Змяняюцца разам з гісторыяй афіцыйныя і дзяржаўныя святы, нават дапаўняюцца новымі святамі царкоўныя календары, а вось Купала, Дажынкі, Юр’я, Каляды, Радаўніца-Дзяды — застаюцца нязменнымі. І гэта быў той другі крок, дзякуючы якому мы не толькі адзначыліся на абжытай намі зямлі, але і паказалі на ёй свае адметнасць і непаўторнасць.
Трэцім, і бадай найістотнейшым крокам для любога народа сталася яго палітычнае вызначэнне ў абшарах існавання сабе падобных. І ён быў звязаны не толькі з хрэстаматыйным вылучэннем моцных, багатых, канцэнтрацыяй уласнасці ў абмежаваных колах і руках. Любая палітычная структура абвяшчала пра сябе ўвядзеннем кодэксаў законаў, правілаў, усталяваннем аўтакратычнай альбо нават дэмакратычнай улады (прыгадаем грэцкую рэспубліку, Персію і Егіпет, што існавалі ў адзін час). Неад’емнай умовай дзяржаўнасці станавілася пісьмовасць, справаводства і дзяржаўныя структуры, што выцякалі з гэтага. Для сённяшніх даследчыкаў ужо не істотна, ці захавалася пісьмовасць таго ці іншага народа-дзяржавы, альбо ці здольныя мы яго прачытаць, ці інакш кажучы, ці адлюстравана ў нечым пісьмовым ранняя храналагічная гісторыя. (Так, мы мала ведаем пра Месапатамска-Асірыйскую цывілізацыю ці Егіпецкую, нават навучыўшыся чытаць клінапісныя таблічкі і егіпецкія іерогліфы. Да сёння для нас застаецца загадкай, нават пры наяўнасці пісьмовых крыніцаў, гісторыя фінікійцаў, Крыцка-Мікенскай цывілізацыі, ці, напрыклад, нубійцаў, на мове якіх гаварылі фараоны многіх дынастый, — праз немагчымасць прачытаць напісанае.) Разам з тым, у так званых мёртвых мовах іншых народаў паўстае гісторыя народаў суседніх. І менавіта з гэтых звестак, спалучаючы іх з матэрыяльнымі рэшткамі-артэфактамі, мы можам меркаваць пра гістарычны шлях многіх народаў і многіх дзяржаваў.
Да падобных народаў і дзяржаваў можна аднесці і нас, беларусаў. Не таму, што не мелі сваёй пісьмовасці, ці яна была не патрэбная ў сістэме дзяржаўнага кіравання. Апускаючы праблему старажытнаславянскай дахрысціянскай пісьмовасці, так званых «чэрт і рэзаў», адзначым, што розныя значкі, сімвалы, як потым і літары, досыць часта сустракаюцца ў археалагічных матэрыялах дахрысціянскай і раннехрысціянскай эпохаў. Тут хутчэй пытанне, кажучы сучаснай моваю, у матэрыяльных носьбітах інфармацыі тых часоў. І тое, што першае напісанае ў X ст. слова на ўсходнеславянскай тэрыторыі звязана з імем полацкага князя Ізяслава (яго знакамітая пячатка), вельмі яскравы паказнік. Згадайма яшчэ раз, што імя князя было, як прынята лічыць, перададзена ў так званай кірылічнай (славянскай) графіцы, але ў грэцка-візантыйскім гучанні: «Изос(ла)озо». (Дарэчы, сёння ўжо можна і дыскутаваць, ці кірылічнымі літарамі тое было напісана. Ці не была грэцкая мова афіцыйнаю моваю не толькі царквы, але і справаводства на землях усходнеславянскіх дзяржаваў, як потым падобнаю сталася лаціна ў Рымскай імперыі і імперыі Карла Вялікага, а старабалгарская ў нас?) Менавіта ў дзяржаўных дачыненнях, справаводстве, сферы міжнародных адносінаў (пячатка Ізяслава прывешана была да нейкага дакумента, а знойдзена ў Ноўгарадзе) гэтая пячатка ўпершыню засведчыла матэрыяльны факт таго, што Полацк быў не шараговым горадам у Гардарыцы. Апрача вядомых летапісных падзеяў, менавіта гэтая пячатка другой паловы Х ст. сведчыць пра Полацк як месца, з нетраў якога выйшаў цэлы народ, утварыўшы дзяржаву і нацыю.
За многія гады вывучэння Полацка па крыніцах летапісных і археалагічных мы з пэўнай верагоднасцю робім рэканструкцыю ўзнікнення і існавання горада на працягу болей як тысячы гадоў. Мы ведаем, як пачынаў будавацца Полацк, як ён разрастаўся, як паўставалі ягоныя пасады ў розныя стагоддзі, як жылі гараджане і набілітэт. Як і што елі, дзе спалі, чым займаліся, як кахаліся, спрачаліся і судзіліся. Ува што верылі, каму верылі, а каму не, на каго хадзілі паходамі, ад каго бараніліся. Ведаем пайменна многіх славутых палачанаў, ганарымся імі і шануем іх. Але многія моманты з гістарычнай храналогіі горада не растлумачаныя да сёння: Якое стагоддзе лічыць пачаткам існавання Полацка як горада? Кім быў першы полацкі князь? Дзе археалагічныя сведчанні існавання горада ў IX ст.? Чаму Рагнеда спрабавала забіць Уладзіміра пасля столькіх гадоў сумеснага жыцця? Што рабіў Усяслаў Чарадзей апошнія дваццаць гадоў свайго жыцця? Кім і адкуль былі першыя полацкія хрысціяне і святары, і дзе стаялі манастыры IX—XІ стст.? Куды падзеўся археалагічны пласт горада XIV—XVI стст.? Навошта Еўфрасіння выправілася ў паломніцтва? Чаму Скарына скончыў жыццё садоўнікам у Празе, а Сімяон Полацкі ў Маскве? Нарэшце, дзе полацкія летапісы і берасцяныя граматы, не кажучы пра сапраўдны Еўфрасіньеўскі крыж? На чым пісалі палачане ў раннім сярэднявеччы? Які характар мела ў горадзе рамесніцкая вытворчасць? Як суадносіліся рамяство, гандаль і сельская гаспадарка? Пытанні можна было б доўжыць. Але адказу на большасць з іх у самім Полацку, як гэта не дзіўна, мы можам і не знайсці.
Застаецца толькі спроба вызначэння кантэкстных уплывовых фактараў, якія адыгрывалі ролю ў фармаванні той ці іншай з’явы...
ARCHE #4, 2009
Похожие страницы :
Сяргей Шыдлоўскi. МУЗЭЮМ |
Сяргей Шыдлоўскі. БОЛЬШ ЧЫМ ГОРАД |
Сяргей Шыдлоўскі. ПОЛАЦКАЯ МАРКА |
Сяргей Шыдлоўскі. ЗЬБІРАНЬНЕ ПОЛАЦКУ |