1490(?) - 1551(?)
Беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар, мысліцель-гуманіст, асветнік, вучоны і пісьменнік эпохі Адраджэння. Нарадзіўся ў Полацку ў сям’і купца Лукі Скарыны. Пачатковую адукацыю атрымаў у Полацку і, відаць, у Вільні. Вучыўся на філасофскім факультэце Кракаўскага універсітэта, дзе атрымаў вучоную ступень бакалаўра філасофіі. У 1507 - 11, на думку даследчыкаў, працаваў і вучыўся ў Заходняй Еўропе. У 1512 атрымаў у Падуанскім універсітэце ступень доктара медыцыны. Меў таксама ступень доктара вольных навук. Пры матэрыяльнай падтрымцы віленскіх мецэнатаў Якуба Бабіча і Багдана Онькава ён стварыў у Празе першае ў гісторыі беларускае выдавецтва. На аснове параўнальнага аналізу лацінскіх, чэшскіх, старажытнаяўрэйскіх і царкоўнаславянскіх тэкстаў пераклаў на мову, набліжаную да мовы беларускага пісьменства, а ў 1517-19 пракаменціраваў і надрукаваў 23 кнігі Бібліі пад агульным загалоўкам "Библия руска, выложена доктором Франциском Скориною из славного града Полоцька, богу ко чти и людем посполитым к доброму научению". Вярнуўшыся не пазней 1521 на радзіму, С. стварыў у Вільні новае выдавецтва, абсталяваў у доме Бабіча друкарню, пракаменціраваў і выпусціў на царкоўнаславянскай мове некалькі выданняў пад агульным загалоўкам "Малая падарожная кніжка" (каля 1522), дзе аб’яднаны Псалтыр, Часасловец, Шасцідневец, 8 акафістаў, 10 канонаў, Саборнік (уключае "Святцы" і Пасхалію са звесткамі з астраноміі і грамадзянскага календара, пасляслоўе); у 1525 апублікаваў "Апостал".
Адначасова С. служыў сакратаром і ўрачом у віленскага біскупа, разам з братам Іванам займаўся камерцыйнымі справамі. Даследчыкі (А.В.Флароўскі, І.І.Первольф) лічаць, што ў канцы 1520-х гадоў С. наведаў Маскву, дзе спрабаваў зацікавіць рускі ўрад кнігавыдавецкай справай. У 1530 па запрашэнні прускага герцага Альбрэхта Гагенцолерна наведаў Кёнігсберг, у сярэдзіне 1530 вярнуўся ў Вільню. Каля 1535 выехаў у Прагу, дзе працаваў каралеўскім батанікам; там і памёр, пакінуўшы спадчыну сыну Сімяону.
С. ажыццявіў першае ў гісторыі ўсходнеславянскай культуры навукова-рэнесансавае выданне Бібліі, якую ён разглядаў як вынік шматвяковага духоўнага вопыту чалавецтва, крыніцу мудрасці, навукі, тэарэтычнай і практычнай (маральнай) філасофіі. Асветніцкай дзейнасці С. папярэднічала шматвяковае развіццё старажытнарускай і старабеларускай культур, якія праз Біблію, творы "айцоў" царквы, перакладную і арыгінальную літаратуру і фальклор успрынялі здабыткі антычнай і сярэдневяковай думкі і мастацкай творчасці. Светапогляд папярэднікаў С. - хрысціянскіх асветнікаў - складаўся пад уплывам хрысціянскай філасофіі з яе пастулатам духоўна-боскай сутнасці (субстанцыі) быцця, на аснове стыхійна-рэалістычнага фальклорнага ўяўлення пра жыццё як адвечную барацьбу святла і цемры, дабра і зла, праўды і несправядлівасці. Арыгінальнасць С. як пісьменніка і мысліцеля абумоўлена гэтай айчыннай літаратурна-філасофскай традыцыяй, яго асабістым талентам і самаахвярнасцю. Засвоіўшы дасягненні культуры Адраджэння, ён узняў духоўныя здабыткі свайго народа на больш высокую ступень, надаў Адраджэнню нацыянальна своеасаблівы характар.
С. - пачынальнік папулярных у 16-17 ст. жанраў беларускай літаратуры: прадмоў, пасляслоўяў, публіцыстыкі, акафіста, сілабічнай паэзіі. Прадмова ўзнікла ў сярэдневяковай літаратуры і прыжылася ў айчыннай пісьменнасці 10-14 ст. Аднак самастойнае значэнне яна набыла з развіццём кнігадрукавання і ростам аўтарскага самаўсведамлення. С. добра ведаў "прадмоўніцкую" традыцыю заходнееўрапейскіх і славянскіх літаратур, увёў гэты жанр у шырокі ўжытак, надаў яму філасофска-асветніцкі, навучальна-дыдактычны і маральна-этычны змест. Ён адмовіўся ад сярэдневяковых ананімна-этыкетных прадмоў, яскрава раскрыўся ў прадмовах як творчая асоба - пісьменнік, перакладчык, філосаф і вучоны. Ён не любіў аднастайнасці, шукаў варыянты сваіх прадмоў, называючы іх то "предъсловиями", то "сказаниями" або зусім па-сучаснаму - "предмовами". Звычайна "предъсловия" вызначаюцца падрабязнасцю апісання і нават светапогляднай канцэптуальнасцю. Яны складаюцца з пэўных частак ці кампанентаў: абагульняльнай думкі філасофскага, асветніцкага, маральна-дыдактычнага зместу; гістарычных, філалагічных, юрыдычных, тэалагічных каментарыяў да адпаведных кніг Бібліі; падрабязнай анатацыі, асабліва да кніг апавядальна-гістарычнага ці сюжэтна-фабульнага зместу; тлумачэнняў адносна прынцыпаў перакладу і выдання. Так, у прадмове да Псалтыра ён зазначыў, што пераклаў і надрукаваў на палях тэксту паасобныя словы, незразумелыя "для людзей простых". Часам у прадмовах вызначалася кола чытачоў, якім адрасавана кніга. Кнігу шматпакутнага Іова, на яго думку, "всякому человеку потребна чести, понеже ест зерцало жития нашего, лекарство душевное, потеха всем смутным, наболей тым, они же суть в бедах и немощах положены...". У заключэнні прадмовы С. раскрываў свае аўтарства, сваю кампетэнтнасць, мэту як перакладчыка, выдаўца і асветніка.
"Сказанні" С. - гэта кароткія прадмовы, абмежаваныя анатацыяй кнігі і лаканічнымі тлумачэннямі навукова-інфармацыйнага характару. Яго 2 "предмовы" (да кніг "Ісусе Сірахаў" і "Дзяянні апостальскія") адрозніваюцца ад "предъсловий" большай самастойнасцю, канцэптуальнасцю, пэўным вальнадумствам. Асабліва адзначаў асветнік некананічную, маральна-філасофскую паводле зместу, створаную ў кантэксце позняй эліністычнай культуры кнігу Прамудрасці Ісуса, сына Сірахава - прыхільніка кніжнай мудрасці, які "болей избрал оставити в науце и в книгах вечную славу и паметь свою, нежели во тленных великих царских сокровищах". У прадмове да "Апостала" С. даў параўнальна-крытычную ацэнку кніг Новага запавету: на яго думку, "великий Лука Антиохийский в лекарских науках доктор" пісаў пра слова Божае "навышшей, наистей и нарядней" (г. зн. больш узнёсла, поўна і прыгожа), чым іншыя. Падрабязныя прадмовы С. пісаў пераважна да малавядомых простаму чытачу, але важных для маральнага выхавання кніг Старога запавету, а кароткія нататкі анатацыйнага зместу - да кніг Новага запавету, добра знаёмых хрысціянам з евангельскіх і апостальскіх царкоўных чытанняў. Не вельмі паглыбляўся ён у старажытнаяўрэйскую гісторыю і літаратуру, бо вобразы і сюжэты іх успрымаліся хрысціянамі пераважна ў алегарычным і сімвалічным сэнсе. Такія кнігі, як "Быццё", пачатак і канец кнігі прарока Езекііля і "Песня песняў", на думку С., "суть трудны ко зрозумению". Гэтыя і некаторыя іншыя кнігі Бібліі, зазначаў ён, напісаны "внутрь и зовнутрь", г. зн. маюць літаральнае значэнне і апасродкаваны сэнс: першае вядома не толькі "дактарам і людзям вучоным", але і "простым і паспалітым" людзям; другі ж, сімвалічны сэнс, неадназначны і не ўсім зразумелы без адпаведных каментарыяў.
Лаканічныя пасляслоўі С. не маюць назваў, па форме гэта кароткія допісы. Аднак ім С. надаваў не толькі інфарматыўныя, але ідэалагічныя і эстэтычныя функцыі. Яны падзяляюцца на поўныя, скарочаныя, кароткія і нават аднасказавыя. Агульным для ўсіх пасляслоўяў з’яўляецца паведамленне пра заканчэнне кнігі. Аднак гэта не толькі інфармацыя. Паняцце закончанасці (прынцып "fіnіtе") - важны кампанент рэнесансавай эстэтыкі, арыентаванай на класічную завершанасць мастацкага твора.
Тып скарочаных пасляслоўяў мае некалькі варыянтаў. Адны з іх апрача паведамлення пра заканчэнне кнігі маюць звесткі пра выдаўца, перакладчыка і рэдактара, пра яго радзіму. У 2 пасляслоўях адзначаюцца 2 вучоныя ступені С.: "в науках вызволеных и в лекарстве доктор". Яшчэ ў 2 пасляслоўях аўтар называе сябе "в науках и в лекарстве учителем". Поўныя пасляслоўі змяшчаюць своеасаблівы "сімвал веры" пісьменніка, нярэдка са спасылкай на хрысціянскі догмат траістасці Бога ("с помощию Бога во Троици единаго", "ка Богу во Троици единому и пречистой матери Марии"), указанне на месца выдання. Ёсць варыянты пасляслоўяў, якія завяршаюцца кароткай малітвай Хрысту, змяшчаюць каментарыі гістарычнага, семантычнага ці іншага характару. Поўныя пасляслоўі змяшчаюць і тлумачэнні пра мэту выдання, характарыстыку грамадскага значэння кнігі, яе асветніцкай і духоўнай каштоўнасці.
С. - заснавальнік яшчэ аднаго "мікражанру" ў беларускай літаратуры - анатацыі да кнігі. Адрасуючы плён сваей "пільнасці і працы" шырокаму дэмакратычнаму чытачу, ён клапаціўся пра яе даступнасць, тлумачыў сюжэт, кампазіцыю, галоўныя вобразы. Яго анатацыі сведчаць пра асветніцкі, "вучыцельны" кірунак першадрукаваных беларускіх кніг. У сваей сукупнасці анатацыі ствараюць "поліфанію" галасоў-думак, раскрываюць дыялагічнасць і супярэчлівасць ісціны, праўды, дабра, красы. Кожны персанаж кнігі "Іоў" сцвярджае тую ці іншую грань ісціны ў яе палемічнай завостранасці. Сам шматпакутны Іоў скардзіцца на трагедыю жыцця. Сябры, якія наведалі хворага Іова, імкнуцца апраўдаць дысгармонію жыцця і пакуты прапаведнікаў на зямлі вышэйшай справядлівасцю на небе, заклікаюць пакутніка да пакаяння і цярплівасці, выкрываюць зло, прадказваюць пагібель грэшнікаў і выратаванне праведнікаў. Аднак Іоў перамагае ў спрэчцы, ён схіляецца да песімізму і нават багаборніцтва. Ён шкадуе, што нарадзіўся на свет, дзе пакутуюць добрыя і перамагаюць злыя. Перад тварам гэтай усеагульнай несправядлівасці знікае розніца паміж дабром і злом. Каб падсумаваць спрэчку і раскрыць ісціну ў паўнаце, у размову ўключаецца юнак Еліуд. Паводле анатацыі С. сутнасць спрэчкі ў наступным: "Людская добрата Богу не помагаеть, но самому человеку. Те же злоба не досаждает Богу, но токмо человеку". Карамі, няшчасцямі і хваробамі Бог напамінае не злым, а добрым людзям, каб яны сталелі духоўна, паднімаліся ад зямлі да неба: "чалавек нараджаецца на пакуты, як іскры, каб узнімацца ўверх". У анатацыі да кнігі "Эклезіяст" С. сцвярджае перавагу духоўных каштоўнасцей над матэрыяльнымі патрэбамі. Адносна кнігі "Ісус Сірахаў" у анатацыях гаворыцца, што ў ёй даследуюцца "зачала" (вытокі) мудрасці, справядлівасці, сціпласці, літасці, дабрыні, якая забараняе радавацца смерці сваіх ворагаў.
Літаратурнай спадчыне С. ўласцівы стылявыя адзнакі сінкрэтызму: у ёй спалучаецца традыцыйная тэалогія з характэрным для эпохі Адраджэння вальнадумствам, а каментарыі да старажытных тэкстаў пазбаўляюцца сярэдневяковага аскетызму, перарастаюць ва ўзнёслае красамоўства. Творчасць яго ярка публіцыстычная, бо друкарскую справу, тэксталогію, філасофію, літаратурную і нават тэалагічную інтэрпрэтацыю біблейскіх кніг ён імкнуўся наблізіць да актуальных нацыянальных маральных, прававых і асветніцкіх праблем свайго часу. С. не прафесійны тэолаг, а хутчэй асветнік, настаўнік і грамадскі дзеяч, папулярызатар айчыннай і агульначалавечай культурнай спадчыны. Ён першы праспяваў гімн беларускай мове, пераконваў чытачоў у яе грамадскай і духоўнай каштоўнасці. Там, дзе рамкі прозы аказваліся недастатковымі для выяўлення пачуццяў прыгожага і ўзнёслага, аўтар уводзіў у тэксты сілабічныя вершы, напрыклад эпіграф да кнігі "Іоў". Вершаваныя фрагменты ёсць і ў прадмове да кнігі "Эсфір" у форме разгорнутай прымаўкі, і ў вольным пераказе 10 запаведзяў. Унутраная сэнсавая і фанетычная рытміка прозы С. адчуваецца чытачом, не абыякавым да музыкі слоў. Гэта дало падставу беларускаму паэту Алесю Разанаву перакласці прадмовы С. на сучасную беларускую мову белымі вершамі.
Бясспрэчна, С. валодаў паэтычным талентам. Пра гэта сведчаць яго вершы, напісаныя ў традыцыях паэтыкі візантыйскай гімнаграфіі (акафісты Іаану Хрысціцелю, "пресладкому імени Господа Нашего Ісуса Христа").
Аналіз эстэтычных ацэнак С. сведчыць, што ён арганічна спалучаў хрысціянскі маральны рыгарызм з рэнесансавым артыстызмам. Паняццем красы і яго мадыфікацыямі ён карыстаўся ў разнастайных атрыбутыўных значэннях (эстэтычных, этычных, практычных), а не ў сэнсе гранічна шырокай філасофскай катэгорыі. Аднак і ў такой тэарэтычна не завершанай форме С. валодаў шырокім дыяпазонам сэнсавых адценняў катэгорыі прыгожага, спалучаючы ў сваіх поглядах элементы народнасузіральнай (фальклорнай), хрысціянскай, антычнай і рэнесансавай эстэтыкі. Услед за патрыятычнай літаратурай ён тлумачыў паняцце духоўнай красы ў значэнні цэласнага, духоўнапрыроднага праяўлення жыцця. Паняцце "красны" ў С. зместам блізкае да рэнесансавай яго канцэпцыі як боскага атрыбута - дасканаласці Тварца і яго тварэнняў. Краса - "душа" быцця, яго жыватворны пачатак. У анатацыі да 3-га раздзела кнігі "Эклезіяст" ён пісаў: "И господь Бог учинил красно в час свой". Але краса, як і ўсе іншыя "рэчы" пад Сонцам, мае абмежаваны час квітнення і свой час смерці. Цэнтральная для антычнай культуры эстэтычная катэгорыя меры ў С. інтэрпрэтуецца ў традыцыях праваслаўных, славянавізантыйскіх і пазначаецца тэрмінам "чын". У анатацыі да 7-га раздзела кнігі "Эклезіяст" С. пісаў: "Иже не годится людем искати больших и вышших речи над чин свой". Гэтая ж стараславянская эстэтыка адчуваецца ў тлумачэнні красы і мастацтва як элементаў упрыгажэння, гарманізацыі быцця, маралі і культуры. У такім сэнсе ён разумеў і эстэтычную функцыю псалмоў: яны ўпрыгожваюць святы і яны ж "женам набожная малитва и покраса". Літаратурны і свецкі аспекты прыгажосці падкрэсліваюцца ім у характарыстыцы старажытнагрэчаскіх пісьменнікаў - "мудрелюбцев и краснословцев". С. не схіляўся да спірытуалізму хрысціянскай эстэтыкі, не быў прыхільнікам сярэдневяковай "бесцялеснай" красы, якая вяла да страты адноснай самакаштоўнасці эстэтычнай сферы жыцця і свядомасці, у т.л. мастацтва. Ён не асуджаў тых, хто бачыў свае шчасце "в красоте и крепости телесной". Аднак жыццёвая краса ўспрымалася ім не толькі ў эмпірычным, натуралістычным плане, яна сімвалізавала адраджэнне, узыход на новую, больш высокую ступень жыцця.
Агіднае процілеглае прыгажосці С. звычайна абазначаў тэрмінамі "мерзость", "мерзкый". Катэгорыю ўзнёслага ў адпаведнасці з традыцыяй хрысціянскай эстэтыкі ён ужываў звычайна як боскі, нябесны атрыбут. Карыстаўся ён і шматлікімі яе сінонімамі, "мадуляцыямі", напр. "высокость", "великоможность", "навышшый" і г.д. Кніга "Прытчы Саламона" вучыць мудрасці, каб "...Милостивого Бога хвалили, потому яко же прилежить на великую высокость и велеможность имени Его святого". У прадмове да кнігі "Іоў" С. развіваў хрысціянскую дыялектыку ўзаемапераходу процілегласцей - малога і вялікага, нізкага і высокага. Той, хто непрыкметны "ў свеце гэтым", падымаецца на вышыню сваім духоўным подзвігам. Катэгорыя ўзнёслага паслужыла С. для апалогіі розуму, мудрасці, культуры, духоўнасці, бо яны паднімаюць дух і душу чалавека да нябеснай вышыні. Ёсць у С. і патрыятычны нацыянальна-адраджэнскі сэнс паняцця ўзнёслага: тытуламі "вялікі" і "вялікаслаўны" пісьменнік надзяляе родныя яму гарады Полацк, Вільню і гасцінную Прагу. Сустракаюцца ў С. агідныя або камічныя "планы" хутчэй напышлівага, чым узнёслага, асабліва калі гутарка ідзе "о повышении безумного и раба" - недалёкага чалавека, нявольніка сваей або чужой непрасветленай волі.
Катэгорыя трагічнага ў творах С. выяўлена пераважна сюжэтна як жыццёвая сітуацыя "бедаў і немачы". Паводле хрысціянскіх ідэалаў, спасціжэнне трагічнасці зямнога жыцця - адна з прыкмет мудрасці. Галоўным матывам выдання кнігі "Іоў" на роднай мове С. называў сваё веданне таго, што "ест найвышшая мудрость розмышление смерти" і пакутлівы шлях да духоўнай вышыні. Паняцце камічнага, як процілеглае трагічнаму, і не выявілася ў літаратурнай спадчыне С., і ў гэтым нельга не заўважыць хрысціянскі рыгарызм пісьменніка.
Сярэдневяковае хрысціянскае мастацтва, у т.л. беларускае, было сімвалічнае, усе яго кампаненты служылі сродкамі выяўлення духоўнага сэнсу. Нават з’явы прыроды (напр., у творах Кірылы Тураўскага) тлумачыліся сімвалічна, бо ў іх бачыўся знак вышэйшага, нябеснага сэнсу. С., верагодна, упершыню шырока карыстаўся паняццем сімвала, абазначыўшы яго тэрмінамі "знамя", "знаменаваць", "знаменаванне" і вытворнымі ад іх. Ён развіваў і патрыстычную традыцыю тлумачэння кніг Бібліі. Іх сюжэты, вобразы і дзеючыя асобы разглядаліся ім не ў простым фабульным, а найперш у пераносным, сімвалічным значэнні, якому надаваўся маральна-этычны, радзей эстэтычны сэнс. У выніку амаль усе падзеі і матывы старазапаветнай Бібліі ў інтэрпрэтацыі С. набылі выгляд "люстэркавай сіметрыі" - паралельнай суадпаведнасці матэрыяльнага і духоўнага, чалавечага і боскага, "ветхага" і "новага", зямнога і нябеснага, іманентнага і трансцэндэнтнага, таго, што адбываецца ў канкрэтна-гістарычных часе і прасторы, і таго, што знаходзіцца па-за часам і прасторай. Напрыклад, 12 суддзяў Ізраілевых, якія кіравалі народам на аснове родаплемянной дэмакратыі, на яго думку, сімвалізавалі будучых 12 апосталаў Ісуса Хрыста. У прадмове да кнігі "Плач Ераміі" ён раскрыў сімвалічнае значэнне назваў кожнай літары старажытнаяўрэйскага алфавіта. Адну з самых паэтычных кніг Бібліі, славутую "Песню песняў", С. лічыў сімвалічнай ва ўсіх тэмах, вобразах і матывах: "жаніх" сімвалізуе Ісуса Хрыста, "нявеста" - яго царкву, жаніхова дружына - апосталаў, "отроковици" - дзяцей царквы і г.д.
Сімволіка ў творах С. мае пэўны мастацкі і маральна-этычны змест, з’яўляецца сродкам эстэтычнай інтэрпрэтацыі. У яго каментарыях няма размежавання паняццяў рэлігійнай, маральнай і мастацкай сімволікі, што сведчыць пра сінкрэтызм светапогляду. Аднак аналіз пэўнага кантэксту, у рамках якога С. карыстаўся гэтым паняццем, дазваляе адзначыць мастацка-эстэтычны і этычны аспект катэгорыі сімвала. Сімвалічнае значэнне С. надаваў найпершым біблейскім кнігам, якія вызначаліся найбольшай маральнай нарматыўнасцю, мастацкай вобразнасцю і эстэтычнай каштоўнасцю, напр. "Песні песняў". У прадмове да Псалтыра ён пазбег паняцця сімвала, аднак у няяўнай форме разглядаў яго як гранічна абагульненае сімвалічнае выяўленне маральных, пазнавальных, эстэтычных і тэалагічных каштоўнасцей усёй Бібліі. Псалтыр у С. - сімвал усіх духоўных каштоўнасцей, драматычнае станаўленне якіх адлюстравала Біблія, падсумаваўшы вынікі ўсёй старажытнай культуры. С. зазначыў, што трагічнае жыццё Іова сімвалізуе пакуты спасціжэння ісціны, таму і самога героя гэтай трагедыі сімвалічна называюць прарокам у тым сэнсе, што ён пакутамі сваімі быццам бы прадугадаў будучыя падзеі станаўлення хрысціянскай рэлігіі. З найбольшай паўнатой сімвалізм выявіўся ў прыказках і прымаўках, вядомых старажытным кніжнікам як жанр прытчы. С. першы ў айчынным літаратуразнаўстве звярнуў увагу на іх сімвалічна-пераносны сэнс, бо "всегда иную мудрость и науку знаменують и иначей ся разумеють, нежели молвены бывають, и болши в собе сокритых тайн замыкають, нежели словами пишуть". Ён часта выкарыстоўваў паняцце сімвала, каб адзначыць дваісты сэнс т. зв. "экзатэрычных" (тайных, даступных толькі дасведчаным) кніг - унутраны, сімвалічны, вядомы толькі мудрым, і вонкавы, агульнадаступны.
Сентэнцыі "Эклезіяста", якія быццам бы пярэчаць адна адной, на самай справе, як справядліва адзначаў С., у сімвалічнай форме выяўляюць неаднолькавыя маральна-эстэтычныя арыентацыі розных людзей і таго ж чалавека ў розныя перыяды яго жыцця. Сімвалічны вобраз ён параўноўваў з люстэркам, у якім відаць усе багацце яго канкрэтнага, зямнога зместу. Гераічны ўчынак Юдзіфі, на думку С., сімвалізуе натуральную для ўсіх людзей любоў да сваёй айчыны, да зямлі, дзе мы "зродилися и ускормлены суть". Паводле С., Біблія сімвалізуе, з аднаго боку, усе быццё і найперш гісторыю чалавецтва, а з другога - кожная з яе кніг выступае як сімвал канкрэтнай навукі ці пэўнага мастацтва - граматыкі, логікі, рыторыкі, музыкі, арыфметыкі, геаметрыі, астраноміі, этыкі і інш.
У прадмове да кнігі "Быццё" С. наблізіўся да сімвалічнай інтэрпрэтацыі, уласцівай светапогляду рэнесансавых гуманістаў. "Неабходна ведаць, - пісаў ён, - што з усіх кніг старога закону (маецца на ўвазе старазапаветная частка Бібліі) кніга "Быццё", пачатак і канец кнігі прарока Езекііля і "Песня песняў" Саламона-цара найбольш цяжкія для разумення. Вось чаму і яўрэі не давалі іх чытаць маладым людзям да трыццаці гадоў, таму што ў гэтых кнігах ёсць вялікія тайны, што пераўзыходзяць людскі розум. Бо хто з філосафаў мог бы зразумець, што Гасподзь Бог словам сваім з нічога стварыў усё яўнае і няяўнае, калі мець на ўвазе словы старэйшыны іх Арыстоцеля: "Нішто з нічога не бывае". Гутарка ідзе не пра вонкавы, апавядальны змест гэтых кніг, які зусім просты і агульназразумелы. С. меў на ўвазе іх унутраны, пераносны, "духоўны", г. зн. сімвалічны, сэнс. У той жа час С. не прызнаў выключна сімвалічнага значэння многіх сюжэтаў, вобразаў і міфаў Бібліі, спасылаўся на хрысціянскую веру ва ўсемагутнасць "во троици единаго Бога, в шести днех сотворившего небо и землю и вся, еже суть в них". Сімвалічнае значэнне біблейскіх сюжэтаў і вобразаў ён тлумачыў у адпаведнасці з хрысціянскімі традыцыямі. Ва ўсіх выпадках, калі гутарка ішла пра сімвалічнае значэнне мастацкіх вобразаў, біблейскіх сюжэтаў і міфаў, ён падкрэсліваў іх унутраны, нябачны, духоўны сэнс. З улікам светапогляду С., паводле якога Біблія ўяўлялася нібы дваістым сімвалам - рэальнай гісторыі чалавецтва і сукупнасці навук і мастацтваў, можна меркаваць, што культура бачылася яму ў двух сваіх аспектах: вонкавым, які адлюстроўваў паверхневы гістарычны пласт быцця, і ўнутраным, які накіроўвае нас на пазнанне яго скрытага, духоўнага, этычнага і эстэтычнага сэнсу.
На пераклад Бібліі паўплывала духоўная атмасфера эпохі Адраджэння, своеасаблівы артыстызм і погляд на культуру з эстэтычнага боку. У выніку гэтага шмат якія маральна-тэалагічныя ацэнкі кананічнага перакладу біблейскіх кніг у С. набылі эстэтычны сэнс. Параўнаем 2 фрагменты з кнігі "Іоў" у стараславянскім зводзе і адпаведныя вершы з Бібліі С.: "Азьже видех безумных укореняющихся, но абие поядено бысть их жилище". - "Азъ видех безумнаго укорененнаго, и злоречих красоте его скоро"... "Пріими же высоту и силу, и в славу же и в честь облейцыся". - "Облеци на ся красу и на вышиню воздвигнися, и буди славный, и в красныя облецися ризы". Такі "эстэтычны ўхіл" можна знайсці амаль у кожным раздзеле перакладзеных ім кніг. Вось славутае "зачало" (першы радок) Бібліі ў рэдакцыі С.: "В начале сотвори Бог небо и землю, земля же бе неплодна и не украшенна". У царкоўнаславянскай рэдакцыі зямля - "невидима и недостроена", у расійскім перакладзе - "безвидна и пуста". Астрожская Біблія пад рэдакцыяй Івана Фёдарава таксама пачынаецца са Скарынавага радка: "Искони сотворил Бог небо и землю, земля же бе неплодна и не украшенна".
Тым звяном, якое злучае дабро з красою, для С. быў ідэал дасканалага чалавека. Хрысціянскую гармонію Бога і яго тварэння - Сусвет ён хацеў дапоўніць рэнесансавай зладжанасцю паміж духам і целам, асобай і грамадствам, народам і дзяржавай. І тут ён імкнуўся ўсяму надаць меру. У кнізе "Ісус Сірахаў", пісаў С., ёсць таксама вучэнне пра мернасць. Але для высокага недастаткова меры, раўнавагі, для гераічнага патрэбна бязмернасць з дадатным знакам. Ён схіляўся хутчэй да ўзнёслага гераізму, чым да ўраўнаважанасці і "самаспакою" рэнесансавага ідэалу.
С. быў выразнікам духоўных патрэб тых грамадскіх колаў, у светапоглядзе якіх пад уплывам эканамічных, сацыяльна-палітычных і культурных зрухаў эпохі Адраджэння намеціўся некаторы адыход ад артадаксальна-сярэдневяковых уяўленняў. Характар філасофска-этычных поглядаў С. выявіўся ў своеасаблівым сінтэзе хрысціянскіх, антычных і рэнесансава-гуманістычных ідэй. Істотна паўплывала на яго светапогляд старажытная народна-этычная і эстэтычная, а таксама літаратурна-філасофская спадчына. Біблейская традыцыйна хрысціянская этыка мадэрнізуецца і адаптуецца С. у адпаведнасці з ідэйнымі запатрабаваннямі эпохі Адраджэння, актуальнымі сацыяльна-палітычнымі і нацыянальна-культурнымі задачамі беларускага, украінскага і рускага народаў. У цэнтры яго ўвагі - праблема чалавека і грамадства. С. разглядаў і вырашаў пытанні сэнсу жыцця, духоўнага свету, годнасці чалавека, паходжання маральных уяўленняў, духоўна-маральнай свабоды, агульнага і індывідуальнага дабра, грамадзянскай актыўнасці і інш. Ён зрабіў спробу перагледзець артадаксальна-сярэдневяковую трактоўку праблемы чалавечага існавання, паводле якой зямное жыццё чалавека - толькі падрыхтоўка да жыцця на тым свеце. Сцвярджаючы самакаштоўнасць чалавечага жыцця, ён рэабілітаваў зямное быццё. Этыка С. арыентуе чалавека на грамадска карыснае зямное жыццё, служэнне "пожитку посполитому", пастаяннае інтэлектуальна-маральнае ўдасканаленне, "абы научившися мудрости" людзі "добре жили на свете". Праблемы сэнсу жыцця і вышэйшага дабра С. разглядаў у прадмовах да кніг "Прытчы Саламона", "Ісус Сірахаў", "Эклезіяст" і інш. У іудзейскай традыцыі гэтыя кнігі лічыліся філасофскімі і не былі ўключаны ў канон. Такія ж адносіны да іх былі і ў Старажытнай Русі. Так, кніга "Ісус Сірахаў" была вядома старажытнаму рускаму чытачу і разглядалася ім як свецкі маральна-дыдактычны твор. У "Прытчах Саламона" высокае прызнанне набывае розум, сцвярджаецца каштоўнасць рэальнага жыцця і інш. Негатыўныя адносіны да таго свету, пропаведзь зямнога шчасця і асалоды змешчаны ў "Эклезіясце". У кнізе "Ісус Сірахаў" выяўляецца адсутнасць веры ў жыццё на тым свеце, сцвярджаецца самакаштоўнасць быцця. Многія з гэтых ідэй адлюстраваны ў прадмовах С. У прадмове да кнігі "Прытчы Саламона" ён сцвярджае, што галоўнае прызначэнне чалавека ва ўдасканаленні зямнога жыцця, "яко ся имамы справовати и жити на сем свете". У каментарыях да "Эклезіяста" С. адзначае плюралізм яго каштоўнасных арыентацый.
С. быў добра знаёмы з антычнымі філасофска-этычнымі канцэпцыямі вышэйшага дабра, напр. з арыстоцелеўскай, эпікурэйскай, стаічнай і інш. Аднак ён не прымаў этычнай канцэпцыі эпікурэізму, спрабаваў сінтэзаваць хрысціянскія маральныя нормы з маральнымі прынцыпамі арыстоцелізму і памяркоўнага стаіцызму. Ён адзначыў дыялектычны характар разважанняў Саламона, у якіх адлюстравана супярэчлівасць маральнай свядомасці і паводзін чалавека ў рэальным жыцці, разнастайнасць жыццёвых пазіцый, складанасць быцця чалавека, што не ўкладваецца ў дагматычную схему пэўнай этычнай канцэпцыі. С. з разуменнем ставіўся да рэальнай, зямной маралі людзей і ўсё ж маральным ідэалам лічыў гуманістычна мадэрнізаваную хрысціянскую этычную канцэпцыю жыцця. Для С. вышэйшае дабро - інтэлектуальна насычанае, маральна дасканалае і грамадска карыснае жыццё. Служэнне Богу праяўляецца праз служэнне людзям і "паспалітаму добраму". У цэнтры ўвагі С. духоўны свет чалавека, яго каштоўнасці, ідэалы, прызначэнне. "Да совершен будет человек божий, - пастуліруе ён, - и на всяко дело добро уготован, яко святый апостол Павел пишеть. И сего ради святые писма уставлена суть к нашему навчению, исправлению, духовному и телесному, различными обычаи". С. ўласцівы яскрава выяўлены інтэлектуалізм, погляд на пазнанне як на адну з істотных функцый духоўнай прыроды чалавека. У аснове яго этычнай канцэпцыі думка пра неабходнасць пастаяннага ўдасканалення чалавечай прыроды, ад якога залежыць дасканаласць грамадскага жыцця. С. сцвярджаў ідэал мыслячага, інтэлектуальна накіраванага чалавека. Інтэлектуальныя і маральныя дабрачыннасці ён трактаваў як набытыя, як функцыю актыўнай разумна-пазнавальнай і грамадска-практычнай дзейнасці чалавека. Ён услаўляў людзей, якія імкнуліся да пазнання і аддавалі перавагу асалодзе духа перад усімі іншымі асалодамі, напр., цар Саламон, які "не просил еси собе дней многых, ни богатества", а "мудрости и разума" цара Пталамея ІІ Філадэльфа, уладальніка Александрыйскай бібліятэкі, у якой было, паводле С., больш за 40 тыс. кніг. "Таковый убо был милосник науки и мудрости, иже болей избрал оставити в науце и в книгах вечную славу и паметь свою, нежели во тленных великих царских сокровищах". Імкненне да інтэлектуальна-творчага самавыяўлення С. лічыў адной з найлепшых дабрачыннасцей чалавека. Ісус Сірахаў, уражаны кніжным багаццем Александрыйскай бібліятэкі, пісаў С., "узрел ест тамо множество книг различных и межи ими видел писмо и книгы деда своего... И возревновал ест тому, дабы оставил теже и по собе наметь, яко и предков его оставили суть, дабы паметь его не загинула во веки". У аснове інтэрпрэтацыі гэтага сюжэта думка С. пра тое, што бяссмерце чалавека ў памяці нашчадкаў забяспечваецца добрымі дзеяннямі, служэннем "пожитку посполитому". Гэта не адпавядала артадаксальнаму погляду. Жаданне славы, вядомасці, памяці ў нашчадкаў - уласцівасць рэнесансавай свядомасці, яно не характэрна для сярэдневяковай культуры, прасякнутай духам ананімнасці. Тут выяўлена думка пра каштоўнасць індывідуальнага чалавечага існавання. Ідэалам С. быў чалавек, які спалучаў біблейскую і філасофскую мудрасць, "духа святога и филасофии исполненный". Ва ўяўленні С. мудрасць - гэта не толькі вера, маральнасць, але і веды. Ён разумеў яе ў арыстоцелеўскім сэнсе, як веды існага: "Мудрость, якобы моць в драгом камени, и яко злато в земли, и ядро у вореху. Кто ю знайдеть, сей знайде милость и достанеть благословения от господа, и приидеть к нему все доброе посполу с нею, хвала и честь безчисленая моция ея, - она убо есть мати всех добрых речей и учитель всякому доброму умению". Веды С. разглядаў і як умову маральна-прыгожага жыцця. Адукацыя і культура, паводле С., пазначаюць чалавеку шлях да індывідуальнага і грамадскага дабра, з’яўляюцца асновай маральных дабрачыннасцей і зямнога шчасця. Доступ да маральнага ідэалу адкрыты кожнаму чалавеку, бо дабрачыннасці можна навучыцца. Звяртаючыся да ўнутранага свету чалавека, клапоцячыся пра яго інтэлектуальныя і маральныя дабрачыннасці, С. сцвярджаў адзін з прагрэсіўных, рэнесансава-гуманістычных прынцыпаў, паводле якога сапраўдная годнасць і высакароднасць чалавека не ў паходжанні, не ў знатнасці і грамадскім становішчы, а ў такіх якасцях, як інтэлект, маральнае аблічча, здольнасці, дзякуючы якім ён прыносіць рэальную карысць грамадству. Паняцці маралі, паводле С., маюць дваістую аснову: індывідуальны розум і боскае адкрыццё. Прыродны маральны закон "прежде всех законов или прав писаных... всем людем от Господа Бога дан ест". Гэты закон "написан есть в серци единого каждого человека", дзякуючы гэтаму чалавек здольны прымаць свядомае маральнае рашэнне. "От зачала убо веков, - пісаў С., - егда сотворил Бог первого человека, написал ест закон сей в серци его". Асноўны пастулат "прироженого" маральнага закону - "то чинити иным всем, что самому любо ест от иных всех, и того не чинити иным, чего сам не хощеши от иных иметь". На гэтым маральным прынцыпе, паводле С., заснаваны ўсе "писаныя" маральныя законы, у т.л. і закон Старога і Новага запаветаў. Гэтым маральным законам, які вынікае з прыроднага розуму, кіраваліся і кіруюцца людзі на працягу ўсёй гісторыі. "Тым же обычаем, - пісаў С., - и ныне единый кажный человек, имея розум познаеть, иже непослушание, убийство, прелюбыдеание, ненависть, татба, несправедливость, злоимание, неволя, досаждение, гордость, злоречение, нелютость, клеветание, зависть и иная тым подобная злая быти, понеже сам таковых речей от иных не хощеть терпети". С. імкнуўся знайсці ўніверсальны, прымальны для ўсіх людзей незалежна ад сацыяльнага статуса і канфесійнай прыналежнасці рацыянальны маральны прынцып, на аснове якога можна было б рэгуляваць грамадскае жыццё. Гэта не толькі ўплыў евангельскай этыкі, але і адлюстраванне шматвяковага пошуку сусветнай філасофска-этычнай думкі, якая імкнулася знайсці катэгарычны імператыў сацыяльна-маральных паводзін чалавека. Пісьмовай крыніцай маральных норм, паводле С., з’яўляецца Біблія. З рэлігійна-этычнага вучэння С. вынікае, што чалавек праз Біблію вядзе прамы і інтымны дыялог з Богам. Ён самастойна, без царкоўнага пасрэдніцтва можа разабрацца ў маральна-этычным сэнсе "боскага адкрыцця" і дасягнуць маральнай дасканаласці індывідуальнымі намаганнямі, у выніку самастойнага вывучэння Бібліі, асабістай веры. Зыходныя палажэнні маралі ў С. асэнсоўваюцца чалавекам і выступаюць як наказ маральнага абавязку і сумлення. Ён сцвярджаў інтравертны, арыентаваны знутры характар крыніцы веры і чалавечай маралі, абгрунтоўваў думку пра асабістую адказнасць чалавека за свае дзеянні.
Рэлігійна-маральную пазіцыю С. можна разглядаць як выяву рэнесансавага індывідуалізму. С. - адзін з першых еўрапейскіх рэфарматараў рэлігіі і маралі. У яго каментарыях назіраецца тэндэнцыя да разрыву сувязі паміж мараллю і афіцыйнай царквой. Крыніцу маральных паняццяў С. імкнуўся выявіць найперш у самім чалавеку, яго розуме, асабістых адносінах да Бога. Менавіта таму ў сваіх каментарыях ён акцэнтаваў увагу на маральна-этычнай сутнасці Бібліі. У рэлігіі С. імкнуўся раскрыць не знешні, дагматычна-абрадавы бок, а зразумець яе ўнутраную сутнасць, пераважна філасофска-этычную, асэнсаваць некаторыя акумуляваныя хрысціянствам фундаментальныя агульначалавечыя маральныя каштоўнасці. Рэнесансава-гуманістычная тэндэнцыя да пераадолення залежнасці вучэння пра мараль ад афіцыйнай царкоўна-рэлігійнай дактрыны пашырылася ў філасофска-этычнай думцы Беларусі 2-й паловы 16-17 ст.
С. ставіў і вырашаў адну з найважнейшых філасофска-этычных праблем - праблему суадносін індывідуальнага і агульнага дабра. Чалавека ён разглядаў як істоту грамадскую. Яго этыцы ўласціва сцвярджэнне прымату агульнага дабра перад індывідуальным. Паняцце агульнага дабра ў творах С. выступае пад тэрмінам "посполитое доброе". Толькі ў грамадстве, лічыў ён, жыццё чалавека мае сапраўдны сэнс, таму людзі павінны навучыцца "вкупе жити". Грамадскае жыццё патрабуе ад чалавека бескарыслівага служэння "пожитку посполитому", выкарыстання ўсіх сваіх здольнасцей і талентаў у інтарэсах агульнага дабра. "Единому каждому, - пісаў С., - не хвалитися самому в себе божественными духовными даровании. Но яко уды разно имуще в теле деание, вси вкупе собе суть помощни, тако каждый хрестианин свое имея дарование к посполитого доброго размножению да уделяеть". Свае разуменне грамадскага абавязку С. сфармуляваў у прадмове да кнігі "Эсфір": "Не толико бо сами народихомся на свет, но более ко службе божией и посполитого доброго". І сваю ўласную дзейнасць С. найперш разглядаў як служэнне агульнаму дабру, як выкананне свайго абавязку перад народам і радзімай. Гэту думку ён падкрэсліваў амаль у кожнай прадмове і пасляслоўі. З этычнага вучэння С. ўскосна вынікала, што людзей павінна аб’ядноўваць ідэя агульнага дабра. Грамадскія інтарэсы павінны быць вышэй за канфесійныя рознагалоссі, таму рэлігійная верацярпімасць - найбольш разумны спосаб суіснавання людзей.
Характэрная асаблівасць этыка-гуманістычнага светапогляду С. - патрыятызм. С. - заснавальнік нацыянальна-патрыятычнай традыцыі ў гісторыі беларускай культуры і грамадскай думкі. Калі большасці сярэдневяковых мысліцеляў быў уласцівы хрысціянскі касмапалітызм, то для С. на першы план выступалі інтарэсы свайго народа і айчыны, пачуццё абавязку перад радзімай і "братьями русью, людьми посполитыми". Патрыятычны пачатак у светапоглядзе С. - вынік канкрэтызацыі ідэі "агульнага дабра", адна з найбольш яркіх выяў беларускай нацыянальнай свядомасці свайго часу, якая сфармулявана ў наступных словах: "Понеже от приложения звери, ходящие в пустыни, знають ямы своя; птици, летающие по возъдуху, ведають гнезда своя; рибы, плавающие по морю и в реках, чують виры своя; пчелы и тым подобная боронять ульев своих, - тако ж и люди, игде зродилися и ускормлены суть по бозе, к тому месту великую ласку имеють". Этыка С. выхоўвала ў чалавеку грамадзяніна і патрыёта, фарміравала ў яго якасці, неабходныя для актыўнай грамадска-практычнай дзейнасці на карысць свайго народа і радзімы. С. не абсалютызаваў "агульнае дабро" на шкоду дабру індывідуальнаму, а імкнуўся гарманічна вырашыць праблему ўзаемаадносін паміж дзвюма маральна-этычнымі дабрачыннасцямі. Каб быць карысным грамадству, садзейнічаць яго аздараўленню, удасканаленню, захаванню яго цэласнасці, чалавек павінен пастаянна развіваць сваю духоўнасць, выхоўваць у сабе маральныя якасці, неабходныя для грамадскага жыцця. У адпаведнасці з хрысціянскай этыкай найважнейшай маральнай дабрачыннасцю чалавека С. лічыў любоў. Евангельскае паняцце "любоў да блізкага" С. гуманістычна пераасэнсоўваў. На яго думку, чалавекалюбства - вышэйшы прынцып узаемаадносін паміж людзьмі, універсальны закон прыватнага і грамадскага жыцця, аснова ўсіх дабрачыннасцей. "Каждый христианин, - пісаў С., - ...наиболей любовь ко всим да соблюдаеть, еже есть совершена над все иные дарования, без нея же ничто проспешно ест". У іерархіі маральных каштоўнасцей "вера" ў С. стаіць пасля "любві". Прынцып любві ён пашыраў не толькі на прадстаўнікоў хрысціянскага веравызнання, але звяртаў "ко всякому человеку" незалежна ад яго становішча ў грамадстве, веравызнання, нацыянальнага паходжання. Яму ўласціва глыбокая павага да "простого и посполитого человека", высокае разуменне яго годнасці, якая заключаецца ў інтэлекце, маралі, грамадскай актыўнасці, а не ў багацці, уладзе і саслоўнай прыналежнасці. Справядлівасць, паводле С., таксама з’яўляецца боска-прыродным маральным паняццем, а чалавекалюбства - галоўны крытэрый маральных паводзін чалавека. Менавіта на базе чалавекалюбства і справядлівасці С. фармулюе свой маральны імператыў, на якім павінны грунтавацца маральныя ўзаемаадносіны паміж людзьмі, асноўвацца законы, правасуддзе, дзяржаўнае кіраванне і палітыка. Хоць С. і прызнаваў важнасць самапаглыбленасці і сузіральнасці, але перавагу аддаваў сацыяльна актыўнаму, дзейсна-практычнаму жыццю. Інтэлектуальныя і маральныя дабрачыннасці чалавека толькі тады істотныя, калі служаць "посполитому доброму", калі людзі ў імя агульнага дабра, "отчины своея" аддаюць сябе цалкам і поўнасцю "розмножению мудрости, умения, опатренности, розуму и науки", не шкадуюць "всякого тружания и скарбов". Сцвярджэнне ідэалу актыўнага і грамадска карыснага свецкага жыцця - выяўленне самасвядомасці гандлёва-рамесных колаў гарадскога насельніцтва, адзін з момантаў раннебуржуазнай ідэалогіі Адраджэння. Служэнне агульнаму дабру, айчыне, "людем посполитым" С. ўводзіў у ранг падзвіжніцтва. У гэтым ён карэнным чынам разыходзіўся з сярэдневяковым хрысціянствам. Калі для сярэдневяковых мысліцеляў і царкоўных дзеячаў падзвіжніцтва - гэта ў асноўным рэлігійная аскеза, служэнне Богу і царкве, то для С. падзвіжніцтва - гэта перш за ўсё свецкая грамадска карысная дзейнасць: служэнне грамадству, радзіме, простым людзям.
Палітычны ідэал С. - асветная, гуманная і моцная манархічная ўлада. Ідэальнымі правіцелямі ён лічыў старажытнаўсходніх манархаў Саламона і Пталамея Філадэльфа, старажытнагрэчаскіх і рымскіх цароў і заканадаўцаў Салона, Лікурга, Нуму Пампілія і інш. На яго думку, правіцель павінен быць набожным, мудрым, адукаваным, дабрачынным, чулым, справядлівым да сваіх падданых. Ён абавязаны кіраваць краінай у строгай адпаведнасці з законамі, сачыць за правільным выкананнем законаў. Адначасова правіцель павінен быць моцным і грозным, умець у неабходным выпадку абараніць свой народ. Перавагу С. аддаваў "мірнаму гасудару". Не адмаўляў ён і існавання ў грамадстве класавых супярэчнасцей, хоць лічыў, што ўзаемаадносіны паміж "богатыми" і "убогими" павінны складвацца на аснове "братолюбия", "друголюбия". Чалавечае грамадства грунтуецца на міры і згодзе, "с нея же все доброе всякому граду и всякому собранию приходит, незгода бо и наибольшие царства разрушаеть". С. пераконваў людзей ставіцца "спомогающе друг другу со всякою любови" і вучыў, што "богатии, обидяще убогих приимут отмщение". "Убогим" жа С. рэкамендаваў "все до часу терпети и на Бога вскладати". У адпаведнасці з "Пасланнем апостала Паўла да селуян" С. асуджаў тых, хто "суть безчинии и празнующе", і сцвярджаў: "кто не хощет делати, да не ясть и к делу приставаен будет". Усведамляючы адрозненне паміж рэальнай сацыяльнай рэчаіснасцю эпохі і ідэалам, С. лічыў ідэальным раннехрысціянскі прынцып "ровная свобода всем, общее имение всех", для яго сацыяльная і маёмасная роўнасць не гістарычная перспектыва, а далёкае мінулае, часы раннехрысціянскіх абшчын. Сацыяльны ідэал С. сведчыць пра ўплыў на яго светапогляд радыкальна-рэфармацыйных ідэй. Яму ўласцівы сацыяльны дэмакратызм, арыентацыя на "людей простых, посполитых". Далёкі ад пачуцця элітарнасці, выбранасці, ён звяртаўся да народа як роўнага, верыў у яго інтэлектуальныя і маральныя магчымасці, высокія грамадзянскія пачуцці.
Новыя прававыя ідэі, якія прапаведаваў С., найбольш поўна адлюстраваны ў Статуце Вялікага княства Літоўскага 1529. Ідэя патрыятызму, заснаванага не на канфесійнай або этнічнай, а на геаграфічнай і дзяржаўнай палітычнай прыкмеце, адлюстравана ў 3-м артыкуле 3-га раздзела гэтага Статута, дзяржаўны суверэнітэт замацаваны ў 1-м жа артыкуле таго ж раздзела. С. прытрымліваўся ідэі вяршэнства народа ў дзяржаве і праватворчасці, што значна апярэджвала свой час і не адпавядала тагачаснай рэчаіснасці, але ўплывала на будучае заканадаўства. Ужо 2-і Статут Вялікага княства Літоўскага 1566 змяшчаў норму, у якой сцвярджалася, што гасудар абавязваўся ахоўваць усе слаі насельніцтва, у т.л. простых ("паспалітых") людзей, "пры свабодах і вольнастях хрестиянских", хоць на практыцы такая норма не выконвалася і простыя людзі палітычнымі правамі ў феадальнай дзяржаве не карысталіся. Абвяшчаючы новыя ідэі аб заканадаўстве, С. лічыў неабходным, каб закон быў "почтивый, справедливый, можный, потребный, пожиточный подлуг прирожения, подлуг обычаев земли, часу и месту пригожий, явный не имея в собе закритости, не к пожитку единого человека, но к посполитому доброму написаный". У гэтым запісе цэлы комплекс прававых прынцыпаў, заснаваных на тэорыі натуральнага права. Само абвяшчэнне ідэі добрапрыстойнасці і справядлівасці права змяшчала крытыку феадальнага права, якое не было ні добрапрыстойным, ні справядлівым у адносінах да простых людзей. Закон павінен быць годным для выканання, карысным для насельніцтва і адпавядаць звычаям, часу і месцу. С. абвяргаў дамаганні духавенства на пашырэнне норм рымскага ці візантыйскага права або чужых насельніцтву норм польскага ці нямецкага права. Гэтыя ідэі аб прыярытэце мясцовага права, заснаванага на звычаёвым праве і судова-адміністрацыйнай практыцы, а таксама аб адзінстве права для ўсіх людзей упершыню адлюстраваны ў Статуце 1529. Абвяшчэнне ў Статуце роўнасці для ўсіх людзей перад законам, аднак, не азначала рэальнай роўнасці, паколькі самі законы не былі роўнымі для розных класаў і саслоўяў. Цікавыя погляды С. на класіфікацыю права. Паводле С., натуральнае права ўласціва кожнаму чалавеку ў роўнай ступені і кожны ім надзелены ад нараджэння. Пісанае ж права ён падзяляў на боскае, царкоўнае і земскае. Боскае і царкоўнае права ён ставіў на другое месца пасля натуральнага. Пастаноўка на першае месца натуральнага права перад Бібліяй і кананічным правам сведчыць пра гуманістычныя погляды С. і яго вальнадумства. У перыяд феадалізму тэорыя натуральнага права была ідэйнай зброяй, накіраванай супраць саслоўнай няроўнасці.
У земскім праве С. у залежнасці ад грамадскіх адносін, што рэгуляваліся пэўнымі нормамі, вылучаў: паспалітае права, якое ўключала ў сябе нормы цывільнага і сямейнага права; міжнароднае, дзяржаўнае і крымінальнае, ваеннае ("рицерскае"), гарадское ("мескае") і гандлёвае права. Такі падзел права ў значнай ступені спрыяў развіццю прававой тэорыі, якая набыла закончанае выяўленне толькі ў 19 ст. Прапанаваная С. класіфікацыя была выкарыстана пры падрыхтоўцы Статута 1529. Глыбокі тэарэтычны і практычны сэнс мела размежаванне земскага права з боскім і царкоўным, таму што не прызнаваліся дамаганні духавенства на кіраўніцтва заканатворчасцю і судовай практыкай. Выказваўся С. і па адным з найбольш важных пытанняў крымінальнага права - аб мэце пакарання. На яго думку, мэта крымінальнага пакарання - застрашванне злачынцы і адначасова папярэджанне іншым асобам, здольным на злачынства.
С. быў не толькі вучоным-прававедам, але і юрыстам-практыкам. Ён неаднаразова выступаў у судах як абаронца асабістых інтарэсаў і інтарэсаў сваіх блізкіх. Так, у пач. 1530-х гадоў ён выступаў як уладальнік спадчыны сваёй жонкі ў Віленскім судзе, потым у судзе віленскага біскупа і ў велікакняжацкім судзе. З мэтай абароны ад праследаванняў розных суцяжнікаў С. атрымаў у 1532 спецыяльны прывілей, паводле якога вызваляўся ад юрысдыкцыі ўсіх мясцовых судоў і ўсе абвінавачванні і іскі супраць яго маглі прад’яўляцца толькі ў велікакняжацкі суд. Аналіз асноўных дзяржаўна-прававых ідэй С. сведчыць аб яго рэнесансава-гуманістычных поглядах і аб значным укладзе, які ён зрабіў у беларускую прававую навуку, асабліва ў тэорыю дзяржавы і права. Супастаўленне яго прававых ідэй са зместам Статута 1529 дазваляе прыйсці да высновы пра яго магчымы ўдзел у распрацоўцы гэтага зводу законаў.
Похожие страницы :
Нет похожих страниц.