Княжацкі род, прадстаўнікі якога ў 11-13 ст. валодалі Полацкай зямлёю; адгалінаванне роду Рурыкавічаў. Паходзяць ад Ізяслава Уладзіміравіча, старэйшага сына кіеўскага кн. Уладзіміра Святаславіча і полацкай князёўны Рагнеды Рагвалодаўны. Паводле родавых звычаяў Ізяслаў лічыўся спадкаемцам свайго дзеда па маці Рагвалода, які загінуў разам з сынамі пры заваяванні Полацка Уладзімірам Святаславічам. У сувязі з гэтым нашчадкі Ізяслава ў летапісах названы "Рагваложымі ўнукамі", у гістарычнай літаратуры часам- Рагвалодавічамі. Уладзімір улічваў гэтую акалічнасць пры вызначэнні ва ўдзел Ізяславу менавіта Полацкага княства.
Паколькі Ізяслаў памёр раней за бацьку, яго нашчадкі страцілі права на велікакняжацкі пасад у Кіеве, але набылі вотчыннае права на прыжыццёвае Ізяславава ўладанне- Полацкую зямлю, якую стойка аберагалі ад прэтэнзій іншых князёў.
У 1129 г. за непаслушэнства кіеўскаму князю большасць Ізяславічаў была выслана ў Візантыю, але многія з іх да сярэдзіны 12 ст. вярнуліся і аднавілі свае ўладанні ў Полацкай зямлі.
З гэтага часу род падзяліўся на некалькі галін, якія паходзяць ад сыноў Усяслава Брачыславіча (унука Ізяслава). На падставе гэтага іх называюць таксама Усяславічамі. Ад Барыса Усяславіча пайшла галіна, якая ў 2-й палавіне 12 ст. валодала Друцкім княствам (найбольш значны прадстаўнік- Рагвалод Барысавіч). Звесткі пра яе ў далейшым знікаюць, але магчыма, што ад гэтай галіны паходзяць князі Друцкія часоў ВКЛ.
Ад Глеба Усяславіча пайшла менская галіна Ізяславічаў (найбольш значныя прадстаўнікі- Расціслаў і Валадар Глебавічы). Звесткі пра яе абрываюцца на ўнуках Глеба, але магчыма, што галіна існавала да знікнення Менскага княства ў 14 ст.
Ад Святаслава Усяславіча пайшла трэцяя значная галіна Ізяславічаў, прадстаўнікі якой валодалі Віцебскім княствам і неаднаразова княжылі ў Полацку. Да яе належалі Васіль Святаславіч, Усяслаў Васількавіч, верагодна- вядомы з крыжацкіх крыніц Уладзімір Полацкі і ўпамянуты ў 1239 Брачыслаў Полацкі. Не выключана, што нашчадкамі Ізяславічаў былі некаторыя праваслаўныя княжацкія роды, вядомыя ў Беларусі ў часы ВКЛ: Адзінцэвічы, Лукомскія, Палубінскія, Талочкі.
Вячаслаў Насевіч, Алег Іоў
Похожие страницы :
Нет похожих страниц.