Манументальныя помнікі эпіграфікі 12 ст. на тэрыторыі Беларусі: 7 вялікіх валуноў з высечанымі на іх 6-канцовымі крыжамі і надпісамі "Господи помози". Вядома 5 камянёў у рэчышчы Заходняй Дзвіны- па аднаму каля в. Падкасцельцы за 5 км ад Полацка і каля г.п. Друя, 3 каля г. Дзісна (2 каля былой в. Балоткі, 1 каля былой в. Накоўнікі); 2 на сушы- каля в. Дзятлаўка Аршанскага р-на (т.зв. Рагвалодаў камень) і каля в. Высокі Гарадзец Талачынскага раёна. Захаваліся 3 камяні: адзін з дзісенскіх камянёў (з надпісам "Сулиборь хрьст"), што ў 1887-88 гг. падняты з дна ракі і адпраўлены ў Маскву (знаходзіцца ў музеі-запаведніку "Каломенскае"); камень з в. Падкасцельцы, што ў 1981 г. падняты і ўстаноўлены каля Сафійскага сабора ў Полацку; камень, што ў Друі. Астатнія камяні разбураны. Да прыняцця хрысціянства (10 ст.) камяні былі язычніцкімі фетышамі. Крыжы на валунах высечаны паводле загаду полацкага князя Барыса Усяславіча ў 1-й трэці 12 ст. ў сувязі з ажыўленнем язычніцкіх вераванняў і з мэтай увекавечыць імя князя. У народзе камяні былі вядомы пад назвамі Барыс, Барыс-Хлебнік, Барыс-Глеб, Барысаглебскі, Пісар, Пісанік і інш. Захавалася шмат паданняў пра камяні.
Л.Дучыц.
(Цытуецца паводле: "Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Полацка".- Мн.: 2002. с. 88)
Похожие страницы :
Нет похожих страниц.