Вяршыняй мастацкай сярэднявечнай літаратуры лічыцца вядомы ва ўсім свеце твор "Слова пра паход Ігаравы". У 2-й палавіне 12 ст. адбыўся распад Старажытнай Русі на самастойныя княствы. Асноўнай думкай стваральніка "Слова..." з'яўляецца асуджэнне княжацкіх міжусобіц, якія аблягчалі напады стэпавых качэшнікаў- полаўцаў на Русь. Кожны з буйных князёў услаўляецца ў паэме як незалежны ў сваіх задумах і дзеяннях правіцель.
Урывак са "Слова..." пра міжусобіцы полацкіх князёў насычаны, як і ўвесь твор, паэтычнымі абагульненнямі і вобразамі. Тут ахоплены 2 перыяды гісторыі Полацкай зямлі: часы князя усяслава Брачыславіча (сярэдзіна і 2-я палавіна 11 ст.) і перыяд, калі ў ёй княжылі і не мірыліся паміж сабой і з іншымі князямі Русі яго ўнукі (12 ст.).
Аўтар паэмы імкнуўся не столькі перадаць падзеі з жыцця князя Усяслава Полацкага, колькі стварыць яго вобраз. Рашучасць і энергія, з якой ён абараняў Полацкую зямлю, былі выключнымі. З паэтычным майстэрствам і вялікім смуткам апавядаў аўтар "Слова пра паход Ігаравы" аб бітве паміж войскам кіеўскіх князёў і дружынай полацкага князя (1067) у наступных радках:
"На Немизе снопы стелють головами,
молотять чепи харалужными,
на тоце животь кладуть
веють душу оть тела
Немизи кровави брезе
Не бологомь бяхуть посеяни
посеяни костьми рускихь сыновь".
Як вынікае з гэтага твора, Усяслаў ішоў да Нямігі з Дудутак ("скачи влькомь до Немиги сь Дудутокь"). Выказваюцца розныя меркаванні пра месца іх знаходжання. Дудуткамі лічаць населены пункт каля Ноўгарада Вялікага, дзе быў вядомы манастыр, які называўся "на Дудутках". У "Слове пра паход Ігаравы" гаворка ідзе яшчэ пра полацкага князя Ізяслава Васількавіча, які гераічна загінуў у бітве з літоўскім атрадам. Аўтар папракае двух другіх полацкіх князёў, братоў Ізяслава, якія адсутнічалі на поле бітвы: "Не бысть ту брата Брячяслава, ни другаго- Всеволода". Гэта адно з нямногіх паведамленняў аб бітве полацкага князя супраць Літвы. Полацк і Літва часцей выступалі разам.
Па сваім змесце, мове і форме "Слова пра паход Ігаравы"- помнік, агульны для ўсіх усходніх славян. У ім змешчаны звесткі пра полацкіх князёў, з іх асабліва цікавыя пра Усяслава.
У тыя часы літаратура яшчэ не вылучалася ў асобны від мастацтва- яна ўключалася ў агульнае паняцце пісьменнасці. Жанры ў старажытнай літаратуры не былі дакладна размежаваны.
У "Слове пра паход Ігаравы" воіны з Чарнаўскага і Ноўгарад-Северскага княстваў названы русічамі: "с вами, русици, хощу главу свою приложити", а жыхары Полацка і Полацкай зямлі - палачанамі ("Оным грозным полочаном"). У славутай паэме апета полацкая Сафія (Въ Полотьске позвониша заутренюю рано у святыя Софеи въ колоколы").
Г.Ганецкая, С.Тарасаў, Г.Штыхаў
(Цытуецца паводле: "Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Полацка".- Мн.: 2002. с. 84-85)
Похожие страницы :
Р. Баравы. Хрысціянізацыя тэрыторыі Полацкай і Тураўскай епархій X—XIV ст. |
• НЕФТЬ В ОБХОД РОССИИ |
Нефть в обход России |
"Транснефть" утвердила строительство нефтепровода в обход Беларуси |