Самай старажытнай мураванай пабудовай на беларускай зямлі з'яўляецца Полацкі Сафійскі сабор. Гісторыкі архітэктуры прыйшлі да высновы, што Полацкая Сафія пабудавана ў сярэдзіне 11 ст. князем Усяславам пасля таго як былі ўзведзены Сафіі ў Кіеве і Ноўгарадзе. Дойлідамі былі грэкі. Полацкая Сафія- сведка магутнасці і сілы полацкіх князёў. Яна была сімвалам незалежнасці Полацкага княства.
Першапачаткова Полацкая Сафія выглядала зусім не такой, якой мы бачым яе сёння. За свой доўгі век Сафія 6 разоў гарэла і разбуралася разам з умацаваннем Полацка. Яна неаднаразова перабудоўвалася. Апошні раз у 1750 г., калі сабор набыў выгляд двухвежавай царквы ў стылі барока, тыповы для 18 ст. Такім сабор застаўся да нашых дзён.
У 11 ст. Полацкая Сафія выглядала будынкам суразмерным, у плане блізкім да квадрата (26,5 на 25,5 м). Пасярэдзіне ўзвышаўся галоўны яго купал. Па баках знаходзіліся 4 меншыя купалы. Як занатавана ў познім летапісе, Полацкая Сафія мела 7 "верхов" (купалоў). Полацкая Сафія мела багаты фрэскавы роспіс, але ён амаль не захаваўся.
Пасля значнага перапынку ў будаўніцтве ў Полацку шырока разгарнулася мураванае дойлідства.
У 12 ст. на левым беразе Заходняй Дзвіны пры сутоку з р. Бяльчанка, за 2 км ад Верхняга замка (цяпер завулак Юбілейны) пабудаваны прыгарадны двор ці рэзідэнцыя полацкіх князёў. Гісторык 16 ст. М.Стрыйкоўскі даводзіць, што Бельчыцы былі ўмацаваны вежамі і мураванай сцяной (іх рэшткі не знойдзены археолагамі). Часткай гэтай багатай рэзідэнцыі з'яўляліся 4 будынкі Барысаглебскага манастыра (цяпер не існуюць), ініцыятарам будаўніцтва аднаго з бельчыцкіх храмаў быў, верагодна, полацкі князь Барыс Усяславіч.
Вялікі сабор узведзены ў 1120-30 гг. Памер 23,5 на 16,5 м, меў 3 апсіды, усярэдзіне быў падзелены 6 слупамі на 3 нефы, меў 3 прытворы і плоскія лапаткі на фасадах. Купал сабора апіраўся на заходнюю пару слупоў, што з'яўляецца асаблівасцю полацкай архітэктурнай школы. Яго падлога выкладзена глазураванымі пліткамі, сцены аздоблены фрэскамі.
Другі храм- аднанефавая Пятніцкая царква (без слупоў) мела памер 5,1 на 5,8 м, прамавугольную апсіду і пахавальную камеру-крыпту. Магчыма, была пахавальняй полацкага князя Барыса Усяславіча. Сцены распісаны фрэскамі з выявамі князёў Барыса і Глеба, кампазіцыямі "Стрэчанне", "Раскрыжаванне", "Аплакванне" і інш.
Трэці храм- аднакупальная шасціслупавая Барысаглебская царква мела вузкія бакавыя нефы, прытвор з харамі і 3 апсіды. Памер асноўнага аб'ёма 14,5 на 8,3 м. Аконныя праёмы размяшчаліся ў 2 ярусы. Унутры царква была размалявана фрэскамі з выявамі святых.
Чацвёрты храм- трыконх (12-13 ст.). Тры паўкруглыя бакавыя апсіды-конхі былі ўключаны ў інтэр'ер храма. З'яўленне такога храма ў Полацку сведчыць пра культурныя сувязі з балканскімі краінамі (Балгарыя, Сербія), ці Афонам, дзе прымяняўся такі тып пабудоў.
У Полацку ў час палітычнага і эканамічнага ўздыму склалася самабытная архітэктурная школа дойлідства. Заснавальнікам гэтай школы з'яўляецца полацкі дойлід Іаан(Іван). Ён узначальваў арцель будаўнікоў-муляроў, па заказу Ефрасінні пабудаваў у сярэдзіне 12 ст. Спаскую царкву, якая захавалася да нашага часу.
Спаса-Праабражэнская царква стаіць ля вытокаў новага тыпу будынкаў, якія мелі адзін купал. Круглы барабан купала абапіраўся на квадратны пастамент, які быў упрыгожаны т. зв. какошнікамі стрэльчатай формы. Царква ў Полацку- самы ранні будынак ва Усходняй Еўропе, дзе ўпершыню з'явілася гэта важная для гісторыі архітэктуры дэталь- какошнікі. Яны дапаўнялі галоўную асаблівасць Спаскага храма- яго вежападобны выгляд.
Полацк даў свой узор перапрацоўкі крыжова-купальнай сістэмы храма. Будынак выглядаў ступеньчатым, пірамідальным. Ва ўмовах абмежавання княжацкай улады і ўзмацнення ролі гараджан у палітычным жыцці нараджаліся смелыя наватарскія ідэі полацкага дойліда Іаана. Ён паставіў мэтай стварэнне пірамідальнай кампазіцыі храма. У выніку дынамічная пабудова крыжова-купальнага храма стала распаўсюджвацца ў іншых гарадах і ў першую чаргу ў Смаленску.
Спаскі храм Ефрасіннеўскага манастыра быў увесь усярэдзіне распісаны фрэскамі. У галоўнай аспідзе фрэскі размяшчаліся ў 3 ярусы. Зверху была размешчана выява Божай Маці з паднятымі рукамі (Аранта). Другі ярус, вышынёй каля 2 м, быў заняты "Еўхарысціяй". Фігуры апосталаў адлюстраваны ў рост. Ніжэй змешчана некалькі кампазіцый. Сярод іх фрэска "Пакаянне Давыда".
Інтэр'ер цэнтральнай часткі царквы (сцены і слупы) таксама быў упрыгожаны фрэскамі. На паўднёвай сцяне добра захаваліся выявы святых манахінь. Характэрнай рысай фрэсак з'яўляецца псіхалагічная глыбіня вобразаў. У выглядзе святых пакутніц раскрываецца іх духоўная непахіснасць. Прасочваецца ўплыў візантыйскага жывапісу. Фарбы фрэсак светла-сінія, карычнева-чырвоныя, жоўтыя і з зялёным адценнем.
На сённяшні дзень вядома 13 помнікаў мураванага дойлідства 12 ст. ў Полацку, сярод якіх ёсьць адна грамадзянская пабудова- княжацкі хорам, невялікі, квадратны ў плане, мураваны будынак. Зберагліся толькі 2 старажытныя помнікі- Сафійскі сабор і Спаса-Праабражэнская царква Ефрасіннеўскага манастыра. Ёсць падставы меркаваць, што на правым беразе Палаты паміж Полацкім гарадзішчам і Спаскім манастыром існаваў манастыр Багародзіцы, заснаваны Ефрасінняй, у якім таксама знаходзілася мураваная царква. Прыкладна ў гэтым месцы, "на Ксаверыеўцы", у мінулым стагоддзі былі выяўлены старажытныя муроўкі. Л.Аляксееў, грунтуючыся на інфармацыі Лебедзеўскага летапісу, атаясамлівае помнік з царквой Юрыя.
Г.Ганецкая, С.Тарасаў, Г.Штыхаў
(Цытуецца паводле:"Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Полацка".- Мн.: 2002. с. 72-74)
Похожие страницы :
Нет похожих страниц.