У 12 ст. разгарнулася шырокае храмавае будаўніцтва. У Полацку сцены кожнай святыні знутры абавязкова ўпрыгожваліся фрэскамі. Роспісы захаваліся толькі на 2 помніках: фрагментарна ў Сафійскім саборы і практычна цалкам у царкве Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра. Па астатніх роспісах крыніцамі ведаў з'яўляюцца архіўныя і літаратурныя звесткі, а таксама знойдзеныя ў выніку археалагічных раскопак фрагменты фрэсак. Манументальны жывапіс таго часу вывучалі М.Шчакаціхін, І.Хозераў, В.Церашчатава, А.Сяліцкі.
У Сафійскім саборы расчышчаны невялікія фрагменты фрэсак у цэнтральнай апсідзе, на сценах і слупах той нязначнай часткі, што засталася ад храма 11 ст. Захаванасць сюжэтных кампазіцый кепская. К цэнтральнай апсідзе чытаецца \"Эўхарыстыя\", у паўднёва-ўсходняй частцы бачна фігура апостала, павернутага да апсіды. Цікавасць уяўляе раслінна-геаметрычны арнамент адкосу акна: цёмна-зялёныя парасткі, якія ўтвараюць сэрцападобныя фігуры, у абрамленні трохвугольнікаў карычневага колеру. Гэты матыў нагадвае і роспісы аконных адкосаў Барысаглебскай царквы Бельчыцкага манастыра. Знойдзеныя пры археалагічных даследаваннях фрагменты фрэсак Сафійскага сабора даюць уяўленне пра багатую і разнастайную палітру роспісаў, з мяккімі пераходамі ад яркіх і чыстых да цёмных і прыглушаных тонаў. Выкарыстаны карычнева-чырвоныя, блакітна-сінія, жоўта-зялёныя фарбы.
Відавочна, што роспісы зроблены ў візантыйскай манеры, часам нагадваюць мазаікі Кіеўскай Сафіі. Мастацтвазнаўцы, якія вывучалі рэшткі фрэсак полацкага сабора, лічаць, што схема роспісу яго адрозніваецца ад схемы роспісу галоўнай святыні Кіева і ўсталёўвае канон, які, можна меркаваць, захоўваўся ва ўсіх наступных полацкіх храмах таго перыяду. Панэлі, паводле тагачаснай традыцыі, распісваліся пад мармур, адкосы акон і дзвярэй, а таксама некаторыя прасценкі запаўняліся арнаментальнымі кампазіцыямі. Евангельскі аповед пачынаўся ад партала па паўночнай сцяне, кульмінацыя прыпадала на цэнтральную апсіду, дзе размяшчалася галоўная кампазіцыя \"Эўхарыстыя\". Шматфігурныя сцэны перамяжаюцца з постацямі асобных святых, задаючы роспісам пэўны рытм.
Інфармацыя пра фрэскі храмаў Бельчыцкага манастыра захавалася толькі ў архіўных крыніцах. Рэшткі іх бачылі і апісалі ў 1920-х гадах М.Шчакаціхін і І.Хозераў. Роспіс Пятніцкай царквы традыцыйна падзяляўся на 3 рэгістры ці ярусы. У ніжнім прадстаўлены выявы святых і пакутнікаў. Другі рэгістр займаюць тэматычныя кампазіцыі. Па версе ішлі самыя вялікія і значныя кампазіцыі, якія ілюстравалі важнейшыя евангельскія сюжэты: \"Раскрыжаванне\", \"Стрэчанне\", \"Аплакванне\", \"Зняцце з крыжа\". Фонам мастаку часам служыў натуральны тынк. Фрэска \"Стрэчанне\" цікавая сваёй кампазіцыяй: фігуры размешчаны па адной лініі, над якой уздымаецца толькі галоўка маленькага Хрыста. Такім прыёмам пастаўлены патрэбны ідэйны акцэнт, падкрэслена значнасць менавіта гэтага персанажа. Трактаваная ўвогуле паводле візантыйскай схемы кампазіцыя сюжэта \"Раскрыжаванне\" ўсё ж мае вельмі своеасаблівыя рысы. Так, фігуры Божай Маці і апостала Іаана размешчаны па адзін бок ад крыжа, значна зменшаны і быццам аддалены ад гледача. Акцэнт зроблены на крыжы, у параўнанні з якім нават цела Хрыста здаецца зменшаным. Увесь драматызм моманту сканцэнтраваны ў твары Хрыста, які напісаны ў вельмі экспрэсіўнай манеры. У кожнага свой крыж, нясі яго цярпліва і пакорліва- такую ідэю перадае гэта фрэска.
Апрача тэматычных кампазіцый даследчыкі апісваюць выявы святых Міколы, Барыса і Глеба, напісаныя цалкам у адпаведнасці з візантыйскай іканаграфіяй. Выявы святых Барыса і Глеба- самыя раннія, таму маюць вялікае значэнне. Тут ужо ўвасабляецца кананічны тып выяў гэтых князёў: Барыс з невялікай бародкай, Глеб у выглядзе юнака. Абодва апранутыя ў хітоны і плашчы, зашпіленыя фібуламі. На галовах- шапкі, аздобленыя белым футрам. М.Шчакаціхін таксама апісаў \"рэшткі некалькі незвычайнага для 12 ст. расліннага арнаменту, пракладзенага чырвонай фарбай у выглядзе буйных кветак, віткоў і доўгіх сцёблаў асіметрычнага рысунка\".
Адметнай рысай фрэскавага жывапісу Барысаглебскай царквы з'яўляецца вялікая колькасць арнаментальных роспісаў. Адкосы кожнага акна мелі свой малюнак. Паўтараецца тут і матыў асіметрычнага арнаменту з чырвонымі кветкамі і доўгімі сцяблінамі. Манументальнасць, актыўная роля контуру, спалучэнне лінейнай трактоўкі з аб'ёмнай лепкай формы з'яўляюцца працягам візантыйскай манеры жывапісу. Дзякуючы гэтым рысам узнікаюць асацыяцыі з фрэскамі кіеўскай Сафіі. Аднак мастацтвазнаўцы звяртаюць увагу на істотныя адрозненні ў размяшчэнні кампазіцый і выяў святых, мацнейшай тэндэнцыі да манументальнасці вобразаў, вольнай манеры жывапісу. Пералічаныя асаблівасці збліжаюць бельчыцкія фрэскі з пазнейшымі роспісамі наўгародскай царквы Спаса-на-Нярэдзіцы. Матыў круглых зялёных лістоў, уплеценых у хвалю доўгага сцябла, зялёныя фоны некаторых фрэсак сведчаць пра характэрныя рысы балканскіх манументальных роспісаў, у прыватнасці балгарскіх.
Багаты матэрыял даюць фрэскі храмаў Ефрасіннеўскага манастыра. Жывапіснае аздабленне цяпер не існуючага храма-пахавальні вядома толькі па знаходках археолагаў. Падкрэсленая графічнасць малюнка спалучаецца з тонкай пластычнай мадэліроўкай твараў, якая дасягаецца выключна колерам. Твары святых вылучаюцца ўнутранай сілай, глыбокім псіхалагізмам. Кожны вобраз індывідуальны, са сваім настроем і пачуццямі. Здзіўляе насычаная палітра, тонкія светлаценевыя пераходы.
Высокі мастацкі ўзровень дэманструюць фрэскі Спаскай царквы. Час для іх грунтоўнага апісання і аналізу яшчэ не настаў. Тым не менш раскрытыя фрагменты дазваляюць скласці агульнае ўражанне аб жывапісным афармленні храма. Роспіс размешчаны ў тры рэгістры, кампаноўка свабодная, часам вельмі складаная, шматфігурныя сцэны чаргуюцца са шматлікімі выявамі асобных святых. На фоне полацкіх помнікаў царква Спаса вылучаецца тым, што кампазіцыі займаюць усе плоскасці: лапаткі, аркі, адкосы, прасценкі, не пакідаючы месца дэкаратыўным арнаментам.
У купале змешчана вялікая выява благаслаўляючага Спаса з кнігай у руцэ ў атачэнні евангелістаў на ветразях. Ніжні рэгістр цэнтральнай апсіды займае \"свяціцельскі чын\"- 12 франтальных постацей. Над ім- \"Эўхарыстыя\" з надзвычай дынамічнымі фігурамі апосталаў. Кампазіцыя выходзіць за межы апсіды на прасценкі. Гэта галоўны кампазіцыйны цэнтр, які падпарадкоўвае і арганізуе ўсе астатнія роспісы з іх асіметрычнасцю і даволі свабоднай кампаноўкай. На самым версе змешчана выява Маці Божай Аранты. Значным эмацыянальным і ідэйным акцэнтам тут стала ўвядзенне шасцікрылых серафімаў, якія звязваюць два верхнія рэгістры роспісу апсіды.
Ніжні рэгістр паўночнай і паўднёвай сцен утвораны выявамі святых у малітоўных позах. Вобразы іх аскетычныя, адухоўленыя, падпарадкаваныя адзінаму парыву. Вышэй па сценах размешчаны адна- і шматфігурныя кампазіцыі. Адметнасцю ідэалагічнай праграмы роспісаў з'яўляецца ўвядзенне матыву ахвярнасці, паўторанаму некалькі разоў у біблейскіх сюжэтах, звязаных з Аўраамам, а таксама ў сцэнах ахвярапрынашэння і пакутаў святых.
Арыгінальны характар роспісу малельні Ефрасінні. На ўсходняй сцяне знаходзіцца адна з самых ранніх выяў Спаса. Твор напісаны хоць і ў плоскаснай, графічнай, але надзвычай экспрэсіўнай манеры, поўны ўнутранай дынамікі.
У роспісе Спаскай царквы бралі ўдзел некалькі выдатных майстраў, кожны са сваёй творчай манерай. Фрэскі дэманструюць умелае выкарыстанне колеру ў перадачы эмацыянальнага фону кампазіцый і асобных святых. Ад светлых, мяккіх тонаў інтэнсіўнасць нарастае, узмацняючы напружанне, якое дасягае кульмінацыі ў глыбокіх і трывожных сініх і гарачых малінава-чырвоных фарбах. Экспрэсія вобразаў спаскіх фрэсак асабліва выяўляецца пры дапамозе кантрастаў: чаргаванне асобных святых са шматфігурнымі кампазіцыямі, манументальныя, франтальна размешчаныя выявы побач са складанымі дынамічнымі ракурсамі; плоскасная і аб'ёмная манеры пісьма; статычныя постаці і надзвычай экспрэсіўныя твары з выразнымі, рэзка павернутымі вачыма. Святыя тут не сузіраюць спакойна з недасягальнай вышыні сваёй святасці, яны актыўныя ў веры, імкнуцца да дзеяння, яны тут, сярод нас, яны загадваюць, настойліва заклікаюць да вялікай працы дзеля веры, дзеля сваёй Айчыны. Менавіта такі, актыўны і непахісны, неўтаймаваны ў веры і ахвярнасці вобраз паўстае са старонак \"Жыція...\" самой святой Ефрасінні Полацкай.
У паўночным нефе Спаскай царквы выяўлена цікавае графіці са словамі: \"...прьставися Козуминая письца иконьного\". Мяркуюць, што так звалася жонка мясцовага багамаза Кузьмы, які, магчыма, прымаў удзел у роспісе царквы фрэскамі.
Г.Ганецкая, С.Тарасаў, Г.Штыхаў
(Цытуецца паводле:\"Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Полацка\".- Мн.: 2002. с. 74-77)
Похожие страницы :
Нет похожих страниц.