Гэта сапраўдны цуд – тое, што Спасаўская царква захавалася да нашага часу, і зьявай амаль неймавернай можна лічыць тое, што ў ёй захаваліся выкананыя больш як 800 гадоў таму насьценныя фрэскі. Наагул, праца для іх адкрыцьця доўжыцца ўжо дзесяцігодзьдзе, і на сёньняшні дзень з прыкладна 600 квадратных мэтраў фрэскавага росьпісу адкрытыя 150 квадратных мэтраў.
Гаворыць аўтар праекту рэстаўрацыі мастак Уладзімер Ракіцкі:
(Ракіцкі:) “Праведзена вялікая праца для рэстаўрацыі насьценнага жывапісу, і можна адразу нас усіх павіншаваць, што гэтая царква ўсярэдзіне цалкам захавалася. Захаваўся той старажытны жывапіс, які да гэтага часу ня быў раскрыты, ніхто яго ня мог пабачыць і ацаніць – наколькі гэта каштоўны ўнёсак ува ўсю сярэднявечную гісторыю мастацтва”.
Сама рэстаўрацыя пачалася з купала, і на сёньняшні дзень работы ідуць у верхняй частцы сьценаў. Тут старажытныя фрэскі найбольш захаваліся, і тое, што было адкрыта на мінулым тыдні, ёсьць усе падставы назваць шэдэўрам сярэднявечнага жывапісу.
(Ракіцкі: ) “Вось калі Вы ўчора прыйшлі да нас і паклікалі мяне зьнізу, у той самы момант мы раскрывалі цудоўны фрагмэнт – аблічча Хрыста зь сюжэту “Уваход у Ерусалім”. Ён уразіў сваім вялікім майстэрствам, майстэрствам, якому, я думаю, пазайздросьціў бы й Джота”.
У якасьці рэмаркі заўважым, што згаданы вялікі майстар Протарэнэсансу нарадзіўся праз сто гадоў пасьля таго, як полацкія мастакі расьпісалі Спасаўскую царкву.
Якім жа чынам ідзе сама рэстаўрацыя фрэсак? Пра тэхнічны бок справы ад нястачы часу казаць не даводзіцца. Скажам толькі, што праца гэтая вельмі далікатная, карпатлівая – яна патрабуе ці малога досьведу і майстэрства. Нездарма рэстаўратары праходзілі адмысловую практыку ў Італіі. Рэч у тым, што фрэскі закрытыя пазьнейшымі алейнымі размалёўкамі. І гэтыя размалёўкі ня проста саскрэбваюць са сьцяны, а зь вялікай асьцярожнасьцю паслойна здымаюць.
(Ракіцкі: ) “Гэты жывапіс пакрыты пылам стагодзьдзяў, але ж пад гэтым пылам існуе ня толькі фрэскавы жывапіс, але як мінімум два слаі алейнага жывапісу, які мы таксама стараемся ўратаваць; фрагмэнтамі расслойваем, і, магчыма, яны будуць экспанавацца ў другіх месцах. Мы захоўваем і беражліва ставімся да кожнай гістарычнай старонкі, якую ўтрымліваюць гэтыя сьцены”.
Дарэчы, некалькі вялікіх фрагмэнтаў зьнятага са сьцяны алейнага жывапісу пачатку XIX стагодзьдзя перададзеныя нядаўна ў Полацкую карцінную галерэю.
Тэхніка фрэскі, калі малююць на вільготным тынку, вельмі складаная: маляваць трэба хутка, да таго ж нешта паправіць ці перарабіць немагчыма, а таму гэтая праца вымагае вялікага майстэрства. Як засьведчылі рэстаўратары, росьпіс рабілі некалькі мастакоў – гэта відаць з тэхнікі выкананьня і са стылістыкі жывапісных выяваў. Уладзімер Ракіцкі кажа, што тут можна казаць пра ўплыў так званай Корсунскай школы, аднак тое, што гэта жывапіс адметны і ў мастацкім сэнсе цалкам самастойны, відавочна.
Вось як рэзюмаваў з гэтай нагоды сам Уладзімер Ракіцкі:
(Ракіцкі:) “Я сёньня магу сказаць: як і архітэктура полацкая жывапісная школа мела сваю адметнасьць, так і гэты сярэднявечны жывапіс меў полацкія карані”.
Вінцэсь Мудроў
Радыё Свабода
Похожие страницы :
Нет похожих страниц.