пасля 1110-1202
Асветніца, дачка полацкага князя Барыса. Нарадзілася яна на некалькі гадоў пазней за сваіх дваюрадных сясцёр, дачок малодшага полацкага князя Святаслава Прадславы ( Ефрасінні Полацкай ) і Гардзіславы. Калі 12-гадовая Прадслава прыняла манаскі пастрыг і новае імя Ефрасіння, Звеніславе было, пэшна, не больш як 4 гады. Адна з прычын, што прымусілі Звеніславу пакінуць свецкае жыццё і пайсці ў манастыр, была тая, што пасля смерці князя Барыса ( 1128 ) кіеўскі князь захапіў Полацк і саслаў усю сям'ю князя Барыса, у т.л. бацьку Ефрасінні- Святаслава, у Візантыю. На чужбіне, пазбаўленая бацькоўскай апекі і высокага становішча, яна наўрад ці магла мець надзею на прысойнае замужжа. І калі ўжо так трагічна склаўся яе лёс, то за лепшае палічыла пайсці ў манастыр і жыць у родным горадзе, сярод людзей, якія памятаюць славу роду Усяслава, пад апекай дваюраднай сястры, знакамітай Ефрасінні. Усе грошы і каштоўнасці, што прызначаліся Звеніславе на пасаг, яна перадала ў манастырскую казну. Менавіта на гэтыя сродкі і быў пабудаваны славуты Спаса-Еўфрасіннеўскі храм у Полацку. "Пані й сястра! Уся прыгажосць гэтага свету мне не патрэбная. Аддаю ўсё гэта святому Спасу, а сама хачу схіліць галаву пад ярмо Хрыстовае".
Духоўнае імя для Звеніславы Ефрасіння выбрала сугучнае свайму- Еўпраксія. З першага ж дня сястра Еўпраксія паглыбілася ў манстырскае жыццё. З цягам часу яна стала своесаблівым духоўным лідэрам, а неўзабаве і намесніцай ігуменні Ефрасінні. Мяркуюць, што менавіта Еўпраксія непасрэдна кіравала працай сясцёр-манашак па перапісванні кніг для манастырскай бібліятэкі і вяла заняткі ў заснаванай Ефрасінняй школе для дачок багатых палачан у той час, калі сама ігумення займалася больш адказнымі справамі: будаўніцтвам храмаў і манастыроў, наладжваннем духоўных сувязей паміж Полацкім княствам і Візантыяй, вядзеннем Полацкага летапісу, прынцыповымі спрэчкамі з Дыянісіем- настаяцелем мужчынскага манастыра ў Полацку.
Еўпраксія была, несумненна, адна з самых адукаваных жанчын свайго часу. Яна не магла не разумець, што справа асветніцтва, якую ўсклала на свае плечы Ефрасіння, вельмі цяжкая для аднаго чалавека, і таму лічыла сваім абавязкам па магчымасці дапамагаць ёй. Звеніслава суправаджала Ефрасінню ў яе паломніцтве ў Іерусалім, да Труны Гасподняй. Там яна была побач з ігуменняй да апошняга яе ўздыху і ўзяла на сябе ўсе клопаты, звязаныя з пахаваннем святой Ефрасінні.
Вярнуўшыся ў родны Полацк пасля пахавання, Еўпраксія, відаць, адразу распачала жыццеапісанне сваёй духоўнай настаўніцы, каб расказаць усяму свету пра "святло дрыготкай зоркі" Ефрасінні. На карысць такога меркавання сведчыць уважлівы аналіз твора "Аповесць жыцця і смерці святой і блажэннай і найпадобнейшай Ефрасінні, ігуменні манастыра святога Спаса і Найсвяцейшай ягонай Маці, што ў горадзе Полацку. Багаславі, Ойча!" (скарочана- "Жыціе Ефрасінні Полацкай"). Афіцыйна аўтар гэтага твора лічыцца невядомым. Даследчыкамі амаль дакладна ўстаноўлена, што напісаны ён у канцы 12 ст. І найбольш верагодна, што ім была "цень вялікай асветніцы"- Еўпраксія. Яе зорным часам і стаў час напісання "Жыція..."- першага гістарычнага твора беларускай літаратуры, які па сваіх вартасцях набліжаецца да твораў Тураўскага "Златавуста" Кірылы і "Слова пра паход Ігаравы".
Як ацанілі працу Звеніславы-Еўпраксіі яе сучаснікі, можна меркаваць па тым, што Радзівілаўскі летапіс, у якім нават няма ўпамінання пра Ефрасінню Полацкую, дакладна адзначае дату смерці Еўпраксіі- 1202 г. Згодна з гэтым летапісцам, памерла яна ў сяле Кідэкла, што на рацэ Нерль у Суздальскай зямлі. Пэўна, да свайго скону Еўпраксія працягвала справу асветы сярод святых сясцёр, перададзеную ёй Ефрасінняй. Цела асветніцы было перавезена на родную Полацкую зямлю і пахавана ў Бельчыцкім манастыры Барыса і Глеба, заснаваным яе бацькам.
І. А. Масляніцына
Похожие страницы :
ГАРДЗІСЛАВА СВЯТАСЛАЎНА |
150-годдзе Браніслава Эпімах-Шыпілы |
П. Васючэнка. КРЫЎСКІ СЛОЎНІК ПАВОДЛЕ ЯНА БАРШЧЭЎСКАГА |
Дз. ВІНАХОДАЎ, М. НІКАЛАЕЎ. Пецярбургскія адрасы Яна Баршчэўскага |