Выйшаў у сьвет чарговы, чацьвёрты нумар "ARCHE" за 2009 год. Асноўная тэма нумару - Полацак і ўсё, што зь ім зьвязана.
З матэрыялаў гэтага нумару мяне ўразіла эсэ гісторыка і археоляга Сяргея Тарасава, які блізу дваццаці гадоў дасьледаваў Полацак. У ім прагучаў пералік таго, што сучасная гістарычная навука ня ведае пра Полацак: калі і кім насамрэч быў заснаваны Полацак; як паўстала полацкая княская дынастыя; чаму ў Полацку ня знойдзена сьлядоў ніводнай рамесьніцкай майстэрні, напрыклад, кавальскай, затое раскапаны шэраг ювэлірных майстэрняў (маецца на ўвазе пэрыяд Полацкага княства); дзе быў пахаваны Ўсяслаў Чарадзей і дзе ўвогуле месьціўся пантэон полацкіх князёў (сёньня даведзена, што не было ніякай княскай рэзыдэнцыі ў Бельчыцы, а гэта значыць, полацкія князі жылі на Верхнім замку); нават невядома, дзе знаходзілася полацкая ратуша за часамі ВКЛ.
Сьпіс гэтых невядомасьцяў надзвычай вялікі. Замежныя гісторыкі толькі паціскаюць плячамі: няўжо так кепска дасьледаваны Полацак, адзін з старажытных гарадоў Усходняй Эўропы?
Відавочна, не хапае матэрыялу, дакладных зьвестак, крыніц. Адышлі ад Абэцэдарскага, але напрыдумлялі новых небыліц. Нехта напісаў, што Полацак у X—XIIІ стагодзьдзях быў рамесьніцкім цэнтрам, і пайшло качаваць гэтае, невядома на якіх фактах пабудаванае, цьверджаньне з адной працы ў другую. А Полацак, выглядае, быў не «прамысловым» у тагачасным разуменьні горадам, як іншыя суседнія, а хутчэй цэнтрам улады, цэнтрам кантактаў Захаду з Усходам, асяродкам веры.
А як тады здарылася, што адзін з полацкіх інтэлектуалаў, выпускнік Езуіцкага калегіюму Ян Баршчэўскі ведаў літаратуру старой Грэцыі і Рыму, антычнасьці і сярэднявечнай Эўропы, але паняцьця ня меў пра Рагвалода, Рагнеду, Усяслава Чарадзея ці, прынамсі, пра гэта нічога не напісаў у сваіх кнігах пра Беларусь?
* * *
Бадай, самы непраўдзівы міт з гісторыі Беларусі — пра «залаты век» Вялікага Княства Літоўскага. Любы студэнт гістфаку ПДУ скажа вам, што ў XIV стагодзьдзі ў Полацку спынілася мураванае будаўніцтва. Затое ў папярэднія два стагодзьдзі палачане збудавалі некалькі дзясяткаў мураваных храмаў і будынкаў. Як можна патлумачыць, што за некалькі дзясяткаў гадоў Полацак быў практычна абяскроўлены? Пра тагачасны заняпад у Полацку сьведчыць і слабенькі культурны слой XIV—XV стагодзьдзяў у горадзе.
Недзе ў XIV—XV стагодзьдзях у Полацку сьледам за полацкай дынастыяй зьнік княскі пантэон. У XVI стагодзьдзі, калі Полацак захапіў Іван Грозны, у горадзе не засталося ўжо нічога, што нагадвала пра ранейшую веліч: ні магілы Ўсяслава Чарадзея, ні княскай спачывальні, ні кургана Торвальда Вандроўніка, першага хрысьціцеля Беларусі. Пра падзеі Інфлянцкай вайны і пра сам захоп Полацку ёсьць дастаткова шмат пісьмовых сьведчаньняў — апісаньняў падзяў, рэестраў маёмасьці і г. д. Нідзе не згадваецца нічога, зьвязанага з полацкай дынастыяй. Пры гэтым саркафаг літоўскага з паходжаньня пскоўскага князя Даўмонта па сёньняшні дзень стаіць на сваім месцы ў Пскове пад скляпеньнямі храму.
К XVI стагодзьдзю крыўская сталіца стала звыклым рамесьніцкім горадам, а палонныя палачане-рамесьнікі будавалі расейскія палітычныя цэнтры, перадусім Маскву.
Гісторыкі трубяць пра рост рамесьніцкіх сядзібаў, атрыманьне Магдэбурскага права, замацаваньне эўрапейскай архітэктурнай школы, пра навучаньне і асьвету. І нічога ня пішуць пра страты Полацку, які меў сваю культуру, архітэктурную школу, дынастыю.
Зразумела, на заняпад Полацка паўплывалі і іншыя фактары. Рухнула Бізантыйская імпэрыя, туркі запанавалі на Балканах. Дзьвіна ператварылася пераважна ў рэгіянальную транспартную артэрыю Віцебск — Рыга.
* * *
Сярод кветніка перад сваёй хатай у Запалоцьці мы з Тацянай пасадзілі, здаецца, зусім нядаўна, дзьве елачкі. Маленькія, сантымэтраў шэсьцьдзесят-семдзесят. Мінула ўсяго якія тры гады, а яны ўжо ператварыліся ў ладныя дрэўцы, значна вышэйшыя за мяне.
Полацак за апошнія дзесяць гадоў таксама зьмяніўся непазнавальна. Былы савецкі райцэнтар, які мала чым адрозьніваўся ад суседніх мястэчак, напрыклад, ад Глыбокага, або Лепелю, пачаў ператварацца ў цэнтар паўночнай Беларусі. Перадусім гэтаму паспрыяла адраджэньне Полацкага ўнівэрсытэту і вяртаньне яго ў муры былой Езуіцкай акадэміі. І гэта чарговы раз сьведчыць пра падставовую ролю, якую адыгрывае адукацыя, навука і культура ў жыцьці грамадзтва. Нават калі б побач з Полацкам пабудавалі яшчэ адзін нафтаперапрацоўчы завод, гэта мала б паўплывала на адраджэньне старажытнай крыўскай сталіцы.
Пры канцы 2008 году ў Полацку аднавіўся яшчэ адзін манастыр — Багаяўленскі, той самы, гісторыя якога зьвязаная зь дзейнасьцю Сімяона Полацкага.
Полацак — гэта перадусім культурны і духоўны цэнтар.
ARCHE - №4, 2009
Похожие страницы :
Алесь Аркуш. Сьпіс полацкіх невядомасьцяў |
Татьяна КОЗИК - отзывы о творчестве (“СЬВЯТЛО СОНЕЧНАЙ ПРОБЫ” Алесь Аркуш) |