Полацкі і нальшчанскі князь, сын полацкага князя Давыда Расціславіча. З дапамогай Войшалка ў 1264 г. стаў полацкім князем. 23.12.1264 г. ад імя Полацкага і Віцебскага княстваў заключыў мірны дагавор з Рыгай і Готландам, які вызначаў правілы гандлю з імі і паводле якога Гердзень адмаўляўся ад Латгаліі і земляў, аддадзеных яго папярэднікам князем Канстанцінам Лівонскаму ордэну, за што ордэн абавязваўся не нападаць на Полацкую зямлю. Каб не дапусціць саюзу Полацка з Псковам, Войшалк аддаў Гердзеню заваяваную ім Нальшчанскую зямлю, адкуль прагнаў князя Даўмонта, які потым з Пскова ў 1266-67 гг. тройчы рабіў паходы на Полацкую зямлю. У апошнім баі Гердзень загінуў. Сын Гердзеня Андрэй у 1274-89 гг. быў цвярскім епіскапам. Беларускія гісторыкі М. Без-Карніловіч і А. Кіркор лічылі Гердзеня бацькам вялікіх князёў літоўскіх Віценя і Гедзіміна.
М. І. Ермаловіч
Похожие страницы :
Нет похожих страниц.