(?-1001)
Полацкі князь з 988 г., сын Уладзіміра Святаславіча і Рагнеды Рагвалодаўны. Паводле летапіснай легенды, за заступніцтва за маці хлопчык Ізяслаў быў разам з ёю адасланы бацькам на Полаччыну ў пабудаваны для іх г. Ізяслаўль (цяпер г. Заслаўе пад Мінскам). З яго імем звязана аднаўленне полацкай княжацкай дынастыі Рагвалодавічаў і палітычнай самастойнасці Полацкага княства. Даследчыкі мяркуюць, што пры ім адбылося прыняцце хрысціянства на Полаччыне, у Полацку створана адно з першых епіскапстваў (991-992), уведзена пісьменства, аб чым сведчыць яго пячатка з надпісам, знойдзеная пры археалагічных раскопках у Ноўгарадзе. Ніканаўскі летапіс даў высокую ацэнку Ізяславу Уладзіміравічу як чалавеку і хрысціяніну, першым з усходнеславянскіх князёў ахарактарызаваў як кніжніка: "Бысть же сий князь тих и кроток, и смирен, и милостив, и любя зело и почитая священническии чин иноческий, и прилежаще прочитанию божественных писаний, и отвращаяся от суетных глумлений, и слезен, и умилен, и долготерпелив". Пражыў не больш як 25-26 гадоў. Меў 2 сыноў: Усяслава і Брачыслава.
Генадзь Семянчук
Похожие страницы :
КНЯЗЬ ІЗЯСЛАЎ |
КНЯЗЬ ІЗЯСЛАЎ ВАСІЛЬКАВІЧ |
КНЯЗЬ ІЗЯСЛАЎ МСЦІСЛАВІЧ |
КНЯЗЬ ІЗЯСЛАЎ ГЛЕБАВІЧ |