Скупасць матэрыяльных і асабліва пісьмовых крыніц 9-13 ст. не дазваляе ахарактарызаваць і ацаніць дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі таго часу ва ўсёй паўнаце. Матэрыялы археалагічных раскопак даюць уяўленне ў асноўным пра ўжытковае мастацтва сярэдніх слаёў вясковага і гарадскога насельніцтва.
Найкаштоўнейшы твор прыкладнога мастацтва Беларусі таго перыяду- крыж Ефрасінні Полацкай. Гэта- сімвал, нацыянальная рэліквія. Не аднойчы ён прыцягваў увагу даследчыкаў 19-20 ст. Найбольш падрабязна крыж апісаны Л. Аляксеевым.
Апрача Лазара Богшы на нашай зямлі працавала незлічонае мноства майстраў-ювеліраў. Ужо з 10 ст. залатарства існавала ў Полацку, Віцебску, Лукомлі, Заслаўі, Клецку, а ў 12 ст. яго сляды знойдзены практычна ва ўсіх гарадах і ўмацаваных паселішчах. Цікавейшы матэрыял атрымалі археолагі пры даследаванні рэшткаў ювелірных майстэрняў 10-13 ст. (Полацк, Віцебск, Мінск, Навагрудак, Клецк і інш.).
Старажытнабеларускія залатары працавалі на прывазной сыравіне: волава, медзь, свінец, серабро, золата, каштоўныя і напаўкаштоўныя камяні. Крыніцамі паступлення імпартных матэрыялаў былі краіны Заходняй і Цэнтральнай Еўропы. Археалагічныя знаходкі сведчаць аб дастаткова высокім узроўні майстэрства полацкіх майстроў. Фіксуюцца наступныя тэхналогіі: ліццё, коўка, штампоўка, цісненне, валачэнне, пляценне, зернь, скань, перагародчатая эмаль, гравіроўка, інкрустацыя металамі, шклом і каштоўнымі і напаўкаштоўнымі камянямі. Найбольш распаўсюджаным было ліццё. Гэтай тэхналогіяй валодалі і гарадскія і вясковыя майстры. Доказам таму з'яўляюцца шматлікія знаходкі керамічных тыгляў і ліцейных форм( Полацк, Тураў, Лукомль і інш.). На шпорах, нажах, розных накладных і іншых вырабах знаходзім такі тэхналагічны прыём, як інкрустацыя жалезных вырабаў арнаментаванымі бронзавымі пласцінамі. Нярэдка гатовыя жалезныя вырабы пакрывалі слоем каляровых металаў, найчасцей бронзай.
Вырабаў з золата знойдзена параўнальна мала. Тлумачыцца гэта тым, што ў часы шматлікіх войнаў багацці краіны рабаваліся, рэчы з каштоўных металаў або вывозіліся (напрыклад, крыж Ефрасінні Полацкай), або ішлі на пераплаўку. Бадай што багацейшай у гэтым сэнсе была знаходка полацкага рэчавага скарбу, які складаўся з залатых фрагментаў дроту, бранзалетаў, кавалкаў грыўняў. Залатыя ювелірныя вырабы 12-13 ст. знойдзены пры даследаванні шэрагу старажытных гарадоў: залаты бранзалет у Мінску, пацерка ў Лукомлі, бранзалет у Гродне, залатыя пярсцёнкі з устаўкамі з каштоўных камянёў і шкла ў Полацку і Гродне, трохпацеркавае скроневае кольца ў Барысаве, залатыя вырабы вядомы таксама ў Віцебску, Навагрудку.
Вырабы з золата і серабра не такія шматлікія і вельмі дарагія, яны павінны былі задавальняць патрэбы вышэйшых слаёў насельніцтва і царквы. Значна шырэй былі распаўсюджаны вырабы з бронзы. Багацейшы і іх асартымент.
Рэчы хрысціянскага культу асабліва папулярнымі былі сярод гарадскога насельніцтва. На тэрыторыі сучаснай Беларусі вядомы шэраг свінцовых і бронзавых абразкоў даволі высокага мастацкага ўзроўню. На іх прадстаўлены Багародзіца, Барыс і Глеб і іншыя святыя. Некаторыя асаблівасці стылістыкі і іканаграфіі (індывідуалізацыя твараў, крыху скажоныя прапорцыі), да таго ж паўтораныя ў абразках з Турава, Мінска, Копыся, пячатцы з Полацка, даюць падставы меркаваць пра мясцовае паходжанне рэчаў. Адным з цікавейшых вырабаў гэтага тыпу з'яўляюцца крыжы-энкалпіёны. Яны вядомы па матэрыялах з Полацка, Друцка, Мінска, Маскавічаў, Турава, Брэста, Мсціслава, Навагрудка, Гродна і інш. Відавочна, большасць іх прывазныя, хоць даследчыкі дапускаюць магчымасць і мясцовай вытворчасці энкалпіёнаў. Тое ж можна сказаць і пра літыя бронзавыя абразкі. Цікава адзначыць, што некаторыя з іх вырабляліся па формах імпартных каменных абразкоў. Сярод гараджан і вясковых жыхароў вялікім попытам карысталіся нацельныя крыжыкі. Не ўсе даследчыкі звязваюць іх выключна з хрысціянствам.
Самы шырокі спектр асартыменту вырабаў з каляровых металаў складаюць дэталі адзення і ўпрыгожанні. Гэтыя рэчы карысталіся вялікай папулярнасцю як сярод гарадскога, так і вясковага насельніцтва. Скроневыя кольцы- тыповае жаночае ўпрыгожанне, якое з'яўляецца апрача іншага і этнавызначальнай прыкметай. На шыі насілі грыўні літыя або звітыя з тонкага дроту. У склад маністаў уваходзілі разнастайныя пацеркі( зярнёныя, скручаныя з палоскі металу), прывескі( круглыя, трапецападобныя, крыжападобныя лунніцы, званочкі, канькі). У Полацку знойдзена прывеска ў выглядзе купца з мехам у руках. Папулярнымі былі дротавыя, кручаныя, плеценыя, пласціначныя, стужкавыя бранзалеты. Пярсцёнкі нярэдка вырабляліся з дроту( простыя ці плеценыя), шчытковыя звычайна мелі гравіраваны арнамент ці вочкі з каляровага шкла, бурштыну або каштоўных камянёў. Неад'емнымі элементамі касцюма былі фібулы, спражкі (лірападобныя, прамавугольныя, трапецападобныя), кольцы, бляшкі.
З іншых рэчаў трэба адзначыць накладкі, тронкі для прылад. Геаметрычныя матывы пераважаюць у аздабленні замочкаў для кніг. Яны выяўлены ў Мінску, Друцку, Полацку. Непасрэдна для пісання выкарыстоўваліся спецыяльныя прылады- пісалы, у тым ліку бронзавыя.
Вытворчасць дэкаратыўнай керамікі ў разглядаемы перыяд звязана найперш з інтэнсіўным храмавым будаўніцтвам. У склад арцелі звычайна ўваходзіў майстра-плітачнік, які займаўся афрамленнем падлогі. Керамічныя падлогі былі традыцыйнымі і абавязковымі ў 11 ст. і асабліва ў 12 ст. і аздаблялі не толькі мураваныя, але і драўляныя бажніцы. Маёлікавыя пліткі падлогі знойдзены пры даследаванні амаль усіх храмаў 11-12 ст. і асобна ў Полацку, Віцебску, Друцку, Мінску, Лагойску.
Г.Ганецкая, С.Тарасаў, Г.Штыхаў
(Цытуецца паводле:\"Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Полацка\".- Мн.: 2002. с. 77-80)
Похожие страницы :
А. Ярашэвіч. СТРАЧАНЫЯ ПОМНІКІ АРХІТЭКТУРЫ I МАСТАЦТВА ЭПОХІ БАРОКА НА ПОЛАЧЧЫНЕ |