Сярод жанчын-асветніц Ефрасіння (Еўфрасіння) Полацкая з'яўляецца найбольш яркай постаццю. Аднак жыццё і дзейнасць гэтай падзвіжніцы кніжнай справы ў Беларусі, фундатаркі і педагога немагчыма апісаць грунтоўна з-за адсутнасці дакументальных крыніц. Пра яе жыццё і дабрачыннасць распавядае толькі адна аповесць: "Жыціе і смерць святой і блажэннай і найпадобнейшай Ефрасінні, ігуменні манастыра Святога Спаса і Найсвяцейшай Ягонай Маці, што ў горадзе Полацку". Гэты агіяграфічны твор, часам перанасычаны "біяграфічнымі гіпотэзамі", значна большую ўвагу надае перадачы ўнутранага стану персанажа пры поўнай упэўненасці, што чалавек павінен быў паводзіць сябе толькі належным чынам. Таму на падставе "Жыція..." цяжка падаць рэальную біяграфію Ефрасінні.
У дзяцінстве яна мела імя Прадслава і, як лічаць даследчыкі, паходзіла з княжацкага роду. Яе дзедам быў полацкі князь Усяслаў Брачыславіч, а бацькам- малодшы з яго сыноў Святаслаў-Георгій. Бяздоказнай, хоць і прыгожай з'яўляецца гіпотэза, што маці паходзіла з сям'і, якая была ў сваяцтве з домам візантыйскіх імператараў Комнінаў. Год нараджэння Прадславы дакладна не ўстаноўлены, а прыблізна акрэсліваецца 1101-1105 гг. Пра дзяцінства Прадславы ў "Жыціі..." сказана вельмі мала, але паведамляецца, што "была дзяўчына вельмі здольная да кніжнай навукі, нават не дасягнуўшы яшчэ паўналецця, і было гэта плёнам малітвы. Так любіла вучэнне яна, што дзівіўся бацька яе з любові такой да навук. І па ўсіх гарадах разышлася слава пра яе мудрасць, і добрыя здольнасці да навук, і красу цялесную, бо была яна прыгожа надта абліччам".
Прывабныя рысы, душэўная чысціня дзяўчыны рана выклікалі цікавасць да яе, і Прадславу сталі наведваць шматлікія сваты, каб парадніцца з вядомым полацкім княжацкім домам. Бацька Прадславы меў намер умацаваць сваё палітычнае становішча дынастычным шлюбам дачкі з сынам уплывовага князя, які вылучаўся сярод іншых сваім княжаннем і багаццем. Аднак Святаслава-Георгія чакала роспач: пад уздзеяннем духоўнай літаратуры дачка ўжо вырашыла прысвяціць сябе служэнню людзям і Хрысту. Яшчэ зусім маладая Прадслава разважала: "Што ж зрабілі нашы роды, якія былі да нас? Жаніліся і выходзілі замуж, і княжылі, але не вечна жылі; жыццё іх міма праляцела і загінула іх слава, быццам прах і горш за павуцінне. Затое жанчыны, якія жылі раней, і, узяўшы мужчынскую моц, пайшлі следам за сваім Жаніхом і целы свае аддалі на пакуты, і склалі галовы пад меч, а іншыя хоць і не схілілі шыі свае пад жалеза, але духоўным мячом адсеклі ад сябе плоцкія асалоды, аддаўшы цела сваё на пост і надбанне, і каленныя пакланенні, і зямельныя ляжанні,- тыя памятныя на зямлі, іх імёны напісаны на нябёсах, і яны там з анёламі Бога ўслаўляюць. А слава гэтая- пыл і попел, быццам дым разыходзіцца і нібы пара водная гіне". Аднойчы князёўна пакідае бацькоўскі палац і ідзе ў манастыр. Даведаўшыся пра гэта, бацька рваў на галаве валасы, а маці плакала, як па нябожчыцы. Ды і ігумення манастыра родная цётка Ефрасінні, жонка Рамана Усяславіча, спрабавала адгаварыць Прадславу: "Яшчэ ж маладая ты векам, каб вынесці цяжар манаскага жыцця; як зможаш пакінуць княжанне і славу гэтага свету?!" Аднак не па гадах цвёрдая ў сваіх перакананнях Прадслава яшчэ больш настойвае на сваім рашэнні і нарэшце дабіваецца прыняцця ў манастыр, нарачоная цудоўным імем Ефрасіння (па-грэчаску- радасць).
Трэба адзначыць, што манастыры ў 11-12 ст. на землях Беларусі адыгрывалі важную ролю ў збіранні інтэлектуальнага патэнцыялу грамадства. Яны з'яўляліся цэнтрамі духоўнага жыцця. Тут падзвіжнікі спасцігалі навуку, набывалі мастацкі густ, а галоўнае, вучыліся хрысціянскай дабрачыннасці. Маладыя таленавітыя людзі маглі раскрыць свае здольнасці літаратара, мастака, кампазітара. Манахі не парывалі духоўных сувязяў са знешнім светам, а шчодра дзяліліся з насельніцтвам набытымі ў манастыры ведамі. Ефрасіння, каб служыць свайму народу, самааддана ўключылася ў вучэбны працэс і яшчэ больш рупліваю стала, "збіраючы дабрачынныя думкі ў сэрцы сваім, як пчала мёд у соты".
Праз некаторы час, прыкладна каля 1120 г., Ефрасіння, адчуваючы пасіўнасць свайго служэння і схільная да большага падзвіжніцтва, атрымлівае дазвол епіскапа Іллі і засяляецца ў келлі, прыбудаванай да сцяны полацкага Сафійскага сабора. Пры саборнай бібліятэцы Ефрасіння пачала перапісваць кнігі, а грошы ад іх продажу аддавала бедным людзям. Можна лічыць, што была створана майстэрня-скрыпторый, дзе працавалі апантаныя высокай ідэяй людзі: перапісчыкі, пераплётчыкі, мініяцюрысты і іншыя, адным словам- майстры кніжнай справы, галоўным клопатам якіх былі не фінансавыя прыбыткі, а імкненне данесці да людскіх сэрцаў хрысціянскае слова. Верагодна, Ефрасіння не толькі займалася перапіскай кніг, але і сама пісала літаратурныя творы, якія не захаваліся. Існуе паданне, што яна мела дачыненне да стварэння летапісу Полацкага княства, які да нас не дайшоў.
У канцы 1120-х гадоў яна заснавала жаночы манастыр пры Спаскай царкве ў мястэчку Сяльцо непадалёку ад Полацка. Пры падтрымцы епіскапа, які ў прысутнасці сведак - Святаслава-Георгія і яго старэйшага брата Барыса Усяславіча - аддае Ефрасінні патрэбны ўчастак і прароцкі абвяшчае: "працай тваёй узвялічыцца гэтае месца". Манастыр святога Спаса хутка набыў шырокую вядомасць. Па просьбе Ефрасінні бацька абпусціў у манастыр яе малодшую сястру Гардзіславу (у манастве Еўдакію) для навучання грамаце. Прыкладна ў 1129 г. ў манастыр прыходзіць і стрыечная сястра Звеніслава (у манастве Еўпраксія), ахвяруючы яму залатыя рэчы і каштоўныя рызы. Сваю вялікую справу Ефрасіння распачала не маючы нічога, акрамя хлеба і кніг, аднак неўзабаве ахвяраванні манастыру ўзраслі і гэта дало магчымасць пачаць будаўніцтва новай царквы святога Спаса. Работы ўзначаліў дойлід Іаан. Будаўніцтва прайшло ў сціслы тэрмін - усяго за 30 тыдняў. Царква з'яўляецца дасканалым узорам полацкай архітэктурнай школы. Асветніцтва спрыяла ўпрыгожванню храма унікальнымі фрэскавымі размалеўкамі. Пазней яна падаравала Спаскай царкве дарагі крыж,. выкананы па асабістым заказе і эскізам Ефрасінні майстрам-ювелірам Лазарам Богшам у 1161 г.
Па ініцыятыве Ефрасінні каля 1150 г. непадалеку ад Полацка пачалося будаўніцтва царквы Багародзіцы, пры якой быў заснаваны мужчынскі манастыр. Для гэтай царквы Ефрасіння вырашыла набыць абраз Багародзіцы Адзігітрыі Эфескай, напісаны, як лічаць, евангелістам Лукой. З гэтай мэтай Ефрасіння пасылае свайго слугу Міхаіла з багатымі дарамі ў Канстанцінопаль да імператара Мануіла I Комніна і патрыярха Лукі Хрысоверга. Але для Полацка быў перададзены не арыгінал жаданага абраза, а копія Царградскага абраза Багародзіцы Адзігітрыі. Аўтар "Жыція...",. не ведаючы пра дэталі, звязаныя з падарункам, распавядае, як пад аховай 700 воінаў рэліквія была дастаўлена з Эфеса ў Канстанцінопаль і ўрачыста перададзена Міхаілу, які прывёз яе ў Полацк. У 1239 г. ў Таропцы пад гэтым абразом вянчаўся Аляксандр Неўскі з дачкою полацкага князя Брачыслава. Назад у Полацк абраз Багародзіцы ўжо не вярнуўся.
Разнастайная дзейнасць Ефрасинні ўражвае багаццем ініцыятыў і паслядоўнасцю іх рэалізацыі ў жыццё. Але найбольшую ўвагу асветніца надавала духоўнаму самаўдасканаленню і вучыла добраму і вечнаму сваіх слухачоў і вучняў. Кожны дзень яна павучала манашак цярплівасці і душэўнай чысціні, павазе да старэйшых, любові да тых, хто побач. Яна рыхтавала іх да магчымых у будучым жорсткіх выпрабаванняў у адвечнай барацьбе Дабра і Зла. "Вось я сабрала вас, нібы квактуха птушанятаў, пад крылы свае і на пашы, быццам авечак, каб вы пасвіліся ў запаведзях Божых. І я вясёлым сэрцам стараюся вучыць вас, бачачы плён вашай працы, і гэтакі дождж праліваю да вас вучэннем. А нівы вашы ў той жа меры стаяць, не ўзрастаючы, не ўзыходзячы ўгору". З палымянымі словамі Ефрасіння звярталася да людзей не толькі ў манастыры, але і за яго сценамі. Яна выступала з міратворчымі пропаведзямі перад усімі, хто імкнуўся паслухаць яе парады, знайсці дапамогу і заступніцтва. "Была яна памочніца пакрыўджаным, зажураным суцяшэннем, распранутым адзеннем, хворым наведваннем ці, проста кажучы,- для ўсіх была ўсім. Ефрасіння сэрца сваё ўспойвала Божаю мудрасцю. Ефрасіння- незвядальная кветка райскага саду; арол, што, лунаючы ў небе, праляцеў ад захаду на ўсход, як прамень сонечны, прасвятліўшы зямлю Полацкую",- вось сціслая характарыстыка агіёграфа, якую ён занатаваў у "Жыціі..." хрысціянкі-асветніцы. "Яна не хацела бачыць, каб хто варагаваў: ні князь з князем, ні баярын з баярынам, ні з простых хто са сваім сябрам, але ўсіх жадала бачыць адзінадушнымі".
На схіле дзён Ефрасіння адважылася на духоўны ўчынак. У сярэдзіне зімы 1167 г. яна разам з малодшым братам Давыдам, стрыечнай сястрой Еўпраксіяй і іншымі спадарожнікамі накіравалася ў Святую зямлю. Пасля непрацяглага наведання Канстанцінопаля Ефрасіння нарэшце дасягае мэты свайго падарожжа. Аслабелая жанчына цяжка захварэла і 23 (24) мая 1167 г. памерла. У літаратуры смерць Ефрасінні датуецца 1173 г., што вымагае далейшых даследаванняў. Цела памерлай Давід і Еўпраксія з адпаведнымі ўшанаваннямі паклалі ў Феадосіевым манастыры непадалёку ад Іерусаліма. Пасля заваявання Палесціны Салах-ад-Дзінам у 1187 г. рэшткі цела (мошчы) Ефрасінні былі вывезены і змешчаны ў дальніх пячэрах Кіева-Пячэрскай лаўры. І толькі ў 1910 г. цела асветніцы вярнулася з трыумфам на радзіму ў Полацк.
Здаецца, звычайная жанчына-палачанка, а які яркі след пакінула ў гісторыі і памяці беларускага народа! Ефрасіння разумна распарадзілася сваім жыццём і поўнасцю аддала яго на служэнне Богу і людзям. У гэтай высакароднай жанчыне спалучаліся і палітычная дальнабачнасць, і невычарпальная душэўная энергія, супакаенне і пылкасць, і разважлівасць, і шчырая вера, але перш за ўсё- любоў.
Дзякуючы дзейнасці Ефрасінні полацкая Сафія стала важным цэнтрам духоўнай культуры Беларусі, а сабраная асветніцай культуры Беларусі, а сабраная асветніцай бібліятэка дала магчымасць атрымаць добрую адукацыю многім пакаленням палачан і далучыцца да духоўных скарбаў чалавецтва.
Ефрасіння Полацкая- адна з першых жанчын сярод усходніх славян, якую праваслаўная царква абвясціла святой, яна прылічана да Сабора Беларускіх Святых (1984). Ефрасіння прызнана святой і ў каталіцкай царкве. Вернікі лічаць найпадобную Ефрасінню Полацкую нябеснай заступніцай беларускай зямлі. Яе імя носяць цэрквы ў г. Саўт-Рывер (ЗША) і Таронта (Канада).
(Цытуецца паводле: "Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Полацка", Мн.: 2002.- с. 92-95)
Бібліяграфія:
Арлоў Ул. Асветніца з роду Усяслава: Ефрасіння Полацкая. Мн., 1989.
Арлоў Ул. Таямніцы Полацкай гісторыі. Мн., 1994.
Гарошка Л. Святая Ефрасіння-Прадслава Полацкая, патронка Беларусі. Парыж, 1950.
Мельников А.А. Путь непечален: Исторические свидетельства о святости Белой Руси. Мн., 1992.
Титов Ф. Преподобная Ефросиния, Княжна Полоцкая // Труды Киевской духовной академии, 1910. Кн. 4.
Тыртов А. Некоторые пояснения к описанию жития преподобной Ефросинии, княжны Полоцкой. Витебск, 1893.
Похожие страницы :
"Жыціе Ефрасінні Полацкай" |
Крыж Ефрасінні Полацкай |
Спаса-Эўфрасіньнеўскую царкву чакае "эўрарамонт" |
Сяржук Сокалаў-Воюш. Развагі над пошукамі крыжа Эўфрасіньні Полацкай |