СТРАЧАНЫЯ ПОМНІКІ АРХІТЭКТУРЫ I МАСТАЦТВА ЭПОХІ БАРОКА НА ПОЛАЧЧЫНЕ
Архітэктурная спадчына Полаччыны падобна да айсберга - ад большасьці помнікаў захаваліся толькі фундаменты пад зямлёй, найчасцей забудаваныя новымі гмахамі. Гэта датычыць не толькі старадаўняга Полацка ХІ-ХІІ стст., але і адносна нядаўніх помнікаў эпохі барока. Здзіўляе поўная адсутнасць полацкай мураванай архітэктуры XVII ст., тым больш што архіўныя крыніцы указваюць даволі незвычайную ў гістарычных адносінах фігуру Андрэаса Кромера з Полацка «Faber Murarius Natione Ermanus Fideo Ruthenus» («каменных спраў майстра нямецкай нацыі рускай веры»), які будаваў у 1630-я гг. першы мураваны касцел у Будславе /1/ і, як нядаўна стала вядома, прыкладна тады ж - касцёл бенедыктынак у Мінску (за інфармацыю аб апошнім аўтар удзячны У.М. Дзянісаву). Павінен жа быў майстар Кромер што-небудзь пабудаваць і ў самім Полацку?
Адзіным помнікам першай паловы XVII ст. на гістарычнай Полаччыне, які захаваўся хоць бы ў руінах, з'яўляецца Троіцкая царква Чарэйскага базыльянскага манастыра, заснаванага Львом Сапегам каля 1599 г. Амаль квадратны асноўны аб'ём храма перакрыты паўцыркульным скляпеннем на распалубках і закончваецца паўцыркульнай апсідай, на фасадзе масіўная квадратная трохярусная вежа з незвычайна тоўстымі «абароннымі» сценамі. У царкве знаходзіўся абраз «Маці Божая Знаменіе», адзін з самых шанаваных на землях ВКЛ. Ён апісаны ў кампендзіуме Гумпенберга цудатворных абразоў Еўропы (Мюнхен, 1672), па звестках, паданых вучоным віленскім гісторыкам-езуітам Альбертам Вуек-Каяловічам, вядома тагачасная гравюра /2/. Лічылася, што абраз, прывезены Львом Сапегаю, у пачатку стагоддзя ці са Смаленска, ці з Ноўгарада. На наш погляд, абраз, хутчэй за ўсё ўяўляў сабою копію вядомага абраза XII ст. з Наўгародскага Сафійскага сабора, які здаўна меў славу цудатворнага. У час вайны 1654-1667 гг. маскоўскія войскі мелі намер забраць абраз у Маскву, але ён своечасова быў перевезены ў Ружанскі замак Сапегаў. Пасля публікацыі ў Гумпенберга звесткі пра Чарэйскае «Знамение» абрываюцца, царкоўныя гісторыкі XIX ст. пішуць аб ім, але ў інвентары Чарэйскага манастыра 1804 г. ён ужо не ўпамінаецца.
Выдантным помнікам барока XVII ст. з'яўляецца касцел кармелітаў, заснаваны мсціслаўскім ваяводам і дзісненскім старастам Юзафам Корсакам на «полацкай палавіне» Глыбокага ў 1639 г., на гэтай падставе касцёл звычайна так і датуюць, аднак вядома, што драўляныя будынкі былі спалены ў час вайны 1654-1667 гг., касцёл вымураваны, па ўсім мяркуючы, у 3-й чвэрці XVII ст. пры настаяцелі Тышкевічу, крыху пазней віленскага касцела св.Тэрэзы і мае нямала элементаў падабенства з апошнім.
Самым пленным перыядам храмавага будаўніцтва на Полаччыне была сярэдзіна і другая палавіна XVIII ст., сведчаннем чаго стала перш за ўсё новая Сафія, а таксама касцёл св.Стэфана і Багаяўленскі манастыр. На жаль, большасць помнікаў (пераважна, кляштарныя храмы розных каталіцкіх ордэнаў) «засталіся толькі на фатаграфіях» ці дайшлі да нас у руінах.
1. Бернардынскія касцёлы. а) Адзін з першых чатырох кляштараў гэтага ордэна ў ВКЛ заснаваны вял.князем Аляксандрам Ягелонам на Запалоцці ў 1498 г. Драўляны, але, як адзначае хроніка кляштара, wspanialy (прыгожы, пышны) касцёл, пабудаваны ў 1502 г., спалены войскам Івана Грознага ў 1563 г. Толькі ў 1696 г. зноў запрасіў бернардзінаў у Полацк ваявода Дамінік Слушка і размясціў на ваяводзінскай слабадзе Кабак, але неўзабаве ваявода памер, і драўляныя будынкі кляштара фундавалі падчашыя ваяводства Полацкага Буйніцкія, пасля пажару 1758 г. узнікпі мураваныя пабудовы. Касцёл Маці Божай Нябеснай Брамы, асвечаны ў 1769 г., быў аднанефавы, даўжыней 42 локці, з трансептам шырыней 26 локцяў і падоўжаным прэзбітэрыем, асветленым праз 7 вокан ( у нефе іх было 8 ). Галоўны фасад двухвежавы, з вакном над уваходам і фігурным омытом, такія ж шчыты аздаблялі фасады трансепта. Згодна з інвентаром 1818 г. галоўны алтар «іанічнай архітэктуры» (магчыма, так візітатар характарызуе нейкія класіцыстычныя рысы), з адасобленымі двума ярусамі, быў аздоблены паліхромным штукам, над абразом св. Анны змяшчалася «гіпсавая фігура Іісуса», па баках - такія ж скульптуры св. Іахіма, Іосіфа, Пія і Банавентуры. Бакавыя алтары св. Антонія, Францыска, Найсвяцейшай Панны Анельскай і Іісуса пабудаваны былі паводле структурнага тыпу трохвосевай трыумфальнай аркі, на флангах паміж калонамі стаялі, адпаведна скульптуры св. Людовіка і Яна Капістрана, Бернардына і Банавентруы (?), Францішка і Дамініка, Яна дэ Матта і Фелікса, у цэнтры апошняга алтара знаходзілася не карціна, але статуя Ісуса Назарэя (Антакольскага). Як звычайна, на хорах стаяў арган «на 12 галасоў» /3/. Двухпаверхавы корпус кляштара ў плане нагадваў літару Т, даўжыні ліній складалі 100 і 48 локцяў, шырыня - 14 локцяў. (Як цікавы штрых асветніцкай дзейнасці кляштара адзначым, што студэнты школы філасофіі добра ведалі польскую і лацінскую мовы, 1-літоўскую, 1-латышскую, 7-дыялект жмудскі («narzecze zmudzkie»). Пасля закрыцця кляштара (1832 г.) касцёл аддадзены пад царкву і падзяліў лёс многіх храмаў.
б) Кпяштар у Селішчы фундаваны ў 1728 г. падсудкам полацкім Іазафатам Антоніем Сялявам з жонкаю Элеанорай сумесна з падчашым і ротмістрам полацкім Янам Юзафам Рагозаю, якія папярэдне пабудавалі драўляны касцёл св. Веранікі /4/, а мураваны клаштар у 1729 г. Час будоўлі мураванага касцёла няясны і, відавочна, расцягнуўся на дзесяцігоддзі, таму што інвентар 1790 г. скардзіцца на недастачу сродкаў, і нават у 1818 г. фасадныя вежы былі яшчэ не завершаны. Касцёл памерам 13x8 сажняў - трохнефавая базіліка з магутным трансептам і значна паніжанымі бакавымі нефамі, падзел прасторы на нефы адбываецца 4-ма масіўнымі пілонамі, строгія лініі двухвежавага фасада належаць да самага схілу эпохі барока. Драўляныя сніцарскія алтары (галоўны з абразом св. Веранікі ў сярэбранай шаце, Маці Божай, св. Тадевуша і св. Тэрэзы) як і драўляны «старасвецкі» амвон, можна думаць, паходзілі з першага касцёла; каменныя - св. Мікалая, св. Францыска і св. Антонія Падуанскага, з калонамі і гіпсавымі скульптурамі, напэўна, належылі да 2-й пал. XVIII ст. Як сведчыць інвентар 1818 г., 13-галосны арган выкананы быў майстрам Градзіцкім, палякам, адукаваным за мяжой і з мноствам іншаземных патэнтаў /5/. Пасля скасавання кляштара (1832 г.) касцёл застаўся філіяй Ушацкага, пазней стаў парафіяльным, перажыў дзве сусветныя вайны, і набліжаецца да стану руіны ў наш час.
2. Францысканскія касцёлы. а) Наконт даты заснавання кляштара ў Полацку на вуліцы Нізшай войскімі полацкімі Крыштофам і Тэафіляй (з Сакалінскіх) Храпавіцкімі маюцца разыходжанні: 1628 г. - (энцыклапедычны даведнік «Архітэктура Беларусі», аўтар артыкула В. Кукуня), 1648 г. - (інвентар 1818 г.), 1640 г. - (інвентар 1822 г.), апошняя дата ўяўляецца больш даставернай. Першыя два касцёлы былі драўлянымі, мураваны касцёл св. Антонія пабудаваны ў 1763-1775 гг. Гэта быў трохнефавы храм памерамі 14,5x9,5 сажаняў, з 2-вежавым фасадам, 7 каменымі алтарамі, размешчанымі ў нефах і пры слупах (5 з іх - галоўны, св. Францыска, св. Антонія, Найсвяцейшай Дзевы Марыі Ласкавай і св. Іосіфа - са штукавай ляпнінай і скульптурамі /6/. Пасля 1832 г, заменены на царкву, у савецкія часы разбураны.
б) Кпяштар у Губіне (Лепельскі р-н) фундаваны ў 1714 г. стольнікам полацкага ваяводства Янам Пакошам, каменны трохнефавы касцёл Марыі Панны памерамі 13x8,5 сажняў, з 2-вежавым фасадам, трансептам і закрысціямі закончаны ў 1780 г. «коштам кляштара і пры дапамозе дабрадзеяў» /7/. Да прэзбітэрыя прымыкаў двухпавярховы, прамав- угольны ў плане, корпус кляштара. Згодна інвентару 1823 г. галоўны алтар з абразом нараджэння Багародзіцы быў разьбяным (напэўна, перенесены з ранейшага касцёла), «аптычныя» (ілюзіяністычныя) алтары Антонія Падуанскага, Францыска Ассізскага, св. Ігнація і св. Івана былі намаляваны на сценах бакавых нефаў, два алтары (Іісуса Укрыжаванага і св. Яна Хрысціцеля) знаходзіліся пры слупах. Агульны сілуэт і план касцёла, сістэма аздаблення знадворк і ў інтэр'еры выказваюць падабенства з Будслаўскім касцёлам, пабудаваным у 1767- 1783 гг., і можна думаць, што абодва яны належаць аднаму архітэктару (польскі даследчык В. Баберскі выказаў меркаванне, што Будслаў будаваў Іосіф Фантана). Пасля 1832 г. касцёл у Губіне стаў парафіяльным, велічныя рэшткі яго можна яшчэ ўзбачыць, ад кляштарнага корпуса не засталося і следу.
3. Дамініканскія касцёлы. а) У Полацку дамініканцы заснаваны ў 1672 г. віленскім канонікам Гарскім, мураваны касцёл Маці Божай закладзены ў 1774 г., але будаўніцтва адклалася да 1801-1804 гг., таму познебарокавая трохнефавая базіліка з паўцыркульнай апсідай атрымала плоскі класіцыстычны фасад, адпаведна і пяць алтароў былі з паліхромнай разьбой, але без статуй, вялікі паліхромны цыборыўм быў зроблены ў 1811 г. у езуітаў /8/. Дамініканцы праіснавалі ў Полацку да 1864 г., затым касцёл застаўся як адзіны парафіяльны, разбураны ў час вайны.
б) Забельскі дамініканскі калегіум, больш вядомы з гісторыі літаратуры, заснаваны ў 1716 г. Шчытамі, касцёл св. Юрыя стаў іх пахавальняй. У 1731 г. завершана будаўніцтва кляштара и закладзены мураваны касцёл (кансекраваны ў 1756 біскупам Юрыем Гільзенам). Архітэктарам яго лічыцца Ян Крыштоф Глаўбіц, храм уваходзіць у круг лепшых помнікаў «віленскага барока». Узарваны ў 1930-я гады, ён застаўся недаступным даваенным віленскім гісторыкам мастацтва, якія маглі толькі з-за Дзвіны бачыць яго ажурныя вежы. Кароткія звесткі ў дарэвалюцыйных выданнях падаюцца з азначэннямі - «прекрасны», «wspanialy». Касцёл быў 3-нефавы, з трансептам і цудоўным 2- вежавым фасадам, які нагадвае бліжэй за ўсё Полацкую Сафію і Беразвецкі храм. Невыразныя архіўныя фатаграфіі інтэр'ера паказваюць блізкасць да познебарокавага аздаблення Віленскага дамініканскага касцёла св. Духа. Згодна з інвентаром 1818 г. 9 алтароў былі «фальш-мармуровыя» (са штуку), пяць з іх - галоўны, Іісуса, Дамініка, Фамы Аквінскага і Маці Божай змяшчалі па 4 скульптуры, чатыры алтары пры слупах - па дзвае, за галоўным - адстаячым ад сцяны - знаходзілася вялікае «Укрыжаванне». Да касцёла прымыкаў двухпаверхавы корпус кляштара ў тры лініі.
в) Касцёл у Чашніках «Slownik geograficzny ziem polskich i innych krajow slowianskich» характарызуе як вялікі і адзін з прыгажэйшых на Беларусі, а Н. Роўба, аўтар павадыра па Літве і Беларусі ( 1906 г. ) адзначае: «касцел адзначаўся прыгажосцю ў сярэдзіне, а прыгожыя роспісы часткова яшчэ захаваліся» /10/. Заснаваны каля 1674 г. Жыгмунтам Слушкам, каменны кляштар пабудаваны ў сярэдзіне XVIII ст., касцел Прэабражэння - у 1779-1786 гг. ( кансекраваны ў 1804 г. суфраганам полацкім Цыпрыянам Адынцом ), размаляваны ў пач. XIX ст. (каля 1816 г.), алтарныя карціны былі выкананы Вінсэнтам Лейндорфам. Рэпутацыю цудатворнай мела скульптура Іісуса, выразаная мясцовым селянінам Прыстай каля 1705 г., вядома з яе гравюра. Дамініканцы скасаваны ў 1842 г., касцёл больш 20 год стаяў зачынены, затым перароблены на царкву. Разбураны, верагодна, у 1930-я гг. Храм быў трохнефавы, з манументальным шчытам і разнесенымі ў бакі невысокімі вежамі (што нагадвае крыху Баруны і Будслаў).
4. Парафіяльныя касцёлы. Прыгожы мураваны храм у Кублічах ( Ушацкі р-н ), пабудаваны ў 1783 г., абавязаны сваім з'яўленнем цудатворнаму абразу Дабравешчання ў тутэйшым драўляным касцёле 1642 г. У 1748 г. кн. Сангушкі абавязаліся даваць па 10 тыс. зл. штогод аж да 1752 г. на будаўніцтва касцёла ў Кублічах, «каб такі дарагі клейнот абраз цудоўнага Звеставання Найсвяцейшай Панну меў дасканалы, моцны і бяспечны мураваны дом». Будоўля рухалася цяжка, у 1755 г. пробашч Ян Мікалай Мольскі пісаў княгіні Барбары Сангушкавай: «як першы архітэкт, прызначаны са сніцара, з'еў і выпіў кашмарне і з абраза боскага ўкраў тры тысячы тынфаў і ўцек, дасюль яго няма, тым жа шляхам, звычаем і обычаем паводзяць сябе дэлегаваныя ад Я.М. Пана Фантаны, на якога, дзе толькі мураваў, добрай па сабе эстымы не пакінуў» /11/. Не зусім зразумела, датычыць апошні папрок самога архітэкта ці яго «прарабаў», але ясна, што праект Кубліцкага касцела належаў хутчэй за ўсё Іосіфу Фантана. Аднак рэалізацыя зацягнулася на дзесяткі гадоў: у 1782 г. дзейнічаў яшчэ стары драўляны кацел 1642 г. Каменны, закладзены Сангушкамі, ужо быў даведзены да даху, нізкія 1-ярусныя вежы - накрыты бляхай, у чатырох капліцах, дрэнна накрытых, ужо рушыліся скляпенні. Пазней былі перенесены са старога касцёла драўляныя алтары - галоўны з абразом Звеставання ў абкладзе памерам 4x2,5 локцяў, Марыі Балеснай з абразом у срэбранай шаце, св. Тадевуша, св. Мікалая - і зроблены 4 каменныя /12/. 3 інвентара 1825 г. можна бачыць, што касцёл, асвечаны ў 1819 г., быў 3-нефавы, са скляпеннямі, з трансептам, 2 вялікімі закрысціямі, шырокім размаляваным фасадам, на якім у нішах былі ўдала намаляваны «на кшталт гіпсатуры» вялікія фігуры апосталаў Пятра і Паўла: У інтэр'еры на ўсю шырыню сцяны прэзбітэрыя быў намаляваны «аптычны» (імітацыя барокавай, «рымскай», архітэктуры з ляпнінай) алтар, у цэнтры якога ў нішы знаходзіўся цудадзейны абраз Спасіцеля памерамі 3x2 локці. Архітэктурным прататыпам для яго сталі два бакавыя ляпныя алтары, выкананыя да 1800 г. Яшчэ 4 аптычныя алтары былі намаляваны на сценах бакавых нефаў і трансепта, у адным з іх у менее знаходзілася разьбяная скульптура Іісуса ў гробе (даволі рэдкі сюжэт для касцёлаў - А.Я.). Адзначым, нарэшце, разьбяны амбон з 3-ярусным пазалочаным і пасярэбраным верхам, аздобленым двума снапкамі з каласоў, а таксама мноства мастацкіх літургічных адзенняў /13/. У 1867 г. касцёл перададзены праваслаўнаму духавенству, абразы ( у т.л. «Звеставанне») перавезлі ў Селішча, літургічныя сасуды з Кублічаў, Ушачаў, Чашнікаў разышліся па касцелах Расійскай імперыі ад Дукштаў да Волагды.
Прыведзеныя помнікі не вычэрпваюць спіс страт помнікаў барока на Полаччыне, дастаткова яшчэ нагадаць хоць бы вядомыя ў гісторыі архітэктуры базыльянскую царкву ў Беразвеччы і езуіцкі касцёл св. Стэфана ў Полацку, каб прыйсці да высновы, што уклад Полаччыны - у межах тагачаснага ваяводства - у архітэктуру позняга («віленскага») барока, бадай, не менш значны, чым Вільні.
Літаратура
1. Аддзел рукапісаў Бібліятэкі АН Літвы. Ф.18, рук. 170, л.34.
2. Cudowny obrazy Matki Boskiej w Polsce. Wiadomosci bibliograficzne i ikonograficzne, przez ks. Waclawa Kapucyna. - Krakow, 1902.
3. Klasztory bemadynskie w Polce w jej granicach historycznych. P/red. ks. H.E.Wyczawskiego. OFM. Kalwaria Zebrzydowska. s.244-246; НГА Беларусі, ф. 1781, воп. 26, адз.зах. 1395, л.71.
4. Klasztory bernadynskie w Polce, s.305.
5. НГА Беларусі, ф. 1781, воп.26, адз.зах. 1395, л.66.
6. Архітэктура Беларусі.: Энцыклапедычны даведнік. - Мінск, 1991. НГА Беларуси, ф.1781. воп. 26, адз.зах. 1414. л.38.
7. НГА Беларусі, ф.1781, воп.26, адз.зах. 1414, л.1.
8. НГА Беларусі, ф.1781, воп.26, адз.зах. 1396, л.41.
9. Тамсама, л.77.
10. N.Rouba. Przewodnik po Litwte i Bialej Rusi. - Wilno, 1906.
11. Joanna Winiewicz- Biuletyn historyi sztyki, 1992, n.2.
12. ЦГА Літвы, ф.694, воп.26, адз.зах. 1419, л.10.
13. НГА Беларусі, ф.1781, воп.26, адз.зах. 1419, л.10.
Похожие страницы :