Як вядома, дэмантаж камуністычнай сыстэмы пачаўся зь несанкцыянаваных сустрэчаў грамадзянаў ля рэдакцыі “Московских новостей”. Цяпер вось навапалачане вырашылі стварыць свой Гайд-парк. Аднак у адрозьненьне ад Брытаніі (дзе гайд-паркі квітнеюць зь мітынговымі жарсьцямі, бо там яшчэ не дадумаліся прыняць кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях кшталту нашага), у Новаполацку ініцыятары такіх сустрэч схільныя называць іх вечаровымі прагулянкамі. Прычым гэта зусім не палітычныя сходкі: проста людзі зьбіраюцца, гамоняць на цікавыя ім тэмы, улучна з футболам, ды вэнтылююць перад сном затлумленыя мазгі. Зборкі ладзяцца кожнага тыдня, па аўторках, а восьмай гадзіне вечара.
Народу прыходзіць пакуль што няшмат – чалавек дзесяць-пятнаццаць. Аднак згаданыя ініцыятары не зьбіраюцца надаваць усяму гэтаму кшталт нейкай кампаніі. Да рэдакцыі «Московских новостей» таксама нікога сіламоц не цягнулі. Тады маскоўцам, найперш інтэлігенцыі, абрыдла глядзець і слухаць хлусьню па тэлевізіі, вось яны і рушылі на Пушкінскі пляц. Тое ж самае мусіць прысьпець і ў нас.
Сямейныя вечаровыя шпацыры шырока практыкуюцца ў краінах Паўднёвай Эўропы. У нас, беларусаў, адвячоркам прынята сядзець у хаце, ці, прынамсі, на лаве каля хаты. Нягледзячы на гэта апытаныя намі надоечы навапалачане падтрымліваюць ідэю вечаровых сустрэчаў.
(Спадар: ) “Я цалкам падтрымліваю гэтую ідэю, і калі ўсё гэта будзе ладзіцца, прыйду сам і прывяду сяброў”.
(Спадар: ) “Я ўжо быў на адной такой сустрэчы. Сабралася дзесяць чалавек, і абмяркоўвалі мы тэму антыглябалізму. Мяне таксама цікавіць футбол, і вось учора была гульня Гішпанія – Партугалія. Хацелася б абмеркаваць гэты матч зь іншымі футбольнымі заўзятарамі. Гаварыць пра футбол зь сябрамі – гэта адно, а з новымі людзьмі – зусім іншае”.
(Спадарыня: ) “Наконт гэтага мерапрыемства пакуль што нічога сказаць не магу – ні добрага, ні дрэннага. Мне трэба самой схадзіць на плошчу Будаўнікоў і вызначыць тады адмоўныя ці, наадварот, нейкія прыемныя моманты гэтага мерапрыемства”.
(Спадарыня: ) “Я была зь сястрой у Баўгарыі; жылі ў маленькім гарадку, і там увечары людзі сем’ямі выходзяць на вуліцу, зьбіраюцца ля кавярні й размаўляюць на розныя тэмы. І ніхто іх за гэта не ганяе. А мы, беларусы, кожнага вечару сядзім па хатах і глядзім бясконцыя сэрыялы. Так што час вылазіць з нораў!”
Аднак калі на пляцы зьявіцца які спэцапэратар з камэрай, дык гэтага можа быць дастаткова, каб адбіць ахвоту ладзіць падобныя сустрэчы. Мясцовая міліцыя, дарэчы, ужо падыходзіла да аматараў прагулянак. Пастаяла, паслухала, але ніякіх захадаў кшталту затрыманьняў не чыніла. Наагул, наваполацкія дэмакраты вырашылі зьмяніць характар сваіх узаемадачыненьняў з праваахоўнымі органамі, пра што сказаў нам старшыня гарадзкой суполкі Таварыства беларускай мовы Алесь Рымша.
(Рымша: ) “Ня трэба ствараць з супрацоўнікаў міліцыі нейкіх ворагаў. Гэта таксама жывыя людзі і іх, мяркую, могуць цікавіць думкі людзей, сярод якіх яны штодня нясуць службу. Ім, думаю, таксама цікава пачуць навіны, ці разжыцца нейкім незалежным выданьнем”.
І апошняе: навапалачане спадзяюцца, што іхняя ініцыятыва будзе падхопленая жыхарамі іншых гарадоў.
Вінцэсь Мудроў
Источник: <NOINDEX><a href=http://www.svaboda.org target=_blank><font color=#0000FF>"Радыё Свабода"</font></a></NOINDEX>
Похожие страницы :
Нет похожих страниц.