Сучасная вуліца Войкава мела гістарычную назву Невельская. Яна ўзнікла ў XVII ст., калі вакол Вялікага пасада быў збудаваны Астрог (крапасная сцяна). Гэтая вуліца выводзіла да Невельскай праезнай брамы і вежы. У нешматлікіх крыніцах сустракаецца яшчэ адна назва гэтай вуліцы — Міколаўская.
Грунвальдская бітва з’яўлялася вырашальнай бітвай Вялікай вайны 1409-1411 гг. паміж ВКЛ і Польшчай з аднаго боку і Тэўтонскім ордэнам з другога. Бітва адбылася 15 ліпеня 1410 г. каля населеных пунктаў Грунвальд і Таненберг (сучасная тэрыторыя Вармінска-Мазурскага ваяводства, Польшча). Войска ВКЛ і Польшчы складалі 90 харугваў, 40 з іх належалі ВКЛ. У саюзнае войска ўваходзіла і Полацкая харугва. У той час Полацк быў самым буйным горадам у складзе ВКЛ, найбуйнейшым эканамічным, культурным і рэлігійным цэнтрам на тэрыторыі сучаснай Беларусі. А таму колькасць войска, якую Полацкая зямля пастаўляла ў саюзнае войска, была адной з самых вялікіх. Полацкая харугва ў час Грунвальдскай бітвы выступіла пад камандаваннем Івана Няміры і разам з іншымі харугвамі ВКЛ прыняла на сябе асноўны цяжар бітвы. Паражэнне Тэўтонскага ордэна ў Грунвальдскай бітве абумовіла вынікі вайны ў цэлым. Паводле Тарунскага міру 1411 г., які аформіў вынік вайны, ва ўладанне Польшчы і ВКЛ адышлі Добжынская і Жамойцкая землі. Магутнасць ордэна была падарвана. У выніку была спынена крыжацкая агрэсія на беларускай зямлі.
Гістарычная назва вул. Войкава — Невельская. Згодна з запісам у магістрацкіх актавых кнігах 1650, 1656-1657 гг., вул.Невельская была размешчана насупраць Невельскай праязной брамы. Гэтая вуліца выходзіла за межы крапасной сцяны, дзе вакол яе ў XVII ст. размяшчаліся агароды палачан. Гэтыя агароды цягнуліся на поўнач да самай ракі Палаты. Невельская брама была размешчана на скрыжаванні вул. Невельскай (сучасная вул. Войкава) і вул. Крапасной, якая існавала ў XIX-пачатку XX стст. Пытанне аб наданні адной з вуліц Полацка назвы «Грунвальдская» можа быць вырашана наступным чынам. Лічым, што ўдзел палачан у Грунвальдскай бітве варты адлюстравання ў гарадской тапаніміцы Полацка. Аднак зрабіць гэта трэба ў тых мікрараёнах, якія з’яўляюцца новабудаванымі, альбо якія не маюць старажытных гістарычных назваў.
Н.Б.ЛЫСОВА, дэкан гісторыка філалагічнага факультэта УА «Полацкі дзяржаўны універсітэт».
Д.У.ДУК, загадчык кафедры айчыннай і сусветнай гісторыі УА «Полацкі дзяржаўны універсітэт»
Похожие страницы :
• Зьнікае стары горад |