Калекцыя твораў І.Ф. Хруцкага Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь экспануецца зараз у Полацку, у Мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Гэта партрэты і нацюрморты, датаваныя ад пачатку 1830-х гадоў да 1854 года.
Першапачатковую мастацкую адукацыю мастак атрымаў у Полацкім Піярскім вучылішчы, а ў 1844 годзе, вярнуўшыся з Пецярбурга на радзіму, набыў маёнтак Захарнічы каля Полацка, дзе застаўся жыць са сваёй сям’ёй.
Больш за 40 год І.Ф. Хруцкі пражыў у Захарнічах і пахаваны там на сямейных могілках, побач з ім — яго брат, мастак Андрэй Фаміч Хруцкі і праўнучка мастака Ядвіга Аляксандраўна Мацееўская (1916-1997). Ядвіга Аляксандраўна жыла ў Кіеве, шмат вандравала па розных кутках Савецкага Саюза, пісала лірычныя, пранікнёныя краявіды, напоўненыя радасным настроем, сонечным святлом і прасторай — у іх увасоблены дух часу. На пачатку 1990-х Мацееўская некалькі разоў прыязджала ў Полацк, з дапамогай мясцовых краязнаўцаў адшукала магілу прадзеда, склала «родословное древо» нашчадкаў Хруцкага. Згодна з духоўным запаветам мастачкі больш за 700 яе работ перададзены Нацыянальнаму Полацкаму гісторыка-культурнаму музею-запаведніку. Сярод іх знаходзіўся партрэт А. Міцкевіча — поўная копія партрэта А. Міцкевіча, напісанага Хруцкім у 1850-я, які ў 1949 годзе быў перададзены Дзяржаўнаму літаратурнаму музею ў Санкт-Пецярбургу Я.А. Мацееўскай. Пэндзлю якога мастака належыць партрэт А. Міцкевіча з фондаў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка? На гэтае пытанне яшчэ павінны даць адказ навукоўцы і даследчыкі. Спектральны аналіз фарбаў, праведзены ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, пацвердзіў, што напісаны ён менавіта ў 50-я гады ХIХ стагоддзя.
4-5 верасня 2010 года ў Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку пройдзе Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя, прысвечаная 200-годдзю з дня нараджэння славутага беларускага жывапісца ХIХ стагоддзя Івана Фаміча Хруцкага. У Полацк завітаюць лепшыя навукоўцы з Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі ў Маскве, Дзяржаўнага Рускага музея ў Санкт-Пецярбургу, Канстанцінаўскага палаца ў Санкт-Пецярбургу, Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. У гэты час наведвальнікі Мастацкай галерэі будуць мець магчымасць убачыць не толькі выстаўку Хруцкага, а яшчэ і выстаўку яго праўнучкі Я.А. Мацееўскай.
У сярэдзіне верасня калекцыя твораў І.Ф. Хруцкага са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь працягне вандроўку — з Полацка яна накіруецца ў Літву (г. Вільнюс).
Таццяна МЯЛЬЯНЦАВА, старшы навуковы супрацоўнік Мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка культурнага музея запаведніка
По материалам издания Полацкі веснік
Похожие страницы :
Марат КЛІМАЎ: "Полацк заснаваны на некалькі дзесяцігоддзяў раней за 862 год" |