(Карэспандэнтка: ) “Спадар Уладзімер, найперш віншую з новай кнігай. Чым адметнае новае выданьне? Чым адметныя “Сланы Ганібала?”
(Арлоў: ) “Дзякуй за віншаваньне. Гэтая кніга, па-сутнасьці, пісалася 15 гадоў, бо яна пачынаецца з эсэ “Незалежнасьць – гэта…”, напісанага ў 1990 годзе да чарговых угодкаў абвяшчэньня незалежнасьці БНР. Дарэчы, гэтае эсэ перакладзенае на 20 моваў, і апошні вядомы мне пераклад – гэта пераклад на чачэнскую мову, зроблены незадоўга да сьмерці чачэнскім палітыкам і літаратарам Зелімханам Яндарбіевым. Кніжку склалі мае эсэ з папярэдніх зборнікаў, дзе сабраныя творы гэтага жанру. І найперш гэта падарожжы ў прасторы і часе, тыя падарожжы, на якія мяне, відаць, натхняе мая кропля цыганскае крыві. Ведаеце, гэтую кнігу я пачаў пісаць, калі яшчэ быў невыязным. Эсэ “Незалежнасьць – гэта…” напісанае, калі я яшчэ марыў пра тое, калі грамадзяне Беларусі змогуць вандраваць па сьвеце”.
(Карэспандэнтка: ) “А ці хацелі б Вы, каб гэтае эсэ страціла актуальнасьць?”
(Арлоў: ) “Безумоўна, гэта такі выразна публіцыстычны твор, а месца публіцыстычных твораў у архівах літаратуры. На жаль, лёс Беларусі склаўся так, што эсэ дагэтуль ня страціла актуальнасьці. Хаця чытач можа ўбачыць, што мы прайшлі вялікі шлях пасьля 90-га году. І шмат чаго, пра што мы тады толькі марылі, калі развальваўся Савецкі Саюз, усё ж зьдзейсьнілася”.
(Карэспандэнтка: ) “А якія новыя эсэ ўвайшлі ў Вашую кнігу?”
(Арлоў: ) “Гэта эсэ, прысьвечанае падарожжам у Брытанію, Парыж, у Чарнагорыю, і эсэ пад такой назвай, крыху, можа быць, эпатажнай – “Мёртвыя не пацеюць”. Я ня буду раскрываць цалкам карты, няхай чытачы самі даведаюцца, аб чым ідзе гаворка ў гэтым эсэ”.
(Карэспандэнтка: ) “І наступнае пытаньне не геаграфічнае. Куды будзе Вашае наступнае падарожжа?”
(Арлоў: ) “Можна сказаць, што наступнае маё падарожжа ўжо адбываецца. Гэта падарожжа ў 30-ыя гады 19-га стагодзьдзя. І гэтае падарожжа зьвязанае з паўстаньнем 1831 году і адметнай у нашай гісторыі асобай Міхала Валовіча, які вярнуўся з парыскай эміграцыі ў Беларусь, каб зноў узьняць паўстаньне супраць расейскіх калянізатараў. А калі казаць пра геаграфію, то ў мяне ёсьць мара – калі-небудзь трапіць у Аўстралію, дзе жывуць таксама мае чытачы, ад якіх я час ад часу атрымліваю лісты…”
Ганна Соусь
Радыё Свабода
Похожие страницы :
Ул. АРЛОЎ. «Блакітны ліхтар» і «Мілавіца» |
• АРЛОЎ па-ранейшаму піша вершы |
• Ул. АРЛОЎ і П. ВАСЮЧЭНКА сустрэнуцца з палачанамі |
Новая парковая скульптура в Полоцке |