Источник: Ссылки по теме: На первую страницу |
Г.Ганецкая, С.Тарасаў, Г.Штыхаў. Крыж Ефрасінні Полацкай Унікальны твор старабеларускага эмальернага мастацтва, помнік пісьменства 12 ст.; рэлігійная і духоўная святыня беларусаў. Зроблены ў 1161 г. полацкім ювелірам Лазарам Богшам паводле заказу Ефрасінні Полацкай як каўчэг для захавання хрысціянскіх рэліквій.
Крыж шасціканцовы. Ягоная форма сімвалізуе Сусвет, створаны Богам, як вядома, за шэсць дзён. Аснова крыжа- кіпарысавае дрэва, з якога выраблялі асабліва важныя культавыя рэчы.
Рэліквія мае вышыню 51,8 см, даўжыня верхняе папярэчкі - 14, ніжняе- 21, таўшчыня- 2,5 см. Зверху і знізу дрэва закрывала 21 залатая пластка з каштоўнымі камянямі, арнаментамі і 20 эмалевымі абразкамі, якія нічым не саступалі сусветна вядомым візантыйскім эмалям.
На верхніх канцах крыжа майстар змясціў паясныя выявы Хрыста, Багародзіцы і Іаана Папярэдніка. У цэнтры ніжняга перакрыжавання- чацвёрка евангелістаў: Іаан, Лука, Марк і Мацвей, на канцах- архангелы Гаўрыіл і Міхаіл. Унізе- патроны( нябесныя апекуны) заказчыцы і яе бацькоў: святыя Еўфрасіння Александрыйская, Георгій і Сафія. На адвароце размешчаны выявы айцоў царквы Іаана Златавуснага, Васіля Вялікага, Грыгорыя Багаслова, апосталаў Пятра і Паўла, а таксама святых Стафана, Дзмітрыя і Панцялеймана. Над кожным абразком часткова грэчаскімі, часткова славянскімі літарамі зроблены надпіс.
У сярэдзіне крыжа ў 5 квадратных падпісаных гнёздах
знаходзіліся рэліквіі: кавалачкі крыжа Гасподняга з кроплямі Ісусавай крыві, кавалачак каменю ад дамавіны Багародзіцы, часткі мошчаў святых Стафана і Панцеляймана ды кроў святога Дзімітрыя. З бакоў Богша абклаў дрэва 20 сярэбранымі з пазалотай пласткамі, а брыжы пярэдняга боку абвёў шнурком жэмчугу.
Найкаштоўнейшымі з пакладзеных у гнёзды хрысціянскіх рэліквій з'яўляліся часцінкі Святога Дрэва- крыжа, на якім, ратуючы чалавецтва, сустрэў смерць Ісус Хрыстос. Паводле задумы Ефрасінні, святыня павінна была вечна "жыватварыць" душы палачанаў і жыхароў роднай зямлі.
Крыж Ефрасінні- яшчэ і каштоўны помнік нашага пісьменства. Кароткі дробны надпіс каля мошчаў святога Панцялеймана паведамляе імя майстра: "Господи, помози рабоу своемоу Лазорю, нареченному Богъши, съделавъшемоу крьсть сии црькви святаго Спаса и Офросиньи". На пазлачоных пластках выбіты вялікі тэкст з цікавымі гістарычнымі звесткамі. На беларускую мову ён перакладаецца так: "У лета 6669 (1161) кладзе Еўфрасіння святы крыж у сваім манастыры, у царкве святога Спаса. Дрэва святое бясцэннае, акова ж яго золата і
срэбра, і камяні і перлы на 100 грыўняў, а да... (пропуск) 40
грыўняў. І хай не выносяць яго з манастыра ніколі, і не прадаюць, не аддаюць. Калі ж не паслухаецца хто і вынесе з манастыра, хай не дапаможа яму святы крыж ні ў жыцці гэтым, ні ў будучым, хай пракляты будзе ён святой жыватворнаю Тройцаю ды святымі айцамі... і хай напаткае яго доля Іуды, які прадаў Хрыста. Хто ж насмеліцца ўчыніць такое... валадар або князь, або епіскап ці ігумення, або іншы які чалавек, хай будзе на ім гэты праклён. Еўфрасіння ж, раба Хрыстова, што справіла гэты крыж, здабудзе вечнае жыццё з усімі святымі..."
У
першай частцы тэксту паведамляецца кошт дарагіх металаў і камянёў,
што пайшлі на аздабленне крыжа. 40 грыўняў- мабыць, атрыманая Богшам
плата. Гэта вялікія на той час грошы: прыкладна столькі плацілі за
8000 локцяў( 4000 метраў) драўлянай маставой або за паўтараста
лісіных шкур. Лазар быў заможны і асабіста свабодны чалавек. Магчыма,
што Богша- яго другое імя, скарочанае ад Багуслаў.
Змешчаны на крыжы заклён, безумоўна, дзейнічаў на сучаснікаў Ефрасінні, але страх перад Божаю карай быў не ўсемагутны. Недзе ў канцы 12 ст. рэліквію вывезлі з Полацка смаленскія князі. Захапіўшы ў 1514 г. Смаленск, вялікі князь Васіль ІІІ забраў крыж з кафедральнага Успенскага сабора ў
Маскву. Смаленцы, дарэчы, ужо мелі копію святыні.
Пад 1563 г. Ніканаўскі летапіс паведамляе: "Когда же боголюбезный царь и великий князь (Іван Грозны) мясля итти на отступников хрестьянския веры на безбожную Литву, бе же тогда в его царской казне крест Полоцкий украшен златом и каменем драгим". У час аблогі горада цар спыняўся паблізу пакінутага чарніцамі Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра. Магчыма, тады, просячы ў неба перамогі, Іван Грозны і наказаў пакласці святыню на яе ранейшае месца.
З таго часу, як храм Спаса воляю караля Стафана Баторыя перайшоў да езуітаў, палачане захоўвалі крыж у Сафійскім саборы, што з канца 16 ст. быў уніяцкім. Добра разумеючы ўплыў рэліквіі на вернікаў, айцы-езуіты распачалі судовы працэс, каб вярнуць крыж у Спасаўскую царкву. Галоўным іх аргументам стаў, між іншым, старажытны надпіс. Прайграўшы суд, яны паспрабавалі атрымаць крыж хітрасцю. Аднойчы, калі на свята Узвіжання рэліквію вынеслі на сярэдзіну храма, пасланец езуітаў падмяніў яе, паклаўшы на аналой падробку. Праўда, вернікі хутка заўважылі падлог, і далёка адысці ад сабора выкрадальнік не паспеў.
Калі ў 1812 г. Полацк на колькі месяцаў трапіў у рукі да французаў, крыж захоўваўся ў сцяне Сафіі ў замураванай нішы.
Пасля аднаўлення праваслаўнага Спасаўскага сабора з'явілася магчымасць вярнуць святыню туды, дзе ёй пакланялася сама Ефрасіння. Полацкі архіепіскап Васіль Лужынскі, збіраючы ахвяраванні на патрэбы епархіі, зрабіў з крыжам падарожжа ў Маскву і ў Пецярбург. У саборнай царкве Зімовага палаца шэдэўр Лазара Богшы аглядаў Мікалай І. Існавала небяспека, што крыж застанецца ў імператарскіх зборах, але тым разам надпіс-заклён, відаць, падзейнічаў.
23 мая (ст. стылю) 1841 года хросны ход перанёс рэліквію
з Сафійскага сабора ў храм Спаса. Крыж паклалі ў келлі, дзе асветніца пражыла свае апошнія гады.
У 1921 г. крыж рэквізаваны. У 1929-41 гг. зберагаўся ў Магілёўскім краязнаўчым музеі, адкуль знік пры нявысветленых абставінах. У 1992 г. прынята рашэнне аб узнаўленні крыжа і створана навукова-кансультатыўная група, у склад якой уваходзілі беларускія і расійскія вучоныя. У 1997 г. брэсцкі мастак М.Кузьміч узнавіў крыж, які быў асвячоны і перададзены ў Спаса-Ефрасіннеўскі манстыр у Полацку.
У адным з беларуска-літоўскіх летапісаў- "Хроніцы Быхаўца"- ёсць згадка пра дачку полацкага князя Васіля Параскеву, якую абвясцілі ў Рыме святою пад імем Праксэды. Князёна нібыта пастрыглася ў манастыр Спаса над Палатой і 7 гадоў
перапісвала кнігі. Потым прыехала ў Рым і была пахаваная, прычым у яе гонар пабудавалі царкву. Некаторыя гісторыкі лічаць гэтае летапіснае апавяданне каталіцкай версіяй жыццяпісу Ефрасінні. Захаваліся звесткі пра крыж з надпісам, што ў ім ёсць частка святога дрэва, падараванага Праксэдзе рымскім папам Аляксандрам ІV. Гэты крыж быў копіяй Богшавага твора. Цяпер ён знаходзіцца ў Яраслаўска-Растоўскім музеі-запаведніку. |