З пачаткам кнігапісання нараджаецца такая галіна жывапіснага мастацтва, як кніжная графіка. Тагачасная кніга- не толькі крыніца ведаў, але і твор мастацтва каліграфіі, жывапісу, залатарства. Калі і дзе былі заснаваны скрыпторыі на тэрыторыі Беларусі, колькі іх было, якія кнігі выйшлі адтуль? Усе гэтыя пытанні не маюць адказу. З \"Жыція...\" святой Ефрасінні вядома, што пад яе кіраўніцтвам перапісвалі кнігі ў Полацку.
Колькасць усходнеславянскіх кніг 11-13 ст. увогуле невялікая, і ніводную з іх пакуль не ўдалося атаясаміць з нейкім канкрэтным скрыпторыем, таму ўсе рукапісныя кнігі гэтага перыяду з'яўляюцца агульнымі помнікамі пісьменства. Тым не менш спецыялісты з пэўнай доляй верагоднасці гавораць аб заходнерускім паходжанні некаторых з тых кніг. Жывапіснае аздабленне старажытных рукапісаў выяўлялася ў афармленні ініцыялаў, заставак і канцовак, у мініяцюрах. У адрозненне ад фрэсак умовы захоўвання кніжных мініяцюр былі значна лепшымі, а таму яны захавалі свежасць і чысціню фарбаў. Развіццё ілюмінацыі (мастацкага афармлення) кніг ішло па лініі ўскладнення, узбагачэння дэкаратыўнасці. У цэлым рукапісы 11-12 ст. аформлены ў візантыйскім стылі. У іх аздабленні выкарыстаны нескладаныя геаметрычныя, раслінныя і тэраталагічныя элементы.
Да полацка-смаленскай або галіцка-валынскай школы даследчыкі адносяць Служэбнік Варлаама Хутынскага канца 12-13 ст. з яго першакласнымі мініяцюрамі. маляўнічасць, тонкі філігранны малюнак, пачуццё меры і стылю характарызуюць не толькі мініяцюры, але і шыкоўныя раслінныя застаўкі і ініцыялы. Блізкія па прынцыпах ілюмінацыі Універсітэцкае і Аршанскае евангеллі, якія, верагодна, належаць да полацка-смаленскай школы. Асабліва цікавыя мініяцюры Аршанскага евангелля з выявамі евангелістаў Матфея і Лукі. Уражваюць жывапісная лепка аб'ёмаў, адчуванне формы, складаныя дынамічныя ракурсы, агульны каларыт, вольная манера пісьма; выразнасць, індывідуальнасць і экспрэсіўнасць вобразаў відавочна збліжаюць гэтыя творы з фрэскамі царквы Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра.
Кніжная справа на ўсходнеславянскіх абшарах развівалася ў рэчышчы візантыйскага мастацтва. Якой была мера арыентацыі на Візантыю мастакоў той ці іншай школы, вызначыць немагчыма з-за нешматлікасці помнікаў. Іншыя галіны мастацтва старажытных гарадоў на тэрыторыі Беларусі характарызуюцца ўзмацненнем раманскіх уплываў на іх стылістыку на працягу 12-13 ст.
Г.Ганецкая, С.Тарасаў, Г.Штыхаў
(Цытуецца паводле: \"Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Полацка\".- Мн.: 2002. с. 71-72)
Похожие страницы :
А. Кушнярэвіч. Аналіз графічных выяў Сафійскага сабора ў Полацку |