.
Полацкае веча ў 1132 г. выбрала сваім князем Васілька Святаславіча, унука Усяслава Полацкага, які, відаць, пазбегнуў высылкі ў Візантыю, ці, магчыма, хутка адтуль вярнуўся. Дакладна невядома, да якога часу быў полацкім князем Васілька. Паводле паведамлення пскоўскага летапісу, каля 1138 г. Васілька сустракаў і праводзіў у Полацку князя Усевалада Мсціславіча, які быў прагнаны з Ноўгарада і накіроўваўся ў Пскоў.
У 1138 г. (у Іпацьеўскім летапісе 1139) Полацк, таксама як і Тураў, удзельнічаў у барацьбе паўднёварускіх князёў на баку кіеўскага князя Яраполка супраць чарнігаўскага князя Усевалада. Мабыць, тады з дазволу Яраполка полацкія князі былі адпушчаны з Канстанцінопаля на радзіму ў Полацк.
У канцы 1130-х гадоў уся Полацкая зямля, за выключэннем Копысі і, верагодна, Оршы, якія адыйшля да Смаленскага княства ў 116 г., зноў была пад уладай мясцовай дынастыі- нашчадкаў Усяслава. Кіеўскія князі больш не рабілі спроб падпарадкаваць сабе Полацк. Паўднёварускія князі цяпер аддавалі перавагу ўстанаўленню сваяцкіх сувязей з полацкімі князямі.
Усевалад Ольгавіч, які, валодаючы Кіевам, заставаўся чарнігаўскім князем, у 1143 г. ажаніў свайго сына Святаслава на дачцы полацкага князя Васілька- Марыі. Марыя Васільеўна мела значны ўплыў на Светаслава, не забываючы інтарэсаў Полацка. У тым жа годзе адбылося яшчэ другое вяселле: Ізяслаў Мсціславіч выдаў сваю дачку замуж за Рагвалода Барысавіча. Усевалад Чарнігаўскі, займаючы вялікакняжацкі стол у Кіеве, вельмі даражыў сувязямі з Полацкам.
Падзеі ў 2-й палавіне 12-пачатку 13 ст. Да сярэдзіны 12 ст. адносіцца новае ўзвышэнне Менска. Ён выконваў значную ролю ў планах і разліках полацкіх князёў, якія варагавалі паміж сабой і імкнуліся захапіць суседнія землі і стол у Полацку.
Менск быў галоўным уладаннем унукаў Усяслава Полацкага- Глебавічаў, якія намерваліся зацвердзіцца ў Полацку. Зручны момант надыйшоў у 1151 г. Як паведамляюць летапісы, палачане саслалі свайго князя Рагвалода Барысавіча ў Менск і трымалі там \"у вялікай нястачы\". На вызвалены полацкі трон гараджане запрасілі менскага князя Расціслава Глебавіча.
Менскім князем у гэты час з'яўляўся брат Расціслава- Валадар. Другі яго брат- Усевалад атрымаў княжанне ў Заслаўі, а сын Расціслава Глеб княжыў у Друцку, Такім чынам, Расціславу Глебавічу ў 1158 г. (у летапісу 1159) удалося аб'яднаць значную частку Полацкай зямлі, але на непрацяглы час.
Рагвалод Барысавіч уцёк з Менска. Пры ўдзеле войска ноўгарад-северскага князя Святаслава Ольгавіча ён вярнуў сабе Друцк. У Полацку ў Рагвалода Барысавіча таксама былі прыхільнікі. З іх дапамогай ён у 1158 г. \"з гонарам вялікім\" зноў заняў полацкі стол. Расціслаў Глебавіч вымушаны быў уцячы ў Менск да брата Валадара. Пачалася новая міжусобная вайна.
Рагвалод выступіў супраць Менска. 10 дзён прастаяў ён з войскам пад яго сценамі і ні з чым вярнуўся назад. Не спадзяючыся не ўласныя сілы, Рагвалод звярнуўся за дапамогай да Кіква. Праз год ваенныя дзеянні аднавіліся. Расціслаў Мсціславіч прыслаў на дапамогу Рагвалоду 600 качэўнікаў-торкаў. Шэсць тыдняў працягвалася аблога Менска, але Рагвалод так і не здолеў узяць горад. Торкі, паміраючы з голаду, пешшу вярнуліся на поўдзень. Гэтак жа сама безпаспяхова скончыўся яшчэ адзін паход Рагвалода на Менск.
У 1161 г. менскі князь Валадар Глебавіч з дапамогай лета-літоўцаў нанёс пад Гарадцом (дакладна месцазнаходжанне населенага пункта не высветлена) паражэнне полацкаму князю Рагвалоду, які ўцёк у Друцк, сваё былое ўладанне, баючыся вяртацца ў Полацк таму, што загінула шмат палачан. У Полацку са згоды веча стаў княжыць Усяслаў Васількавіч, які да гэтага быў віцебскім князем.
Валадар Глебавіч у 1167 г. выступіў супраць полацкага князя Усяслава Васількавіча, разграміў яго войска і заняў полацкі прастол, заключыўшы з полацкім вечам умову і замацаваўшы яе хрэсным цалаваннем. Затым Валадар Глебавіч накіраваўся з дружынай у Віцебск, куды ўцёк пасля паражэння Усяслаў Васількавіч, але даведаўшыся, што на дапамогу віцяблянам ідзе смаленскі князь Раман, вярнуўся ў свае землі. Гэта паражэнне паклала канец дзейнасці менскага князя валадара Глебавіча па аб'яднанню Полацкай зямлі, да чаго ён імкнуўся.
У Друцку ў 12 ст. абаснаваліся нашчадкі Усяслава і Барыса- князі Барысавічы. Тут княжыў Глеб Рагвалодавіч- саюзнік смаленскіх князёў, якія не мірыліся з чарнігаўскімі князямі. У 1181 г. (у летапісу 1180) на Друцк быў зроблены вялікі кааліцыйны паход князёў. Чарнігаўскі князь Яраслаў Усеваладавіч і герой \"Слова аб палку Ігаравым\" ноўгарад-северскі князь Ігар Святаславіч \"сдумалі\" з дапамогай полаўцаў напасць на Друцк. Друцкі князь Глеб Рагвалодавіч быў у саюзе са Смаленскам, які такім чынам кантраляваў ключавыя пазіцыі друцка-ўшацкага волаку. У гэтым волаку быў надзвычай зацікаўлены Полацк. Барацьбой за вяртанне гэтага важнага шляху палачанам Л.В. Аляксееў тлумачыць удзел у паходзе полацкага князя Усяслава Васількавіча, яго брата віцебскага князя Брачыслава і другіх іх родзічаў, а таксама ліваў і літоўцаў. Войскі рыхтаваліся да бітвы, але смаленскі князь Давыд не рызыкнуў змагацца і, пакінуўшы Друцк, ноччу ўцёк у Смаленск. Гэта вырашала пытанне на карысць Полацка, і аблога Друцка была знята.
Паводле паведамлення Лаўрэнцьеўскага летапісу, у 1186 г. быў арганізаваны кааліцыйны паход на Полацк, у якім удзельнічалі Давыд Расціславіч са Смаленска, яго сын Мсціслаў з Ноўгарада, з Лагойска Васілька Валадаравіч, з Друцка Усяслаў. Палачанам шляхам перамоваў \"на сумежжы\" ўдалося прадухіліць гэта скаардынаванае выступленне супраць Полацка.
Заслугоўваюць асобнай увагі адносіны паміж Полацкам і Смаленскам. На ўсходзе Полацкая зямля межавала са Смаленскай. Смаленскія і полацкія крывічы былі аднапляменнікамі, таму межы паміж гэтымі княствамі не вылучаліся стабільнасцю. У склад Смаленскай зямлі ўваходзілі тэрыторыі, каланізаваныя выключна крывічамі.
Позіркі полацкіх князёў былі скіраваны ў бок тэрыторый, важных з пункту гледжання атрымання даніны, развіцця гандлю і даўно населеных крывічамі. У 1077 г. Усяслаў Полацкі зрабіў паход на Смаленск, уладанне Манамаха, але не змог тут зацвердзіцца.
У канцы 1160-х гг. віцебскі князь Усяслаў, заняўшы прастол у Полацку, уступіў у саюз са смаленскім князем. У 1178 г., калі ноўгародскі князь Мсціслаў Расціславіч пачаў паход супраць Полацка, ён быў спынены смаленскім князем Раманам Расціславічам, які дапамог сваім саюзнікам. Барацьба за лідэрства над крывічамі паміж полацкімі і смаленскімі князямі цягнуўся да пачатку 13 ст.
Былі спробы аб'яднаць Полацкую і Смаленскую зямлю з прымяненнем сілы. Такія спробы зыходзілі як з Полацка, так і са Смаленска. У 1190 г. (па Іпацьеўскаму летапісу 1195) адбылася сутычка паміж полацкім і смаленскім войскамі пад Віцебскам, якая скончылася паражэннем смаленскага войска (\"полочане потоптале стяги мьстиславли\"). Смаленскі тысяцкі Міхалка пацярпеў паражэнне ад палачан- саюзнікаў чарнігаўскага князя. У 1222 г. смаляне зрабілі паход на Полацк і захапілі яго. У 1229 г. пад эгідай Смаленска заключаны дагавор 3 усходнеславянскіх гарадоў (уключаючы Полацк і Віцебск) з Рыгаю і Гоцкім берагам.
У 1232 г. праз 2 гады пасля смерці смаленскага князя Мсціслава Давыдавіча полацкі князь Святаслаў Мсціславіч захапіў Смаленск і знаходзіўся там 6 гадоў. Верагодна, у 1242 г. каля Смаленска з'явіліся мангола-татары, аднак пра захоп імі горада звестак няма. Ёсць ускосныя звесткі, што Смаленск адбіў прыступ захопнікаў.
У 1250-я гады Полацк і Віцебск адпалі ад Смаленска. Старажытныя беларускія землі былі прадстаўлены ўласным сілам.
Штыхаў Г.В.
(Цытуецца паводле: \"Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Полацка\".- Мн.: 2002. с. 56-60)
Похожие страницы :
Нет похожих страниц.