21 мая Полацк чакае вялікая ўрачыстасць, якую горад па праву заслужыў. Палачане з вялікім энтузіазмам прымалі ўдзел у аднаўленні велічнага помніка героям вайны 1812 года. Ён, без сумнення, стане яшчэ адным годным сімвалам нашага старажытнага горада.
У аднаўленні помніка задзейнічана больш за дзесяць прадпрыемстваў і арганізацый. Прадстаўнікі мясцовых кіраўнічых органаў, гісторыкі, археолагі, інжынеры-канструктары, архітэктары, скульптары, ліцейшчыкі, будаўнікі, электраманцёры — цэлая грамада спецыялістаў прыклала намаганні, каб над полацкай зямлёй на вышыні 24-х метраў заззяў крыж памяці воінаў, якія крывёй заплацілі за свабоду роднай зямлі. Помнік адноўлены! Але наперадзе нямала работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі, устаноўцы светлавога абсталявання.
Сродкі на аднаўленне выдзелены з бюджэту Саюзнай дзяржавы — больш за 4 мільярды беларускіх рублёў. На святкаванне гэтай значнай падзеі прыедуць высокія госці. Полацк рыхтуецца прыняць прадстаўнікоў кіраўнічага апарату Рэспублікі Беларусь, Расійскай Федэрацыі, Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі.
У маі і чэрвені Полацк будзе адзначаць некалькі святочных дат — 1148-годдзе з дня заснавання, 100-годдзе перанясення мошчаў Прападобнай Еўфрасінні Полацкай з Кіева ў Полацк. Падчас хрэснага ходу ў гонар першай беларускай святой адбудзецца наведванне і помніка героям Айчыннай вайны 1812 года. «Хацелася б, каб усё было зроблена адказна і якасна, — падкрэсліў старшыня Полацкага гарвыканкама Уладзімір Тачыла. — Усе работы павінны быць завершаны ў самы кароткі тэрмін».
Вакол абеліска ўжо размешчаны слупкі, устаноўлены дзве гарматы ўзору пачатка XIX стагоддзя, адлітыя на ААТ «Технолит Полоцк». Спецыялісты ААТ «Отделочник-28» займаюцца ўкладкай пліткі. Наперадзе работы па мантажы прыступак да помніка, памятнай дошкі, бронзавай іконы Сергія і Вакха, адлітай на Мінскім скульп-турным камбінаце з блаславення архіепіскапа Полацкага і Глыбоцкага Феадосія. Будуць устаноўлены інфармацыйныя стэнды, лавачкі і ліхтары… Усе работы вядуцца згодна з праектам, распрацаваным ТДА «Мастак-сервіс».
Асобнай увагі патрабуе асвятленне помніка. Са слоў дырэктара ТДА «Мастак-сервіс» Ігара Рудэні, варыянтаў будзе некалькі. Для правя-дзення ўрачыстых мерапрыемстваў, у святочныя і выхадныя дні, а таксама ў энерга-зберагальным рэжыме. Помнік будзе асветлены з некалькіх кропак: асобна — купал і крыж, скульптурныя кампазіцыі з арламі, капітэлі, ікона… Устаноўкай і мантажом пражэктараў і свяцільнікаў займаецца ТДА «Элсан».
Асноўныя работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі помніка павінны быць завершаны да 5 мая, бо 7 мая на плошчы Свабоды пройдуць выступленне духавых аркестраў і конкурс «Песни Победы», прысвечаныя 65-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
У сувязі са святкаваннем юбілейнай даты асобная частка пасяджэння была аддадзена абмеркаванню добраўпарадкавання помніка Вызваліцелям Полацка, брацкай магілы і Вечнага Агню. Гэтыя памятныя месцы будуць уключаны ў «Мемарыял воінскай славы», прысвечаны героям дзвюх войнаў — Вялікай Айчыннай вайны і Айчыннай вайны 1812 года.
Аляксандр ЗАМКОЎСКІ, фота Андрэя МАРЦЫНКЕВІЧА
Похожие страницы :
Аднаўленне помніка героям вайны 1812 г. у Полацку |
Да юбілею вайны 1812 года |
В Полоцке восстановлен памятник героям войны 1812 года |
Пісьменства па археалагічных помніках Полацка 10-13 ст. |