У Верхнім Падняпроўі і Падзвінні на тэрыторыі Беларусі ў 8-10 ст. сфарміраваліся некалькі аб'яднанняў усходніх славян. Яны ўяўлялі сабой даволі ўстойлівыя этнічныя супольнасці дрыгавічоў, крывічоў-палачан, радзімічаў. У аснове гэтых супольнасцей ляжалі не столькі родаплемянныя, колькі тэрытарыяльныя, эканамічныя і палітычныя сувязі. Цяпер гісторыкі звычайна лічаць іх \"саюзамі плямён\". У этнаграфічных адносінах гэтыя супольнасці можна называць пранароднасцямі. Адначасова яны былі пачатковымі дзяржаўнымі ўтварэннямі тэрытарыяльна-палітычнага характару ці прадзяржавамі, у летапісе абазначанымі тэрмінамі \"княжанні\". На чале племянных княжанняў стаялі правіцелі, якія мелі тытул \"светлы князь\", паводле паведамлення \"Аповесці мінулых гадоў\".
Стварэнню княжанняў садзейнічалі развіццё мірных сувязей паміж плямёнамі, ці ваенныя перамогі адных плямён над другімі, ці, нарэшце, неабходнасць барацьбы з агульнай знешняй небяспекай. У час заняпаду родаплемяннога грамадства і ў перыяд ваеннай дэмакратыі складваліся сацыяльна-палітычныя супольнасці, аб'яднаныя адзінай уладай, адноснай агульнасцю гаспадарча-культурнага жыцця, тэрыторыі і інш. Утварэнне такіх супольнасцей садзейнічала ўзмацненню моўных і культурных сувязей паміж асобнымі плямёнамі, іх змешванню і трансфармацыі ў новыя этнасацыяльныя супольнасці- народнасці.
Крывічы займалі значны абшар Усходняй Еўропы. Гэта вялікае аб'яднанне плямён, якія жылі ў вярхоўях Дняпра, Заходняй Дзвіны, Волгі, на поўдні Чудскага возера. Звесткі аб іх змешчаны ў \"Аповесці мінулых гадоў\" пры апісанні падзей 9-10 ст. і папярэдняга часу. Пра крывічоў пісаў таксама візантыйскі гісторык 10 ст.Канстанцін Парфірародны.
Па-рознаму выводзяць гісторыкі назву \"крывічы\": ад прозвішча старэйшага роду Крыў (Крыва), што найбольш верагодна, ад слоў \"крэўныя\" (блізкія па крыві, у сэнсе параднёныя), ад імя язычніцкага першасвяшчэнніка Крыва-Крывейтэ, ад \"крывізны\" гарыстай мясцовасці і інш.
Даследчыкамі вывучаліся на тэрыторыі рассялення крывічоў-палачан гарадзішчы і паселішчы ў Віцебску, Полацку, Лукомлі. Але найбольш значны матэрыял па гісторыі насельніцтва выяўлены ў Віцебскай вобласці ў курганных могільніках. Дакладна ўстаноўлена, што для полацкіх крывічоў характэрна археалагічная культура доўгіх курганоў Паўночнай Беларусі, у якой прысутнічае шмат элементаў матэрыяльнай культуры ўсходніх балтаў. Смаленскія крывічы вельмі блізкія да полацкіх па мове і культуры. Таму ў этнаграфічных адносінах яны звычайна разглядаюцца як полацка-смаленская група плямён.
У некаторых пісьмовых крыніцах старажытныя курганы названы валатоўкамі. На Віцебшчыне сярод мясцовага насельніцтва такая назва распаўсюджана дагэтуль.
Паводле народных паданняў, тут як быццам пахаваны волаты( волат- персанаж беларускай міфалогіі, асілак высокага росту). Назва \"валатоўкі\" пашырана на поўначы Беларусі і ў сумежных раёнах Смаленшчыны, Пскоўшчыны, Латвіі, у мінулым карэнных землях крывічоў.
Могільнікі крывічоў 2-ой палавіны 1-га тысячагоддзя складаюцца з доўгіх (валападобных), падоўжаных і круглых у плане насыпаў вышынёй 1-2 м, у якіх змешчаны рэшткі крэмацыі памерлых. У Віцебскай вобласці вывучаны курганы 5-7 ст. атокінскага варыянта банцароўскай культуры. На беразе возера Сенніца ў Гарадоцкім раёне каля в. Дарахі выяўлена 11 курганных могільнікаў трох перыядаў: трэцяй чвэрці 1-га тысячагоддзя н.э. банцараўскай культуры, 9 ст. з крэмацыяй памерлых і канца 10 ст.-пачатку 11 ст. з трупапалажэннем.
Фарміраванне крывічоў- вынік асіміляцыі прышлымі славянамі мясцовых балцкіх і заходняфінскіх плямён, паступова славянізаваных. Гэта пацвярджаюць выразныя археалагічныя матэрыялы. Курганныя могільнікі полацкіх крывічоў 8-10 ст. даследаваліся на Віцебшчыне каля вёсак Баркі, Глінішча, Рудня (Полацкі раён), Бяскатава, Вышадкі, Смалькі (Гарадоцкі раён). Трупаспаленне амаль заўсёды знаходзілася пад насыпам, на гарызонце. Часта перапаленыя косці сабраны ў неглыбокай ямцы, зверху якой змешчаны перакулены ўверх дном невялікі ляпны гаршчок. Большасць курганоў бедныя на інвентар ці зусім яго не маюць. Зрэдку сустракаюцца курганы з вялікай колькасцю пашкоджаных агнём упрагожаванняў, распаўсюджаных у балтаў, характэрных таксама для культуры смаленскіх доўгіх курганоў: бронзавыя трапецападобныя падвескі, шыйныя грыўні, бранзалеты, маністы, у якіх чаргуюцца шкляныя сінія пацеркі з бронзавымі спіралепадобнымі трубачкамі-пранізкамі- дэталямі вянкоў, што насіліся на галаве, касцяныя птушкі. Славянскімі рысамі курганоў 9-10 ст. з'яўляюцца абрад трупаспалення і наяўнасць ляпных гаршкоў з акруглым плячом у верхняй частцы тулава, якое захавана і ў кераміцы, зробленай пазней на ганчарным крузе.
Курганныя могільнікі 8-9 ст. адлюстроўваюць другую стадыю ці хвалю славянскай каланізацыі ў Беларускім Падзвінні. Але гэта не прывяло да канчатковай славянізацыі насельніцтва. Лета-літоўскія элементы ў культурдоўгіх курганоў Паўночнай Беларусі, як і на Смаленшчыне, займаюць значнае месца. Каланізуючы лясную зону, уступаючы ў цесную сувязь з мясцовым насельніцтвам, славяне перанялі ў большай ці меншай ступені культурна-этнаграфічныя асаблівасці балтаў, унаследавалі элементы іх матэрыяльнай культуры. Новая этнічная супольнасць, якая фарміравалася ў працэсе змешвання славян з мясцовымі балтамі, была, відаць, славянамоўнай.
У канцы 10 ст. паяўляюцца круглыя курганы з пахавальным абрадам трупапалажэння, якія канчаткова выцесняюць крэмацыю. Такія помнікі вывучаліся археолагамі каля вёсак Пуцілкавічы, Бельчыца, Чарневічы, Лісна, Сінчукі, Кублішчына, Плусы і іншых у Віцебскай вобласці. Для полацкіх і смаленскіх крывічоў у 11-12 ст. характэрны пэўны тып упрыгожанняў- бранзалетападобныя драцяныя кольцы з завязанымі канцамі дыяметрам 5-11 см, якія насілі жанчыны каля скроняў на павязцы.
Акрамя скроневых бранзалетападобных кольцаў ёсць іншыя этнавызначальныя прыкметы ў матэрыяльнай культуры крывічоў-палачан. Для іх касцюма характэрна шматлікасць упрыгожанняў- гэта падковападобныя спражкі (фібулы), зааморфныя бранзалеты, вітыя шыйныя грыўні з петлепадобнымі канцамі, пазалочаныя шкляныя пацеркі, мноства бразготак, пласціначныя падвескі-конікі. Характэрнай рысай жаночага касцюма крывічоў былі маністы, у якой пацеркі спалучаліся з металічнымі бразготкамі.
У Беларускім Паазер'е пры раскопках курганоў у пахаваннях выяўлены тыпова балцкія галаўныя вяночкі- вайнагі, якія састаўляліся са спіральных пранізак пры дапамозе бляшак, звычайна з ціснёным арнаментам. падобныя вяночкі знойдзены ў Браслаўскім, Міёрскім, Талачынскім, Шклоўскім раёнах. Да некаторых вайнагаў падвешваліся скроневыя кольцы, якія лічацца славянскімі ўпрыгожаннямі.
Своесаблівасцю вызначаецца таксама касцюм крывічоў-мужчын. Аб шматлікасці яго ўпрыгожанняў сведчаць падковападобныя спражкі (фібулы), лірападобныя спражкі, пярсцёнкі, абшыванне адзення і галаўных убораў металічнымі пранізкамі.
У летапісе крывічы названы пад 859 г. Паводле летапіснага паведамлення, яны плацілі даніну варагам. У 862 г. крывічы разам з іншымі плямёнамі прагналі варагаў за мора, адкуль яны прыйшлі. Аднак потым, як паведамляе летапіс, чудзь, наўгародскія славяне, крывічы заклікалі да сябе нарманскіх князёў. Тут гаворыцца пра Полацк, пра тое, што заснавалі яго крывічы, а варагі (нарманы) у ім прышлыя.
Вялізнае аб'яднанне крывічоў у канцы 1-га тысячагоддзя распалася на групы- полацкую, смаленскую, пскоўскую ( паводле назвы іх галоўных гарадоў).
Крывічы прымалі ўдзел у пахлдах князя Алега (907) і Ігара (944) супраць грэкаў. На аснове племяннога княжання крывічоў-палачан склалася буйное Полацкае княства- самастойная моцная сярэднявечная дзяржава на тэрыторыі Беларусі. Насельніцтва Полацкай зямлі і прадстаўнікі мясцовай дынастыі князёў названы \"крывічамі\" ў летапісах пад 1127, 1129, 1140, 1162 гг. Да яе належылі гарады Полацк, Віцебск, Менск, Лукомль, Браслаў, Ізяслаў (Заслаўе), Лагойск, Орша, Копысь, Барысаў.
У старажытных летапісах насельніцтва Полацкай зямлі называецца таксама \"палачанамі\". Летапісцы лічылі, што гэта назва паходзіць ад назвы ракі Палата- правага прытоку Заходняй Дзвіны, ля вусця якой заснаваны першапачатковы Полацк. палачане- група плямён, што вылучылася з крывіцкага аб'яднання з цэнтрам у Полацку, ад якога атрымала першапачатковую назву. У 11-12 ст. і ў больш познія часы палачанамі называлі жыхароў Полацка або ўсёй Полацкай зямлі.
На славяна-балцкім сумежжы ўзнік тапонім \"крывічы\", размешчаны ланцугом на заходняй ускраіне Полацкай зямлі. Ад этноніма \"крывічы\" паходзяць назвы вёсак у Зэльвенскім, Іўеўскім, Салігорскім, Глыбоцкім, Пінскім, Докшыцкім, Ашмянскім, Мядзельскім, Смаргонскім раёнах Беларусі.
Тапанімічныя даныя сведчаць, аб тым, што крывічы-палачане ў 9-11 ст. праніклі ў Верхняе Панямонне. Тут на паўночным захадзе сучаснай беларускай тэрыторыі фіксуецца асноўная колькасць тапонімаў, утвораных ад этноніма \"крывічы\". Гэты этнонім успрымаўся менавіта ў этнічным сэнсе ў адрозненне ад назвы \"палачане\", якая была палітыка-геаграфічным абазначэннем крывіцкага насельніцтва з іх цэнтрам у Полацку.
У некаторых выпадках назва \"крывіцкія землі\" захоўвалася за тэрыторыяй Беларусі да першай чвэрці 14 ст. У латышскай мове тэрмін \"крывічы\" замацаваўся для вызначэння ўсходніх славян.
Штыхаў Г.В.
(Цытуецца паводле: \"Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Полацка\", Мн.: 2002.- с. 48-51)
Похожие страницы :
• Крывіцкае Купальле |
Дзяніс ДУК. ФЕНОМЕН СТАНАЎЛЕННЯ ДЗЯРЖАЎНАСЦІ НА ЗЕМЛЯХ ПОЛАЦКІХ КРЫВІЧОЎ (ІХ-ХІ стст.) |
ВАСІЛЬ ПАЛАЧАНІН |
• Палачанін узначаліў "БЕЛНАФТАХІМ" |